Правы чалавека ўяўляюць сабой універсальны стандарт. Яны з'яўляюцца кампанентам усіх рэлігій і цывілізацый.

Шырын Эбадзі

Агляд

Удзельнікі параўноўваюць і супрацьпастаўляюць розныя перакананні.

Звязаныя правы

• Свабода рэлігіі і перакананняў
• Свабода думкі і інфармацыі
• Свабода ад дыскрымінацыі

Праблемы

• Рэлігійная разнастайнасць
• Успрыманне рэлігіі і яе ўплыву на жыццё маладых людзей
• Веды аб розных рэлігіях і іх пастановах адносна духоўных і свецкіх пытанняў

Мэты

• Даведацца пра розныя сістэмы перакананняў і рэлігій
• Развіць крытычнае мысленне
• Развіць здольнасць прымаць разнастайнасць перакананняў і рэлігій

Матэрыялы

• Копіі картак са сцверджаннямі (адзін камплект на малую групу)
• Зручныя месцы для малых груп, дзе можна добра ўладкавацца і абмеркаваць заданне
• Адзін фасілітатар для кожнай малой групы

Падрыхтоўка

• Нарэжце карткі
• азнаёмцеся з даведачнай інфармацыяй аб рэлігіі і перакананнях у Главе 5

compass-key-date
  • 16 лістападаМіжнародны дзень талерантнасці

Інструкцыі

1. Растлумачце, што ў гэтым практыкаванні ўдзельнікі будуць абмяркоўваць свае перакананні; нехта можа быць глыбока рэлігійным, іншыя – у меншай ступені, а нехта будзе атэістам. Мэта заключаецца ў тым, каб прыйсці да больш глыбокага разумення артыкула 18 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека праз абмен поглядамі і навучыцца думаць крытычна аб розных спосабах пошуку сэнсу жыцця.
2. Старанна растлумачце ўдзельнікам неабходнасць добра думаць пра тое, што яны гавораць і як выказваюцца. Абарона рэлігійных перакананняў, а таксама рэлігійных сімвалаў ад абразы і прыніжэння падпадае пад дзеянне права на свабоду рэлігіі. Тым не менш такая абарона павінна суадносіцца са свабодай думкі і выказвання меркавання і не азначае поўны імунітэт ад крытыкі рэлігійных перакананняў. Таму сумленнае, адкрытае пытанне заўсёды дапушчальна, тады як гаворка, поўная забабонаў і дыскрымінацыі, – не.
3. Падзяліце ўдзельнікаў на невялікія групы па 4–6 чалавек і папрасіце, каб яны 3–4 хвіліны паразважалі аб сваіх асабістых перакананнях. Напрыклад, калі яны вернікі, спытайце іх, наколькі поўна яны выконваюць рэлігійныя рытуалы, прадугледжаныя іх канфесіяй?
4. Затым, выкарыстоўваючы тэхніку «ледакола», папрасіце ўдзельнікаў расказаць, як яны ў першы раз прынялі ўдзел у рэлігійнай цырымоніі.
5. Зараз пакладзіце карткі тварам уніз у сярэдзіне групы. Скажыце ўдзельнікам, што ў іх ёсць адна гадзіна на абмеркаванне, таму трэба рабіць гэта хутка, каб прапрацаваць як мага больш картак. У выніку яны атрымаюць больш шырокі погляд на пытанні, а разабрацца ў тэмах, якія ўяўляюць асаблівую цікавасць, можна будзе пазней.
6. Растлумачце, што ў кожным раўндзе ўдзельнік бярэ картку, чытае яе ўслых, а затым каменціруе сцверджанне. Потым іншыя могуць унесці свой уклад, звярнуўшыся па прыклады да сваёй уласнай рэлігіі або адпаведнага вопыту.
7. Затым пераходзьце да новага раўнда гульні; няхай іншы гулец возьме картку.
8. Калі ўсе карткі будуць абмеркаваны або скончыцца час, пераходзьце да аналізу (у тых жа групах).

Аналіз і ацэнкаGoto top

  • Ці сутыкнуліся ўдзельнікі з якімі-небудзь цяжкасцямі падчас абмеркавання тых ці іншых сцверджанняў? Чаму гэта адбылося?
  • Ці здзівілі вас якія-небудзь факты, перакананні або адносіны да вашай уласнай жыццёвай пазіцыі?
  • Што агульнага маюць людзі, нягледзячы на іх розныя жыццёвыя пазіцыі?
  • Якія фундаментальныя адрозненні паміж жыццёвымі пазіцыямі ўдзельнікаў былі агучаны? Ці з'яўляюцца яны непрымірымымі?
  • Чаму так важна ведаць аб жыццёвай пазіцыі іншых людзей? Наколькі вы недасведчаны ў гэтым плане? Ці варта вам ведаць пра гэта больш?
  • Прымаючы да ўвагі, што свабода рэлігіі і перакананняў з'яўляецца правам чалавека, ці лёгка паважаць людзей, калі вы катэгарычна не згодны з іх жыццёвай пазіцыяй?
  • Якую ролю адыгрываюць невуцтва і забабоны адносна розных жыццёвых пазіцыі ва ўспрыманні адным народам іншага?
  • Ці ўсе людзі ў вашай краіне карыстаюцца свабодай рэлігіі і перакананняў? Калі не, то чаму гэта адбываецца?
  • Якія формы парушэння свабоды рэлігіі і перакананняў сустракаюцца ў вашай краіне?
  • У якой меры свабода думкі, сумлення і рэлігіі павінна ўлічваць практыку рэлігійных супольнасцей, якая можа адрознівацца ад той, што пераважае ў грамадстве? Прыкладамі такіх практык могуць стаць адрозненні ў падыходах да ўдзелу жанчын у рэлігійным жыцці супольнасці, традыцыйныя цырымоніі з удзелам дзяцей, законы, звязаныя з хрышчэннем, разводам ці пахаваннем, забарона на выяву заснавальніка і г. д.
  • Што трэба мець на ўвазе пры планаванні мерапрыемстваў з удзелам усёй групы, напрыклад пікніка, спартыўных спаборніцтваў або выхадных, каб кожны незалежна ад рэлігіі або перакананняў мог прыняць удзел?
  • Часам пры падрыхтоўцы такіх мерапрыемстваў можа быць цяжка задаволіць патрэбы ўсіх з улікам іх рэлігійных перакананняў. Як вы звычайна знаходзіце рашэнне? Калі вы вымушаны ісці на кампраміс, як вы вызначаеце прыярытэт патрэб розных людзей?
  • Што было самым цікавым з таго, што вы даведаліся падчас працы над гэтым практыкаваннем?

Парады для фасілітатараGoto top

У гэтым практыкаванні вы маеце справу з далікатнай тэмай, таму важна, каб кожны адчуваў сябе камфортна. Працуйце з практыкаваннем у спакойнай манеры; свабодная абстаноўка дапамагае справе. Пераканайцеся, што ўсе ведаюць пра тое, што ніхто на іх не аказвае ціску і не патрабуе, каб яны сказалі больш, чым хочуць або могуць.
Паважайце ўклад усіх удзельнікаў і прычыны, якія стрымліваюць іх: не кожны ў стане растлумачыць прычыны той ці іншай практыкі, прынятай у іх рэлігійным асяроддзі, асабліва калі гэты чалавек вырас і быў выхаваны ў рамках пэўнай рэлігіі з самага ранняга ўзросту. У такіх пытаннях рэлігія вельмі падобна да культуры: кожны схільны прымаць свае каштоўнасці і культурны ўклад як нешта «натуральнае».
Сцеражыцеся ціску асобных удзельнікаў на іншых. Не дазваляйце нікому займаць абарончую пазіцыю ў пытаннях аб іх рэлігійных перакананнях, напрыклад калі хтосьці скажа: «Як вы можаце быць адэптам гэтай рэлігіі і дапускаць…?».
Старайцеся не загразнуць у дэталях. Трымайце пад кантролем непрапрацаваныя карткі і сачыце за часам, каб яго хапіла для абмеркавання большасці з іх. Няхай дыскусія ідзе натуральным шляхам; умешвайцеся толькі тады, калі адчуеце, што пытанне вычарпана, або існуе небяспека зайсці занадта далёка, або на паверхню выходзяць адносіны «дамінавання».
Будзьце гатовы прывесці дадатковую інфармацыю, асабліва пра рэлігіі, не прадстаўленыя ў групе, або сыграць ролю «адваката д'ябла».

Калі гэта магчыма, выконвайце практыкаванне разам з памочнікам для вядзення абмеркавання і падвядзення вынікаў у малых групах; калі ў вас няма памочніка, праверце, ці нельга падрыхтаваць некалькі добраахвотнікаў з ліку ўдзельнікаў, каб яны выступілі ў гэтай ролі. У некаторых выпадках гэта можа быць важным, каб праявіць павагу да ўкладу і вопыту кожнага і забяспечыць канструктыўнасць абмеркавання. Калі вы не можаце спадзявацца на памочнікаў, то паспрабуйце правесці аналіз і ацэнку з усімі ўдзельнікамі разам.

Веру, па азначэнні, нельга растлумачыць з дапамогай рацыянальных аргументаў, і вы павінны стрымліваць спробы аспрэчыць рэлігійныя перакананні рацыянальнымі аргументамі. Вам, магчыма, трэба будзе падкрэсліць значэнне і важнасць павагі права кожнага чалавека на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі. Гэта не азначае, што вы павінны паважаць тое, у што вераць іншыя, але вы павінны паважаць іх права верыць у тое, у што яны хочуць верыць. Памятайце таксама, што развіццё крытычнага мыслення з'яўляецца важнай мэтай адукацыі ў галіне правоў чалавека і што параўнанне розных жыццёвых пазіцый дапаможа людзям усвядоміць, што іх выбар не адмяняе выбару іншых. Мы спадзяёмся, што падчас выканання гэтага дыскусійнага практыкавання ўдзельнікі прыйдуць да разумення, што іх выбар з'яўляецца не абсалютным, а адносным. Практыкаванне дапаможа таксама выявіць моцныя і слабыя бакі кожнай школы або традыцыі. Рэлігійны фанатызм і нецярпімасць звычайна вынікаюць са строгай выбіральнасці мыслення і адмовы ад плюралізму. Ніводная рэлігія не з'яўляецца маналітнай, і таму ніводная інтэрпрэтацыя нейкай рэлігіі не з'яўляецца самай аўтарытэтнай ці больш рэпрэзентатыўнай, чым іншыя інтэрпрэтацыі або іншыя рэлігіі, не кажучы ўжо пра перавагу над імі.

ВарыянтыGoto top

Калі вы праводзіце практыкаванне з некалькімі малымі групамі, будзе добра скончыць працу адначасова. Перад тым, як удзельнікі падзеляцца на групы, і да сустрэчы на агульным пасяджэнні папрасіце іх разгледзець наступныя пытанні і быць гатовымі выказацца па іх пазней:

  • Прывядзіце прыклады невуцтва і забабонаў пра рэлігійныя і нерэлігійныя традыцыі ў вашай краіне.
  • Што мы можам зрабіць, каб невуцтва і забабонаў стала менш?

Прапановы па далейшай працыGoto top

Калі вы выконваеце гэта практыкаванне ў монарэлігійнай групе, у вас будзе шмат магчымасцей для далейшага абмеркавання. Наведайце вэб-сайт http://www.religioustolerance.org і скапіруйце спіс рэлігій і нетэістычных рэлігій і этычных сістэм. Спытайце групу, што яны чулі і ведаюць пра іх.

Магчыма, вы захочаце паглыбіцца ў гісторыю развіцця розных перакананняў і прадставіць гэта ў графічным выглядзе. Азнаёмцеся з раздзелам «Варыянты» практыкавання «Храналогія правоў» .

Паўлу Фрэйрэ сказаў: «Вучыць значыць верыць у змены». Калі група захоча абмеркаваць, што такое адукацыя і наколькі яна адказвае ці не адказвае патрэбам людзей, то яе можа зацікавіць практыкаванне «Пачуць голас кожнага» .

Ідэі для дзеянняGoto top

У залежнасці ад умоў, у якіх вы і ўдзельнікі жывяце і працуеце, вам можа быць цікава наведаць рэлігійны ці грамадскі цэнтр іншай рэлігіі і пазнаёміцца з іх маладзёжнымі групамі, каб абмеркаваць магчымыя сумесныя дзеянні. Яны могуць уключаць:

  • Мерапрыемства ў Міжнародны дзень правоў чалавека (10 снежня)
  • Узаемныя запрашэнні з нагоды важных рэлігійных свят (урачыстасцей)
  • Сумесныя дзеянні на карысць бедных.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Артыкул 18 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека абвяшчае: «Кожны чалавек мае права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі; гэта права ўключае свабоду мяняць сваю рэлігію або перакананні і свабоду вызнаваць сваю рэлігію або перакананні як аднаасобна, так i разам з iншымi ў публiчным або прыватным парадку падчас богаслужэння, навучання і выканання рэлігійных і рытуальных абрадаў».

Для вырашэння задач гэтага практыкавання і каб ахапіць найбольшую колькасць сістэм перакананняў, мы выкарыстоўваем вызначэнне рэлігіі, якое прыводзіцца на вэб-сайце www.religioustolerance.org: «Рэлігія – гэта любая канкрэтная сістэма вераванняў у бажаство, якая часта ўключае рытуалы, кодэкс этыкі і філасофію жыцця». Тэрмін «рэлігія» адносіцца як да асабістай практыкі, якая тычыцца веры супольнасці і групавых рытуалаў, так і да агульнай сістэмы прадстаўленняў, якая вынікае з перакананняў, якіх прытрымліваецца чалавек. Альтэрнатывамі рэлігіі з'яўляюцца атэізм, скептыцызм, вальнадумства і гуманізм.
У гэтым практыкаванні мы засяроджваем сваю ўвагу на «свабодзе думкі, сумлення і рэлігіі», гэта значыць на праве прытрымлівацца рэлігіі або не прытрымлівацца яе ў залежнасці ад асабістага выбару. Таму мы выкарыстоўваем тэрмін «жыццёвая пазіцыя» ў якасці агульнага канцэпту, які ўключае ў сябе як рэлігіі, так і альтэрнатывы рэлігіі без якой-небудзь дыскрымінацыі на карысць адной з іх. Пад «жыццёвай пазіцыяй» мы маем на ўвазе сукупнасць ідэй, якія дапамагаюць нам зразумець свет і знайсці сэнс і каштоўнасць жыцця. Многія жыццёвыя пазіцыі носяць відавочна рэлігійны характар, напрыклад хрысціянства, індуізм і іслам. Некаторыя жыццёвыя пазіцыі з'яўляюцца нерэлігійнымі, такія як дыялектычны матэрыялізм Карла Маркса і яго паслядоўнікаў, аб'ектывізм Айн Рэнд і гуманізм. Іншыя жыццёвыя пазіцыі, напрыклад будызм і канфуцыянства, традыцыйна адносяцца да рэлігіі, але многія іх паслядоўнікі не згодны з такой класіфікацыяй і сцвярджаюць, што, паколькі іх перакананні не ўключаюць ідэю бажаства, будызм і канфуцыянства з'яўляюцца філасофіямі. Паняцце «жыццёвая пазіцыя» ахоплівае ўсё вышэйзгаданае.

Базавую, простую ў выкарыстанні інфармацыю аб асноўных канфесіях, якія існуюць ва ўсім свеце, можна знайсці на вэб-сайтах Аб’яднанай рэлігійнай ініцыятывы (www.uri.org) і Кансультантаў правінцыі Антарыа па пытаннях рэлігійнай талерантнасці (www.religioustolerance.org).

Гэта практыкаванне распрацавана на аснове практыкавання «Вернікі», якое змяшчаецца ў «Мазаіцы» - адукацыйным камплекце па Еўрапейска-Міжземнаморскай працы з моладдзю, апублікаваным у рамках партнёрства паміж Еўрапейскай камісіяй і Саветам Еўропы ў галіне працы з моладдзю.

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Карткі

У нас ёсць адмысловая цырымонія ініцыяцыі дзяцей у нашу жыццёвую пазіцыю.

У нас ёсць асаблівыя абрады і нормы пахавання.

Мужчыны і жанчыны маюць розныя функцыі і ролю ў нашай жыццёвай пазіцыі, напрыклад у асноўных цырымоніях.

Пэўны час у календары мы прысвячаем посту.

У імя маёй жыццёвай пазіцыі ўчыняліся або зараз учыняюцца злачынствы і дыскрымінацыя. 

Нас вучаць дапамагаць бедным.

У нас асаблівы погляд на гомасексуальнасць.

Мы носім сімвалы або адмысловую вопратку.

Наша жыццёвая пазіцыя прадугледжвае спецыфічныя маральныя нормы і запаведзі, якія тычацца шлюбу і сексуальнасці.

Мы прытрымліваемся асаблівых поглядаў на аборт.

Наша жыццёвая пазіцыя заснавана на святых кнігах або пісаннях.

Мы верым у каштоўнасць жыцця як найбольш важнае, што трэба захоўваць.

Наша жыццёвая пазіцыя вучыць талерантнасці да іншых рэлігій і канфесій.

Наша жыццёвая пазіцыя ў значнай меры сфарміравана прарокамі, якія прызнаюцца носьбітамі боскіх паведамленняў.

Мы верым у жыццё пасля смерці і ў судны дзень.

У нас ёсць важныя святы, якія лічацца нацыянальнымі ў нашых краінах.

Мы шануем мёртвых па меншай меры адзін раз у год і наведваем могілкі.

У нас ёсць свой уласны каляндар, які часта адрозніваецца ад грамадзянскага. Наш Новы год выпадае не на 1 студзеня.

Мы арганізуем школы і класы, дзе дзеці вывучаюць нашу жыццёвую пазіцыю.

Мы лічым, што жыццё ўключае не толькі матэрыяльныя рэчы, але і мае важнае духоўнае вымярэнне.

У нас ёсць уласныя гісторыі пра тое, як быў створаны свет.

У нас ёсць пэўныя ўяўленні аб тым, з кім уступаць ці не ўступаць у шлюб.

Наша жыццёвая пазіцыя ахоплівае не толькі духоўныя пытанні але і грамадскі ўклад.

Нас часта не разумеюць і нярэдка ўціскаюць.

Нам трэба маліцца некалькі разоў на дзень.

Адзін дзень у тыдзень нам нельга працаваць і трэба прысутнічаць на богаслужэнні.

Мы лічым, што ў нас ёсць асаблівыя адносіны з Богам.

Мы кантралюем уласнае жыццё.

Мы лічым, што сэнс і мэта жыцця ў пастаянным творчым пошуку.

У цэнтры нашай жыццёвай пазіцыі – любоў.

Наша жыццёвая пазіцыя дае этычную аснову і дакладна апісвае маральныя каштоўнасці.

Рытуалы, прадугледжаныя нашай жыццёвай пазіцыяй, дапамагаюць дасягнуць духоўнасці, пачуцця здзіўлення з таго, што мы з'яўляемся часткай чагосьці большага, чым мы самі.