Існуе шмат розных спосабаў выкладання і навучання аб правах чалавека. Ваш падыход да той ці іншай тэмы будзе залежаць ад таго, ці працуеце вы ў фармальным або нефармальным сектары, ад палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай сітуацыі ў вашай краіне, ад узросту маладых людзей, а таксама ад іх інтарэсаў і матывацыі да адукацыі ў галіне правоў чалавека. Ён таксама будзе залежаць ад вашага ўласнага вопыту працы ў сферы правоў чалавека і ў адпаведнай адукацыі.
Вы можаце працаваць у маладзёжнай арганізацыі, быць трэнерам, школьным настаўнікам або выкладчыкам для дарослых, членам дыскусійнай групы ў царкве ці маладым актывістам. Кім бы вы ні былі і дзе б ні працавалі, мы спадзяёмся, што вы знойдзеце ў нашым дапаможніку нешта карыснае для сябе. Мы не ставім ніякіх патрабаванняў адносна навыкаў выкладання або папярэдніх ведаў аб правах чалавека.
«Компас» – гібкі рэсурс. Прасоўванне правоў чалавека ўяўляе сабой бесперапынны і творчы працэс, і вы – як карыстальнік гэтага выдання – з'яўляецеся яго неад'емнай часткай. Мы спадзяёмся, што вы возьмеце ідэі, якія мы выклалі ў дапаможніку, і будзеце выкарыстоўваць іх і адаптаваць пад уласныя патрэбы і патрэбы маладых людзей, з якімі працуеце. Мы спадзяёмся таксама, што вы будзеце крытычна ацэньваць тое, пра што даведаліся, і падзеліцеся з намі сваімі меркаваннямі. Форма зваротнай сувязі знаходзіцца на сайце www.coe.int/compass.

Ніхто з нас не ведае таго, што ведаем мы ўсе разам.
Лаа-Цзы

Што ёсць у «Компасе»

Мы настойліва раім вам пачаць з кароткага прагляду ўсяго дапаможніка, каб атрымаць агульнае ўяўленне пра яго змест. У дапаможніка няма канкрэтнага «пачатку»; і мы хацелі б, каб вы самі выбралі тыя раздзелы, якія маюць непасрэднае дачыненне да вашай працы.

Глава 1: Гэта ўводзіны ў правы чалавека і адукацыю ў галіне правоў чалавека, кароткае настаўленне па выкарыстанні дапаможніка.
Глава 2: У гэтай главе прыводзяцца практыкаванні. Тут вы знойдзеце 58 практыкаванняў рознага ўзроўню складанасці для вывучэння правоў чалавека ў іх сувязі з абранай тэмай і рознымі правамі. Гэтыя практыкаванні будуць інструментам вашай працы з маладымі людзьмі.
Глава 3: Глава «Практычныя дзеянні ў падтрымку правоў чалавека» раскрывае тое, што мы маем на ўвазе пад гэтымі словамі, і змяшчае ідэі і парады для прасоўвання правоў чалавека ў грамадстве і ў свеце ў цэлым.
Глава 4: Гэта глава змяшчае даведачную інфармацыю аб правах чалавека і аб іх гістарычным развіцці разам з апісаннем міжнародных стандартаў і дакументаў.
Глава 5: Тут вы знойдзеце кароткі агляд даведачнай інфармацыі па агульных тэмах «Компаса».
Дадаткі: Кароткі агляд асноўных дэкларацый, канвенцый і іншых дакументаў па правах чалавека, а таксама гласарый тэрмінаў, якія часцей за ўсё выкарыстоўваюцца ў «Компасе».

У «Компасе» вы знойдзеце дастаткова матэрыялу, каб пачаць працу па навучанні моладзі правам чалавека. «Компас» быў напісаны для ўсіх, хто хоча ўдзельнічаць у адукацыі ў галіне правоў чалавека незалежна ад таго, ці прайшоў ён нейкае навучанне і ці мае навыкі ў гэтай сферы. Каб пачаць, вам не трэба быць «экспертам» у галіне правоў чалавека; наяўнасць цікавасці да правоў чалавека і да адукацыі ў гэтай сферы само па сабе ўжо з'яўляецца дастатковай кваліфікацыяй.

Тэмы правоў чалавека

Мы не разлічвалі на тое, каб ахапіць усе пытанні правоў чалавека ў адной кнізе. Таму мы абмежаваліся тым, што ўзялі пытанні, якія маюць самае непасрэднае дачыненне да жыцця маладых людзей, і сабралі іх разам, арганізаваўшы па 20 тэмах. Даведачныя матэрыялы па кожнай тэме прадстаўлены ў Главе 5, а перакрыжаваныя спасылкі паміж практыкаваннямі і тэмамі можна знайсці ў рэзюмэ практыкаванняў.

Ніжэй у алфавітным парадку прыводзяцца 20 глабальных тэм:

1. Агульныя правы чалавека
2. Адукацыя
3. Беднасць
4. Вайна і тэрарызм
5. Гендарныя пытанні
6. Гістарычная памяць
7. Глабалізацыя
8. Грамадзянскасць і ўдзел
9. Дзеці
10. Дыскрымінацыя і нецярпімасць
11. Дэмакратыя
12. Здароўе
13. Інваліднасць і дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці
14. Культура і спорт
15. Міграцыя
16. Мір і гвалт
17. Навакольнае асяроддзе
18. Праца
19. Рэлігія і вера
20. СМІ

Фасілітацыя

У «Компасе» мы выкарыстоўваем слова «фасілітатар» для апісання людзей, якія рыхтуюць, ажыццяўляюць і каардынуюць дзейнасць. Фасілітатар «стварае ўмовы», «дапамагае», заахвочвае іншых у тым, каб навучацца і развіваць свой патэнцыял. Роля фасілітатара заключаецца ў тым, каб ствараць бяспечныя ўмовы, у якіх удзельнікі навучаюцца праз вопыт, даследаванне, абмен. Гэта справа не аднаго чалавека, таму фасілітатар не з'яўляецца лідарам-«экспертам», які дзеліцца ведамі з іншымі. Кожны павінен расці, дзякуючы абмену вопытам, як удзельнікі, так і фасілітатары.

Варта адзначыць, што магчымасці выступаць у ролі фасілітатара ў працы з маладымі людзьмі і працаваць у атмасферы роўнасці і супрацоўніцтва не ўсюды ў Еўропе аднолькавыя. У сектары фармальнай адукацыі мы знаходзім адрозненні ў мэтах і ў самой філасофіі адукацыі, метадах аўдыторнай працы і навучальных праграмах. Рэдка такое здараецца, каб школьнікі і студэнты вырашалі, што ім вучыць, і не кожны настаўнік можа ўзяць на сябе ролю фасілітатара. У нефармальным сектары можна сустрэць значныя несупадзенні не толькі ў мэтах і філасофіі розных арганізацый, але і ў дзейнасці і магчымасцях, якія яны прапануюць, а стыль кіравання вар'іруецца ад аўтарытарнага да дэмакратычнага. Гэтыя адрозненні сустракаюцца не толькі паміж краінамі, але і ўнутры кожнай краіны.

Мы ўсе жывём і працуем у рамках адукацыйных і сацыяльных норм нашага грамадства, і таму нярэдка нам цяжка ўсвядоміць наш непазбежны этнацэнтрызм. У выніку мы ўспрымаем свае дзеянні як нешта належнае і звычайнае. Карысна задумацца аб уласным стылі, манеры працы і адносінах з маладымі людзьмі, з якімі вы працуеце, з тым, каб удасканаліць свае навыкі фасілітацыі11.

Вы павінны быць гатовы перадаць удзельнікам адказнасць за іх навучанне.

Калі чалавек займае пазіцыю лідара, яму бывае цяжка «выпусціць з-пад кантролю» рычагі кіравання, але, выступаючы ў ролі фасілітатара ў адукацыйных праграмах па правах чалавека, вы павінны быць гатовы перадаць удзельнікам адказнасць за іх навучанне, даць ім магчымасць прааналізаваць сітуацыю або праблему, якая іх займае, думаць сваім розумам і прыходзіць да сваіх уласных высноў. Гэта не азначае, што ўся адказнасць ляжа на маладых людзей. Перад фасілітатарам стаіць складаная задача па стварэнні бяспечнай прасторы, у якой маладыя людзі змогуць вучыцца, якая будзе адпавядаць іх узроўню сталасці і здольнасці ўдзельнічаць у сумеснай працы.

Кантэкст, у якім праводзяцца практыкаванні, аднак, можа запатрабаваць большай адаптацыі і паставіць фасілітатара, адукатара або настаўніка перад сур'ёзнымі дылемамі. Напрыклад, калі заняткі па адукацыі ў галіне правоў чалавека з'яўляюцца абавязковымі, гэта можа паўплываць на вынікі і, магчыма, на адносіны навучэнцаў да правоў чалавека. Іншы аспект звязаны з адзнакамі, якія характэрны для многіх сістэм фармальнай адукацыі, асабліва, калі ў школе сур'ёзна ўспрымаецца толькі тое, за што паставілі адзнаку.
Падказкі наконт таго, што рабіць у такіх выпадках, можна знайсці ў дапаможніку «Адукацыя для дэмакратыі: даведачныя матэрыялы па адукацыі ў галіне дэмакратычнай грамадзянскасці і правоў чалавека12».

«Тэхнічны» бок ролі фасілітатара ў школьным або класным асяроддзі не абавязкова значна адрозніваецца ад яго ролі ва ўмовах нефармальнага навучання, а інструкцыі да практыкаванняў «Компаса» можна прымяніць да любой сферы навучання.

Рашэнне праблем як аснова адукацыі ў галіне правоў чалавека

Пытанні правоў чалавека нярэдка супярэчлівыя, паколькі ў розных людзей розныя сістэмы каштоўнасцей і яны па-рознаму разумеюць правы і абавязкі. Гэтыя адрозненні, якія праяўляюцца ў выглядзе розных меркаванняў па адным і тым жа пытанні, і складаюць аснову нашай працы па адукацыі ў галіне правоў чалавека. Адукацыя ў галіне правоў чалавека накіравана на дасягненне дзвюх важных мэт: па-першае, прывіць маладым людзям навыкі ацэньваць розныя пункты гледжання на праблему – і зусім не абавязкова згаджацца з імі – і, па-другое, дапамагчы ім развіваць навыкі пошуку ўзаемапрымальных рашэнняў гэтых праблем.
Гэты дапаможнік і яго практыкаванні заснаваны на дапушчэнні, што рознагалоссе ў пунктах погляду можна выкарыстаць канструктыўна для працэсу навучання. Як і ў многіх іншых нефармальных адукацыйных відах дзейнасці, мэта заключаецца не столькі ў тым, каб дасягнуць згоды кожнага, колькі ў тым, каб удзельнікі развівалі ў сябе навыкі крытычна думаць, слухаць адзін аднаго, выказваць свае меркаванні і паважаць адрозненні ў меркаваннях.
Фасілітацыя ў выкананні практыкаванняў і авалоданні канструктыўнымі падыходамі да канфліктаў можа здавацца складанай і збянтэжыць, але на самай справе гэта не так. Кожнае практыкаванне суправаджаецца «Парадамі фасілітатарам» і «Дадатковай інфармацыяй», якія дапамогуць вам у працы.

Агульныя рэкамендацыі для карыстальнікаў

Вы павінны выкарыстоўваць «Компас» так, каб ён адпавядаў вашым патрэбам і патрэбам маладых людзей, з якімі вы працуеце. Няма ніякай розніцы, на якой старонцы вы адкрыеце дапаможнік. Вы можаце выкарыстоўваць «Компас» у якасці крыніцы інфармацыі аб правах чалавека – аб галоўных канвенцыях у тым выглядзе, як яны былі створаны ў 1948 годзе і як змяніліся з тых часоў. Вы таксама можаце выкарыстоўваць «Компас» як зборнік інфармацыі аб правах чалавека, звязаных з беднасцю, гендарнымі і іншымі пытаннямі. Аднак асноўны інтарэс звычайна выклікаюць менавіта практыкаванні, паколькі яны з'яўляюцца інструментам рэалізацыі адукацыі ў галіне правоў чалавека.

Як выбраць практыкаванне

Для пачатку вы павінны вельмі выразна сабе ўяўляць, чаго канкрэтна вы хочаце дасягнуць; сфармулюйце сваю мэту. Потым вы можаце перайсці да выбару практыкавання, якое мае прамое дачыненне да тэмы, што вас цікавіць, і якое прадугледжвае выкарыстанне зручных для вас і вашай моладзі метадаў. Практыкаванне павінна падыходзіць вам і вашай групе па ўзроўні складанасці і ўпісацца ў час, на які вы разлічваеце.

Уважліва прачытайце апісанне практыкавання як мінімум двойчы і паспрабуйце ўявіць сабе, як група можа на яго адрэагаваць і што сказаць. Вельмі верагодна, што вы вырашыце крыху змяніць практыкаванне або скарэкціраваць некаторыя пытанні часткі «Аналіз і ацэнка», каб накіраваць навучанне па лепшым для вас шляху. Пераканайцеся ў тым, што ў вас ёсць усе неабходныя матэрыялы і дастаткова месца, асабліва калі ўдзельнікі будуць у працэсе разбівацца на малыя групы.

Усе практыкаванні маюць стандартны фармат. Піктаграмы і загалоўкі дапамогуць чытачу атрымаць цэласнае ўяўленне аб практыкаванні.

Умоўныя абазначэнні і загалоўкі, якія дапамагаюць апісаць практыкаванне
Тэмы

У лік тэм, адабраных для «Компаса», увайшлі тыя, якія адпавядаюць яго прызначэнню, напрыклад, агульныя правы чалавека, беднасць, здароўе. Правы чалавека ўзаемазвязаныя і непадзельныя, і розныя пытанні накладваюцца адно на адно, а гэта азначае, што кожнае практыкаванне непазбежна будзе тычыцца некалькіх тэм. У практыкаванні паказваюцца тры тэмы, сувязь з якімі найбольш відавочна праяўляецца падчас яго выканання.

Складанасць

Гаворачы аб складанасці, мы хочам апісаць не толькі ўзровень складанасці таго ці іншага метаду, але і тое, якія формы крытычнага мыслення, аналітычныя і камунікатыўныя навыкі спатрэбяцца ўдзельнікам, каб з задавальненнем выканаць практыкаванне.Пры выкананні большасці практыкаванняў, якія патрабуюць базавых навыкаў, выкарыстоўваюцца простыя метады; такія практыкаванні не патрабуюць сур'ёзнай падрыхтоўкі і часта не займаюць шмат часу. З іншага боку, практыкаванні, якія патрабуюць добрых навыкаў мыслення і камунікацыі, часта дзеляцца на некалькі частак, якія выконваюцца па парадку, патрабуюць лепшай падрыхтоўкі і займаюць больш часу.

Практыкаванні 1-га ўзроўню складанасці кароткія і простыя. Але іх перавага заключаецца ў тым, што яны дазваляюць удзельнікам узаемадзейнічаць і наладзіць зносіны. Практыкаванні тыпу «энерджайзер» і «ледакол», як і практыкаванні на замацаванне, трапляюць якраз у гэту катэгорыю.
Практыкаванні 2-га ўзроўню складанасці не патрабуюць папярэдніх ведаў аб правах чалавека ці добра развітых навыкаў індывідуальнай або групавой працы. Многія практыкаванні на гэтым узроўні распрацаваны так, каб дапамагчы людзям развіць камунікатыўныя навыкі і ўменні працаваць у групе і ў той жа час стымуляваць зацікаўленасць у правах чалавека.
Практыкаванні 3-га ўзроўню з'яўляюцца больш складанымі і накіраваны на развіццё больш глыбокага разумення праблемы і пранікнення ў яе сутнасць. Яны патрабуюць больш высокага ўзроўню кампетэнцый у вядзенні дыскусіі і навыкаў працы ў групе.
Практыкаванні 4-га ўзроўню складанасці больш працяглыя, патрабуюць добрых навыкаў працы ў групе і вядзення дыскусій, канцэнтрацыі ўвагі і супрацоўніцтва паміж удзельнікамі; падрыхтоўка да такіх практыкаванняў таксама займае больш часу. Акрамя таго, яны носяць больш комплексны, усёабдымны характар, дзякуючы чаму забяспечваецца больш шырокае і глыбокае разуменне пытанняў.

Памер групы

Мы ўдакладняем колькасць людзей, якая патрабуецца для паспяховага выканання практыкавання. Калі частка практыкавання прадугледжвае працу ў малых групах, іх памер паказваецца ў дужках.

Час

Мы прыводзім агульны час у хвілінах, неабходны для выканання ўсяго практыкавання, уключаючы падвядзенне вынікаў і абмеркаванне, з зазначаным лікам удзельнікаў. Запланаваны час не ўключае ў сябе абмеркаванне або дзеянні, звязаныя з правядзеннем ацэнкі.
Вам трэба будзе самастойна вызначыць, колькі часу патрабуецца на выкананне практыкавання. Калі вы працуеце з вялікай колькасцю малых груп, то прыйдзецца вылучыць больш часу для зваротнай сувязі для кожнай з іх на агульным пасяджэнні. Калі група вялікая, трэба пакінуць дастаткова часу, каб ва ўсіх была магчымасць унесці свой уклад у аналіз і ацэнку.

Агляд

Для правядзення агляду мы называем прадмет абмеркавання і асноўны метад, які павінен выкарыстоўвацца ў практыкаванні. Напрыклад, мы расказваем, што ў практыкаванні гаворка пойдзе пра людзей, якія шукаюць прытулак, або аб прадузятасці ў сродках масавай інфармацыі, і паведамляем, ці прадугледжвае гэта практыкаванне абмеркаванне ў невялікіх групах або выкарыстанне ролевых гульняў.

Звязаныя правы

Здольнасць суадносіць вопыт і падзеі з пэўнымі правамі чалавека з'яўляецца ключавой мэтай адукацыі ў галіне правоў чалавека. Аднак паколькі правы чалавека ўзаемазвязаныя і непадзельныя, розныя пытанні накладваюцца адно на адно, а гэта азначае, што кожнае практыкаванне непазбежна будзе тычыцца некалькіх тэм. У прыватнасці, калі гаворка ідзе пра рэзюмэ Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, мы называем тры правы, прыклады якіх прыводзяцца ў практыкаванні і якія павінны быць прадметам абмеркавання падчас падвядзення вынікаў і ацэнкі.

Мэты

Мэты адносяцца да мэт адукацыі ў галіне правоў чалавека, якія маюць дачыненне да кампетэнцый, ведаў, навыкаў, поглядаў і каштоўнасцей, апісаных тут.

Матэрыялы

Пералік сродкаў і абсталявання, неабходных для выканання практыкавання.

Падрыхтоўка

Пералік таго, што фасілітатар павінен зрабіць перад правядзеннем практыкавання.
Мы лічым само сабой зразумелым, што фасілітатар будзе рыхтавацца да працы па пытаннях тэмы і, калі гэта спатрэбіцца, азнаёміцца з даведачнай інфармацыяй, прадстаўленай у Главе 5. Таму напамін пра гэта не прыводзіцца ў кожным практыкаванні.

Інструкцыі         

Спіс інструкцый пра тое, як выконваць практыкаванне.

Аналіз і ацэнка

Мы прапануем пытанні, якія павінны дапамагчы фасілітатару правесці аналіз і ацэнку. Яны задуманы як кіраўніцтва; мы таксама чакаем, што некаторыя пытанні вы падрыхтуеце самастойна, каб пераканацца ў тым, што вы правялі навучанне ў адпаведнасці са сваімі мэтамі.

Парады фасілітатарам

Гэта інструкцыі і тлумачэнне педагагічных прыёмаў і тых пытанняў, пра якія неабходна памятаць. Напрыклад, калі ў практыкаванні гаворка ідзе пра стэрэатыпы ў дачыненні да меншасцей, варта пацікавіцца, ці ёсць у вашай групе прадстаўнікі такой меншасці.

Варыянты

Тут мы выкладаем некаторыя ідэі аб тым, як можна адаптаваць практыкаванне для выкарыстання ў розных сітуацыях і дапрацаваць яго. Аднак гэта не больш чым прапановы, і вы як фасілітатар можаце мяняць практыкаванне такім чынам, як яно, на вашу думку, будзе лепш адказваць патрэбам групы.

Прапановы па далейшай працы

Выкананнем практыкавання справа не канчаецца; пасля яго завяршэння неабходна перайсці да далейшай працы, каб вывучанае было замацавана і не забыта. У дадатак да вышэйсказанага мы павінны нагадаць, што важнай мэтай адукацыі ў галіне правоў чалавека з'яўляецца забеспячэнне маладых людзей магчымасцю дзейнічаць для вырашэння пытанняў, якія тычацца іх непасрэдна.

Таму мы апісваем некаторыя ідэі адносна таго, што рабіць далей, напрыклад прапануем тэмы для даследаванняў і пошуку матэрыялаў у мясцовай бібліятэцы або ў Інтэрнэце, пра якія потым можна расказаць усёй групе. Мы таксама прапануем ідэі іншых практыкаванняў, якія вы можаце запланаваць на наступны раз.

Ідэі для дзеяння

Практычныя дзеянні – адна з важных мэт адукацыі ў галіне правоў чалавека; мы хочам прывіць маладым людзям навыкі, якія дазволяць ім дзейна падысці да вырашэння праблем, якія іх тычацца. Мы яшчэ раз падкрэсліваем гэта, і менавіта таму ў нашым дапаможніку ёсць асобная глава, прысвечаная дзеянням, Глава 3, і таму мы ўключылі ідэі для дзеянняў у кожнае практыкаванне.

Важныя даты

ААН і многія іншыя арганізацыі выкарыстоўваюць ідэю правядзення дня памяці або святкавання, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да розных аспектаў правоў чалавека. Мы сабралі больш за дзевяноста такіх «важных дат» і прапануем вам выкарыстоўваць іх у якасці арыенціраў, да якіх вы можаце прымеркаваць вашы ўласныя мерапрыемствы. Напрыклад, група маладых асоб, якія шукаюць прытулак у Даніі, сумесна з мясцовым маладзёжным аддзяленнем Дацкага Чырвонага Крыжа, якое мае сваё кафэ, правялі публічнае мерапрыемства ў Дзень бежанцаў – 20 чэрвеня.

Дадатковая інфармацыя

У гэтым раздзеле мы даём дадатковую даведачную інфармацыю, якая мае непасрэднае дачыненне да практыкаванняў. Мы вам таксама рэкамендуем у кожным выпадку звяртацца да Главы 5, дзе вы знойдзеце даведачную інфармацыю па канкрэтных тэмах, якiя разглядаюцца ў вашых практыкаваннях.

Раздатачны матэрыял

Гэта ролевыя карткі, інфармацыйныя бюлетэні і карткі дыскусій, якія вам неабходна скапіраваць. Пры гэтым варта памятаць, што вы можаце свабодна змяняць іх з улікам патрэб вашай групы.

Агульныя рэкамендацыі па правядзенні практыкаванняў

Выкананне практыкаванняў рэдка праходзіць менавіта так, як вы чакалі. У гэтым заключаецца каштоўнасць і адначасова выклік, якім стане для вас праца з практыкаваннямі «Компаса». Вам прыйдзецца навучыцца хутка рэагаваць на ўсё, што адбываецца ў класе. Галоўнае памятаць наступнае: трэба ставіць ясныя мэты і быць гатовым да іх дасягнення.

Сумесная фасілітацыя

Заўсёды, калі гэта магчыма, старайцеся арганізаваць сумесную фасілітацыю. Настаўнікі называюць гэта «навучаннем у камандзе». Практычныя перавагі такой працы заключаюцца ў тым, што ў гэтым выпадку будзе ўжо мінімум два чалавекі, якія будуць дзяліць адказнасць за працу з малымі групамі або выкананне асобных задач. Калі занятак вядуць два фасілітатары, ім лягчэй змяняць тэмп і рытм працы для падтрымання цікавасці. Два фасілітатары могуць і падтрымаць адзін аднаго, калі раптам нешта пойдзе не па плане, і наогул аддача заўсёды больш значная, калі робіш нешта з кім-небудзь яшчэ, а не ў адзіночку. Сумесная фасілітацыя патрабуе, каб абодва фасілітатары прымалі ўдзел у падрыхтоўцы практыкавання, і пры гэтым кожны павінен добра ведаць сваю ролю. Тым не менш лепш за ўсё рыхтаваць практыкаванні ў камандзе з прыцягненнем і саміх маладых людзей.

Старанная падрыхтоўка

Уважліва прачытайце ўсю інфармацыю пра практыкаванне, лепш нават двойчы! «Прайграйце» яе ў сябе ў галаве, паспрабуйце ўявіць, як усё будзе праходзіць. Паспрабуйце таксама ўявіць сабе, як група будзе рэагаваць і што яна можа сказаць. Удзельнікі абавязкова зададуць вам пытанні, на якія вы не будзеце ведаць адказаў. Але ў гэтым няма нічога незвычайнага: вы прыйшлі ў клас, каб вучыцца разам з маладымі людзьмі. Тым не менш вы павінны максімальна падрыхтавацца, прачытаўшы ўсю неабходную даведачную інфармацыю.

Праверце, ці ёсць у вас пад рукой не толькі неабходныя матэрыялы, але і дадатковыя на той выпадак, калі да вас прыйдзе больш чалавек, чым вы чакалі, ці калі ў кагосьці зломіцца аловак або перастане пісаць фламастар.

Кіраванне часам

Старанна плануйце мерапрыемства і не спрабуйце ўціснуць залішне шмат спраў у адведзены для занятку час. Калі выкананне практыкавання зойме больш часу, чым вы чакалі, трэба паспрабаваць скараціць яго, каб у вас засталося дастаткова часу для дыскусіі (гл. заўвагі па цыкле навучання). У такім выпадку нядрэнна звярнуцца да ўдзельнікаў і параіцца з імі, ці не лепш адразу або хвілін праз пяць спыніць працу або як-небудзь інакш вырашыць праблему.
З іншага боку, калі ў вас раптам засталося шмат часу, не спрабуйце зацягваць абмеркаванне, а зрабіце перапынак або кароткую зарадку тыпу «энерджайзер», каб зняць напружанне.

Стварэнне бяспечнага асяроддзя

Маладыя людзі, з якімі вы працуеце, павінны адчуваць сябе свабодна і быць гатовымі праводзіць даследаванні і здзяйсняць адкрыцці, а таксама ўзаемадзейнічаць і дзяліцца адзін з адным. Будзьце з імі шчырыя, прыязныя, заўсёды хваліце сваіх удзельнікаў і не губляйце пачуццё гумару. 
Не выкарыстоўвайце жаргон або мову, якіх удзельнікі могуць не зразумець. Людзі адчуваюць сябе ў бяспецы, калі ведаюць, пра што ідзе гаворка, таму тое, як вы апішаце занятак, мае вялікае значэнне. Не варта пачынаць адразу, без папярэдняй падрыхтоўкі; трэба спачатку наладзіць адпаведную атмасферу. Адным са спосабаў зрабіць гэта з'яўляецца выкарыстанне «ледакола».

Усталяванне правілаў

Важна, каб усе ў групе разумелі асноўныя правілы працы з практыкаваннямі. Напрыклад, кожны павінен несці сваю долю адказнасці за занятак, кожны павінен мець шанец быць пачутым, мець магчымасць выказацца і прыняць удзел у агульнай працы. Ніхто не павінен адчуваць націску, кожны павінен свабодна выказацца, калі яму штосьці замінае. Гэтыя асноўныя правілы павінны быць абмеркаваны і ўзгоднены, калі вы толькі пачынаеце працаваць з класам ці групай, і вы можаце час ад часу вяртацца да іх, асабліва калі ў групу прыходзяць новыя людзі.

Дакладныя інструкцыі

Пераканайцеся, што ўсе зразумелі вашы інструкцыі і ведаюць, што яны павінны рабіць. Добра пачынаць працу з тлумачэння ў агульных рысах таго, што ўяўляе сабой практыкаванне і што ў яго ўваходзіць, напрыклад ролевыя гульні. Няхай удзельнікі ведаюць, колькі часу ў іх ёсць на выкананне пастаўленай задачы, і за пяць хвілін да заканчэння не забудзьце папярэдзіць іх аб тым, што час заканчваць, каб у іх была магчымасць зрабіць гэта як трэба.

Фасілітацыя дыскусій

Дыскусія займае цэнтральнае месца ў працэсе адукацыі ў галіне правоў чалавека. Давядзіце да ведама кожнага члена групы, што пры жаданні ён можа ўдзельнічаць у працы. Выкарыстоўвайце словы, выразы і мову, зразумелыя для групы, і тлумачце значэнні слоў і тэрмінаў, з якімі яна не знаёмая; для гэтага маецца гласарый. Заклікайце ўдзельнікаў выказваць свае думкі. Памятайце, што паміж глабальнымі і лакальнымі праблемамі павінен быць баланс, каб людзі ўспрымалі праблемы як нешта, што мае да іх жыцця непасрэднае дачыненне.

Часам дыскусіі «буксуюць». У гэтым выпадку вам трэба высветліць прычыну. Гэта можа адбыцца таму, напрыклад, што тэма была вычарпана або аказалася занадта эмацыянальнай. Вы павінны будзеце вырашыць, ці варта задаць пытанне-падказку, змяніць тактыку або рухацца далей. Ніколі не варта схіляцца да таго, каб даваць гатовыя адказы на пытанні ўдзельнікаў ці вырашаць іх праблемы замест іх; група павінна знайсці свае ўласныя адказы, слухаючы адзін аднаго і абменьваючыся думкамі. Удзельнікі могуць, вядома, спытаць ваша меркаванне або папрасіць парады, але прымаць рашэнні група павінна самастойна.

Аналіз і ацэнка

Ні адно практыкаванне «Компаса» не завяршаецца без аналізу і ацэнкі; гэта частка дзейнасці дае арыенціры для навучання і дапамагае ўдзельнікам укараніць тое, чаму яны навучыліся, у больш шырокі кантэкст. Дайце ўдзельнікам дастаткова часу, каб яны маглі завяршыць сваё практыкаванне і пры неабходнасці выйсці з ролі, перш чым прыступіць да абмеркавання таго, што яны рабілі і пра што даведаліся. Не забудзьце выдаткаваць час у канцы кожнага практыкавання, каб пагаварыць пра тое, чаму яны навучыліся і як гэта суадносіцца з іх уласным жыццём, іх бліжэйшым асяроддзем і жыццём усяго свету. Без разважання над зробленым людзі мала чаму вучацца са свайго ўласнага вопыту. 
Мы прапануем вам правесці працэс аналізу і ацэнкі праз паслядоўнасць крокаў, падчас якіх вам варта задаваць удзельнікам пытанні наступнага характару:

• што адбылося падчас выканання практыкавання і як яны сябе пры гэтым адчувалі
• што новага яны даведаліся пра сябе
• што новага яны даведаліся пра пытанні, якія разглядаліся ў практыкаванні, і адпаведныя правы чалавека
• як яны цяпер могуць рухацца наперад і выкарыстоўваць тое, пра што даведаліся

Ацэнка навучання

Без разважання над зробленым людзі мала чаму вучацца са свайго ўласнага вопыту.

Перыядычная ацэнка і разгляд таго, што вы робіце і чаму навучаеце, вельмі важны, паколькі гэта дапамагае атрымаць агульную карціну таго, як ідуць справы, і дазваляе ўдасканальваць свае практычныя навыкі. Час такой ацэнкі залежыць ад абставін: гэта можа быць у канцы дня на семінары або ў канцы серыі з двух або трох заняткаў або сустрэч.
Кожны раз, калі вы праводзіце такое замацаванне, знайдзіце час, каб расслабіцца, супакоіцца і падумаць пра наступнае:

• Як, з вашага пункту гледжання, прайшло мерапрыемства (ці мерапрыемствы): яго падрыхтоўка, тэрмін выканання і г. д.
• Чаму новаму навучыліся ўдзельнікі і ці дасягнулі яны мэт, якія ставіліся перад імі
• Якія агульныя вынікі: што група будзе рабіць цяпер, зыходзячы з вынікаў выкананай працы
• Што новага даведаліся вы самі пра тэме занятку і пра ролю фасілітатара

Перыядычная ацэнка навучання з групай таксама важна, і яе варта праводзіць не надта сур'ёзна, каб пазбегнуць яго пераўтварэння ў яшчэ адну дыскусію, асабліва калі вы ўжо патрацілі шмат часу на аналіз і ацэнку. Каб даведацца, як гэта зрабіць, у пункце «Практыкаванні для ацэнкі навучання» Главы 2 вы знойдзеце апісанне некалькіх метадаў, якія прадугледжваюць выкарыстанне, сярод іншага, мовы цела, малюнкаў і мадэліравання.

Тэмп працы

Большасць практыкаванняў можна правесці за 90 хвілін, таму падтрымліваць тэмп будзе проста. Тым не менш, каб не згубіць нацэленасць удзельнікаў на працу, можна рабіць невялікія перапынкі, напрыклад паміж выкананнем практыкавання і правядзеннем яго аналізу і ацэнкі або паміж аналізам і ацэнкай і абмеркаваннем наступнага этапа працы. Калі сілы і энергія ўдзельнікаў відавочна слабеюць, можна выкарыстоўваць практыкаванні тыпу «энерджайзер». Памятайце таксама, што вельмі важна, каб пасля завяршэння занятку ўдзельнікі маглі супакоіцца і расслабіцца.

Зваротная сувязь

Зваротная сувязь – гэта каментарый наконт таго, што нехта зрабіў ці сказаў. Здольнасць даваць і атрымліваць зваротную сувязь – вельмі важны навык, і вы павінны будзеце дапамагчы членам групы яго засвоіць. Нярэдка зваротная сувязь успрымаецца як неабгрунтаваная крытыка, нават калі гэта і не ўваходзіла ў намер таго, хто яе даваў. Ключавымі словамі для зваротнай сувязі з'яўляюцца такія паняцці, як «павага», «канкрэтнасць» і «аргументацыя».

Выкарыстоўваючы метад зваротнай сувязі, важна праявіць павагу да іншага чалавека, засяродзіцца на тым, што канкрэтна ён сказаў ці зрабіў, і абгрунтаваць свой пункт гледжання. Вы можаце сказаць: «Я рашуча не згодны з тым, што вы толькі што сказалі, таму што ...». Многія людзі лёгка зрываюцца на негатыўныя каментарыі, а гэта можа нанесці іншым боль. Ваша роля фасілітатара заключаецца ў тым, каб навучыць маладых людзей даваць зваротную сувязь канструктыўна, добразычліва. Напрыклад, варта растлумачыць, што:

• крытычныя заўвагі трэба пачынаць са станоўчага сцвярджэння,
• трэба паважаць іншага чалавека і адмовіцца ад прыніжальных заўваг,
• варта факусіравацца на паводзінах, а не на асобе,
• трэба абгрунтоўваць свой пункт гледжання,
• трэба несці адказнасць за свае словы праз выкарыстанне тэхнікі «Я-выказвання».

Атрымліваць зваротную сувязь цяжка, асабліва калі ёсць рознагалоссе. Ваша роля ў тым, каб дапамагаць маладым людзям вучыцца на ўласным вопыце і рабіць так, каб яны адчувалі падтрымку, а не націск ці прыніжэнне. Навучыце іх уважліва прыслухоўвацца да крытыкі і не кідацца адразу абараняць сябе ці свае пазіцыі. Асабліва важна, каб чалавек правільна разумеў, што мае на ўвазе той, хто дае зваротную сувязь, і знайшоў час, каб у поўнай меры ацаніць тое, што было сказана, а потым прыняць або не прыняць гэта.

Супраціўленне з боку ўдзельнікаў

Сумесныя мерапрыемствы прад'яўляюць да іх удзельнікаў высокія патрабаванні, і, нягледзячы на тое, што вы будзеце выкарыстоўваць розныя метады, напрыклад абмеркаванне, маляванне, ролевыя гульні ці музыку, не ўсе практыкаванні і не заўсёды будуць падыходзіць усім удзельнікам. Калі ўдзельнік давярае вам і можа растлумачыць, чаму яму не падабаюцца канкрэтныя практыкаванні, то ў вас атрымаецца перабудаваць сваю працу з улікам яго інтарэсаў шляхам дыялогу і перамоў.

Пад «супраціўленнем» мы маем на ўвазе паводзіны, свядома накіраваныя на зрыў дзейнасці. Усе фасілітатары рана ці позна сутыкаюцца з супраціўленнем удзельнікаў. Яно можа прымаць розныя формы. Які-небудзь няўпэўнены ў сабе малады чалавек можа парушаць парадак, рыпаючы крэслам, напяваючы што-небудзь сабе пад нос або размаўляючы з суседам. Больш адмысловыя спосабы зрыву заняткаў – недарэчныя пытанні ці намаганні ўсё перавярнуць на жарт. Яшчэ адна «гульня» парушальнікаў заключаецца ў тым, каб «падколваць» фасілітатара. Вам могуць сказаць: «Вам нас не зразумець, вы ўжо даўно выйшлі з нашага ўзросту» або «Вы нам нічога, акрамя дыскусій, не прапануеце, давайце проста рабіць практыкаванні!». Трэці тып «гульні» заключаецца ў спробах ухіліцца ад навучання, напрыклад, калі маладыя людзі на ўсё рэагуюць рэплікамі накшталт «Так, але ... ».

Відавочна, што лепш за ўсё пазбягаць праяўленняў супраціўлення. Напрыклад, быць у курсе спраў кожнага чалавека ў групе і быць гатовым да любых эмацыянальных выбухаў, якія могуць быць выкліканыя пэўным практыкаваннем або нейкай часткай ролевай гульні ці мадэліравання. Пераканайцеся ў тым, што кожны чалавек у групе адчувае сябе ў бяспецы і ведае, што яго ніхто не прымушае расказваць нешта пра сябе, што ён не хацеў бы расказваць. Дайце ўдзельнікам час на тое, каб яны разагрэліся перад тым ці іншым практыкаваннем і перавялі дух пасля яго. Нарэшце, памятайце пра тое, што трэба пакідаць дастаткова часу на аналіз практыкавання і дыскусію, каб кожны адчуваў, што яго меркаванне і ўдзел цэняцца.

Кожны раз вы самі павінны вырашыць, як лепш справіцца з цяжкай сітуацыяй, але майце на ўвазе, што звычайна лепшым спосабам вырашэння праблемы з'яўляецца яе адкрытае абмеркаванне і прыцягненне ўсёй групы да пошукаў рашэння. Не ўступайце ў доўгія дыскусіі і спрэчкі з адным членам групы. Гэта можа выклікаць абурэнне і незадаволенасць іншых удзельнікаў і прывесці да поўнай страты цікавасці.

Кіраванне канфліктам

Канфлікт з'яўляецца непазбежным і неабходным элементам адукацыі ў галіне правоў чалавека.

Канфлікт можа быць карысным і даць імпульс творчасці, калі ім кіраваць належным чынам; больш за тое, ён з'яўляецца непазбежным і неабходным элементам адукацыі ў галіне правоў чалавека! Рознагалоссе і эмоцыі з'яўляюцца непазбежнымі, калі гаворка ідзе аб правах чалавека, таму што людзі бачаць свет па-рознаму, а іх перакананні, думкі і забабоны раптам аспрэчваюцца. Канфлікт як частка адукацыі ў галіне правоў чалавека дае людзям магчымасць развіваць такія навыкі і пазіцыі, як крытычнае мысленне і супрацоўніцтва, суперажыванне і пачуццё справядлівасці.

Канфлікты цяжка прадбачыць і бывае цяжка вырашыць, асабліва калі яны ўзнікаюць таму, што ўдзельнікі адчуваюць сябе няўпэўнена, калі разбіраюць пытанні, звязаныя з эмоцыямі і каштоўнасцямі, калі ў іх недастаткова развітыя кампетэнцыі для працы ў групе, калі яны маюць цалкам супрацьлеглыя падыходы да тэмы ці розныя каштоўнасці. Паспрабуйце захоўваць спакой і стрыманасць і не дазваляйце ўцягнуць сябе ў канфлікт паміж членамі групы.

Практыкаванні «Компаса» накіраваны на навучанне ў бяспечным асяроддзі. Уважліва выбірайце тыя, якія вам падыходзяць, і адаптуйце іх пад сітуацыю, калі гэта патрэбна. Выкарыстоўвайце іх так, каб выклікаць ва ўдзельнікаў розныя меркаванні наконт таго ці іншага пытання; няхай яны ведаюць, што рознагалоссе – гэта нармальна і што ўсеагульнасць правоў чалавека зусім не азначае, што ўсе людзі павінны разумець іх абсалютна аднолькава.
Некаторыя парады:

  • Выдзеліце дастаткова часу для падвядзення вынікаў і абмеркавання. Калі трэба, дабаўце яшчэ часу.
  • Дапамагайце растлумачыць пазіцыі, меркаванні і інтарэсы людзей.
  • Здымайце напружанасць у групе. Напрыклад, папрасіце ўсіх сесці або абмеркаваць пытанне ў невялікіх падгрупах на працягу трох хвілін ці скажыце нешта, што дазволіць паглядзець на пытанне з іншага боку.
  • Заахвочвайце ўсіх актыўна слухаць адзін аднаго.
  • Падкрэслівайце тое, што аб'ядноўвае людзей, а не тое, што іх раздзяляе.
  • Шукайце кансэнсус. Заахвочвайце людзей выяўляць агульныя інтарэсы замест таго, каб вымушаць іх ісці на кампраміс і адмаўляцца ад сваіх поглядаў.
  • Шукайце варыянты вырашэння праблем без «аднаўлення» канфлікту.
  • Тым, хто гэтага пажадае, прапануйце пагаварыць у прыватным парадку ў іншы час.

Калі ўзнікаюць больш сур'ёзныя і глыбокія канфлікты, лепш адкласці пошук спосабаў іх вырашэння і пашукаць іншае, больш прыдатнае выйсце. Тым часам вы можаце прадумаць розныя спосабы вырашэння канфлікту. Больш таго, адклаўшы спробы вырашыць канфлікт, вы дасце яго ўдзельнікам час лішні раз падумаць над сітуацыяй і выпрацаваць новыя падыходы і рашэнні.

Канфлікты, якія ўзнікаюць у групе, і шляхі іх вырашэння могуць быць выкарыстаны для развіцця разумення і пранікнення ў сутнасць прычын і цяжкасцей вырашэння сусветных канфліктаў. Справядліва і адваротнае: абмеркаванне міжнародных канфліктаў можа даць больш глыбокае разуменне канфліктаў, што ўзнікаюць у штодзённым жыцці.

Адаптацыя практыкаванняў «Компаса» да вашых патрэб

Практыкаванні «Компаса» былі апрабаваны і пратэсціраваны ў розных умовах фармальнай і нефармальнай адукацыі, і каментарыі карыстальнікаў пацвярджаюць справядлівасць фразы, якую прыпісваюць Аўрааму Лінкальну: «Можна падабацца некаторым людзям увесь час і ўсім людзям – некаторы час, але нельга падабацца ўсім людзям заўсёды!». «Компас» разлічаны на тое, каб быць вашай інструкцыяй і дапаможнікам у працы; але гэта не кніга гатовых рэцэптаў і не канон, напісаны на каменных скрыжалях.
Аўтары «Компаса» сутыкнуліся з дзвюма асноўнымі праблемамі. Першая заключаецца ў тым, каб надаць практыкаванням настолькі агульны характар, каб пытанні, якія ў іх абмяркоўваюцца, тычыліся як мага больш шырокай аўдыторыі, і ў той жа час зрабіць іх дастаткова дэтальнымі, каб яны маглі дайсці да самага сэрца праблем той ці іншай групы ў дачыненні да гэтага пытання. Другой праблемай з'яўляецца адваротнае: як распрацаваць практыкаванні, якія глыбока закранаюць пытанні, важныя для некаторых груп, але разам з тым з'яўляюцца зусім нецікавымі ці занадта далікатнымі, каб абмяркоўваць іх у іншых.
З названых прычын практыкаванні «Компаса» амаль абавязкова трэба адаптаваць або перапрацоўваць з улікам патрэб маладых людзей, з якімі вы працуеце. У «Компасе» ёсць раздзел пра «асноўныя метады», якія мы выкарыстоўвалі ў дапаможніку. Разуменне розных метадаў дапаможа вам прыстасаваць практыкаванні да пэўных умоў.

Адаптацыя практыкаванняў

Практыкаванні з'яўляюцца інструментамі, з якімі мы працуем: вы павінны быць упэўнены, што абраны вамі інструмент падыходзіць вам па характары пытанняў, якія абмяркоўваюцца, і падыдзе вашай групе.
У абавязкі фасілітатара ўваходзіць далікатная наладка, карэкціроўка і адаптацыя практыкавання да патрэб маладых людзей, з якімі ён працуе.

Практычныя аспекты

Разважаючы пра прыдатнасць таго ці іншага метаду, варта падумаць і пра практычныя аспекты:

Складанасць: Калі ўзровень складанасці практыкавання занадта высокі, падумайце, як зрабіць яго прасцей. Напрыклад, можна адкінуць некаторыя пытанні, перапісаць карткі са сцверджаннямі або распрацаваць іншыя пытанні для падвядзення вынікаў і абмеркавання. Калі вы лічыце, што ўдзельнікам можа стаць нудна або яны могуць адчуюць сябе абражанымі нізкім узроўнем складанасці практыкавання, паспрабуйце падаць яго як кароткія і вясёлыя ўводзіны ў тэму.

Памер групы: Калі ў вас вялікая група, вам могуць спатрэбіцца памочнікі і дадатковы час. Калі вы даяце дадатковы час, сачыце за тым, каб само практыкаванне або яго аналіз і ацэнка не зацягнуліся. Разгледзьце магчымасць падзелу групы на дзве часткі для аналізу і ацэнкі, пасля чаго іх прадстаўнікі змогуць коратка выказацца на агульным пасяджэнні. Калі вы праводзіце ролевыя гульні, дазвольце сыграць кожную ролю двум удзельнікам. Калі ж у вашай групе мала ўдзельнікаў, а практыкаванне прадугледжвае працу ў малых групах, паменшыце колькасць груп замест колькасці чалавек у кожнай групе. У гэтым выпадку вы захаваеце разнастайнасць меркаванняў у кожнай групе.

Час: Магчыма, вам спатрэбіцца разбіць практыкаванне на два заняткі. У якасці альтэрнатывы паспрабуйце правесці гэтыя два заняткі адзін за адным, напрыклад, дамовіцца з адміністрацыяй навучальнай установы, каб яна прадугледзела ў раскладзе два заняткі запар для вашага практыкавання. Калі вы працуеце ў маладзёжным клубе, правядзіце такое практыкаванне ў выхадныя.

Агляд: Тут вы знойдзеце кароткае апісанне асноўных методык, на якіх грунтуецца практыкаванне, у тым ліку агульныя парады па выкарыстанні метадаў і прыёмаў.

Матэрыялы: Імправізуйце! Калі ў вас няма паперы для фліпчарта, купіце рулон папяровых шпалер і парэжце яго на кавалкі патрэбнай даўжыні. Калі ў вас маленькае памяшканне або яно застаўлена мэбляй так, што застаецца зусім мала месца для перамяшчэння або падзелу на малыя групы, паспрабуйце знайсці іншае, большага памеру, або, калі надвор'е добрае, выйдзіце на вуліцу.

Падрыхтоўка: Падыходзьце да справы творча! Калі вы хочаце што-небудзь скапіраваць, а ў вас няма доступу да капіравальнай тэхнікі, затое ёсць камп'ютар і прынтар, то зрабіце лічбавую фатаграфію і раздрукуйце копіі самастойна.

Інструкцыі: Некаторыя практыкаванні складаюцца з дзвюх частак. Верагодна, што ўжо першая частка дазволіць вам дасягнуць вашых мэт.

Варыянты: Варыянты практыкаванняў, якія вы распрацуеце, могуць заняць больш ці менш часу, чым зыходнае практыкаванне. Улічвайце гэта.

Аналіз і ацэнка: Калі прапанаваныя пытанні не адказваюць вашым патрэбам, падрыхтуйце іншыя. Выкарыстоўвайце даведачныя матэрыялы для натхнення.І сачыце за тым, каб новыя пытанні мелі непасрэднае дачыненне да правоў чалавека.

Прапановы па далейшай працы: Калі рэкамендаваныя прапановы не падыходзяць або выклікаюць праблемы практычнага характару, знайдзіце нешта іншае. Выкарыстайце кароткую інфармацыю пра практыкаванні, каб выбраць з іх тое, якое вам больш падыдзе.

Ідэі для дзеяння: Калі рэкамендаваныя прапановы не падыходзяць або выклікаюць праблемы практычнага характару, знайдзіце нешта іншае. Звярніцеся да Главы 3 «Практычныя дзеянні ў падтрымку правоў чалавека».

Распрацоўка практыкаванняў

Распрацоўка практыкавання – справа больш цяжкая, чым яго адаптацыя. Вам можа спадабацца яго змест, напрыклад, карткі са сцвярджэннямі або карткі ролевых гульняў, але вам захочацца выкарыстаць іншы метад, які вам здаецца больш прыдатным. Напрыклад, вы можаце выкарыстаць некаторыя карткі са сцверджаннямі для практыкавання «Хвіліначку!», ужыўшы пры гэтым метад, распрацаваны для практыкавання  «Дзе вы стаіце?».

І наадварот, вы можаце працаваць над пытаннем аб прытулку і бежанцах і ўпадабаць ідэі, якія прыводзяцца для практыкавання «Можна ўвайсці?», але ў той жа час вы адчуваеце, што па той ці іншай прычыне прапанаваная ролевая гульня вам не падыходзіць. У гэтым выпадку вы можаце, у адпаведнасці з інструкцыямі, падзяліць групу на больш дробныя і раздаць ролевыя карткі, а потым выкарыстаць методыку «Акварыум» і дазволіць двум бежанцам і двум супрацоўнікам іміграцыйнай службы абмеркаваць і ўзгадніць свае пазіцыі. Настаўнікам, якія працуюць з вялікім класам, можна рэкамендаваць выкарыстанне метаду дэбатаў або дазволіць групе азнаёміцца з інфармацыяй па пытанні, якую даюць ролевыя карткі, а потым правесці маштабнае абмеркаванне, напрыклад, пытання «Наш клас лічыць, што варта прыняць усіх бежанцаў, якія жадаюць прыехаць у нашу краіну».

Агульныя рэкамендацыі

Заахвочвайце маладых людзей быць у курсе ўсяго, што адбываецца ў свеце, як у мясцовым, так і ў глабальным маштабе, і разглядайце пытанні, якія іх цікавяць, у якасці зыходнага пункта для вашай працы – вашай сумеснай працы. Заўсёды старайцеся прыцягваць маладых людзей да вырашэння пытання, як і што вывучаць. Ступень іх удзелу на практыцы будзе залежаць ад таго, ці працуеце вы ў сектары нефармальнай або фармальнай адукацыі, ад узросту маладых людзей, ад часу, які ў вас ёсць, і ад рэсурсаў. Аднак у любым выпадку старайцеся па меры магчымасці прыцягваць маладых людзей да выбару практыкаванняў, якія яны хацелі б выканаць.

Удзельнікі не павінны адчуваць сябе збянтэжана ці быць вымушаныя расказваць пра сябе і пра свае перакананні больш, чым яны б таго хацелі.

Асцярожна і прадумана падыходзьце да вырашэння спрэчных або правакацыйных пытанняў. Калі пытанне ў вашым грамадстве лічыцца табу і, хутчэй за ўсё, выклікае супраціўленне з боку людзей, надзеленых уладай, разгледзьце гэтае пытанне пад іншым вуглом або ў іншым кантэксце. Напрыклад, запрасіце людзей задумацца аб правах, звязаных са свабодай выказвання меркавання, выкарыстоўваючы прыклад з гісторыі. Пытанні аб рэлігіі, правах асоб нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі і правах на ўступленне ў шлюб і стварэнне сям’ірэкамендуецца разглядаць менавіта такім чынам з выкарыстаннем практыкавання «Вернікі» ці  «Гэта хутка састарэе» .

Разуменне таго, што мы жывём у свеце, дзе некаторыя пытанні з'яўляюцца спрэчнымі ці выклікаюць рознагалоссе, з'яўляецца важнай часткай адукацыі ў галіне правоў чалавека. Тым не менш пры разглядзе правоў, звязаных з супярэчлівымі або правакацыйнымі пытаннямі, вы павінны зрабіць так, каб удзельнікі адчувалі сябе ўпэўнена, не бянтэжыліся і не былі вымушаны расказваць пра сябе і пра свае перакананні больш, чым яны б таго хацелі. Такія метады, як практыкаванне-сцверджанне або аналіз сітуацыі, з'яўляюцца добрымі інструментамі, якія ствараюць некаторую дыстанцыю паміж чалавекам і тэмай. Яшчэ адзін падыход – прымусіць удзельнікаў разгледзець пытанне з розных бакоў. Яны маглі б, напрыклад, запрасіць каго-небудзь, каб выступіць перад групай з пункту гледжання той ці іншай меншасці.
Калі ў вашай групе існуюць розныя погляды на тое ці іншае пытанне (напрыклад, калі меншасць думае, што пэўнае пытанне не з'яўляецца важным або не мае дачынення да іх жыцця), проста папрасіце іх растлумачыць і абгрунтаваць сваё меркаванне. Вам трэба будзе авалодаць іх увагай так, каб ім захацелася пакапацца ў тэме глыбей. Паказ фільма, арганізацыя візіту ў якую-небудзь установу (цэнтр па прыёме бежанцаў, цэнтр для бяздомных, этнічную краму або кафэ) або запрашэнне дакладчыка дапамогуць вам абудзіць у маладых людзей цікаўнасць.

Калі маладыя людзі гатовы дзейнічаць, вы павінны расказаць ім аб наступствах таго, што яны збіраюцца рабіць. Яны павінны ведаць пра магчымыя ці верагодныя асабістыя, сацыяльныя і палітычныя наступствы сваіх запланаваных дзеянняў. Навучыць маладых людзей думаць самастойна і браць на сябе адказнасць – важная мэта адукацыі ў галіне правоў чалавека; таму вам варта апісаць любыя цяжкасці, якія вы можаце прадбачыць, абгрунтаваць сваю пазіцыю і даць ім парады. Калі вы хочаце пераканаць іх, што некаторыя формы дзеяння непажаданыя, варта прапанаваць ім альтэрнатыву (выкарыстоўвайце Главу 3 «Практычныя дзеянні ў падтрымку правоў чалавека» як крыніцу ідэй аб розных формах практычных дзеянняў).

Спецыяльныя парады для настаўнікаў

Водгукі ад настаўнікаў сведчаць пра тое, што «Компас» выкарыстоўваецца ў школах па ўсёй Еўропе на ўроках мовы, геаграфіі, гісторыі, грамадзянскасці і паліталогіі. Напрыклад, на ўроках мовы цытаты з практыкавання «Усе роўныя – усе розныя» могуць быць выкарыстаны ў якасці тэкстаў для развіцця слоўнікавага запасу і праверкі разумення, а практыкаванне «Хвіліначку!» можа быць зручным для трэніроўкі навыкаў гаварэння. З іншага боку, статыстычныя даныя аб дзіцячай працы, гендарным нераўнапраўі і доступе да адукацыі (якія можна знайсці ў розных раздзелах даведачнай інфармацыі ў Главе 5) могуць быць выкарыстаны на ўроках матэматыкі, каб замяніць хрэстаматыйныя прыклады і, такім чынам, унесці ўклад у павышэнне інфармаванасці і абуджэнне зацікаўленасці ў пытаннях правоў чалавека. «Сетка жыцця» можа быць выкарыстана на ўроках біялогіі як уводзіны ў курс заняткаў аб прадуктах харчавання або біяразнастайнасці; «Аповесць аб двух гарадах» – у сацыяльных даследаваннях; «Вернікі» – у рэлігійнай адукацыі; «Гісторыя Ашыка» і «Увага: мы ўсе бачым!» могуць дадаць яшчэ адзін погляд на гандаль на ўроках геаграфіі, а прыклады з практыкавання «Змагары за правы» могуць дадаць цікавасці да ўрокаў па міжнародных адносінах. Магчымасці бязмежныя.

Дасягнуць мэт адукацыі ў галіне правоў чалавека ў кантэксце аўдыторных заняткаў можа быць надзвычай складана.

Варта прызнаць, што існуюць некаторыя фундаментальныя праблемы, якія даводзіцца вырашаць дзеля дасягнення мэт адукацыі ў галіне правоў чалавека ва ўмовах аўдыторнай працы. Напрыклад, часу, які звычайна адводзіцца на ўрок, можа аказацца недастаткова, каб завяршыць нейкія практыкаванні, акрамя самых кароткіх, або вучнi могуць не мець магчымасці выбраць, што ім хочацца вывучаць. Акрамя таго, магчымасці прымянення таго, чаму яны навучыліся, могуць быць абмежаванымі, але ўсе гэтыя цяжкасці не з'яўляюцца непераадольнымі. Настаўнікі, напрыклад, знаходзяць спосабы пераадолець такія праблемы, як недасканаласць раскладу, раздзяліўшы практыкаванне на два заняткі або скарыстаўшыся магчымасцямі «тэматычнага тыдня» (або класнай гадзіны), калі звычайны расклад не дзейнічае.

У некаторых краінах адукацыя ў галіне правоў чалавека патрабуе змен у практыцы вядзення заняткаў з тым, каб адысці ад традыцыйных форм работы (метаду навучання chalk and talk, калі настаўнік дае вучням інфармацыю, якую яны павінны вывучыць на памяць) і рухацца да развіцця крытычнага мыслення і больш незалежных формаў навучання. У краінах, дзе настаўнікі звычайна не выступаюць у ролі трэнера, кансультанта або фасілітатара, змены павінны ўводзіцца паступова – так, каб і настаўнікі, і вучні адчувалі сябе ўпэўнена, працуючы ў дэмакратычнай атмасферы, калі можна свабодна выказваць свае думкі і задаваць пытанні. Разуменне метадаў і прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца ў «Компасе», дапаможа настаўнікам унесці адпаведныя змены ў сваю працу; яны апісаны ніжэй на старонцы 61 і ўключаюць у сябе рэкамендацыі па арганізацыі абмеркавання ў вялікіх класах. Яшчэ адзін спосаб развіцця навыкаў фасілітатара прадугледжвае сумесную працу з тым, хто мае адпаведны вопыт. Напрыклад, можна запрасіць супрацоўніка мясцовай праваахоўнай арганізацыі, каб ён правёў занятак або дапамог вам яго правесці.

У ідэале выкладчыкі ўсіх прадметаў павінны сістэматычна развіваць адпаведныя кампетэнцыі ў рамках базавай адукацыі і дадатковых курсаў. Публікацыя «Як усе настаўнікі могуць прыняць удзел у навучанні грамадзянскасці і правам чалавека: асновы развіцця кампетэнцый» можа стаць дадатковым дапаможнікам па гэтым пытанні.13 

Шэраг практычных праблем у гэтай сферы быў выяўлены не так даўно ў ходзе невялікага даследчага праекта, прысвечанага выкарыстанню эксперыментальных практыкаванняў з «Компаса» і адукацыйнага пакета «Усе розныя – усе роўныя» на занятках па мове ў дацкіх ВНУ.

Даследаванне паказала, што самі практыкаванні студэнтам спадабаліся, і самі выкладчыкі адзначалі, што студэнты працавалі з захапленнем. Тым не менш на этапе аналізу і ацэнкі паўсталі некаторыя цяжкасці. Студэнтам было цяжка адысці ад звычайных форм аўдыторнай працы, і яны часцей звярталіся да выкладчыка, а не адзін да аднаго, што ў выніку не заўсёды дазваляла ўсталяваць дыялог і свабодны абмен думкамі сярод роўных. Студэнтам хацелася пачуць каментарый або папраўку ад выкладчыкаў, а таксама яны чакалі, што тыя будуць выклікаць іх выступаць па чарзе. У выніку студэнты, як правіла, трацілі свой час, думаючы пра тое, што ім сказаць, і не слухалі, што кажуць іншыя, і не адказвалі ім. Акрамя таго, аказалася, што вельмі цяжка змяніць прывычныя адносіны ў групе, і лідары заставаліся лідарамі, а жартаўнікі не ставіліся да ўсяго сур’ёзна.

Адукацыю ў галіне правоў чалавека нельга навязаць або ажыццявіць пад дыктоўку.

Вывад заключаецца ў тым, што праца ў аўдыторыі з практыкаваннямі каштоўная тым, што дазваляе студэнтам паглыбіцца ў тэму, але не заўсёды можна з упэўненасцю сказаць, што ўсе без выключэння мэты адукацыі ў галіне правоў чалавека былі дасягнуты, асабліва тыя, якія тычацца развіцця супрацоўніцтва і ўмення ўзяць на сябе адказнасць і дзейнічаць. Тым не менш школы могуць унесці значны ўклад у развіццё пэўных кампетэнцый, якія пералічаны тут у якасці мэт адукацыйных праграм па правах чалавека, такіх, напрыклад, як актыўнае слуханне і камунікацыя, крытычнае мысленне і цікаўнасць. На першы погляд, практычныя дзеянні таксама могуць паказацца праблематычнымі ва ўмовах школы. Тым не менш пад дзеяннямі можна разумець многія рэчы, а ў класе або аўдыторыі гэта можа азначаць агульнае паляпшэнне паводзін, праяўленне большай павагі да іншых, рашэнне вучняў самастойна даведацца пра герояў барацьбы за правы чалавека ці прымяняць больш крытычны падыход да гісторыі. У Главе 3 ёсць і іншыя ідэі адносна таго, як брацца за справу.
Калі выкладчыкам цяжка выкарыстоўваць у сваёй працы вялікую колькасць практыкаванняў, трэба мець на ўвазе, што адукацыя ў галіне правоў чалавека таксама прадугледжвае развіццё ў вучняў кругагляду і разумення, напрыклад, таго, што такое правы чалавека, як праходзіла гістарычнае развіццё такіх правоў, якія ёсць прававыя дакументы, у чым заключаецца актуальнасць правоў чалавека для развіцця грамадзянскай супольнасці і міру ва ўсім свеце; усе гэтыя пытанні цалкам упісваюцца ў сістэму фармальнай адукацыі. Даведачная інфармацыя аб правах чалавека і глабальных тэмах (Главы 4, 5 і дадаткі) уяўляе сабой каштоўны навучальны матэрыял.

Настаўнікам, якія працуюць з дзецьмі ва ўзросце ад 7 да 13 гадоў, таксама будзе цікава бліжэй азнаёміцца з «Кампасіта» – дапаможнікам па адукацыі ў галіне правоў чалавека, які адрасаваны дзецям, паколькі яго практыкаванні ў нейкай меры больш падыходзяць для працы ў школе.

Нарэшце, асобнага каментарыя заслугоўвае і «псеўдаадукацыя ў галіне правоў чалавека», пад якой мы разумеем навучанне, якое прэтэндуе на званне адукацыі ў галіне правоў чалавека, але ў сілу спосабаў і прыёмаў, якія ў ім выкарыстоўваюцца, не мае права быць прызнаным такім. Ёсць шмат спосабаў арганізацыі адукацыі ў галіне правоў чалавека, але, як паказана ў пачатку гэтага дапаможніка, сам працэс мае вялікае значэнне. Гэта значыць, што, для таго каб прызнаць навучанне, звязанае з правамі чалавека, адукацыяй у галіне правоў чалавека, яно павінна быць прасякнута павагай да навучэнцаў і імкненнем навучыць іх паважаць і шанаваць правы чалавека. Адукацыю ў галіне правоў чалавека нельга навязаць або ажыццявіць пад дыктоўку. Акрамя таго, адукацыя ў галіне правоў чалавека не можа разглядацца як нешта, што адбываецца толькі на занятках; яна павінна распаўсюджвацца на ўсю школу і на пазашкольнае асяроддзе.

Метады, якія ляжаць у аснове практыкаванняў «Компаса»

Разуменне метадаў і тэхнічных прыёмаў, якія ляжаць у аснове практыкаванняў «Компаса», і валоданне імі мае істотнае значэнне для іх паспяховага выканання.
Метады, якія мы выкарыстоўваем, мы называем «практыкаваннямі», таму што ўдзельнікі бываюць псіхалагічна і нярэдка фізічна актыўна ўцягнутыя ў працэс. Аднак нашы метады – нешта большае, чым проста практыкаванні, дзейнасць, каб запоўніць час; яны вырашаюць ясныя адукацыйныя задачы, і мы выкарыстоўваем іх з пэўнай мэтай. Часам практыкаванні называюцца «гульнямі». Маецца на ўвазе, што практыкаванні могуць быць такімі ж вясёлымі, як і гульні! На жаль, некаторыя людзі звязваюць слова «гульня» з дзіцячай забаўкай і забываюць пра яе каштоўны адукацыйны аспект.Разуменне асноўнай метадалогіі дапаможа вам як адаптаваць практыкаванні з улікам патрэб маладых людзей, з якімі вы працуеце, так і распрацаваць свае ўласныя практыкаванні. Больш таго, падчас напісання інструкцый па працы з практыкаваннямі мы зыходзілі з таго, што людзі ведаюць і разумеюць такія паняцці, як «праца ў групах», «мазгавы штурм» і «ролевыя гульні». Яны апісаны ніжэй.

Праца ў групах

Праца ў групах ляжыць у аснове многіх практыкаванняў; яна прадугледжвае сумесную працу людзей, аб'яднанне іх навыкаў, талентаў і моцных бакоў для выканання агульнай задачы. Праца ў групах:

  • Выхоўвае адказнасць. Калі людзі адчуваюць, што нясуць адказнасць за тое, што робяць, яны, як правіла, усімі сіламі імкнуцца да вынікаў.
  • Развівае навыкі камунікацыі. Людзям трэба навучыцца слухаць, каб разумець, што кажуць іншыя, рэагаваць на іх ідэі і развіваць на гэтай аснове свае ўласныя меркаванні.
  • Развівае супрацоўніцтва. Людзі хутка разумеюць, што калі яны працуюць для дасягнення агульнай мэты, то ім працуецца лепш, калі яны супрацоўнічаюць, а не канкурыруюць адзін з адным.
  • Станоўча адбіваецца на навыках прыняцця рашэнняў. Людзі хутка разумеюць, што найлепшы спосаб прыняць рашэнне – гэта ацаніць усю наяўную інфармацыю і паспрабаваць знайсці рашэнне, якое б задавальняла кожнага. Той, хто адчувае сябе выключаным з працэсу прыняцця рашэнняў, можа сапсаваць працу групы, не выконваючы рашэнняў, якія былі прыняты астатнімі членамі групы.

Важна адзначыць, што паспяховая праца ў групе павінна быць мэтанакіраванай; у групы павінна быць поўная яснасць у тым, на якое пытанне неабходна знайсці адказ і якая праблема патрабуе вырашэння. Сказаць групе «абмеркаваць пытанне» – зусім не прадуктыўна.
Якой бы ні была тэма, вельмі важна, каб праца па ёй была дакладна акрэслена і каб удзельнікі засяродзіліся на дасягненні мэты, што патрабуе ад іх зваротнай сувязі з усёй групай. Гэта не азначае, што вынік – гэта адзінае, што мае значэнне. Сутнасць заключаецца ў тым, што, працуючы разам у рамках дакладна пастаўленых мэт, удзельнікі ў большай ступені змогуць навучыцца новаму.

Большасць практыкаванняў «Компаса» прадугледжваюць працу ў малых групах у фазе «пагружэння ў вопыт» (фаза дзейнасці) і працу ў агульнай групе ў фазах «рэфлексіі» і «абагульнення», якія таксама ўваходзяць у цыкл навучання (ацэнка і падвядзенне вынікаў). Праца ў малых групах патрабуе ад кожнага ўдзелу і дапамагае развіваць навыкі супрацоўніцтва. Памер малой групы залежыць ад сітуацыі, напрыклад ад таго, колькі людзей усяго прысутнічае на занятку і ці прасторны пакой, у якім ён праходзіць. Малая група можа складацца нават з 2 ці 3 чалавек, але лепш за ўсё працуецца ў невялікіх групах па 6–8 чалавек. Праца ў малых групах можа працягвацца і 15 хвілін, і гадзіну, і цэлы дзень у залежнасці ад пастаўленай задачы.

Мазгавы штурм

Image: Brainstorming

Мазгавы штурм выкарыстоўваецца для таго, каб прапанаваць да абмеркавання новую тэму, падштурхнуць да выкарыстання творчага падыходу і хутка выпрацаваць мноства новых ідэй. Ім таксама можна карыстацца для вырашэння пэўнай праблемы ці адказу на пытанне.Як праводзіць мазгавы штурм:

  1. Вырашыце, па якой праблеме вы будзеце праводзіць мазгавы штурм, і сфармулюйце яе ў выглядзе простага пытання ці сцверджання.
  2. Напішыце пытанне на вялікім аркушы паперы або на дошцы, змясціўшы іх так, каб усім было добра бачна.
  3. Папрасіце ўдзельнікаў выказаць свае ідэі па гэтым пытанні. Запішыце ідэі пад прапанаваным пытаннем або сцверджаннем.Выкарыстоўвайце пры гэтым асобныя словы або кароткія фразы.
  4. Спыніце мазгавы штурм, калі ідэі скончацца.
  5. Прайдзіцеся па ўсіх прапановах і папрасіце пракаментаваць іх.
  6. Потым падвядзіце вынікі і, узяўшы за аснову новыя веды ўдзельнікаў, пераходзьце да абмеркавання або да працы над практыкаваннем.

Правілы мазгавога штурму:

  1. Запісвайце КОЖНУЮ новую прапанову. Часта самыя незвычайныя ідэі аказваюцца самымі карыснымі і цікавымі!
  2. Ніхто не павінен каментаваць, ацэньваць напісанае, пакуль не будуць выказаны ўсе ідэі.
  3. Таксама забараняецца паўтараць ужо выказанае. Калі хтосьці выкажа думку, якая ўжо запісана на дошцы, падзякуйце за падказку і ветліва пакажыце, дзе вы яе запісалі.
  4. Заахвочвайце кожнага да актыўнага ўдзелу.
  5. Выказвайце свае ўласныя ідэі, толькі калі неабходна падштурхнуць групу.
  6. Калі выказаная прапанова незразумелая для ўдзельнікаў, папрасіце аўтара ўнесці яснасць.

«Насценны роспіс»

Image: Wall writing

Гэта адна з форм мазгавога штурму. Фасілітатар запісвае сцверджанне або пытанне, па якіх трэба будзе правесці мазгавы штурм, на шырокай, нічым не занятай сцяне. Аднак затым ужо не фасілітатар, а самі ўдзельнікі запісваюць свае ідэі на маленькіх лістках паперы (напрыклад, стыкерах) і наляпляюць іх на сцяну. Перавага гэтага метаду заключаецца ў тым, што ўдзельнікі могуць сядзець і самастойна думаць, пакуль яшчэ не апынуліся пад уплывам ідэй іншых, а карткі пазней, падчас дыскусіі, можна будзе пераляпіць такім чынам, каб згрупаваць падобныя паміж сабой ідэі.

Гульня ў асацыяцыі

Image: The association game

Гэта яшчэ адна форма мазгавога штурму, якую можна выкарыстоўваць у якасці «ледакола» або ўводзін у дыскусію ці практыкаванне. Удзельнікі садзяцца ў круг, і фасілітатар пачынае з таго, што называе ключавое слова (слова, якое пазначае нешта, што ляжыць у аснове тэмы, якая будзе разбірацца). Хтосьці з удзельнікаў паўтарае ключавое слова, а потым называе любое іншае слова, якое першае прыйшло яму ў галаву як асацыяцыя з ключавым, і ўсё ідзе па крузе. Як варыянт, кожны можа сказаць нешта, звязанае са словамі папярэдняга ўдзельніка.

 

 

Дыскусійныя практыкаванні

 

Дыскусіі з'яўляюцца неад'емнай часткай адукацыі ў галіне правоў чалавека таму, што менавіта такім шляхам людзі вучацца аналізаваць інфармацыю, крытычна думаць, развіваць навыкі зносін, абмену думкамі і навучання на ўласным вопыце, таму фаза «аналіз і ацэнка» з'яўляецца галоўнай часткай любога практыкавання.Image: Discussion activities

Існуе шмат розных спосабаў вядзення дыскусіі, і некаторыя з іх (асабліва тыя, якія прадугледжваюць высокую ступень супрацоўніцтва і ўдзелу) можна з упэўненасцю разглядаць як практыкаванне ў поўным сэнсе гэтага слова. Напрыклад, дыскусіі ў малых групах, дзе ўдзельнікі павінны вырашыць праблему, можна лічыць практыкаваннем, напрыклад «Хвіліначку!» і «Пагаворым пра секс». Залішне нагадваць, што пасля практыкавання-дыскусіі ўдзельнікі ўсё роўна праводзяць аналіз і ацэнку таго, чаму яны навучыліся!

Дыскусіі ў вялікіх групах

Image: Buzz groups

Дыскусійныя групы

Гэта карысны метад, калі абмеркаванне разам з усёй групай не дае ніякіх ідэй. Папрасіце ўдзельнікаў абмеркаваць нейкую тэму ў парах або маленькіх групах на працягу некалькіх хвілін, а потым падзяліцца сваімі думкамі з астатняй часткай групы. Вы хутка адчуеце ў групе атмасферу, як у пчаліным вуллі, а вучні так і будуць «гудзець» ідэямі!

Метад аналізу сцверджанняў

Гэтая тэхніка дазваляе ўдзельнікам выказаць сваё меркаванне без неабходнасці яго абгрунтавання. Гэта далікатны спосаб заахвоціць людзей быць больш упэўненымі ў сабе, калі трэба падзяліцца сваім меркаваннем.

Падрыхтуйце некалькі картак са сцверджаннямі (4–6 будзе дастаткова) па тэме або тэмах, якія вы хочаце вывучыць з групай. Зрабіце дзве таблічкі са словамі «Я згаджаюся» і «Я не згаджаюся» і пакладзіце іх на падлогу на адлегласці ў 6–8 метраў адзін ад аднаго. Пры жаданні можна пакласці паміж таблічкамі вяроўку ці стужку, каб падкрэсліць сувязь паміж двума крайнімі пунктамі гледжання.Image: The statement exercise

Прачытайце ўслых адно з падрыхтаваных сцверджанняў і папрасіце ўдзельнікаў заняць месцы паміж дзвюма крайнасцямі, выбраўшы сабе месца ў адпаведнасці з асабістым меркаваннем; тыя, хто не зрабіў свой выбар, няхай стаяць у цэнтры. Папрасіце ўдзельнікаў, калі яны пажадаюць, растлумачыць, чаму яны занялі тое ці іншае месца. Скажыце, што ўдзельнікі могуць памяняць сваё месца ўздоўж лініі, калі зменяць меркаванне пад уздзеяннем пачутых аргументаў.

Варыянт гэтага практыкавання называецца «Пункты гледжання». Прыляпіце чатыры таблічкі на чатыры сцяны аўдыторыі: «Я згаджаюся», «Я не згаджаюся», «Я не ведаю» і «Я хачу нешта сказаць». Як і ў першым выпадку, удзельнікі выбіраюць сабе месца ў адпаведнасці з іх адказам, але ў любы час могуць змяніць яго.

Акварыум

Image: Fish bowl

Гэты метад дазваляе ўдзельнікам адрасаваць свае каментарыі адзін аднаму, а не фасілітатару ці настаўніку. Запрасіце некалькі чалавек – у ідэале ад чатырох да шасці – сесці ў невялікі круг у сярэдзіне пакоя і абмеркаваць тэму, у той час як усе астатнія застануцца сядзець за межамі гэтага круга і слухаць «рыб у акварыуме». Калі адзін з назіральнікаў хоча ўнесці свой уклад у дыскусію, ён робіць адзін-два крокі наперад і ўстае за адной з «рыб». Гэтая «рыба», такім чынам, павінна пакінуць «акварыум» і далучыцца да слухачоў.
У гэтага метаду ёсць шэраг пераваг, галоўная з якіх заключаецца ў тым, што ўдзельнікі кантралююць працэс абмеркавання, і не толькі таму, што любы чалавек можа выйсці наперад, каб выказаць сваё меркаванне, калі ён сам гэтага пажадае, але і таму, што іншыя члены групы могуць прымусіць замаўчаць таго, хто надта доўга размаўляе ці паўтараецца, і заняць яго месца.

Дэбаты

Image: Debates

Метад традыцыйных парламенцкіх дэбатаў асабліва карысны ў аўдыторыі, дзе не так многа магчымасцей для выкарыстання іншых форм дыскусіі. Калі ўвесь клас гатовы абмеркаваць нейкае пытанне (напрыклад, «гэтая палата лічыць, што правы чалавека не з'яўляюцца ўсеагульнымі, паколькі яны – вынаходка Захаду»), то адзін з вучняў назначаецца выконваць ролю старшыні замест настаўніка.

Яшчэ адной формай дэбатаў з'яўляецца дыскусійная панэль, удзельнікі якой, якія выступаюць у ролі «экспертаў», адказваюць на пытанні аўдыторыі. Гэта добры спосаб выкласці інфармацыю, заахвоціць аўдыторыю задаваць пытанні і разглядаць розныя пункты гледжання, а таксама паказаць, што правы чалавека з'яўляюцца складанай тэмай. Раздайце, напрыклад, ролевыя карткі для практыкавання «Мака-кітабоі» васьмі добраахвотнікам (па два чалавекі, якія прадстаўляюць кожную з чатырох груп, якія прымаюць удзел у дыскусіі). Гэтыя восем чалавек выкарыстоўваюць карткі для падрыхтоўкі да абароны сваёй пазіцыі, а потым займаюць месцы ў прэзідыуме, каб адказаць на пытанні і абгрунтаваць свой пункт гледжання перад аўдыторыяй. У канцы занятку клас можа правесці галасаванне па пытанні, ці павінен быць забаронены кітабойны промысел.

Дыскусіі ў малых групах

Image: Discussions in small groups

Практыкаванні дыскусійнага характару лепш за ўсё праводзіць у невялікіх групах, таму што тады ў кожнага ўдзельніка з'явіцца шанец унесці свой уклад. У невялікіх групах людзі не толькі адчуваюць сябе больш упэўнена і свабодна, але і кожны атрымлівае дастаткова часу, каб выказацца.

Такія практыкаванні выконваюцца з апорай на дапаможны навучальны матэрыял, выкладзены, як правіла, на картках. Прыкладамі такога матэрыялу могуць быць фрагменты тэлевізійных навін, плакаты, карткі са сцверджаннямі, аналіз сітуацый і фатаграфіі. Пры падрыхтоўцы матэрыялаў важна памятаць пра склад мэтавай групы і пазбягаць выкарыстання інфармацыі, якая можа быць абразлівай ці занадта асабістай. Акрамя таго, пры працы з малодшымі групамі неабходна мець на ўвазе ўзровень навыкаў чытання, а таксама ведання мовы, калі вы працуеце ў полікультурнай групе; у такіх выпадках трэба выкарыстоўваць простую мову. Інфармацыя на картках павінна быць прадстаўлена як мага карацей, пажадана не больш за 2–8 радкоў на палове аркуша фармату А4.

Метад AAA BBB CCC

Image: AAA BBB CCC

Гэта вельмі карысны прыём, калі вы хочаце, каб удзельнікі самі развівалі свае веды і разуменне без таго, каб вы іх «вучылі». Навучэнцы працуюць у малых групах, каб атрымаць практычныя веды аб нейкім адным аспекце тэмы. Потым групы фарміруюцца нанава, каб члены новых груп маглі падзяліцца сваімі ведамі.

Падрыхтуйце картку са сцверджаннямі або картку з пытаннямі для кожнай групы па тэме, з якой вы хочаце працаваць. Кожная група павінна працаваць над рознымі аспектамі адной і той жа праблемы.
Падзяліце ўдзельнікаў на тры невялікія групы: групу А, групу В і групу С. Дайце кожнай групе нейкі час для абмеркавання пытання ці праблемы. Потым сфарміруйце групы нанава так, каб у кожнай новай групе было па адным чалавеку з кожнай з пачатковых груп; іншымі словамі, у выніку склад новых груп можа быць прадстаўлены як ABC, ABC і ABC. Пастаўце перад новымі групамі ABC задачу вырашыць заяўленую раней праблему і прыйсці да кансэнсусу намаганнямі кожнага ўдзельніка.

Image: Statements in a hat

Карткі ў капелюшы

 

Гэты прыём дазваляе вельмі далікатна ўвесці тэму, стымуляваць удзельнікаў да дыскусіі і выпрацоўкі ідэй. Зрабіце некалькі картак з пытаннямі або сцверджаннямі і пакладзіце іх у капялюш. Потым прайдзіце з капелюшом па крузе або пакладзіце яго ў сярэдзіну круга. Папрасіце ўдзельнікаў па чарзе ўзяць па адной картцы з капелюша і пракаментаваць пытанне або сцверджанне.

Фасілітатар, каб не рабіць карткі самастойна, можа прапанаваць удзельнікам зрабіць свае ўласныя карткі з пытаннем ці сцверджаннем. У гэтым выпадку пытанні ставяцца групе ананімна, што асабліва карысна пры абмеркаванні далікатных тэм.

Image: Ranking

Ранжыраванне

 

Гэты дыскусійны метад добра выкарыстоўваць, калі вам трэба стымуляваць мэтанакіраваную дыскусію ў малых групах. Вам спатрэбіцца набор картак са сцверджаннямі для кожнай малой групы; дзевяці-дванаццаці сцверджанняў будзе дастаткова. Выберыце кароткія, простыя сцверджанні, якія маюць дачыненне да тэмы, прапанаванай для абмеркавання, і напішыце адно сцверджанне на кожнай картцы.

Групы павінны абмеркаваць сцверджанні і паспрабаваць прыйсці да згоды наконт размеркавання іх па важнасці. Такое ранжыраванне можна адлюстраваць у форме лесвіцы або ромба. У рэйтынгу ў форме лесвіцы найбольш важнае сцверджанне змяшчаецца зверху, наступнае па важнасці размяшчаецца на прыступцы ніжэй і гэтак далей; найменш важнае сцверджанне займае месца ўнізе.

Пры выкарыстанні метаду ромба спатрэбіцца дзевяць картак са сцверджаннямі. Удзельнікі вядуць перамовы і выбіраюць самае важнае сцверджанне, пад якім размяшчаюць два крыху менш важных, потым тры сцверджання сярэдняй важнасці і гэтак далей, як паказана на дыяграме.
Паколькі праблемы рэдка бываюць простымі і яснымі, метад ромба выкарыстоўваецца часцей за просты рэйтынг. Ён выглядае менш надуманым і таму больш прымальны для ўдзельнікаў. Ён таксама дае больш магчымасцей для дасягнення кансэнсусу. Адзін з варыянтаў гэтага метаду прадугледжвае напісанне васьмі сцверджанняў і перадачу ўдзельнікам адной чыстай карткі, каб яны самі яе запоўнілі.

 

Аналіз сітуацый (кейсы)

Метад аналізу канкрэтных сітуацый (кейсаў) прадугледжвае выкарыстанне кароткіх «гісторый» пра людзей і падзеі, якія ілюструюць праблему. Як і картка са сцверджаннямі, метад аналізу сітуацыі з'яўляецца карысным недыдактычным інструментам падачы інфармацыі. 
Гэты метад з'яўляецца каштоўным яшчэ і таму, што стварае дыстанцыю паміж удзельнікамі і праблемай, што здымае напружанасць падчас яе абмеркавання. Напрыклад, калі ў групе ёсць задзіры, а вы хочаце вырашыць гэту праблему, вы можаце расказаць гісторыю, у якой гаворка пойдзе аб запалохванні і якая змяшчае некаторыя паралелі з рэальнай сітуацыяй. Удзельнікі чытаюць такія «гісторыі», аналізуюць праблему і спрабуюць распрацаваць спосабы яе вырашэння.

Image: Case Studies

Тэатр

Разгляд праблем і ідэй з дапамогай тэатральнай педагогікі можа даць чалавеку імпульс для такога ўсплёску эмоцый, думак, мар і творчасці, на які ён у звычайных умовах часта не здольны. Тэатральны метад прадугледжвае поўнае пагружэнне чалавека – яго розуму, душы і цела – і, такім чынам, уцягвае ў працэс не толькі інтэлект, але пачуцці і эмоцыі, што і робіць яго такім магутным інструментам. Акрамя таго, ён вельмі эфектыўны, таму што падыходзіць навучэнцам розных стыляў навучання – тым, хто лепш успрымае на слых, вачыма ці тактыльна.

Аналіз вынікаў вучэбнай працы з'яўляецца асабліва важным для практыкаванняў з выкарыстаннем тэатральнай методыкі, уключаючы ролевыя гульні і мадэліраванне сітуацый. Гульцам спатрэбіцца час, каб выйсці з ролі, перш чым перайсці да абмеркавання сваіх пачуццяў і прычын, з якіх яны зрабілі тое ці іншае.

Ролевыя гульні

Image: Role-playing

Ролевая гульня – гэта кароткая п'еса, разыграная ўдзельнікамі. Нягледзячы на тое, што ўдзельнікі асноўваюцца на сваім жыццёвым вопыце, калі разыгрываюць пэўную сітуацыю; ролевыя гульні ў асноўным заснаваны на імправізацыі. Ролевыя гульні могуць спрыяць лепшаму разуменню сітуацыі і абуджаць спачуванне да персанажаў, якіх гульцы ўвасабляюць. Яны дазваляюць людзям перажываць складаныя сітуацыі, але робіцца гэта ў бяспечнай атмасферы.

Да ролевай гульні трэба падыходзіць з вялікай асцярогай. Па-першае, важна даць удзельнікам час, каб выйсці з ролі пасля завяршэння практыкавання. Па-другое, кожны павінен паважаць пачуцці іншых і памятаць аб сацыяльнай структуры групы. Напрыклад, пры пастаноўцы ролевай гульні, у якой гаворка ідзе пра людзей з інваліднасцю, неабходна прымаць да ўвагі той факт, што ў некаторых удзельнікаў могуць быць праблемы са здароўем (што можа быць не адразу прыкметным) або сваякі ці блізкія з інваліднасцю. Нельга прычыніць ім боль, ці рабіць іх аб'ектам асабліва пільнай увагі, ці маргіналізаваць. Калі гэта здарыцца, пастаўцеся да гэтага з усёй сур'ёзнасцю, прынясіце прабачэнні і растлумачце свой учынак.

Акрамя таго, ні ў якім разе нельга дапускаць стэрэатыпы. Ролевыя гульні «выцягваюць» з удзельнікаў тое, што яны думаюць пра іншых, дзякуючы іх «здольнасці» да гульні і імітацыі. Менавіта гэта робіць такія практыкаванні вельмі вясёлымі! Таму карысна падчас аналізу спытаць: «Вы сапраўды думаеце, што людзі, якіх вы сыгралі, з'яўляюцца менавіта такімі?». Адукацыйная місія навучання складаецца ў тым, каб людзі памяталі пра неабходнасць крытычна ставіцца да любой інфармацыі, таму спытайце ўдзельнікаў, адкуль яны атрымалі звесткі, якія сталі асновай іх бачання персанажа.

Сімуляцыя

Сімуляцыю можна разглядаць як пашыраную, структураваную ролевую гульню (але яно не прадугледжвае высокай ступені імправізацыі), якая пераносіць удзельнікаў у незнаёмыя ім сітуацыі і прымушае іграць нейкую ролю. Напрыклад, зала суда ў практыкаванні «Доступ да лекаў» добра апісана і прадстаўлена на ілюстрацыі, а ўдзельнікі атрымліваюць падрабязную інфармацыю пра ролю, якую яны павінны іграць. Сімуляцыя патрабуе вельмі вялікай эмацыянальнай аддачы і мабілізацыі інтэлектуальных здольнасцей, асабліва ад тых удзельнікаў, якія павінны абараняць пункт гледжання, з якім асабіста не згодны.

Форум-тэатр

Форум-тэатр уяўляе сабой інтэрактыўную форму тэатральнай педагогікі, якая заахвочвае аўдыторыю да ўзаемадзеяння і дазваляе разгледзець розныя варыянты вырашэння нейкай праблемы або пытання. Форум-тэатр (таксама вядомы як «тэатр Баала», «тэатр прыгнечаных» або «тэатр для развіцця») стварыў у пачатку 1970-х гг. Аўгуста Баал, які намагаўся пашырыць магчымасці сваёй аўдыторыі.

Форум-тэатр з'яўляецца адной з форм ролевай гульні. Аўдыторыі прапануюць кароткую п'есу, у якой цэнтральны персанаж сутыкаецца з прыгнётам або перашкодай, якія ён не ў стане пераадолець; сюжэт паказваецца такім чынам, каб быць блізкім аўдыторыі. Пасля заканчэння п'еса пачынаецца спачатку, але пры гэтым гледачы могуць выйсці на сцэну і прапанаваць альтэрнатыўныя варыянты развіцця падзей. Акцёры абмяркоўваюць вынікі гэтых варыянтаў з аўдыторыяй, арганізуючы своеасаблівыя тэатральныя дэбаты, падчас якіх адбываецца абмен вопытам і ідэямі, што развівае ва ўдзельнікаў пачуццё салідарнасці і ўпэўненасці ў сваіх сілах і магчымасцях.

Форум-тэатр з'яўляецца вельмі карысным інструментам для адукацыі ў галіне правоў чалавека, напрыклад, пры вывучэнні шляхоў вырашэння праблем або канфліктаў. Ён дазваляе людзям выйсці на сцэну і даследаваць розныя магчымасці. Такое мерапрыемства можа быць выкарыстана ў якасці своеасаблівай рэпетыцыі рэальнай падзеі ці для таго, каб выявіць і прааналізаваць альтэрнатывы ў любой сітуацыі, якая адносіцца да мінулага, сучаснасці або будучыні.

Аўдыявізуальныя метады

Выкарыстанне відарысаў: фатаграфій, карыкатур, малюнкаў, калажаў

«Карціна вартая тысячы слоў». Візуальныя вобразы з'яўляюцца магутным інструментам падачы інфармацыі і абуджэння цікавасці. Памятайце, што малюнак з'яўляецца важным сродкам самавыяўлення і камунікацыі, прычым не толькі для тых, хто аддае перавагу візуальнаму стылю мыслення, але і для тых, хто не вельмі ўдалы прамоўца. Ідэі для практыкаванняў з выкарыстаннем фатаграфій і малюнкаў прадстаўлены разам у главе 2 пад агульнай назвай «Гульні з відарысамі».

Парады па стварэнні калекцыі відарысаў

Відарысы з'яўляюцца такім універсальным сродкам, што фасілітатару можна параіць заняцца стварэннем уласнай калекцыі. Іх можна ўзяць, напрыклад, з газет, часопісаў, плакатаў, турыстычных брашур, паштовак.

Выражце карцінкі, прымацуйце іх на карткі і пакрыйце празрыстай плёнкай (прадаюцца для абгортвання кніг), каб зрабіць іх даўгавечнымі, лёгкімі і прыемнымі ў выкарыстанні. Калекцыя будзе выглядаць як набор, калі ўсе карткі будуць аднаго памеру. Фармат A4 – ідэальны памер, але A5 таксама добры і практычны варыянт. Будзе нядрэнна, калі на адваротным баку карткі вы паставіце нумар і пазначыце крыніцу, арыгінальную назву ці яшчэ якую карысную інфармацыю пра відарыс. Так на занятках удзельнікі будуць бачыць толькі малюнак і рэагаваць толькі на яго, не растрачваючы ўвагу на іншае.

Пры падборы малюнкаў паспрабуйце знайсці выявы поўначы, поўдня, усходу і захаду, а таксама рознага прыроднага і сацыяльнага асяроддзя. Падчас выбару выяў людзей імкніцеся да разнастайнасці і ўлічвайце гендар, расу, стан здароўя, узрост, нацыянальнасць і культуру. Таксама майце на ўвазе, што ўспрыманне відарысаў залежыць ад іх памеру і колеру. Няўдалы выбар малюнка можа сказіць яго ўспрыманне, таму паспрабуйце сабраць гарманічную калекцыю, у якой усе відарысы будуць больш-менш аднастайнымі.

Не забудзьце праверыць, ці існуюць аўтарскія правы на відарысы і фатаграфіі, якія вы хочаце выкарыстаць.

Выкарыстанне фільмаў, відэаролікаў і радыёп'ес

Фільмы, відэаролікі і радыёп'есы з'яўляюцца магутнымі інструментамі для адукацыі ў галіне правоў чалавека і карыстаюцца папулярнасцю сярод моладзі. Абмеркаванне пасля прагляду фільма павінна стаць добрым зыходным пунктам для далейшай працы. Тэмамі абмеркавання могуць стаць першапачатковая рэакцыя на фільм, рэальнасць адлюстравання ў ім жыцця ці персанажаў, накіраванасць фільма на прапаганду нейкага канкрэтнага палітычнага ці маральнага пункту гледжання, а таксама правы чалавека, якія былі ў ім закрануты!Image: Taking photographs, making films and videos

Не забудзьце праверыць, ці існуюць аўтарскія правы ці іншыя абмежаванні на публічны паказ відэафайлаў, якія вы збіраецеся выкарыстаць. Прагляд фільма разам з класам або групай моладзі можа быць кваліфікаваны як публічны паказ.

Фатаграфаванне, стварэнне фільмаў і відэаролікаў

Сучасны тэхнічны ўзровень відэакамер, лічбавых камер і мабільных тэлефонаў робіць здыманне фільмаў і фатаграфаванне ўсё больш даступным заняткам. Фатаграфіі і фільмы, знятыя маладымі людзьмі, дазваляюць ім наглядна дэманстраваць свой пункт гледжання і погляды, а таксама рабіць выдатны ілюстрацыйны матэрыял.

Відэапісьмы

Відэапісьмы – гэта правераны спосаб зламаць бар'еры і забабоны. Яны дазваляюць людзям, якія інакш не маглі б сустрэцца тварам да твару, «пагаварыць» і абмяняцца інфармацыяй пра тое, як яны жывуць і што для іх важна. Адным з прыкладаў з'яўляецца брытанскі тэлевізійны праект, які паказаў, як цыганка і чалавек, які пражываў недалёка ад цыганскага табара, не размаўлялі адзін з адным. Тым не менш медыятару ўдалося пераканаць іх абмяняцца серыяй відэапісьмаў. Кожны з іх пачаў з таго, што паказаў свой дом і прадставіў членаў сваёй сям'і. У наступных пісьмах яны яшчэ больш паказалі і расказалі пра сваё жыццё, і паступова забабоны сталі знікаць, саступіўшы месца разуменню і спагадзе. Яны зразумелі, што мелі значна больш агульнага, чым маглі сабе ўявіць, і, у рэшце рэшт, дамовіліся сустрэцца асабіста.

СМІ: газеты, часопісы, радыё, тэлебачанне, Інтэрнэт

СМІ – незаменная крыніца добрага матэрыялу для дыскусій. Заўсёды цікава абмеркаваць, якім чынам былі прадстаўлены навіны ці інфармацыя, і прааналізаваць забабоны і стэрэатыпы. Далейшае абмеркаванне можа быць прысвечана такім тэмам, як права ўласнасці на сродкі масавай інфармацыі, палітычнае скажэнне інфармацыі, цэнзура і свабода слова. Практыкаванне «Першая паласа» спецыяльна прысвечана гэтым пытанням, і яшчэ больш ідэй вы знойдзеце ў даведачных матэрыялах аб СМІ у главе 5. Яшчэ раз нагадваем аб неабходнасці праверкі аўтарскіх правоў на любыя матэрыялы, якія вы хочаце выкарыстаць.

11 Наборы навучальных матэрыялаў «Асновы навучання» і «Арганізацыйны менеджмент» могуць стаць карысным зыходным пунктам для выкладчыкаў і фасілітатараў у знаёмстве з рознымі стылямі навучання і адносінамі паміж удзельнікамі працэсу навучання. Набор «Асновы навучання», Council of Europe Publishing, 2002 г. Набор «Арганізацыйны менеджмент», Council of Europe Publishing, 2000 г. Можна спампаваць па спасылцы www.youth-partnership-eu.coe.int
12Gollob, R., Krapf, P., Ólafsdóttir, Ó., and Weidinger, W. (2010) Educating for democracy: Background materials on democratic citizenship and human rights education. Strasbourg: Council of Europe
13 Brett, P., Mompoint-Gaillard, P. and Salema M.H. (2009) How all teachers can support citizenship and human rights education: a framework for the development of competences. Strasbourg: Council of Europe