(неафіцыйны агляд)

Артыкул 1. Мэта

Мэта Канвенцыі заключаецца ў падтрымцы, абароне і забеспячэнні поўнага ажыццяўлення ўсіх правоў чалавека і асноўных свабод для ўсіх людзей з інваліднасцю. Да людзей з інваліднасцю адносяцца людзі з устойлівымі фізічнымі, разумовымі, інтэлектуальнымі ці сэнсарнымі парушэннямі, якія пры ўзаемадзеянні з рознымі бар’ерамі могуць сутыкацца з перашкодамі іх поўнаму і эфектыўнаму ўдзелу ў жыцці грамадства нароўні з іншымі.

Артыкул 2. Вызначэнні

Гэты артыкул вызначае некаторыя з ключавых тэрмінаў, якія выкарыстоўваюцца ў Канвенцыі, у тым ліку «зносіны»; «мова»; «дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці»; «разумнае прыстасаванне» і «ўніверсальны дызайн».

Артыкул 3. Агульныя прынцыпы

Канвенцыя заснавана на прынцыпах павагі годнасці; недыскрымінацыі; уцягнення і ўключэння ў жыццё грамадства; павагі да асаблівасцей; роўнасці магчымасцей; даступнасці; роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі; павагі да дзяцей.

Артыкул 4. Агульныя абавязкі

Краіны павінны прыняць шэраг мер пры актыўным удзеле людзей з інваліднасцю з мэтай забяспечваць і падтрымліваць поўную рэалізацыю ўсіх правоў чалавека і асноўных свабод для ўсіх людзей з інваліднасцю без якой-небудзь дыскрымінацыі.

Артыкул 5. Роўнасць і недыскрымінацыя

Усе людзі роўныя перад законам і па законе. Кожны чалавек мае права на роўную абарону і карысць закону без якой-небудзь дыскрымінацыі.

Артыкул 6. Жанчыны з інваліднасцю

Жанчыны і дзяўчынкі з інваліднасцю адчуваюць множную дыскрымінацыю. Краіны павінны прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння таго, каб жанчыны з інваліднасцю маглі ў поўнай меры карыстацца правамі і свабодамі, выкладзенымі ў Канвенцыі.

Артыкул 7. Дзеці з інваліднасцю

Дзеці з інваліднасцю маюць тыя ж правы чалавека, што і ўсе іншыя дзеці. Ва ўсіх дзеяннях у дачыненні да дзяцей з інваліднасцю першачарговая ўвага надаецца найлепшым інтарэсам дзіцяці. Дзеці з інваліднасцю маюць права выказваць сваё меркаванне па ўсіх пытаннях, якія датычацца іх.

Артыкул 8. Асветніцка-выхаваўчая работа

Дзяржавы павінны павышаць дасведчанасць аб правах, магчымасцях і ўкладзе людзей з інваліднасцю. Дзяржавы павінны кінуць выклік стэрэатыпам і прадузятасцям, якія тычацца людзей з інваліднасцю, шляхам прасоўвання, адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі і праграм павышэння дасведчанасці.

Артыкул 9. Даступнасць            

Людзі з інваліднасцю маюць права на доступ да ўсіх аспектаў жыцця грамадства нароўні з іншымі, у тым ліку да фізічнага асяроддзя, транспарту, інфармацыі і сувязі, а таксама іншых аб’ектаў і паслуг, якія прапануюцца насельніцтву.

Артыкул 10. Права на жыццё

Людзі з інваліднасцю маюць права на жыццё. Дзяржавы павінны прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння таго, каб людзі з інваліднасцю маглі эфектыўна карыстацца гэтым правам нароўні з іншымі.

Артыкул 11. Сітуацыі рызыкі і надзвычайныя гуманітарныя сітуацыі

Краіны павінны прымаць усе неабходныя меры для забеспячэння абароны і бяспекі ўсіх людзей з інваліднасцю ў сітуацыях рызыкі, у тым ліку ва ўзброеных канфліктах, надзвычайных гуманітарных сітуацыях і пры стыхійных бедствах.

Артыкул 12. Роўнасць перад законам

Людзі з інваліднасцю маюць права на правасуб’ектнасць. Людзі з інваліднасцю маюць праваздольнасць нароўні з іншымі ва ўсіх аспектах жыцця. Краіны павінны прымаць належныя меры для падтрымкі людзей з інваліднасцю, каб яны маглі эфектыўна ажыццяўляць сваю праваздольнасць.

Артыкул 13. Доступ да правасуддзя

Людзі з інваліднасцю маюць права на эфектыўны доступ да правасуддзя нароўні з іншымі, у тым ліку шляхам забеспячэння для іх адпаведных умоў.

 

Артыкул 14. Свабода і асабістая недатыкальнасць

Людзі з інваліднасцю маюць права на свабоду і асабістую недатыкальнасць нароўні з іншымі. Наяўнасць інваліднасці сама па сабе не можа апраўдаць пазбаўленне волі.

Артыкул 15. Свабода ад катаванняў або жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання ці пакарання

Людзі з інваліднасцю маюць права на свабоду ад катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання ці пакарання. Ніхто не павінен падвяргацца медыцынскім або навуковым эксперыментам без сваёй свабоднай згоды.

Артыкул 16. Свабода ад эксплуатацыі, гвалту і здзекаў

Людзі з інваліднасцю маюць права на абарону ад усіх форм эксплуатацыі, гвалту і здзекаў, у тым ліку адносна іх полу, як дома, так і па-за яго межамі.

Артыкул 17. Абарона цэласнасці чалавека

Кожны чалавек з інваліднасцю мае права на павагу сваёй фізічнай і псіхічнай цэласнасці нароўні з іншымі.

Артыкул 18. Свабода перамяшчэння і грамадзянства

Людзі з інваліднасцю маюць права на грамадзянства. Дзеці з інваліднасцю маюць права на імя, права ведаць сваіх бацькоў і на тое, каб іх бацькі клапаціліся пра іх.

Артыкул 19. Самастойны лад жыцця і ўдзел у жыцці грамадства

Людзі з інваліднасцю маюць права самастойна жыць у грамадстве. Краіны павінны забяспечыць для людзей з інваліднасцю магчымасць выбіраць, дзе і з кім жыць, а таксама забяспечыць неабходную для гэтага падтрымку.

Артыкул 20. Асабістая мабільнасць

Краіны павінны прымаць эфектыўныя і належныя меры для забеспячэння асабістай мабільнасці для людзей з інваліднасцю, па сваім выбары парадку і тэрмінаў, а таксама па даступнай цане. Людзі з інваліднасцю маюць права на доступ да якасных сродкаў мабільнасці, да дапаможных тэхналогій і разнастайных форм дапамогі і пасрэднікаў.

Артыкул 21. Свабода выказвання меркаванняў і перакананняў і доступ да інфармацыі

Людзі з інваліднасцю маюць права выказваць сваё меркаванне, у тым ліку свабодна паведамляць і атрымліваць інфармацыю і ідэі праз любыя формы зносін, у тым ліку праз даступныя формы і тэхналогіі, мову жэстаў, шрыфт Брайля і альтэрнатыўныя сродкі сувязі, сродкі масавай інфармацыі і ўсе іншыя даступныя сродкі камунікацыі.

Артыкул 22. Недатыкальнасць прыватнага жыцця

Людзі з інваліднасцю маюць права на прыватнае жыццё. Інфармацыя пра людзей з інваліднасцю, у тым ліку асабістая інфармацыя і інфармацыя пра іх здароўе, павінна быць абаронена.

Артыкул 23. Павага дома і сям’і

Людзі з інваліднасцю маюць права браць шлюб i ствараць сям’ю. Краіны павінны забяспечыць эфектыўную і належную падтрымку для людзей з інваліднасцю ў выхаванні дзяцей, а таксама забяспечыць альтэрнатыўны догляд за дзецьмі з інваліднасцю, калі іх сям’я не ў стане клапаціцца пра іх.

Артыкул 24. Адукацыя

Людзі з інваліднасцю маюць права на адукацыю без дыскрымінацыі. Краіны павінны забяспечыць для людзей з інваліднасцю атрыманне доступу да інклюзіўнай, якаснай і бясплатнай пачатковай і сярэдняй адукацыі ў грамадстве. Краіны павінны таксама забяспечыць разумныя прыстасаванні і індывідуальную падтрымку для адукацыйнага і сацыяльнага развіцця ў максімальнай ступені.

Артыкул 25. Здароўе

Людзі з інваліднасцю маюць права на найвышэйшы дасягальны ўзровень здароўя без дыскрымінацыі. Краіны павінны прыняць усе неабходныя меры, уключаючы меры з улікам гендарных аспектаў, каб людзі з інваліднасцю мелі доступ да такога жа асартыменту, якасці і ўзроўню медыцынскага абслугоўвання, які даступны для ўсіх астатніх і які знаходзіцца блізка да месца іх пражывання.

Артыкул 26. Абілітацыя і рэабілітацыя

Краіны павінны прыняць эфектыўныя і належныя меры для таго, каб людзі з інваліднасцю маглі развівацца, дасягаць максімальных здольнасцей і захоўваць іх, быць незалежнымі і ўдзельнічаць у жыцці грамадства праз забеспячэнне для іх паслуг і праграм абілітацыі і рэабілітацыі.

Артыкул 27. Праца і занятасць

Людзі з інваліднасцю маюць права на працу, у тым ліку працу ў адкрытым і даступным асяроддзі. Краіны павінны прыняць адпаведныя меры па пашырэнні магчымасцей працаўладкавання і кар’ернага росту для людзей з інваліднасцю.

Артыкул 28. Дастатковы жыццёвы ўзровень і сацыяльная абарона

Людзі з інваліднасцю маюць права на дастатковы жыццёвы ўзровень, у тым ліку харчаванне, ваду, адзенне і жыллё, і эфектыўную сацыяльную абарону, у тым ліку скарачэнне маштабаў галечы і ўдзел у праграме дзяржаўнага жылля.

Артыкул 29. Удзел у палітычным і грамадскім жыцці

Людзі з інваліднасцю маюць права ўдзельнічаць у палітычным і грамадскім жыцці, у тым ліку галасаваць на выбарах і быць выбранымі.

Артыкул 30. Удзел у культурным жыцці, правядзенне вольнага часу, адпачынак і заняткі спортам

Людзі з інваліднасцю маюць права прымаць удзел у культурным жыцці нароўні з іншымі, у тым ліку права на доступ да культурных матэрыялаў, спектакляў і паслуг, а таксама арганізацыю вольнага часу, адпачынку і спартыўных мерапрыемстваў.

Артыкул 31. Статыстыка і збор даных

Краіны павінны збіраць інфармацыю пра людзей з інваліднасцю пры актыўным удзеле саміх людзей з інваліднасцю, каб яны маглі лепш зразумець бар’еры, з якімі яны сутыкаюцца, і зрабіць права Канвенцыі рэальнымі.

Артыкул 32–50

Артыкулы 32–50 тлумачаць, якім чынам краіны, якія звязаны Канвенцыяй, павінны ў поўнай меры ўносіць свой уклад. Яны таксама тлумачаць абавязак даваць справаздачы Камітэту Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах людзей з інваліднасцю аб тым, як дзяржавы рэалізуюць Канвенцыю.

Крыніца: Цэнтр па правах чалавека для людзей з інваліднасцю www.disabilityhumanrights.org