Мы ўжо ведаем, што правы чалавека – гэта неад'емныя правы, якімі валодае кожны чалавек. Але як нам скарыстацца гэтымі правамі? Дзе знайсці пацвярджэнне таго, што яны афіцыйна прызнаны дзяржавамі? І як гэтыя правы рэалізуюцца?

Правы чалавека ў кожнай краіне

У канчатковым выніку, абарона правоў чалавека ажыццяўляецца, перш за ўсё, з дапамогай механізмаў на нацыянальным узроўні

Бясспрэчна, абарона правоў чалавека і іх разуменне залежаць, перш за ўсё, ад узроўню дасягненняў краіны і механізмаў, якія існуюць на нацыянальным узроўні. Законы, палітычныя рашэнні, працэсуальныя нормы і механізмы на нацыянальным узроўні з'яўляюцца ключавымі фактарамі для рэалізацыі правоў чалавека ў кожнай краіне. Таму важна, каб правы чалавека сталі часткай нацыянальных канстытуцыйных і прававых сістэм, каб прафесійныя юрысты ўмелі ўжываць на практыцы стандарты правоў чалавека, а парушэнні правоў чалавека падвяргаліся асуджэнню і санкцыям. Нацыянальныя стандарты маюць больш прамое ўздзеянне, а нацыянальныя працэсуальныя нормы больш даступны ў параўнанні з рэгіянальнымі і міжнароднымі. Як сказала Элеанора Рузвельт:

Дзе, у рэшце рэшт, пачынаюцца ўсеагульныя правы чалавека? У невялікіх населеных пунктах, недалёка ад дома – такіх блізкіх і такіх маленькіх, што іх не відаць на ніводнай карце свету. Але для асобнага чалавека яны складаюць цэлы свет: гэта квартал, дзе ён жыве; школа ці каледж, які ён наведвае; фабрыка, ферма або офіс, дзе ён працуе. Гэта месца, дзе кожны мужчына, кожная жанчына і кожнае дзіця шукае справядлівасці, роўных магчымасцей, аднолькавай павагі да годнасці без дыскрымінацыі. І ўжо калі тут гэтыя правы нічога не значаць, то наўрад ці яны нешта значаць дзе-небудзь яшчэ.2

Таму абавязак дзяржавы выконваць, прасоўваць, абараняць і ажыццяўляць правы з'яўляецца першарадным, а роля рэгіянальных і міжнародных судоў – другасная, паколькі яны ўступаюць у гульню ў асноўным тады, калі дзяржава мэтанакіравана ці паслядоўна парушае правы чалавека. Нам усім вядомы прыклады таго, як людзям прыходзілася звяртацца ў рэгіянальныя і міжнародныя арганізацыі, каб тыя канстатавалі парушэнне правоў на нацыянальным узроўні. Заклапочанасць або садзейнічанне з боку рэгіянальнай ці міжнароднай супольнасці могуць дапамагчы аднавіць захаванне правоў у дадзенай краіне, але гэта робіцца толькі тады, калі ўсе ўнутраныя меры абароны там ужо былі выкарыстаны і вычарпаны. Таму мы прысвецім астатнюю частку гэтага раздзела менавіта такому сцэнарыю. Што рабіць, калі ўлады асобна ўзятай краіны не забяспечылі належную абарону правоў чалавека?

Пытанне: Як вы думаеце, чаму нават тыя дзяржавы, у якіх дрэнна забяспечаны правы чалавека, гатовы падпісваць міжнародныя пагадненні па правах чалавека?

Правы чалавека прызнаны ў пагадненнях

Усякая душа – заложніца сваiх дзеянняў.
Каран

Калі гаварыць аб міжнародным узроўні, дзяржавы збіраюцца на міжнародныя сустрэчы і распрацоўваюць пагадненні, прадметам якіх з'яўляюцца правы чалавека. Гэтыя пагадненні ўстанаўліваюць для дзяржаў аб’ектыўныя стандарты паводзін, якія накладваюць на іх пэўныя абавязкі ў адносінах да грамадзян. Пагадненні могуць быць двух відаў: юрыдычна абавязковыя і неабавязковыя. Абавязковы дакумент, часта званы «дагаворам», «канвенцыяй» або «пактам», уяўляе сабой добраахвотнае абавязацельства дзяржавы забяспечваць захаванне правоў чалавека на нацыянальным узроўні. Кожная асобная дзяржава заяўляе аб сваёй прыхільнасці да прыняцця гэтых стандартаў, ратыфікуючы іх ці далучаючыся да дакумента (простае падпісанне дакумента не робіць яго абавязковым для выканання, але сведчыць пра жаданне садзейнічаць гэтаму). У адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб праве міжнародных дагавораў ад 1979 года, дзяржавы маюць права рабіць агаворкі або заявы, тым самым вызваляючы сябе ад некаторых абавязацельстваў па дакуменце, але мэта складаецца ў тым, каб як мага больш дзяржаў паставілі свой подпіс пад дакументам. У рэшце рэшт, лепш, калі дзяржава паабяцае выконваць хоць нейкія правы чалавека, чым увогуле ніякія! Праўда, гэты механізм можа станавіцца крыніцай злоўжыванняў і даваць дзяржавам падставу адмаўляць сваім грамадзянам у асноўных правах, дазваляючы пры гэтым «пазбягаць» міжнароднага кантролю ў тых ці іншых галінах.
Правы чалавека «пранізваюць» законы на нацыянальным узроўні. Міжнародныя нормы правоў чалавека натхнілі краіны ўвесці такія стандарты ў свае канстытуцыі і заканадаўства. Яны таксама забяспечваюць механізмамі кампенсацыі за парушэнне правоў чалавека на нацыянальным узроўні.

У адрозненне ад абавязковых дакументаў неабавязковыя – гэта, у асноўным, проста заявы ці палітычныя пагадненні дзяржаў, дзе абяцаецца прыкласці ўсе намаганні, каб забяспечыць захаванне тых ці іншых правоў, але без якіх-небудзь юрыдычных абавязацельстваў. На практыцы гэта звычайна азначае адсутнасць нейкага афіцыйнага (або юрыдычнага) механізму рэалізацыі, нават пры наяўнасці сур'ёзных палітычных абавязацельстваў па яго распрацоўцы.

Пытанне: У чым сэнс простага «абяцання» выконваць стандарты правоў чалавека, калі яно не падмацавана прававымі механізмамі? Ці гэта лепш, чым нічога?

Закон не можа змяніць сэрца, але ён утаймоўвае бессардэчных людзей.
Марцін Лютэр Кінг          

Пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН або канферэнцыі ААН па канкрэтных пытаннях часта прыводзяць да прыняцця дэкларацыі ААН або якога-небудзь неабавязковага для выканання дакумента, таксама званага «мяккім правам». Лічыцца, што ўсе дзяржавы, проста ў сілу іх членства ў ААН або ў сілу іх удзелу ў канферэнцыі, згодны з прынятай дэкларацыяй. На нацыянальным узроўні прызнанне правоў чалавека таксама павінна быць вынікам згоды паміж дзяржавай і яе народам. Калі правы чалавека прызнаюцца на нацыянальным узроўні, яны становяцца, перш за ўсё, палітычным абавязацельствам дзяржавы перад сваім народам.

Асноўныя міжнародныя дакументы

Сам факт з'яўлення новых пагадненняў аб абароне правоў чалавека сведчыць аб росце разумення важнасці правоў чалавека. Гэта перамога не толькі абаронцаў правоў чалавека, але ўсіх людзей наогул. Следствам гэтых поспехаў стала распрацоўка вялікага і складанага зводу дакументаў па правах чалавека, а таксама працэдур іх рэалізацыі.
Звычайна пагадненні па правах чалавека падраздзяляюць на тры асноўныя катэгорыі: па іх геаграфічным ахопе (рэгіянальныя або ўніверсальныя), па катэгорыі правоў, якія ў іх прадугледжваюцца, або, дзе гэта актуальна, па катэгорыі асоб ці груп асоб, на якіх распаўсюджваецца абарона правоў чалавека.
Толькі ў рамках ААН існуе больш за сотню дакументаў, якія адносяцца да правоў чалавека, і калі мы да іх дададзім дакументы, прынятыя на розных рэгіянальных узроўнях, лічба будзе яшчэ больш значнай. Мы не можам разгледзець тут усе гэтыя дакументы, таму ў дадзеным раздзеле мы звернемся толькі да некаторых з іх, найбольш важных для мэт адукацыі ў галіне правоў чалавека, якія заяўлены ў «Компасе»:

  • дакументы, якія былі шырока прызнаны і заклалі аснову для развіцця іншых пагадненняў па правах чалавека, у прыватнасці Міжнародны біль аб правах чалавека (інфармацыя па больш канкрэтных дакументах, такіх як Канвенцыя аб статусе бежанцаў, Канвенцыя аб генацыдзе, і дакументах, што тычацца міжнароднага гуманітарнага права, прадстаўлена ў тэматычных раздзелах Главы 5)
  • дакументы, якія адносяцца да канкрэтных пытанняў або бенефіцыяраў правоў чалавека, пра якія ідзе гаворка ў дадзеным дапаможніку
  • асноўныя еўрапейскія дакументы.

Пагадненні ААН

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека з'яўляецца найважнейшым з усіх дакументаў па правах чалавека.

Найбольш важным універсальным пагадненнем па правах чалавека з'яўляецца Ўсеагульная дэкларацыя правоў чалавека, прынятая ў 1948 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН. Яна атрымала настолькі шырокае прызнанне, што яе першапачаткова неабавязковы характар змяніўся, і цяпер на яе часта спасылаюцца як на юрыдычна абавязковы дакумент звычайнага міжнароднага права. Гэты дакумент па правах чалавека стаў пробным каменем у гэтай сферы і натхніў сусветную супольнасць на прыняцце дзясяткаў іншых міжнародных і рэгіянальных пагадненняў, сотняў нацыянальных канстытуцый і іншых заканадаўчых актаў.
УДПЧ складаецца з прэамбулы і 30 артыкулаў, у якіх выкладзены правы чалавека і асноўныя свабоды, на якія маюць права ўсе мужчыны і жанчыны ў свеце, не падвяргаючыся ніякай дыскрымінацыі. Яна ахоплівае як грамадзянскія і палітычныя правы, так і сацыяльныя, эканамічныя і культурныя правы:

  • Права на роўнасць
  • Свабода ад дыскрымінацыі
  • Права на жыццё, свабоду і асабістую бяспеку
  • Свабода ад рабства
  • Свабода ад катаванняў і зневажальнага абыходжання
  • Права на прызнанне правасуб’ектнасцi асобы
  • Права на роўнасць перад законам
  • Права на прававую абарону з боку кампетэнтнага судовага органа
  • Свабода ад самавольнага арышту і выгнання
  • Права на справядлівае публічнае судовае разбіральніцтва
  • Права лічыцца невінаватым, пакуль віна не даказана
  • Свабода ад умяшання ў асабістае жыццё, сям’ю, жыллё і перапіску
  • Права на свабоднае перамяшчэнне ў краіне і за яе межы
  • Права на прытулак у іншых краінах ад праследавання
  • Права на грамадзянства і свабоду мяняць яго
  • Права на ўступленне ў шлюб і стварэнне сям'і
  • Права мець асабістую ўласнасць
  • Свабода рэлігіі і перакананняў
  • Свабода думкі і інфармацыі
  • Права на ўдзел у мірных сходах і асацыяцыях
  • Права на ўдзел у кіраванні краінай і ў свабодных выбарах
  • Права на сацыяльнае страхаванне
  • Права мець жаданую працу і права ўступаць у прафсаюзы
  • Права на адпачынак і вольны час
  • Права на годны ўзровень жыцця
  • Права на адукацыю
  • Права на ўдзел у культурным жыцці грамадства
  • Права на сацыяльны парадак у адпаведнасці з патрабаваннямі УДПЧ.

У дэкларацыі таксама асабліва падкрэсліваецца, што менавіта на грамадскасць і саміх грамадзян ускладаецца абавязак забяспечваць свабоднае i поўнае развiццё, а таксама захаванне правоў і свабод іншых людзей. Аналагічным чынам, асобныя людзі і дзяржавы не могуць спасылацца на прапісаныя ў дэкларацыі правы пры парушэнні правоў чалавека.

Міжнародны біль аб правах чалавека

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) і Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (МПЭСКП) увайшлі ў сілу ў 1976 годзе і з'яўляюцца асноўнымі юрыдычна абавязковымі пагадненнямі, якія ўжываюцца ва ўсім свеце. Абодва пакты былі распрацаваны з мэтай пашырыць правы, выкладзеныя ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і надаць ім юрыдычную сілу (у рамках дагавора). Разам з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека і яе адпаведнымі факультатыўнымі пратаколамі гэтыя пакты складаюць Міжнародны біль аб правах. Кожны з пактаў, як вынікае з іх назваў, адносіцца да розных катэгорый правоў, хоць яны абодва падзяляюць занепакоенасць, напрыклад, па пытанні дыскрымінацыі. Абодва дакументы знайшлі шырокае прызнанне: так, па стане на лістапад 2010 года, МПГПП быў ратыфікаваны 166 краінамі, а МПЭСКП – 160 краінамі.

Услед за Міжнародным білем аб правах ААН прыняла яшчэ сем дагавораў, у якіх гаворка ідзе аб асаблівых правах або асаблівых «бенефіцыярах» гэтых правоў. У аснове ідэі асаблівых правоў і іх бенефіцыяраў – напрыклад, правоў дзіцяці – ляжаў той факт, што, нягледзячы на дастасавальнасць усіх правоў чалавека ў дачыненні да дзяцей і маладых людзей, дзеці не маюць роўнага доступу да гэтых агульных правоў, таму яны маюць патрэбу ў асаблівай дадатковай абароне.

Канвенцыя аб правах дзіцяці (1989 г.) прызнае, што правы чалавека распаўсюджваюцца таксама і на дзяцей і што людзі, якія не дасягнулі ўзросту 18 гадоў, маюць патрэбу ў асаблівай абароне з мэтай забяспечыць іх усебаковае развіццё, выжыванне і павагу іх асаблівых інтарэсаў.
Міжнародная канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі (1965 г.) забараняе і асуджае расавую дыскрымінацыю і патрабуе, каб дзяржавы-ўдзельніцы прынялі меры для яе канчатковага выкаранення, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе належныя сродкі, уключаючы меры, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі ці іншымі.

Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (CEDAW, 1979 г.) прысвечана дыскрымінацыі, якой часта сістэматычна падвяргаюцца жанчыны і прычынай якой з'яўляюцца «адрозненне, выключэнне або абмежаванне па прыкмеце полу, якое накіравана на паслабленне ці ануляванне прызнання, карыстання або ажыццяўлення жанчынамі [...] у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, культурнай, грамадзянскай ці любой іншай вобласці» (артыкул 1). Дзяржавы абавязваюцца асуджаць такую дыскрымінацыю і прымаць неадкладныя меры для забеспячэння роўнасці.

Канвенцыя супраць катаванняў і іншых формаў жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання (1984 г.) вызначае катаванне як «прычыненне моцнага болю ці пакут, фізічных або маральных» (артыкул 1.1) з намерам атрымаць звесткі, у якасці пакарання або прымусу ці на глебе дыскрымінацыі. Гэты дакумент абавязвае дзяржавы-ўдзельніцы прымаць эфектыўныя меры для прадухілення катаванняў на тэрыторыі іх юрысдыкцыі і забараняе высылаць людзей на іх радзіму, калі ёсць прычына меркаваць, што там яны будуць падвергнуты катаванням.

Канвенцыя аб абароне правоў працаўнікоў-мігрантаў і членаў іх сем'яў (1990 г.) да паняцця «працаўнік-мігрант» адносіць «асобу, якая будзе займацца, займаецца або займалася дзейнасцю, якая аплачваецца, у дзяржаве, грамадзянінам(-кай) якой ён ці яна не з'яўляецца» (артыкул 2.1), а таксама членаў яго (яе) сям'і. Апрача акрэслівання агульных правоў чалавека, якімі павінны карыстацца гэтыя людзі, канвенцыя ўдакладняе, што ні ў дакументальным або юрыдычным плане, ні ў рэальным жыцці нельга дапускаць дыскрымінацыю ў дачыненні да карыстання правамі чалавека, напрыклад правам на свабоду і бяспеку і на абарону ад гвалту ці пазбаўлення волі.

Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю (2006 г.) адзначыла не толькі істотны зрух у вызначэнні таго, што такое людзі з інваліднасцю, але і спрыяла іх прызнанню ў якасці суб'ектаў, якія карыстаюцца, у поўнай ступені і нароўні з усімі, правамі чалавека і асноўнымі свабодамі. Канвенцыя тлумачыць парадак прымянення правоў у дачыненні да гэтых людзей і абавязвае дзяржавы-ўдзельніцы прымаць разумныя меры для таго, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі маглі эфектыўна карыстацца сваімі правамі, напрыклад забяспечыць ім доступ да сацыяльных паслуг і культурнага жыцця.

Канвенцыя супраць гвалтоўнага знікнення людзей (2006 г.) разглядае феномен, які стаў глабальнай праблемай. Канвенцыя забараняе «арышт, затрыманне, выкраданне або пазбаўленне волі ў любой іншай форме» (артыкул 2), няхай нават гэта будзе прадстаўнікамі дзяржавы ці іншымі асобамі, якія дзейнічаюць са згоды дзяржаў, і не прызнае ніякіх асаблівых абставін, якія могуць паслужыць падставай для адмовы ў прызнанні факта пазбаўлення волі і ўтойвання інфармацыі пра лёс і месцазнаходжанне зніклай асобы. Мэта дакумента – пакласці канец гэтым цынічным выкрутам і спробам сур'ёзна і беспакарана парушаць правы чалавека.

 

Асноўныя дагаворы ААН па правах чалавека

Назва дакумента Наглядная арганізацыя Факультатыўныя пратаколы
Міжнародная канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі (1965 г.) Камітэт па ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі  
Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (1966 г.) Камітэт па правах чалавека

Першы факультатыўны пратакол аб парадку падачы індывідуальных скаргаў
Другі факультатыўны пратакол, нацэлены на адмену смяротнага пакарання

Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (1966 г.) Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах Факультатыўны пратакол аб прызнанні кампетэнтнасці камітэта для разгляду прашэнняў, пададзеных асобнымі людзьмі ці групамі асоб (2008 г.)
Канвенцыя аб правах дзіцяці (1989 г.) Камітэт па правах дзіцяці

Факультатыўны пратакол аб удзеле дзяцей ва ўзброеных канфліктах (2000 г.)
Факультатыўны пратакол аб гандлі дзецьмі, дзіцячай прастытуцыі і дзіцячай парнаграфіі (2000 г.)

Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (1979 г.) Камітэт па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын

Факультатыўны пратакол аб праве падачы індывідуальных скаргаў

Канвенцыя супраць катаванняў і іншых формаў жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання (1984 г.) Камітэт супраць катаванняў і іншых формаў жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання Факультатыўны пратакол аб стварэнні сістэмы рэгулярнага нагляду з боку незалежных міжнародных і нацыянальных арганізацый – пад эгідай падкамітэта па прадухіленні катаванняў (2002 г.)
Канвенцыя аб абароне правоў працаўнікоў-мігрантаў і членаў іх сем'яў (1990 г.) Камітэт аб абароне правоў працаўнікоў-мігрантаў і членаў іх сем'яў  
Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю (2006 г.) Камітэт аб правах людзей з абмежаванымі магчымасцямі Факультатыўны пратакол, які дазваляе асобным людзям і групам асоб падаваць петыцыі ў камітэт
Канвенцыя супраць гвалтоўнага знікнення людзей (2006 г.) Камітэт супраць гвалтоўнага знікнення людзей  
     

 

Абарона пэўных груп на ўзроўні ААН і на еўрапейскім узроўні

Нароўні з прызнаннем асноўных правоў асобы, у некаторых дакументах па правах чалавека прызнаюцца таксама правы пэўных груп людзей. Такія асаблівыя меры абароны прыняты з-за мінулых выпадкаў дыскрымінацыі, накіраванай на гэтыя групы людзей, і з-за іх неабароненага і ўразлівага становішча ў грамадстве. Даць гэтым групам асаблівую абарону не значыць даць ім нейкія новыя правы чалавека; тут гаворка ідзе, хутчэй, пра тое, каб зрабіць замацаваныя ва УДПЧ правы даступнымі для ўсіх. Таму было б няправільна меркаваць, што прадстаўнікі меншасцей маюць больш правоў, чым большасць насельніцтва; і калі ў меншасцей і ёсць асаблівыя правы, то яны закліканы проста гарантаваць ім роўны доступ да ажыццяўлення іх грамадзянскіх, палітычных, сацыяльных, эканамічных і культурных правоў. Далей ідуць прыклады груп, якія карыстаюцца асаблівай абаронай:

Меншасці

Дзяржавы павінны ахоўваць самі меншасці і іх нацыянальную ці этнічную, культурную, рэлігійную або моўную самабытнасць на сваіх адпаведных тэрыторыях, а таксама ствараць умовы для прасоўвання такой самабытнасці.
Дэкларацыя ААН аб правах меншасцей

У міжнародных дакументах па правах чалавека не дадзена дакладнага вызначэння паняцця «меншасць», але ў іх меншасці звычайна апісваюцца як групы, што характарызуюцца нацыянальнай ці этнічнай, рэлігійнай або моўнай самабытнасцю, якая адрознівае іх ад большасці насельніцтва і якую яны хочуць захаваць. Меншасці і іх правы абаронены:

  • на ўзроўні ААН – артыкулам 27 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама Дэкларацыяй аб правах асоб, якія належаць да нацыянальных або этнічных, рэлігійных і моўных меншасцей, прынятай у 1992 годзе
  • на еўрапейскім узроўні – абавязковым дакументам: Рамачнай канвенцыяй аб абароне нацыянальных меншасцей, якая прадугледжвае стварэнне кантрольнага органа, які складаецца з незалежных экспертаў – Кансультатыўнага камітэта па гэтай рамачнай канвенцыі. Іншыя падраздзяленні Савета Еўропы таксама маюць інструменты абароны правоў меншасцей: гэта Еўрапейская хартыя рэгіянальных моў або моў меншасцей, Еўрапейская камісія па барацьбе з расізмам і нецярпімасцю, а таксама Камісар па правах чалавека. Усе яны іграюць важную ролю
  • наяўнасцю ў рамках Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) спецыяльнай пасады Вярхоўнага камісара па справах нацыянальных меншасцей і адпаведнымі дакументамі АБСЕ.

Дзеці

Дзіцём з'яўляецца кожная чалавечая істота да дасягнення ёй 18-гадовага ўзросту, калi па законе, прымянімым да дадзенага дзіцяці, яно не дасягае паўналецця раней.
Канвенцыя ААН аб правах дзіцяці

На ўзроўні ААН асноўную абарону дзецям забяспечвае Канвенцыя аб правах дзiцяцi 1989 года – дакумент, які сабраў больш за ўсё ратыфікацый у свеце (яго не ратыфікавалі толькі ЗША і Самалі). Канвенцыя змяшчае чатыры асноўныя прынцыпы: абарона ад дыскрымінацыі; абавязацельства найлепшага забеспячэння інтарэсаў дзіцяці; яго права на жыццё, выжыванне і развіццё; а таксама павага поглядаў дзіцяці. У Афрыцы асноўныя правы дзяцей, з улікам выключнасці сітуацыі на кантыненце, вызначае Афрыканская хартыя па правах і дабрабыце дзіцяці. Гэты дакумент увайшоў у сілу ў 1999 годзе. Арганізацыяй ісламскай канферэнцыі ў 2004 годзе быў прыняты Пакт аб правах дзіцяці ў ісламскіх краінах. У красавіку 2010 года была заснавана Камісія па прасоўванні і абароне правоў жанчын і дзяцей у рэгіёне Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (ASEAN).
1 ліпеня 2010 года ўвайшла ў сілу Канвенцыя Савета Еўропы аб абароне дзяцей ад сексуальнай эксплуатацыі і сексуальнага гвалту. Гэта канвенцыя стала першым дакументам, у якім пералічаны ўсе формы сексуальнага гвалту ў адносінах да дзяцей, якія кваліфікуюцца як крымінальныя злачынствы, у тым ліку тыя, што здзяйсняюцца дома ці ў сям'і.

Бежанцы

Правы бежанцаў асабліва гарантуюцца Канвенцыяй аб статусе бежанцаў 1951 года i Вярхоўным камісарам ААН па справах бежанцаў. Адзіная рэгіянальная сістэма, якая ўключае спецыяльны дакумент аб абароне бежанцаў, існуе ў Афрыцы, дзе ў 1969 годзе была прынята Канвенцыя аб некаторых аспектах праблемы бежанцаў. У Еўропе пэўная дадатковая абарона бежанцаў прадугледжана Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека.

Жанчыны

Імкнучыся забяспечыць роўнасць мужчын і жанчын па ўсім свеце, у 1979 годзе ААН прыняла Канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын у якасці спецыяльнага дакумента, які абараняе правы жанчын.
У 2009 годзе Савет Еўропы прыняў дэкларацыю пад назвай «Зрабіць гендарную роўнасць рэальнасцю». Гэта дэкларацыя прыйшла на змену папярэдняй, прынятай дваццаць гадоў таму, – Дэкларацыі роўнасці мужчын і жанчын. Мэта дэкларацыі 2009 года – ліквідаваць разрыў паміж фактычнай і юрыдычнай роўнасцю палоў. Яна заклікае дзяржавы – удзельніцы Савета Еўропы ліквідаваць структурныя прычыны няроўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі, забяспечваючы эканамічную незалежнасць і падтрымку жанчынам, выкараняючы сталыя стэрэатыпы і змагаючыся з праявамі пагарджання годнасцю і правамі жанчын. Для гэтага трэба прыняць эфектыўныя меры па прадухіленні гендарнага гвалту, а таксама інтэграваць канцэпцыю роўнасці палоў у адносінах да ўдзелу ў кіраванні.

Іншыя групы

Такім групам, як людзі з абмежаванымі магчымасцямі, таксама даецца асаблівая абарона, бо яны знаходзяцца ва ўразлівым становішчы, якім лягчэй злоўжываць. Гэта замацавана ў Канвенцыі ААН аб правах людзей з інваліднасцю, і менавіта пра гэтыя правы пойдзе больш падрабязная гаворка ў Главе 5.

Іншыя групы, напрыклад карэнныя народы, таксама атрымалі асаблівую абарону на міжнародным узроўні, што знайшло выраз у Дэкларацыі ААН 2007 года аб правах карэнных народаў; праўда, яна пакуль не набыла сілу юрыдычна абавязковага дакумента.

Пытанне: Ці ёсць у вашай супольнасці іншыя групы, якія маюць патрэбу ў асаблівай абароне?

Дакументы рэгіянальнага ўзроўню

Як мы бачылі вышэй, міжнародныя і рэгіянальныя дакументы ў асноўным прытрымліваюцца адных і тых жа мінімальных стандартаў, але яны могуць і адрознівацца ў тым, на чым яны акцэнтуюць увагу, ці ў падыходзе да рэгіянальных праблем. Напрыклад, праблема асоб, перамешчаных унутры краіны, спачатку прыцягнула ўвагу ў Афрыканскім рэгіёне і толькі затым выклікала заклапочанасць ААН. Аналагічным чынам, механізм, які рэгламентуе наведванне месцаў утрымання зняволеных з мэтай прадухілення іх катаванняў, першапачаткова быў прыняты на еўрапейскім узроўні, і толькі потым Канвенцыя ААН супраць катаванняў пацвердзіла тыя ж правілы адпаведным факультатыўным пратаколам. Гэтыя прыклады паказваюць, як рэгіянальныя і міжнародныя нормы і механізмы могуць дапамагчы прасоўваць і абараняць правы чалавека.

Практычная перавага рэгіянальных нормаў і сістэм абароны правоў чалавека складаецца ў тым, што яны маюць большыя шанцы на ўлік геаграфічных, гістарычных, палітычных, культурных і сацыяльных асаблівасцей. Яны бліжэй да «дому» і, хутчэй за ўсё, будуць карыстацца большай падтрымкай. Яны бліжэйшыя па духу тым, хто распрацоўвае палітыку і праводзіць яе ў жыццё, а таксама і тым людзям, што пакутуюць ад парушэнняў правоў. Таму мы можам лічыць іх «другім фронтам» у барацьбе за правы чалавека, пры гэтым першым фронтам з'яўляецца нацыянальны ўзровень, другім – рэгіянальны, а трэцім – міжнародны.

У чатырох з пяці рэгіёнаў свету ўжо створаны сістэмы абароны правоў чалавека. Задача рэгіянальных дакументаў заключаецца ў тым, каб распрацаваць стандарты ў галіне правоў чалавека і механізмы іх падтрымкі на рэгіянальным узроўні, не прыніжаючы пры гэтым універсальнасць правоў чалавека. Па меры свайго развіцця рэгіянальныя сістэмы, дзякуючы эканамічнаму ўздыму ці па гістарычных і палітычных прычынах, таксама сутыкнуліся з неабходнасцю сфармуляваць рэгіянальныя праваабарончыя абавязацельствы, якія, дарэчы, часта ўмацоўваюць механізмы і гарантыі, што існуюць у сістэме ААН. Сапраўды, ёсць нямала прыкладаў таго, што рэгіянальныя стандарты аказваюцца вышэй за стандарты, узгодненыя на міжнародным узроўні; адзін з такіх прыкладаў – афрыканская сістэма, якая стала першай сістэмай, што прызнала неабходнасць дадатковай абароны, прычым не толькі ў адносінах да бежанцаў, але і для асоб, перамешчаных унутры краіны.

Рэгіянальныя стандарты ў галіне правоў чалавека часта аказваюцца вышэй за стандарты ААН і нават умацоўваюць іх

У Міжамерыканскім рэгіёне існуе Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў, а галоўным абавязковым дакументам з'яўляецца Амерыканская канвенцыя аб правах чалавека 1969 года.
У Афрыцы мы знаходзім Афрыканскую хартыю правоў чалавека і народаў, якая ўвайшла ў сілу ў 1986 годзе ў рамках Афрыканскага саюза (раней вядомага як Арганізацыя афрыканскага адзінства).
На азіяцкім кантыненце да цяперашняга часу не існуе рэальна дзеючай сістэмы, і адзіным рэгіянальным дакументам па правах чалавека з’яўляецца не абавязковая для выканання народная хартыя 1998 года, ініцыяваная грамадзянскай супольнасцю, – Азіяцкая дэкларацыя правоў чалавека.

Дакументы еўрапейскага ўзроўню

У Еўропе існуе добра адладжаная сістэма абароны правоў чалавека, створаная ў рамках Савета Еўропы, а краевугольным каменем гэтай сістэмы з'яўляецца Еўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека і яе інструмент – Еўрапейскі суд па правах чалавека, размешчаны ў Страсбургу.

Пытанне: Як вы думаеце, чаму розныя рэгіёны палічылі неабходным стварыць уласныя сістэмы абароны правоў чалавека?

Савет Еўропы, з яго 47 дзяржавамі-ўдзельніцамі, іграе ключавую ролю ў прасоўванні правоў чалавека ў Еўропе. Яго галоўны дакумент па правах чалавека – Еўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод (вядомая таксама як Еўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека – ЕКПЧ). Яна прынята ўсімі дзяржавамі – удзельніцамі Савета Еўропы, паколькі яе прыняцце – адно з абавязковых умоў членства ў Савеце. Канвенцыя была прынята ў 1950 годзе, але ўвайшла ў сілу толькі праз тры гады. Яна ахоплівае грамадзянскія і палітычныя правы, і галоўная яе вартасць – гэта механізм рэалізацыі: Еўрапейскі суд па правах чалавека. Еўрапейскім судом і яго юрыдычнай сістэмай захапляюцца ва ўсім свеце, на іх часта спасылаюцца ААН і канстытуцыйныя суды многіх краін, а таксама рэгіянальныя ўстановы.

У Еўропе, як і ў ААН, сацыяльныя і эканамічныя правы разглядаюцца ў асобным дакуменце. Еўрапейская сацыяльная хартыя (перагледжаная) з'яўляецца абавязковым дакументам, які ўключае правы, што гарантуюць еўрапейцам адпаведны ўзровень жыцця. Хартыя падпісана 45 дзяржавамі-ўдзельніцамі і, па стане на 2010 год, ратыфікавана 30 з іх.

Акрамя гэтых двух асноўных дакументаў, у сваёй дзейнасці ў галіне правоў чалавека Савет Еўропы выкарыстоўвае таксама і іншыя спецыяльныя пагадненні і канвенцыі, якія дапаўняюць гарантыі і палажэнні ЕКПЧ, у прыватнасці для разгляду канкрэтных выпадкаў ці для абароны ўразлівых груп насельніцтва. У дадатак да звычайных сістэм маніторынгу існуюць і іншыя незалежныя органы, такія як Еўрапейская камісія па барацьбе з расізмам і нецярпімасцю і Камісар па правах чалавека. У цэлым у сваёй працы па абароне правоў чалавека Савет Еўропы павінен браць пад увагу ўсе навіны ў сацыяльнай сферы, у галіне навукі і тэхналогій, а таксама ўлічваць магчымыя праблемы, якія яны могуць выклікаць у дачыненні да правоў чалавека.

Развіццё правоў чалавека

У дакументах па правах чалавека адлюстравана наша найноўшае разуменне таго, што сабой уяўляе чалавечая годнасць і што трэба для яе захавання. Але такія дакументы, здаецца, заўсёды спазняюцца на адзін крок, паколькі яны накіраваны на рашэнне ўжо вядомых праблем, а не тых, якія настолькі глыбока «ўраслі» ў наша грамадства, што мы ўсё яшчэ не можам убачыць іх у кантэксце правоў і іх парушэння.
У сваёй заканатворчай рабоце Савет Еўропы імкнецца прапанаваць Камітэту міністраў новыя прававыя нормы, якія адпавядалі б сацыяльным мерам, накіраваным на рашэнне праблем, якія ўзнікаюць у дзяржавах-удзельніцах і ўваходзяць у сферу кампетэнцыі Савета Еўропы. У рамках гэтых мер можа быць прапанавана ўвесці новыя прававыя нормы або адаптаваць ужо існуючыя. Менавіта так эвалюцыянуюць працэсуальныя нормы Еўрапейскага суда па правах чалавека, падтрымліваючы эфектыўнасць яго працы; так былі прыняты палажэнні аб адмене смяротнай кары, і так набылі шырокую вядомасць такія новыя заснаваныя на канвенцыях дакументы, як Канвенцыя аб барацьбе з гандлем людзьмі, прынятая ў 2005 годзе.
У гэтым сэнсе дакументы па правах чалавека заўсёды будуць пастаянна пераглядацца і ўдасканальвацца. Наша разуменне, прэцэдэнтнае права і – самае галоўнае – нашы дзеянні, накіраваныя на абарону правоў чалавека, дапамогуць нам няспынна пашыраць сферу дзеяння правоў чалавека. І калі нейкія палажэнні канвенцый і дагавораў па правах чалавека часам не апраўдваюць нашых спадзяванняў, то гэта яшчэ не падстава для сумненняў у тым, што правы чалавека ўяўляюць сабой у кантэксце надзей усяго чалавецтва. Заканадаўства па правах чалавека будзе часта адставаць ад спадзяванняў праваабаронцаў, але яно па-ранейшаму застаецца для іх самай надзейнай апорай.

Асноўныя дакументы Савета Еўропы па правах чалавека і механізмы іх рэалізацыі

Image: Main human rights instruments and implementation mechanisms of the Council of Europe

Барацьба з расізмам і нецярпімасцю

Усе дакументы па абароне правоў чалавека, якога стандарту яны б ні прытрымліваліся – ААН, Савета Еўропы, ЕС або АБСЕ, утрымліваюць гарантыі забеспячэння роўнасці і адмовы ад дыскрымінацыі. На ўзроўні ААН за выкананнем Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі, якая ўвайшла ў сілу ў 1969 годзе, сочыць экспертны орган – Камітэт па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі. Гэты камітэт прымае і разглядае справаздачы дзяржаў на прадмет іх адпаведнасці канвенцыі, ажыццяўляе працэсуальныя дзеянні па раннім папярэджанні для прадухілення сітуацый, дзе праява нецярпімасці пагражае перарасці ў сур'ёзны канфлікт і парушыць палажэнні канвенцыі, а таксама прымае індывідуальныя скаргі, калі тая ці іншая дзяржава дала на гэта згоду. У сваю чаргу, калі гаворка ідзе аб праблемах, звязаных з занятасцю, таварамі і паслугамі, якія прапануюцца дзяржавай і прыватнымі асобамі, ужываецца Дырэктыва ЕС па расавай роўнасці.
Еўрапейская камісія па барацьбе з расізмам і нецярпімасцю – гэта механізм, які дзейнічае ў рамках Савета Еўропы. Задачай створанай у 1993 годзе Еўрапейскай камісіі па барацьбе з расізмам і нецярпімасцю з'яўляецца барацьба супраць расізму, ксенафобіі, антысемітызму і нецярпімасці на агульнаеўрапейскім узроўні, а таксама ў рамках абароны правоў чалавека. Дзейнасць камісіі ўключае ўсе неабходныя меры для барацьбы з гвалтам, дыскрымінацыяй і забабонамі ў дачыненні да асобных людзей або груп людзей, у прыватнасці на падставе расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, нацыянальнасці і нацыянальнага ці этнічнага паходжання.
Членаў камісіі ўрады адпаведных краін выбіраюць з улікам глыбіні іх ведаў у галіне барацьбы з нецярпімасцю. Яны прызначаюцца ў асабістай якасці і дзейнічаюць незалежна ад урадаў.
Асноўная праграма дзеянняў камісіі ўключае:

  • індывідуальную працу ў кожнай краіне-члене, у тым ліку правядзенне паглыбленага аналізу сітуацыі з мэтай распрацоўкі пэўных канкрэтных прапаноў і далейшых мер, якія з іх вынікаюць
  • працу над агульнымі тэмамі (збор і распаўсюджванне станоўчага вопыту па канкрэтных аспектах для ілюстрацыі рэкамендацый камісіі, а таксама распрацоўка агульных рэкамендацый)
  • працу з грамадскасцю, уключаючы правядзенне ў краінах-членах тлумачальных і інфарматыўных нарад, каардынацыю дзеянняў з агульнанацыянальнымі і мясцовымі НГА, прапаганду антырасісцкіх поглядаў і падрыхтоўку навучальных матэрыялаў.

Дадатковы пратакол № 12 да Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека

У 2000 годзе быў прыняты дадатковы пратакол (Пратакол № 12) да Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека, ён увайшоў у сілу ў 2005 годзе. На пачатак 2011 года ён быў падпісаны 19 дзяржавамі і ратыфікаваны 18. Пратакол у асноўным накіраваны на забарону дыскрымінацыі.
ЕКПЧ ужо гарантуе права на свабоду ад дыскрымінацыі (артыкул 14), аднак гэта палажэнне лічыцца недастатковым у параўнанні з палажэннямі іншых міжнародных пагадненняў, напрыклад УДПЧ і МГППП. Асноўнай прычынай такога меркавання з’яўляецца той факт, што гэты артыкул 14, у адрозненне ад палажэнняў іншых дакументаў, не змяшчае асобнай забароны дыскрымінацыі; у артыкуле дыскрымінацыя забараняецца толькі ў тым сэнсе, у якім яна можа перашкаджаць людзям «рэалізоўваць правы і свабоды», выкладзеныя ў гэтай канвенцыі. Калі гэты пратакол увайшоў у сілу, забарона дыскрымінацыі здабыла сваё «асобнае жыццё», незалежнае ад астатніх палажэнняў Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека. Суд упершыню прызнаў парушэнне гэтага палажэння ў 2009 годзе пры разглядзе справы «Сейдзіч і Фінцы супраць Босніі і Герцагавіны» (скаргі № 27996/06 і № 34836/06, 22 снежня 2009 г.).

Забеспячэнне захавання правоў чалавека

Як жа мы можам дамагчыся таго, каб гэтыя ахоўныя механізмы працавалі? Хто ці што забяспечыць выкананне дзяржавамі іх абавязацельстваў?

На нацыянальным узроўні гэта праца ажыццяўляецца судамі – калі пагадненні аб абароне правоў чалавека ратыфікаваны або ўключаны ў нацыянальнае заканадаўства – а таксама, у залежнасці ад краіны, у офісах амбудсменаў, у камітэтах па правах чалавека, саветах па правах чалавека, парламенцкіх камітэтах і г. д.
Асноўнымі міжнароднымі нагляднымі органамі з'яўляюцца камісіі ці камітэты і суды, якія складаюцца з незалежных членаў – экспертаў ці суддзяў, і ніводны з гэтых органаў не павінен складацца толькі з прадстаўнікоў адной дзяржавы. У сваёй дзейнасці гэтыя органы выкарыстоўваюць наступныя асноўныя механізмы:

  • Скаргі (пададзеныя асобнымі людзьмі, групамі асоб або дзяржавамі)
  • Судовыя справы
  • Працэдуры прадстаўлення дакладаў.

Паколькі ў розных дакументах па правах чалавека і ў рэгіянальных праваабарончых сістэмах часта прадугледжаны розныя працэдуры забеспячэння захавання правоў чалавека, для лепшага разумення іх дзеяння варта прывесці некалькі прыкладаў.

Скаргі

Скаргі на дзяржавы падаюцца камісіі або камітэту ў рамках працэдуры, якая звычайна называецца квазісудовай. Затым кантрольны орган выносіць рашэнне, чакаючы, што адпаведная дзяржава яго выканае, хоць ніякай правапрымяняльнай працэдуры для гэтага не існуе. Часта для таго, каб выказаць сваю згоду з сістэмай разгляду скаргаў, дзяржава павінна зрабіць адпаведную заяву або ратыфікаваць факультатыўны пратакол. Прыкладамі органаў, якія разглядаюць скаргі, з'яўляюцца Камітэт па правах чалавека (або «Камітэт МПГПП») і Камітэт па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі, што існуюць у рамках сістэмы ААН, а таксама Міжамерыканская камісія па правах чалавека ў Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў.

Пытанне: Калі б мы маглі заснаваць Міжнародны суд па правах чалавека, якія санкцыі ён мог бы ўжываць?

Судовыя справы

Еўрапейскі суд па правах чалавека

Міжамерыканскі суд па правах чалавека

Афрыканскі суд па правах чалавека і народаў

На цяперашні момант існуюць тры пастаянна дзеючыя рэгіянальныя суды, якія выступаюць у ролі органаў нагляду за захаваннем правоў чалавека: Еўрапейскі суд па правах чалавека, Міжамерыканскі суд па правах чалавека і Афрыканскі суд па правах чалавека і народаў. Міжамерыканскі суд па правах чалавека быў заснаваны Арганізацыяй амерыканскіх дзяржаў у 1979 годзе з мэтай растлумачыць і ўвасобіць у жыццё палажэнні Амерыканскай канвенцыі аб правах чалавека. Афрыканскі суд – самы малады з гэтых трох рэгіянальных судоў – пачаў працу ў студзені 2004 года. Ён разглядае справы, кіруючыся Афрыканскай хартыяй аб правах чалавека і народаў, і пад яго юрысдыкцыю падпадаюць дзяржавы – удзельніцы Афрыканскага саюза. Суд засядае ў горадзе Аруша (Танзанія), суддзі былі абраны ў 2006 годзе, і яны вынеслі першае судовае рашэнне ў снежні 2009 года, заявіўшы, што разгледжаная імі справа «Ёгагамбае супраць Сенегала» не падпадае пад іх юрысдыкцыю.

Міжнародны крымінальны суд

Пасля ратыфікацыі 60 краінамі Рымскага статута ў 2002 годзе быў заснаваны першы пастаянны Міжнародны крымінальны суд для разгляду спраў, звязаных з ваеннымі злачынствамі, злачынствамі супраць чалавецтва і генацыдам. Гэты Міжнародны крымінальны суд (МУС) разглядае справы асоб, якія абвінавачваюцца ў злачынствах супраць чалавецтва, генацыдзе і ваенных злачынствах, але толькі ў выпадках, калі нацыянальныя суды не жадаюць ці не могуць расследаваць або караць за гэтыя злачынствы. На сённяшні дзень МУС расследаваў пяць выпадкаў, якія мелі месца ў Паўночнай Угандзе, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Судане (Дарфур) і Кеніі. Наватарская прэцэдэнтная практыка суда дапамагла лепш зразумець правы чалавека, напрыклад у іх сувязі з такімі паняццямі, як падбухторванне да здзяйснення генацыду і права на свабодныя і справядлівыя выбары.

Міжнародны суд ААН

Міжнародны суд ААН – асноўны судовы орган Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Роля яго дваякая: уладжваць у адпаведнасці з міжнародным правам юрыдычныя спрэчкі, якія выносяцца дзяржавамі на яго разгляд, і даваць кансультацыйныя заключэнні па прававых пытаннях. Прад'яўляць іскі супраць іншых дзяржаў могуць толькі дзяржавы, і звычайна гэтыя іскі датычацца міждзяржаўных пагадненняў. Пагадненні могуць закранаць базавыя пытанні адносін паміж дзяржавамі (напрыклад, камерцыйных або тэрытарыяльных), але могуць датычыцца і правоў чалавека. Міжнародны суд ААН не прымае да разгляду справы па правах чалавека і іншыя скаргі ад прыватных асоб. Аднак яго праца ў рамках разгляду спраў, пададзеных дзяржавамі ці міжнароднымі арганізацыямі, спрыяла прасоўванню правоў чалавека праз тлумачэнне і развіццё правіл і прынцыпаў у галіне правоў чалавека. Суд разглядае справы, звязаныя з такімі правамі, як права на самавызначэнне, на свабоду ад дыскрымінацыі, на свабоду перамяшчэння, на забарону на катаванні і г. д.

Многія блытаюць Еўрапейскі суд па правах чалавека, Еўрапейскі суд і Міжнародны суд ААН. У рэчаіснасці, яны вельмі істотна адрозніваюцца адзін ад аднаго па геаграфіі іх юрысдыкцыі і па відах спраў, якія яны разглядаюць.
Еўрапейскі суд з'яўляецца органам Еўрапейскага саюза. Галоўны абавязак гэтага суда складаецца ў забеспячэнні таго, каб законы Еўрапейскай супольнасці інтэрпрэтаваліся і ўжываліся аднастайна ва ўсіх дзяржавах-удзельніцах. У аснове яго дзейнасці ляжаць не правы чалавека, а законы Еўрапейскай супольнасці, хоць часам законы супольнасці могуць закранаць нейкія аспекты правоў чалавека.
Міжнародны суд ААН – асноўны судовы орган ААН; пра яго ролю было сказана вышэй.

Еўрапейскі суд па правах чалавека

У 2009 годзе гэты суд вынес 1625 пастаноў, гэта значыць больш 4 пастаноў у дзень (уключаючы выхадныя і святочныя дні!).

Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу набыў вядомасць па мностве прычын, але, мабыць, перш за ўсё, таму, што ён удыхнуў жыццё ў тэкст Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і надаў яму сэнс. Адна з галоўных пераваг гэтага суда – яго сістэма абавязковай юрысдыкцыі, якая азначае, што, як толькі дзяржава ратыфікуе канвенцыю ці далучаецца да яе, такая дзяржава аўтаматычна аддае сябе пад юрысдыкцыю Еўрапейскага суда. Такім чынам, з моманту ратыфікацыі супраць дзяржавы можа быць распачата справа аб парушэнні правоў чалавека.
Яшчэ адна прычына поспеху гэтага суда – юрыдычная сіла яго пастаноў. Дзяржавы абавязаны выконваць канчатковыя пастановы гэтага суда. За гэтым сочыць Камітэт міністраў Савета Еўропы.
Якую б справу ні разглядаў Еўрапейскі суд, працэдура разгляду прадугледжвае магчымасць пазасудовага мірнага пагаднення, заснаванага на пасярэдніцтве паміж бакамі. Акрамя таго, Суду ўдаецца ісці ў нагу з часам. Калі ён быў створаны ў 1959 годзе, гэта быў толькі часова дзеючы суд, які працаваў сумесна з Еўрапейскай камісіяй па правах чалавека. З павелічэннем колькасці спраў, якія разглядаліся, паўстала неабходнасць у пастаянна дзеючым судзе, і такі быў заснаваны ў лістападзе 1998 года. Такое павелічэнне колькасці спраў для разгляду, безумоўна, сведчыць аб паспяховай працы суда, але ёсць рызыка, што такая нагрузка можа паўплываць на якасць і эфектыўнасць работы судовай сістэмы. Людзі ведаюць, што суд існуе і што ён заўсёды гатовы заступіцца за іх, калі парушаюцца іх асноўныя правы. Аднак аўтарытэт і дзейснасць Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека павінны атрымліваць падтрымку на нацыянальным узроўні ў адпаведнасці з «прынцыпам субсідыарнасці» (максімальнага імкнення да рашэння праблем на месцах), гэта значыць менавіта дзяржавы нясуць асноўную адказнасць за прадухіленне парушэнняў правоў чалавека і выпраўленне становішча, калі парушэнні мелі месца.

Разборы спраў у Еўрапейскім судзе па правах чалавека

Image: Proceedings before the European Court of Human Rights

Крыніца: www.echr.coe.int

Знакавыя справы Еўрапейскага суда па правах чалавека

  • Сёрынг супраць Вялікабрытаніі (чэрвень 1989 г.). У гэтай справе ўдзельнічаў чалавек, якога павінны былі выдаць Злучаным Штатам па абвінавачанні ў забойстве, г. зн. у злачынстве, якое там каралася смерцю. Суд палічыў, што экстрадыцыя гэтага чалавека ў ЗША супярэчыла б артыкулу 3 Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека, якая забараняе катаванні, бесчалавечнае ці іншае зневажальнае абыходжанне або пакаранне, якое прыніжае годнасць чалавека. Адным з наступстваў гэтага рашэння было распаўсюджванне абароны грамадзян дзяржаў – членаў Савета Еўропы за межы Еўропы. Гэты падыход, які потым прымяняўся і ў іншых справах, у прыватнасці ў справе Джабары супраць Турцыі (ліпень 2000 г.), таксама дазволіў абараніць асоб, якія шукаюць прытулак, ад высылкі назад у краіну, дзе іх жыццё апынулася б у небяспецы.
  • Тайрэр супраць Вялікабрытаніі (сакавік 1978 г.). У гэтай справе суд палічыў, што прымяненне ў якасці пакарання малалетніх злачынцаў цялеснай кары супярэчыць Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека, таму што гэта парушае гарантаванае ў артыкуле 3 права не падвяргацца катаванням або бесчалавечнаму ці іншаму зневажальнаму абыходжанню або пакаранню, якое прыніжае годнасць чалавека. Як заявіў суд, «яго пакаранне, пры якім ён разглядаўся як аб'ект, што знаходзіўся ва ўладзе дзяржаўных органаў, уяўляла сабой парушэнне аднаго з галоўных палажэнняў артыкула 3, менавіта аб абароне годнасці чалавека і яго фізічнай недатыкальнасці». Гэты выпадак – добры прыклад таго, што Еўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека – гэта жывы арганізм, і што суд ідзе ў нагу са светапоглядам нашага грамадства, які пастаянна змяняецца.
  • Какінакіс супраць Грэцыі (красавік 1993 г.). Гэта была цікавая справа, якая тычылася канфлікту паміж правамі розных людзей. У яе аснове ляжала праблема празелітызму (звароту іншых у сваю веру) і пытанне, ці не парушае выкладанне рэлігіі (права на якое гарантавана артыкулам 9 Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека) права іншага чалавека на свабоду веравызнання. Суд палічыў неабходным правесці выразнае адрозненне паміж навучаннем, прапаведаваннем або абмеркаваннем рэлігіі амаральнымі і падманнымі спосабамі, накіраванымі на тое, каб пераканаць чалавека змяніць рэлігію (напрыклад, абяцанні матэрыяльных і сацыяльных выгад, прымяненне гвалту ці ідэалагічнай апрацоўкі).
  • DH супраць Чэшскай Рэспублікі (лістапад 2007 г.). Гэта справа была ўзбуджана 18 падлеткамі цыганскага паходжання ў сувязі з тым, што дзеці цыганоў-рама падвяргаліся сегрэгацыі і адпраўляліся ў спецыяльныя школы для дзяцей з цяжкасцямі пры навучанні, нават калі яны і не адносіліся да гэтай катэгорыі дзяцей. Гэта таксама азначала, што потым у іх будзе мала шанцаў атрымаць доступ да адукацыі больш высокага ўзроўню і менш магчымасцей для годнага працаўладкавання. У сваім рашэнні суд упершыню прызнаў факт парушэння артыкула 14 (забарона дыскрымінацыі), угледзеўшы ў справе «прынцып» расавай дыскрымінацыі ў пэўнай сферы грамадскага жыцця, у дадзеным выпадку ў дзяржаўных школах. Суд пастанавіў, што дадзеная сістэмная расавая сегрэгацыя пры навучанні парушае палажэнні ЕКПЧ (артыкул 14) аб абароне ад дыскрымінацыі. Ён таксама адзначыў, што агульная палітыка ці меры, якія прымаюцца, нават сфармуляваныя нейтральнымі тэрмінамі, могуць тым не менш падвяргаць дыскрымінацыі асобныя групы і прыводзіць да ўскоснай дыскрымінацыі супраць іх. Гэты выпадак стаў першым, які закрануў складаную сістэму расавай сегрэгацыі ў галіне адукацыі.

Пытанне: Ці разглядаліся ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека якія-небудзь важныя справы супраць вашай краіны?

Справаздачы і аналіз

Большасць пагадненняў у галіне правоў чалавека патрабуе, каб дзяржавы перыядычна падавалі адпаведныя справаздачы. Іх складаюць самі дзяржавы, кіруючыся рэкамендацыямі нагляднага органа. Мэтай стварэння такіх справаздач і правядзення далейшага аналізу адпаведным кантрольным органам з'яўляецца адкрыты абмен думкамі пра складаныя праблемы, з якімі бакі сутыкнуліся ў сваёй працы па абароне адпаведных правоў. Справаздачы адкрыта абмяркоўваюцца ў рамках так званага «дыялогу дзяржаў». Справаздачы дзяржаў абмяркоўваюцца паралельна з «ценявымі» справаздачамі, якія падаюцца НГА, маюць дачыненне да дадзенай дзяржавы і заснаваны на ўласных крыніцах такіх НГА і праведзеным імі аналізе. Пасля таго як дыялог паміж прадстаўнікамі дзяржавы і незалежнымі экспертамі – членамі кантрольнага органа адбыўся, апошні выказвае свае заўвагі адносна таго, ці падтрымлівае дадзеная дзяржава стандарты, устаноўленыя ў разгледжаным прававым дакуменце. У гэтых заўвагах улічваюцца і станоўчыя моманты, і крытычныя аспекты разгледжанай сітуацыі ў дзяржаве. Прыкладамі пагадненняў, якія патрабуюць перыядычнага стварэння такіх справаздач, з'яўляюцца Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (МПЭСКП) і Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (CEDAW).
Акрамя ўдзелу ў дыялогу дзяржаў, кантрольныя органы таксама могуць быць упаўнаважаны вывучаць сітуацыю з правамі чалавека «на месцы» (in situ), атрымліваючы інфармацыю з першых рук. Для арганізацыі большасці такіх візітаў можа спатрэбіцца афіцыйны дазвол дзяржавы на расследаванне канкрэтных выпадкаў. Тым не менш робяцца крокі з мэтай дамагчыся атрымання адкрытых запрашэнняў, напрыклад ад дзяржаў, якія публічна заявілі пра гатоўнасць у любы момант прыняць любога назіральніка са спецыяльным мандатам ААН.

Для многіх праваабарончых інструментаў таксама былі распрацаваны больш дакладныя працэдуры, якія дазваляюць здзяйсняць рэгулярныя раптоўныя візіты з мэтай не толькі рэагаваць на парушэнні правоў чалавека, але і прадухіляць іх.

ЕКПП прадухіляе зневажальнае абыходжанне з людзьмі, пазбаўленымі волі, у Еўропе

Адным з такіх прыкладаў з'яўляецца Еўрапейская канвенцыя па прадухіленні катаванняў і бесчалавечнага ці зневажальнага абыходжання або пакарання (1987 г.). У яе аснове ляжыць сістэма наведванняў членамі Еўрапейскага камітэта па прадухіленні катаванняў (ЕКПП) месцаў пазбаўлення волі, напрыклад турмаў і прыёмнікаў-размеркавальнікаў для непаўналетніх, аддзяленняў паліцыі, вайсковых казармаў і псіхіятрычных бальніц. Члены камітэта высвятляюць, як абыходзяцца з затрыманымі людзьмі, і ў выпадку неабходнасці рэкамендуюць прыняць меры па ажыццяўленні права не падвяргацца катаванням або бесчалавечнаму абыходжанню. Гэты механізм натхніў на стварэнне падобнага на ўзроўні ААН. Дэлегацыі ЕКПП перыядычна наведваюць дзяржавы – удзельніцы канвенцыі, але яны таксама могуць пры неабходнасці прыязджаць са «спецыяльнымі» візітамі. Па стане на 9 жніўня 2012 года камітэт здзейсніў 323 візіты і апублікаваў 272 справаздачы.

Даклады ЕКПП, як правіла, публікуюцца:
http://www.cpt.coe.int

Важную ролю камітэт сыграў падчас галадовак у турмах Турцыі ў 2000–2001 гадах. Калі турэцкі ўрад рыхтаваўся правесці змены ў турэмнай сістэме, некаторыя зняволеныя звярнуліся да галадовак у знак пратэсту супраць запланаваных рэформаў. Дэманстрацыі перараслі ў сутыкненні. Тады камітэт актыўна ўключыўся ў перамовы з урадам і ўдзельнікамі галадовак, расследуючы падзеі, звязаныя з галадоўкамі, і аналізуючы, як прапанаваныя законапраекты могуць адбіцца на турэцкай турэмнай сістэме. Пачынаючы з 1999 года, дэлегацыі камітэта наведвалі Турцыю кожны год, за выключэннем 2008 г. Зусім нядаўна ЕКПП пачаў наведваць Сербію, Албанію і Грэцыю.

Камісар Савета Еўропы па правах чалавека

Пост Камісара Савета Еўропы па правах чалавека быў заснаваны ў 1997 годзе. Гэты незалежны орган мае на мэце як прасоўванне канцэпцыі правоў чалавека, так і забеспячэнне захавання і эфектыўнай рэалізацыі правоў чалавека ў краінах – членах Савета Еўропы. Камісар абіраецца Парламенцкай асамблеяй тэрмінам на шэсць гадоў без права перавыбрання.
Камісар па правах чалавека – гэта несудовы орган, чыя дзейнасць павінна дапаўняць працу іншых органаў Савета Еўропы, якія займаюцца прасоўваннем правоў чалавека. Камісар павінен ажыццяўляць свае функцыі з поўнай незалежнасцю і бесстароннасцю, у той жа час паважаючы правамоцнасць розных наглядных органаў, створаных згодна з Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека або згодна з іншымі пагадненнямі Савета Еўропы па правах чалавека.

Асноўныя задачы Камісара па правах чалавека:

  • спрыяць эфектыўнаму выкананню правоў чалавека і дапамагаць дзяржавам-ўдзельніцам прымяняць стандарты правоў чалавека, прынятыя Саветам Еўропы
  • садзейнічаць навучанню і дасведчанасці аб правах чалавека ў дзяржавах – удзельніцах Савета Еўропы
  • выяўляць магчымыя недахопы ў заканадаўстве і правапрымяняльнай практыцы ў галіне правоў чалавека
  • садзейнічаць працы нацыянальных інстытутаў амбудсменаў і іншых праваабарончых структур, і
  • даваць рэкамендацыі і інфармацыю па абароне правоў чалавека ў рэгіёне.

Камісар можа, па сваёй пасадзе, займацца любой праблемай у межах сваёй кампетэнцыі. Хоць Камісар не разглядае індывідуальныя скаргі, ён можа прымаць меры на падставе любой інфармацыі, якая адносіцца да справы, у дачыненні да агульных аспектаў абароны правоў чалавека, абвешчаных у дакументах Савета Еўропы.
Такая інфармацыя з просьбай прыняць па ёй адпаведныя меры можа паступаць у адрас Камісара ад урадаў, нацыянальных парламентаў, нацыянальных амбудсменаў або аналагічных органаў, а таксама ад асобных людзей і арганізацый. Праца Камісара прадугледжвае складанне справаздач, падрыхтоўку рэкамендацый, фармуляванне меркаванняў і распрацоўку падыходаў да правоў чалавека ў дачыненні да асоб, якія шукаюць прытулак, імігрантаў і цыганоў-рама.

Варта памятаць, што Камісар Савета Еўропы па правах чалавека і Камісар ААН па правах чалавека – гэта не адно і тое ж.

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека

Многія НГА лабіравалі стварэнне пасады Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, і пытанне аб яго заснаванні было ўзгоднена на Сусветнай канферэнцыі ААН па правах чалавека ў Вене ў 1993 годзе, калі канферэнцыя рэкамендавала Генеральнай Асамблеі разгледзець пытанне аб прызначэнні такога Вярхоўнага камісара, чыёй задачай будзе прасоўванне і абарона ўсіх правоў чалавека як прыярытэтных каштоўнасцей. Пасада была заснавана ў тым жа годзе.
Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека прызначае Генеральны сакратар ААН з ухвалення Генеральнай Асамблеі. Гэта павінен быць чалавек «высокіх маральных прынцыпаў», які мае досвед у галіне правоў чалавека як афіцыйны працаўнік ААН, які нясе асноўную адказнасць за мерапрыемствы ААН у галіне правоў чалавека. У яго кампетэнцыю ўваходзіць: прасоўванне, абарона, садзейнічанне эфектыўнаму ажыццяўленню ўсіх правоў, узаемадзеянне і вядзенне дыялогу з урадамі па тэмах забеспячэння правоў чалавека, умацаванне міжнароднага супрацоўніцтва і каардынацыя з ААН у мэтах прасоўвання і абароны ўсіх правоў чалавека. У якасці вышэйшай службовай асобы па правах чалавека ААН, Вярхоўны камісар таксама ўзначальвае Ўпраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) і яго рэгіянальныя і нацыянальныя аддзяленні. УВКПЧ падтрымлівае шырокі круг мерапрыемстваў ААН па правах чалавека і праводзіць працу па прасоўванні і абароне правоў чалавека, а таксама па забеспячэнні захавання ўніверсальных нормаў правоў чалавека, уключаючы Сусветную праграму па адукацыі ў галіне правоў чалавека.

Ці дастаткова гэтага?

Многія скажуць, што правы чалавека ў свеце дрэнна выконваюцца з-за адсутнасці належных механізмаў правапрымянення. Часта рашэнне аб тым, ці варта выконваць атрыманыя рэкамендацыі, пакідаецца на меркаванне саміх дзяржаў. У многіх выпадках рэальныя гарантыі правоў асобнага чалавека або групы асоб залежаць ад ціску міжнароднай супольнасці і, у значнай ступені, ад працы НГА. І такая сітуацыя далёка ад задавальняючай, бо перш чым выпадак парушэння правоў чалавека будзе рэальна разгледжаны ААН ці Саветам Еўропы, можа прыйсціся вельмі доўга чакаць.
Ці можна штосьці зрабіць, каб змяніць такое становішча? Перш за ўсё, неабходна дамагчыся таго, каб дзяржавы гарантавалі правы чалавека на нацыянальным узроўні і распрацавалі належны механізм ліквідацыі любых парушэнняў. Адначасова трэба аказваць ціск на дзяржавы, каб яны далі абавязацельствы ў рамках тых механізмаў, якія прадугледжваюць прымяненне прававых санкцый.

Спасылкі

2 http://www.un.org/en/globalissues/briefingpapers/humanrights/quotes.shtml