Гісторыя вучыць толькі таму, што яна нас ніколі нічому не навучыла.

Гегель

Агляд

У гэтым практыкаванні ўдзельнікі распрацоўваюць i ажыццяўляюць праект дзеянняў у мэтах садзейнічання дасведчанасці пра ахвяр халакосту і пра генацыд цыганоў-рама.

Звязаныя правы

• Права на абарону ад дыскрымінацыі
• Права на жыццё
• Культурныя правы

Мэты

• Даведацца больш аб усіх ахвярах нацысцкага халакосту, у прыватнасці, цыганоў-рама
• Папрактыкавацца ў выбары, планаванні і правядзенні публічнай акцыі
• Развіць пачуццё чалавечай годнасці і пачуццё справядлівасці

Матэрыялы

• Папера для фліпчарта і маркеры
• Копіі раздатачнага матэрыялу «Кароткая гісторыя праследавання X» (па жаданні)
• Для часткі 2 («Выбар і складанне праекта дзеянняў») будзе карысна мець выхад у Інтэрнэт або раздрукаваныя даведачныя матэрыялы
• Копіі блок-схемы праекта дзеянняў, прыведзенай у раздзеле 3 (па жаданні)

Падрыхтоўка

• Перад пачаткам занятку раскажыце групе, што вы плануеце абмеркаваць халакост, і пагаварыце асобна з тымі, для каго гэта тэма можа аказацца цяжкай
• Зрабіце копіі раздатачнага матэрыялу, па адной на кожную малую групу
• Азнаёмцеся з главой 3 «Компаса» пад назвай «Практычныя дзеянні ў падтрымку правоў чалавека»

compass-key-date
  • 8 красавікаМіжнародны дзень цыганоў-рама
  • 2 жніўняДзень памяці ахвяр генацыду – цыганоў-рама і сінці

Інструкцыі

Частка 1. Падрыхтоўка групы (90 хвілін)
1. Папрасіце ўдзельнікаў падзяліцца на невялікія групы па 2–3 чалавекі, аб'яднаныя агульным пачуццём ідэнтычнасці. Яно можа быць звязана з іх этнічнай ці нацыянальнай прыналежнасцю, але ў іх таксама могуць быць нейкія агульныя сацыяльныя ці рэлігійныя прыкметы. Дайце ім некалькі хвілін, каб абмеркаваць гэта пачуццё ідэнтычнасці ў межах малой групы.
2. Раздайце ўдзельнікам раздатачны матэрыял «Кароткая гісторыя праследавання X» або выберыце такую інфармацыю, якая магла б абудзіць у іх пэўнае пачуццё наконт сістэматычнага жорсткага абыходжання, якое выпала на долю X, не называючы ім, аднак, імя гэтай групы (цыганы-рама).
3. Коратка абмяркуйце іх рэакцыі, а затым дайце малым групам 15 хвілін, каб адказаць на наступныя пытанні:

  • Як бы вы сябе адчувалі, калі б «вашы» людзі падвергліся такому абыходжанню ў нейкі момант найноўшай гісторыі? (Папрасіце ўдзельнікаў сканцэнтравацца на групе, абранай імі ў пункце 1).
  • Што было б найбольш складана для супольнасці, якая перажыла такое выпрабаванне, і што было б карысна ці неабходна, напрыклад акцыя падтрымкі з боку членаў іншых супольнасцей на мясцовым, нацыянальным або міжнародным узроўні?

4. Цяпер папрасіце малыя групы разбіцца па парах і падзяліцца сваімі адказамі. Дайце гэтым групам яшчэ 15 хвілін і папрасіце саставіць спіс канкрэтных прапаноў, якія маглі б дапамагчы членам супольнасці, якія перажылі такое абыходжанне.
5. Збярыце ўсю групу разам і перанясіце ўсе прапановы на фліпчарт. Растлумачце, што 2-я частка практыкавання будзе прысвечана выбару адной з прапаноў, над якой і будзе працаваць група. Аднак перш чым ісці далей, спытайце:

  • Ці можаце вы адгадаць, пра якіх людзей ішла гаворка ў раздатачных матэрыялах?
  • Якія яшчэ групы насельніцтва нацысты імкнуліся знішчыць?
  • Што здарылася з гэтымі групамі насельніцтва ў вашай краіне падчас Другой сусветнай вайны?

6. Спытайце ўдзельнікаў, што яны ведаюць пра становішча цыганоў-рама сёння. Якія правы чалавека парушаюцца ў дачыненні да іх?
7. Раскажыце групе пра кампанію «Доста!» і дадайце, што яны маглі б рэалізаваць праект дзеянняў у падтрымку гэтай кампаніі.

Частка 2. Выбар і распрацоўка праекта дзеянняў
Гэта частка практыкавання заснавана на главе 3 «Компаса» пад назвай «Практычныя дзеянні ў падтрымку правоў чалавека», да якой вы можаце звярнуцца за больш падрабязнай інфармацыяй.
8. Растлумачце, што праект дзеянняў, які яны арганізуюць, не можа ставіць мэтай вырашыць усе праблемы, выяўленыя ў ходзе працы над папярэдняй часткай, але што ён павінен імкнуцца да дасягнення канкрэтных і вымерных вынікаў, якія могуць прынесці пэўную карысць супольнасці цыганоў-рама.
9. Папрасіце ўдзельнікаў выбраць на фліпчарце любыя прапановы, якія, на іх думку, з'яўляюцца дасягальнымі для групы. Пры гэтым яны могуць выключыць некаторыя прапановы або дадаць новыя.
10. Абмяркуйце прапановы і прыйдзіце да кансэнсусу наконт выбару дзеяння для ўсёй групы. Выкарыстайце блок-схему праекта дзеянняў з главы 3. Пераканайцеся, што:

  • Дзеянне, якое яны выбралі, будзе садзейнічаць вырашэнню праблемы
  • Дзеянне цалкам рэальна, улічвае рэсурсы групы і перашкоды, з якімі яна можа сутыкнуцца
  • «Рашэнне праблемы» з'яўляецца досыць канкрэтным, таму ўдзельнікі будуць ведаць, ці дасягнулі яны мэты

11. Складзіце «Схему рашэнняў», каб кожны ведаў, што і калі ён павінен рабіць.
12. Прыступайце да працы!

Частка 3. Ажыццяўленне праекта дзеянняў.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пытанні аб дзеяннях:

  • Ці задаволены вы дзеяннямі ў цэлым? Чаму? Чаму не?
  • Што вы думаеце пра ваш асабісты ўклад і пра працу групы ў цэлым?
  • Як вы думаеце, якія вынікі дзеянняў былі самымі важнымі? Ці адпавядаюць яны мэтам, якія вы ставілі ў самым пачатку?
  • Як вы лічыце, ці можна было нешта зрабіць па-іншаму, каб дзеянне было больш эфектыўным? Растлумачце сваё меркаванне.
  • Ці былі ў вас нейкія памылкі?
  • Што б вы аднеслі да асноўных «урокаў», калі б вам прыйшлося арганізаваць яшчэ адно дзеянне (на любую тэму)?

Пытанні аб навучальным працэсе:

  • 1. Якія вынікі сталі найбольш важнымі асабіста для вас? Ці адчуваеце вы, што ваша меркаванне або стаўленне да пытання неяк змянілася? Растлумачце сваё меркаванне.
  • 2. Што вы лічыце найбольш цяжкім ва ўсім практыкаванні, уключаючы і самі дзеянні?
  • 3. Што вам прынесла найбольшае задавальненне?
  • 4. Як вы думаеце, што яшчэ можна зрабіць, каб развіць ваш праект? Ці ёсць у вас жаданне зрабіць гэта?
  • 5. Што вы даведаліся аб правах чалавека ў ходзе выканання гэтага практыкавання?
  • 6. Ці цяжка ўдзельнічаць у кампаніі па абароне правоў чалавека? Ці плануеце вы ўдзельнічаць у кампаніі па абароне правоў чалавека пасля гэтага практыкавання?
  • 7. Ці з'яўляюцца правы, якіх патрабуюць для сябе цыганы-рама, «выключнымі» або прыдатнымі для іншых груп насельніцтва, якія маргіналізаваны або праследуюцца? Растлумачце сваё меркаванне.
  • 8. Чаму праца, звязаная з гістарычнай памяццю, важна для навучання ў галіне правоў чалавека?
  • 9. Як у вашай краіне арганізавана адукацыя па тэме халакосту?

Парады для фасілітатараўGoto top

Выдзеліце 90 хвілін на частку 1 («Падрыхтоўка групы»), 90 хвілін на частку 2 («Выбар і распрацоўка праекта дзеянняў») і 60 хвілін на частку 4 («Аналіз і ацэнка»). Як доўга будзе працягвацца частка 3 («Ажыццяўленне праекта дзеянняў»), будзе залежаць ад саміх дзеянняў! Уся праца можа ажыццяўляцца паслядоўна на працягу аднаго дня або ў розныя дні.

Ёсць цэлы шэраг прычын, па якіх гэта практыкаванне з'яўляецца складаным не толькі з пункту гледжання арганізацыі, але і з пункту гледжання зместу.
Вы павінны загадзя ведаць склад вашай групы і магчымыя рэакцыі ўдзельнікаў на практыкаванне. Калі хто-небудзь з членаў групы мае сваякоў, якія сталі ахвярамі халакосту або іншых аналагічных падзей, вы маглі б абмеркаваць з імі характар практыкавання загадзя, так каб яны мелі магчымасць падрыхтавацца або адмовіцца ад удзелу, калі не адчуваюць сябе дастаткова падрыхтаванымі.
Да кожнага этапа практыкавання трэба падысці далікатна, быць гібкім і, безумоўна, не абвяшчаць дыскусію адразу, калі адчуваеце, што людзям трэба больш часу, каб выказаць свае пачуцці. Калі група ўпершыню сутыкаецца з такімі пытаннямі, магчыма, будзе больш эфектыўна выдзеліць на частку 1 («Падрыхтоўка групы») цэлы занятак працягласцю 90–120 хвілін, а затым зрабіць перапынак і перайсці да частак 2–4.

Што тычыцца пункта 1.1, мы б параілі вам падумаць загадзя пра тое, што тут могуць узнікнуць цяжкасці. У такім выпадку складзіце спіс катэгорый і папрасіце ўдзельнікаў ідэнтыфікаваць сябе з адной з іх, напрыклад, у якасці балельшчыка нейкай футбольнай каманды, чалавека, які размаўляе па-французску, тых, хто вывучае іспанскую мову, чалавека, які захапляецца хіп-хопам, гуляе ў тэніс ці займаецца плаваннем. Вы таксама можаце папрасіць удзельнікаў проста разбіцца па парах па палавой прыкмеце.
Калі магчыма, паспрабуйце правесці работу па пунктах 1.2 і 1.3 без абмеркавання пытання, хто ўваходзіць у групу X. Ваша задача – дабіцца, каб удзельнікі былі абураны несправядлівасцю, і ступень іх абурэння не будзе высокай, калі яны будуць ведаць, што група X – гэта цыганы-рама. Гэта адбываецца таму, што забабоны наконт цыганоў-рама настолькі моцныя, што некаторыя ўдзельнікі могуць падсвядома (ці свядома) апраўдваць тое, як з імі абыходзяцца.
У «Кароткай храналогіі халакосту цыганоў-рама» (гл. ніжэй) усе спасылкі на «рама» або «цыганоў» былі заменены на «X». Пры выкарыстанні гэтай інфармацыі вы можаце звярнуцца да абранай «групы» ці нават папрасіць удзельнікаў уявіць сабе, што гэта іх група.

Вы просіце ўдзельнікаў суаднесці сябе з важнай для іх групай толькі для таго, каб яны маглі «адчуць», што такое быць аб'ектам таго цi іншага абыходжання. Тым не менш удзельнікам усё яшчэ можа быць складана суадносіць сябе з цыганамі-рама і іх праблемамі з-за моцных забабонаў наконт гэтай групы насельніцтва. Як бы там ні было, вы павінны вырашыць гэту праблему, і таму выдзеліце дастаткова часу на працу па пункце 1.3, каб удзельнікі паспелі абмеркаваць усе праблемы. Скажыце ім, што, паводле ацэнак, ад 75 да 80 % ад колькасці цыганоў-рама ў Еўропе было забіта падчас халакосту, а ў некаторых краінах гэты паказчык дасягаў 90 %. Вы можаце папрасіць удзельнікаў уявіць сабе, што было б, калі б яны страцілі 90 % свайго насельніцтва або 90 % членаў гэтай канкрэтнай групы: у групе з 20 чалавек засталося б толькі 2 чалавекі.

Настойліва рэкамендуецца, калі гэта ўвогуле магчыма, на стадыі планавання і да рэалізацыі запланаванага дзеяння паспрабаваць звязацца з членамі супольнасці цыганоў-рама. Як мінімум вам трэба спытаць у іх, ці будзе добра ўспрынята акцыя, якую плануе ваша група. У якасці альтэрнатывы звяжыцеся з мясцовай групай, якая працуе з цыганамі-рама або падтрымлівае іх.

Калі вам не хапае часу або калі ўдзельнікам цяжка даецца працэс планавання, вы можаце выкарыстаць блок-схему з главы 3 у якасці прыкладу.

ВарыянтыGoto top

Першая відавочная альтэрнатыва – замяніць групу цыганоў-рама на іншую групу людзей, якія сталі ахвярамі халакосту. У гэтым плане неацэнную паслугу вам зробіць сайт дабрачыннага фонду «Дзень памяці ахвяр халакосту» www.hmd.org.uk. Ён змяшчае інфармацыю, у тым ліку матэрыялы для школ, аб усіх групах, якія падвяргаліся ганенням з боку нацыстаў, уключаючы яўрэяў, гомасексуалістаў, людзей з інваліднасцю, прадстаўнікоў супольнасцей цыганоў-рама і сінці, еўрапейцаў негроіднай і змяшанай рас, Сведак Іеговы, палякаў і прадстаўнікоў іншых славянскіх народаў, якія не з’яўляліся яўрэямі, камуністаў, сацыялістаў і прафсаюзных дзеячаў. На сайце таксама ёсць інфармацыя пра апошнія выпадкі генацыду ў Камбоджы, Босніі і Герцагавіне, Руандзе і Судане.
Яшчэ адной альтэрнатывай можа стаць разгляд становішча народа, групы або супольнасці, лёс якіх сістэматычна ігнаруецца.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Калі ўдзельнікі захочуць больш уважліва паглядзець на сваё асяроддзе вачыма чалавека, які знаходзіцца ў абяздоленым становішчы або жыве на задворках грамадства, можна правесці практыкаванне «Змяні свае акуляры».
Акрамя таго, калі ўдзельнікам падабаюцца ролевыя гульні, і яны праяўляюць цікавасць да вывучэння прычын, якія прымушаюць людзей прымаць удзел у гвалтоўных актах, мае сэнс звярнуцца да практыкавання «Кіданне камянёў».

Дадатковая інфармацыяGoto top

«Доста» – слова цыганскага паходжання, якое азначае «хопіць, дастаткова», – гэта назва інфармацыйна-прапагандысцкай кампаніі, накіраванай на тое, каб бліжэй пазнаёміць звычайных грамадзян з цыганамі-рама. Інфармацыю пра кампанію «Доста!» можна знайсці на сайце http://dosta.org. Калі ў вас ёсць доступ да Інтэрнэту, то вашым вучням будзе карысна зайсці на гэты сайт. Ёсць і іншыя сайты, якія змяшчаюць інфармацыю пра халакост і могуць быць выкарыстаны для вывучэння гэтай тэмы: http://isurvived.org; http://www.preventgenocide.org

Інфармацыйнае бюро еўрапейскіх цыганоў-рама рэгулярна рыхтуе інфармацыю па пытаннях, якія маюць дачыненне да цыганоў-рама ў Еўропе.
http://www.erionet.org

Еўрапейскі цэнтр па правах цыганоў-рама з'яўляецца грамадскай юрыдычнай арганізацыяй, якая змагаецца з расізмам і парушэннямі правоў у адносінах да цыганоў-рама.
http://www.errc.org

Да арганізацый, якія займаюцца адукацыяй па тэме халакосту, адносіцца фонд «Памяць, адказнасць і будучыня» (нямецкая абрэвіятура EVZ), вэб-сайт www.stiftung-evz.de. У задачы і сферу дзейнасці гэтага фонду ўваходзяць крытычны разгляд гісторыі, праца ў галіне правоў чалавека, прыхільнасць ахвярам нацыянал-сацыялізму. На вэб-сайце гэтага фонду вы можаце азнаёміцца з публікацыяй «Правы чалавека і гісторыя, праблемы ў сферы адукацыі».
Яшчэ адна арганізацыя, якая займаецца пытаннямі халакосту, – фонд Ганны Франк www.annefrank.ch. Фонд Ганны Франк ставіць сваёй задачай садзейнічаць дабрачыннай дзейнасці, іграць сацыяльную і культурную ролю ў духу Ганны Франк у мэтах далейшага паляпшэння ўзаемаразумення паміж рознымі рэлігіямі, служыць справе міру паміж народамі, а таксама заахвочваць міжнародныя кантакты паміж маладымі людзьмі. Фонд рэалізуе праекты па ўсім свеце, напрыклад, працуе з супольнасцю далітаў у Індыі, з дзецьмі і сем'ямі ў гарадскіх трушчобах і ў сельскіх раёнах Перу.

Раздатачны матэрыялGoto top

PDFDownload as PDF

Вельмі кароткая гісторыя праследавання Х

1890 У Германіі праводзіцца канферэнцыя па пытаннях «адкідаў грамадства X». Ваенныя атрымліваюць права рэгуляваць перамяшчэнне X.
1909 Праводзіцца палітычная канферэнцыя на тэму «Пытанне Х». Рэкамендавана, каб усе X мелі асаблівы знак для іх лёгкай ідэнтыфікацыі.
1920 Двое вучоных уводзіць паняцце «жыццё, не вартае жыцця», прапаноўваючы, каб усе X былі стэрылізаваны і ліквідаваны як народ.
1922 (І да канца 1920-х гадоў): усе Х на нямецкіх тэрыторыях сфатаграфаваны і ў іх узяты адбіткі пальцаў.
1926 У Германіі прыняты закон для кантролю «X-чумы». (Гэта мера з'яўляецца прамым парушэннем умоў Веймарскай канстытуцыі.)
1927 У Баварыі (Германія) будуюцца спецыяльныя лагеры для ўтрымання Х. Восем тысяч X адпраўляюць у гэтыя лагеры.
1928 Усе X знаходзяцца пад пастаянным наглядам паліцыі. Пабудаваны новыя лагеры для ўтрымання X.
1934 Праводзіцца стэрылізацыя Х шляхам ін'екцый і кастрацыі, іх адпраўляюць у лагеры ў Дахау, Дзізельштрасэ, Заксенхаўзен і іншыя месцы. У гэтым годзе прымаюцца два законы, якія забараняюць немцам уступаць у шлюб з прадстаўнікамі іншых рас.
1938 Паміж 12 і 18 чэрвеня сотні Х па ўсёй Германіі і Аўстрыі былі арыштаваны, збіты і зняволены. X з'яўляецца першай групай насельніцтва, якой забаронена наведваць школы.
1939 Упраўленне па пытаннях расавай гігіены заяўляе: «Усіх X варта разглядаць як спадчынна хворых, і адзіным рашэннем з'яўляецца іх ліквідацыя (гэта значыць, што мэта складаецца ў тым, каб без усялякіх ваганняў ліквідаваць гэты дэфектны элемент насельніцтва)».
1940 Першая акцыя масавага генацыду ў гісторыі халакосту: у канцэнтрацыйным лагеры Бухенвальд 250 дзяцей X выкарыстоўваюцца ў якасці паддоследных трусоў для тэсціравання цыяністага газу. У тым жа годзе Х забаронена праца любога роду.
1941 У ліпені пачынаецца аперацыя «Забіць усіх яўрэяў, X і псіхічна хворых» у якасці канчатковага нацысцкага рашэння. Пачынаецца халакост. 800 X забіты за адну ноч 24 снежня ў Крыме.
1944 1 жніўня 4000 Х былі атручаны газам і спалены ў лагеры Аўшвіц-Біркенау падчас адной масавай акцыі.
1945 Да канца вайны 70–80 % Х былі знішчаны нацыстамі. Ні адзін X не быў выкліканы для дачы паказанняў на Нюрнбергскім працэсе, ніхто не сведчыў ад іх імя. X як народу не былі выплачаны рэпарацыі за ваенныя злачынствы.
1950 Першая з многіх заяў урада Германіі ў гэтым і наступных гадах аб тым, што ён не вінен X ніякіх рэпарацый за ваенныя злачынствы.
1992 Германія «прадае» Румыніі Х, якія шукалі прытулак, за 21 млн долараў і 1 лістапада пачынае адпраўляць іх у наручніках. Некаторыя з Х пакончылі з сабою, каб не ехаць. Нямецкае інфармацыйнае агенцтва Deutsche Presse-Agentur просіць заходніх журналістаў не ўжываць слова «дэпартацыя», таму што гэта слова выклікае «няёмкія гістарычныя асацыяцыі».
1992 Французскі прэзідэнт звязвае X са злачыннасцю, называючы іх лагеры крыніцай прастытуцыі і дзіцячай эксплуатацыі. Французскія ўлады дэманціруюць больш за 100 лагераў і дэпартуюць больш за 1000 X, у асноўным у Румынію.