Мэта гэтага гласарыя зводзіцца да таго, каб даць карыстальнікам «Компаса» кароткае вызначэнне або тлумачэнне асноўных паняццяў, канвенцый і тэрмінаў, якія выкарыстоўваюцца ў дапаможніку. Для атрымання больш падрабязнай інфармацыі чытачу варта звярнуцца да адпаведных раздзелаў даведачнай інфармацыі па тэмах у главе 5 і карыстацца Інтэрнэтам.

Агаворка: выключэнні, якія дзяржава робіць у дачыненні да дагавора, напрыклад да тых яго палажэнняў, якія яна не згодна выконваць. Пры гэтым агаворкі не могуць падрываць фундаментальнае значэнне самога дагавора.

Адстойванне інтарэсаў: публічная падтрымка або прапанаванне ідэі, паляпшэнне або спосаб рабіць нешта.

Алігархія: праўленне невялікай групы магутных людзей.

Амбудсмен: незалежная службовая асоба, якую звычайна назначае ўрад ці парламент і якой даручаецца расследаваць скаргі з боку асобных грамадзян. Слова «амбудсмен» паходзіць са старанарвежскай мовы і азначае «прадстаўнік».

Амерыканская канвенцыя аб правах чалавека: (Амерыканская канвенцыя); дагавор у галіне правоў чалавека, прыняты Арганізацыяй амерыканскіх дзяржаў (ААД) у 1969 годзе. Яго сфера дзеяння – Паўночная, Цэнтральная і Паўднёвая Амерыка.

Антысемітызм: страх, нянавісць, абурэнне, падазронасць, забабоны, дыскрымінацыя або несправядлівае абыходжанне з асобамі яўрэйскага паходжання або з тымі, хто вызнае іўдаізм. Сучасныя формы антысемітызму ўключаюць адмаўленне халакосту.

Апартэід: бесчалавечныя акты забойстваў, згвалтаванняў, катаванняў, звароту ў рабства ці іншыя злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя ў кантэксце інстытуцыялізаванага рэжыму сістэматычнага падаўлення і дамінавання адной расавай групы ў дачыненні да іншай расавай групы або груп і з намерам захаваць такі рэжым.

Арабская хартыя правоў чалавека: прынята Саветам Лігі арабскіх дзяржаў 22 мая 2004 года. Яна сцвярджае прынцыпы, выкладзеныя ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, у міжнародных пактах аб правах чалавека і Каірскай дэкларацыі аб правах чалавека ў ісламе.

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый: міжнародная міждзяржаўная арганізацыя (МДА), заснаваная ў 1945 годзе пасля Другой сусветнай вайны з мэтай падтрымання міжнароднага міру і бяспекі, развіцця дружалюбных адносін паміж дзяржавамі і садзейнічання сацыяльнаму прагрэсу, павышэнню ўзроўню жыцця і ўмацаванню правоў чалавека.

Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ): міжурадавая арганізацыя ў галіне бяспекі, членамі якой з'яўляюцца практычна ўсе краіны Еўропы і Цэнтральнай Азіі, ЗША і Канады. Паўнамоцтвы АБСЕ распаўсюджваюцца на такія пытанні, як кантроль над узбраеннямі, правы чалавека, свабода прэсы і сумленныя выбары.

Аб’яднанне: арганізацыя, сфарміраваная групай людзей з мэтай дасягнення пэўнай задачы. Такія арганізацыі могуць называцца добраахвотнымі арганізацыямі, добраахвотнымі аб’яднаннямі і аб'яднаннямі без правоў юрыдычнай асобы. Няўрадавыя грамадскія арганізацыі (НГА) – гэта аб’яднанні. Аб’яднанні ўтвараюць аснову таго, што называюць «грамадзянскай супольнасцю».

Асоба, якая шукае прытулак: чалавек, які імкнецца атрымаць міжнародную абарону і па заяве якога аб набыцці афіцыйнага статусу бежанца яшчэ не было вынесена рашэння.

Аўтакратыя: праўленне адной асобы або невялікай групы, якая мае неабмежаваную ўладу або паўнамоцтвы, або ўлада ці паўнамоцтвы такой асобы або групы.

Афрыканская хартыя правоў чалавека і народаў: (Афрыканская хартыя, якую часам называюць таксама Банжульскай хартыяй); рэгіянальны дагавор у галіне правоў чалавека для афрыканскага кантынента, прыняты Арганізацыяй афрыканскага адзінства (ААА) у 1981 годзе.

Ацэнка: структураваная размова паміж фасілітатарамі і ўдзельнікамі з мэтай даць апошнім магчымасць прааналізаваць і ацаніць усё, чаму яны навучыліся падчас дзейнасці на аснове вопыту і ўдзелу. У гэтым працэсе ўдзельнікі аналізуюць, як гэта навучанне звязана з тым, што яны ўжо ведалі, і як яны могуць выкарыстоўваць атрыманыя веды ў будучыні.

Бежанец: асоба, якая па прычыне абгрунтаванага страху праследавання па прыкмеце расы, рэлігіі, нацыянальнасці, прыналежнасці да канкрэтнай сацыяльнай групы або з-за палітычных меркаванняў знаходзіцца за межамі краіны свайго грамадзянства і не можа ці па прычыне такога страху не жадае карыстацца абаронай гэтай краіны. Тэрмін таксама выкарыстоўваецца ў больш агульным плане для апісання асобы, якая аказалася ў сітуацыі, падобнай да той, у якой знаходзяцца бежанцы, напрыклад, асобы, якая шукае прытулак.

Біль аб правах: заява ў канстытуцыі аб правах чалавека ці аб грамадзянскіх правах, у якой пералічваюцца формы абароны ад умяшальніцтва з боку ўрадаў. Гл. таксама «Міжнародны біль аб правах чалавека».

Ваенныя злачынствы: злачынствы, учыненыя падчас канфлікту, унутранага цi мiжнароднага, якія звязаны з сур'ёзным парушэннем гуманітарнага права або іншых законаў, якія адносяцца да ўзброеных канфліктаў. Гаагскія канвенцыі 1899 і 1907 гадоў, разам з Жэнеўскай канвенцыяй 1949 года, адносяцца да першых афіцыйных міжнародных прававых актаў, якія прысвечаны вайне і ваенным злачынствам, а таксама гуманнаму абыходжанню з ахвярамі вайны.

Выключэнне: дэкларацыя дзяржавы – удзельніцы дагавора, якая дазваляе гэтай дзяржаве прыпыніць ці абмежаваць некаторыя правы, напрыклад, падчас вайны. Некаторыя правы ніколі не могуць быць прадметам выключэнняў, напрыклад права на свабоду ад катаванняў.

Вярхоўны камісар па правах чалавека: асноўная службовая асоба ААН па правах чалавека. Вярхоўны камісар узначальвае Бюро вярхоўнага камісара па правах чалавека, якое было створана для падтрымкі механізмаў ААН у галіне правоў чалавека. (Не блытаць з Камісарам па правах чалавека – органам Савета Еўропы.)

Вяршэнства права: ні адна асоба, ці то службовая асоба, ці то кароль ці прэзідэнт, не стаіць вышэй за закон. Аднолькавыя законы прымяняюцца да тых, хто кіруе, і да тых, кім кіруюць.

Генацыд: сістэматычнае забойства з намерам знішчыць, цалкам ці часткова, групу асоб з-за іх нацыянальнасці, расавай, этнічнай ці рэлігійнай прыналежнасці. Таксама нанясенне сур'ёзнай фізічнай або псіхалагічнай шкоды і гвалтоўнае перамяшчэнне дзяцей з гэтай групы ў іншую групу.

Гендар: сацыяльная канцэпцыя, якая вызначае ролі, перакананні, каштоўнасці і ўзаемаадносіны паміж жанчынамі і мужчынамі. Калі палавая прыналежнасць вызначаецца біялогіяй, г. зн. біялагічнымі адрозненнямі паміж мужчынамі і жанчынамі, то гендар вызначаецца грамадствам; амаль заўсёды служыць мэтам падпарадкавання жанчын мужчынам.

Глабалізацыя: як правіла, гэты тэрмін апісвае працэс усё большай узаемазалежнасці і абмену паміж нацыямі, перш за ўсё ў эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сферах. Гэты тэрмін выкарыстоўваецца таксама для абазначэння асаблівай формы міжнароднай інтэграцыі, накіраванай на служэнне інтарэсам прыватнай улады, карпарацый-вытворцаў і фінансавых устаноў, цесна звязаных з магутнымі дзяржавамі.

Грамадзянская супольнасць: адносіцца ў сукупнасці да добраахвотных грамадзянскіх і грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў і ўстаноў, напрыклад, зарэгістраваных дабрачынных фондаў, недзяржаўных арганізацый, грамадскіх груп, жаночых арганізацый, канфесійных арганізацый, прафесійных аб'яднанняў, прафсаюзаў, груп самадапамогі і груп падтрымкі, якія ўтвараюць аснову дзеючага дэмакратычнага грамадства. Грамадзянская супольнасць разглядаецца як асобная ад дзяржаўных і камерцыйных арганізацый на рынку.

Грамадзянскія правы: (часам вядомыя як грамадзянскія свабоды); катэгорыя правоў і свабод, якія абараняюць асоб ад неабгрунтаваных дзеянняў з боку дзяржаўных органаў і забяспечваюць ім магчымасць удзельнічаць у грамадзянскім жыцці дзяржавы без дыскрымінацыі або судовага праследавання.

Грамадзянства: a) юрыдычныя адносіны паміж асобай і дзяржавай, у выніку якіх узнікаюць узаемныя правы і абавязкі, або b) тэрмін, які выкарыстоўваецца для апісання агульных узаемаадносін паміж асобамі і дзяржавай, да якой яны «адносяцца», уключаючы чаканыя формы паводзін і пазіцый.

Гуманітарнае права: звод правоў, заснаваных у асноўным на Жэнеўскіх канвенцыях, які абараняе некаторых асоб падчас узброенага канфлікту, дапамагае ахвярам і абмяжоўвае метады і сродкі вядзення ўзброеных дзеянняў для таго, каб звесці да мінімуму разбурэнні, колькасць ахвяр і празмерныя чалавечыя пакуты.

Дагавор: (выкарыстоўваецца як сінонім тэрмінаў «канвенцыя» і «пакт»); афіцыйнае пагадненне паміж нацыянальнымі дзяржавамі, якое вызначае і змяняе іх узаемныя абавязацельствы. Калі дзяржава ратыфікуе прыняты дагавор, артыкулы гэтага дагавора становяцца часткай яго ўнутраных юрыдычных абавязацельстваў.

Далучэнне: замяняе традыцыйны двухэтапны працэс падпісання і ратыфікацыі дагавора, які ўжо дзейнічае. Дзяржава, якая далучаецца да дагавора, становіцца неадкладна звязанай ім. Прыкладам практычнага прымянення ідэі далучэння з'яўляецца пытанне неабходнасці далучэння Еўрапейскага саюза да ЕКПЧ.

Дзяржавы-ўдзельніцы: краіны, якія з'яўляюцца членамі міжурадавых арганізацый (напрыклад, Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, Савета Еўропы).

Дзяржаўны суверэнітэт: ідэя, згодна з якой урад валодае вышэйшым юрыдычным правам вызначаць тое, што робіцца ў рамках яго юрысдыкцыі. Міжнародныя дакументы ў галіне правоў чалавека вызначаюць пэўныя абмежаванні на суверэнітэт, таксама як і членства ў такіх міжнародных арганізацыях, як Еўрапейскі саюз.

Дыскрымінацыя: любое размежаванне, адчужэнне або абмежаванне пераваг на падставе такіх прыкмет, як расавая прыналежнасць, культура, этнічнае паходжанне, нацыянальнасць, сексуальная арыентацыя, рэлігія, фізічная інваліднасць ці іншыя характарыстыкі, не звязаныя з канкрэтнай сітуацыяй.

Дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці: дыскрымінацыйная, абразлівая практыка або практыка прыніжэння правоў іншых, звязаная з перакананасцю ў тым, што людзі з інваліднасцю горшыя за іншых.

Дэкларацыя: дакумент, у якім абвяшчаюцца ўзгодненыя прынцыпы і стандарты, але які пры гэтым не з'яўляецца юрыдычна абавязвальным. На канферэнцыях ААН, напрыклад Канферэнцыі ААН па правах чалавека ў Вене ў 1993 годзе і Сусветнай канферэнцыі па пытаннях становішча жанчын у Пекіне ў 1995 годзе, як правіла, рыхтуецца два тыпы дэкларацый: адна, складзеныя прадстаўнікамі ўрадаў, і адна з боку няўрадавых грамадскіх арганізацый (НГА). На Генеральнай Асамблеі ААН часта прымаюцца важныя дэкларацыі, якія пры гэтым не маюць юрыдычна абавязвальнай сілы.

Дэкларацыя аб правах дзіцяці: была прынята Генеральнай Асамблеяй ААН у 1959 годзе. У гэтым неабавязвальным дакуменце выкладаюцца дзесяць агульных прынцыпаў, якія пазней ляглі ў аснову Канвенцыі аб правах дзіцяці (КПД), прынятай у 1989 годзе.

Дэмакратыя: такая форма кіравання, пры якой паўнамоцтвы па кіраванні зыходзяць ад народа праз правядзенне прамога рэферэндуму або праз прадстаўнікоў, выбраных людзьмі, якія маюць права ўдзельнічаць у галасаванні.

Еўрапейскі камітэт па сацыяльных правах: орган, адказны за правядзенне маніторынгу выканання дзяржавамі Еўрапейскай сацыяльнай хартыі. Камітэт складаецца з 15 незалежных і непрадузятых экспертаў, якія праводзяць рэгулярныя сустрэчы для разгляду дакладаў дзяржаў – членаў Сацыяльнай хартыі.

Еўрапейская канвенцыя аб абароне ад катаванняў або зневажальнага годнасць абыходжання або пакарання: рэгіянальны дагавор у галіне абароны правоў чалавека, прыняты ў 1987 годзе Саветам Еўропы, мэтай якога з'яўляецца прадухіленне розных парушэнняў у дачыненні да правоў людзей, якiя ўтрымлiваюцца дзяржаўнымі органамі пад вартай у такіх месцах, як турмы, цэнтры для непаўналетніх правапарушальнікаў, паліцэйскія ўчасткі, лагеры бежанцаў або псіхіятрычныя бальніцы.

Еўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод (ЕКПЧ): (Еўрапейская канвенцыя, Еўрапейская канвенцыя аб правах чалавека) – рэгіянальны дагавор аб абароне правоў чалавека, прыняты ў 1950 годзе Саветам Еўропы. Усе дзяржавы – удзельніцы Савета Еўропы з'яўляюцца бакамі ў ЕКПЧ, а ад новых членаў чакаецца, што яны ратыфікуюць гэту Канвенцыю як мага хутчэй.

Еўрапейская культурная канвенцыя: (прынята Саветам Еўропы ў 1954 годзе; уступіла ў сілу ў 1955 годзе); рэгіянальны дагавор, які забяспечвае афіцыйныя рамкі для работы Савета Еўропы ў галіне адукацыі, культуры, спадчыны, моладзі і спорту. Культурная канвенцыя, якая з'яўляецца дадаткам да Еўрапейскай канвенцыі, накіравана на падтрыманне еўрапейскай культуры і развіццё ўзаемаразумення і павагі культурнай разнастайнасці паміж рознымі народамі Еўропы.

Еўрапейская сацыяльная хартыя: (прынята Саветам Еўропы ў 1962 годзе, перагледжана ў 1996 годзе); рэгіянальны дагавор, які гарантуе сацыяльныя і эканамічныя правы чалавека; яна дапаўняе Еўрапейскую канвенцыю, якая ў асноўным тычыцца грамадзянскіх і палітычных правоў.

Еўрапейскі парламент: парламенцкі орган Еўрапейскага саюза, які выбіраецца напрамую. Парламент засядае ў двух месцах: у Страсбургу і ў Бруселі. У Еўрапейскім парламенце 736 дэпутатаў.

Еўрапейскі саюз (ЕС): эканамічны і палітычны саюз дзяржаў-членаў, размешчаны ў Еўропе, дзейнасць якога накіравана на рэгіянальную інтэграцыю і сацыяльнае супрацоўніцтва. Еўрапейскі саюз быў створаны на падставе Маастрыхцкага дагавора ў 1993 годзе.

Еўрапейскі суд па правах чалавека: гэты наднацыянальны суд, размешчаны ў Страсбургу, быў створаны на падставе Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і прадугледжвае магчымасць юрыдычнага абскарджання ў апошняй інстанцыі для асоб, якія мяркуюць, што іх правы чалавека былі парушаны ўдзельнікам Канвенцыі.

Еўрапейскі суд правасуддзя Еўрапейскіх супольнасцей: (часта згадваецца проста як «Суд»); створаны ў 1952 годзе. Задача Суда, размешчанага ў Люксембургу, заключаецца ў тым, каб забяспечваць тлумачэнне і прымяненне заканадаўства ЕС аднолькава ва ўсіх краінах ЕС, каб гэта заканадаўства было роўным для ўсіх. Ён сочыць за тым, напрыклад, каб нацыянальныя суды не выносілі розных пастаноў па адным і тым жа пытанні.

Жыццёвая пазіцыя: набор ідэй, якія дапамагаюць зразумець свет і знайсці сэнс і каштоўнасць жыцця; агульнае абазначэнне, якое ахоплівае як рэлігійныя, так і альтэрнатыўныя погляды без дыскрымінацыі ў дачыненні да той ці іншай пазіцыі.

Жэнеўскія канвенцыі: чатыры дагаворы, прынятыя ў 1949 годзе пад эгідай Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа (МКЧК) у Жэневе, Швейцарыя. У іх вызначаюцца правілы, якія прымяняюцца пры ўзброеным канфлікце, у прыватнасці, адносна абыходжання з хворымі і раненымі салдатамі, маракамі і пілотамі, ваеннапалоннымі і грамадзянскімі асобамі, якія знаходзяцца пад кантролем ворага.

Звычайнае міжнароднае права: практыка, якая прызнаецца заканадаўствам на аснове звычаяў і традыцый. Каб стаць звычайным міжнародным правам, такая практыка павінна ўключаць два аспекты: аднастайна і паслядоўна прымяняцца дзяржавай доўгі час, а таксама атрымаць прызнанне ў якасці абавязковай (opinio juris). Гэта важная і карысная крыніца міжнароднага права, таму што звязвае ўсе дзяржавы ў незалежнасці ад таго, ці ўзгаднілі яны дагавор.

Здольнасці, якія развіваюцца: прынцып, які выкарыстоўваецца ў Канвенцыі аб правах дзіцяці (КПД), які рэкамендуе больш шырока рэалізоўваць правы дзіцяці з улікам развіцця яго кагнітыўнай і эмацыянальнай сталасці.

Злачынствы супраць міру: у міжнародным праве мае наступныя значэнні: (i) планаванне, падрыхтоўка, ініцыяцыя або вядзенне захопніцкай вайны або вайны ў парушэнне міжнародных дагавораў, пагадненняў або дамоўленасцей; (ii) удзел у агульным плане або змове для здзяйснення якіх-небудзь актаў, згаданых у пункце (i). Вядомы таксама як Нюрнбергскія прынцыпы.

Злачынствы супраць чалавечнасці: шырока распаўсюджаныя або сістэматычныя акты гвалту, накіраваныя супраць любога грамадзянскага насельніцтва. Напрыклад, забойствы; знішчэнне; зварот у рабства; катаванне; згвалтаванне; сексуальнае рабства; гвалтоўная цяжарнасць; праследаванне якой-небудзь групы па такіх прыкметах, як, сярод іншага, раса, этнічнае паходжанне, гендар; гвалтоўнае знікненне людзей; злачынства апартэіду і іншыя акты жорсткасці аналагічнага характару, якія ўключаюць наўмыснае прычыненне вялікіх пакут або сур'ёзных траўм ці шкоды псіхічнаму або фізічнаму здароўю.

Знікненне: тэрмін, які выкарыстоўваецца, калі людзі знікаюць таму, што былі забіты або таемна ўзяты пад варту ўрадам ці іншымі арганізацыямі. Людзі знікаюць з-за сваіх палітычных поглядаў ці дзейнасці, накіраванай супраць несправядлівага рэжыму ці дактрыны арганізацый.

Інструменты: любы афіцыйны пісьмовы дакумент дзяржавы ці дзяржаў, у якім правы падаюцца як неабавязвальныя прынцыпы (дэкларацыя) або кадыфікуюцца правы, якія з'яўляюцца юрыдычна абавязвальнымі ў дачыненні да тых дзяржаў, якія іх ратыфікавалі (пакт, дагавор або канвенцыя). Інструменты могуць быць нацыянальнымі ці міжнароднымі.

Інфармальная адукацыя: працэс, які адбываецца на працягу ўсяго жыцця і падчас якога кожны чалавек набывае перакананні, каштоўнасці, навыкі і веды са штодзённага вопыту і дзякуючы ўплыву адукацыі і ўласнага асяроддзя (сям'і, групы аднагодкаў, суседзяў, рынку, бібліятэк, СМІ, працы, гульняў і г. д.).

Кадыфікацыя, кадыфікаваць: працэс афіцыйнага афармлення закону або правоў у пісьмовых інструментах.

Калектыўныя правы: правы груп на абарону сваіх інтарэсаў і ідэнтычнасці; часам іх называюць «правамі трэцяга пакалення». Гэтыя правы існуюць у дадатак да індывідуальных правоў.

Камісар па правах чалавека: незалежны орган у рамках Савета Еўропы, які мае паўнамоцтвы садзейнічаць інфармаванасці аб правах чалавека і іх выкананню ў дзяржавах – удзельніцах Савета Еўропы. Гл. таксама «Вярхоўны камісар па правах чалавека».

Камісія па правах чалавека: орган ААН, у цяперашні час яго замяніў Савет па правах чалавека.

Камітэт па правах чалавека: орган ААН, які складаецца з 18 экспертаў, якія збіраюцца тры разы на год, каб разгледзець пяцігадовыя даклады, прадстаўленыя 162 дзяржавамі – удзельніцамі ААН аб выкананні імі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП).

Кампетэнцыя: здольнасць выконваць працу або задачы. У адносінах да абароны правоў чалавека – веды і разуменне, неабходныя моладзі для больш глыбокага разумення пытанняў правоў чалавека, а таксама навыкі, перакананні і каштоўнасці, неабходныя для абароны правоў чалавека.

Канвенцыя: абавязковая да выканання дамова паміж дзяржавамі; выкарыстоўваецца як сінонім тэрмінаў «дагавор» і «пакт». Канвенцыя мае большую моц, чым дэкларацыя, паколькі яна з'яўляецца юрыдычна абавязвальным дакументам для тых урадаў, якія яе ратыфікавалі.

Канстытуцыя: звод законаў, на падставе якіх ажыццяўляецца кіраванне краінай або арганізацыяй. У большасці краін канстытуцыя з'яўляецца пісьмовай і ўяўляе сабой узгоднены вышэйшы закон краіны; у ёй выкладаюцца асновы дзяржавы і яе палітычнай сістэмы. Лічыцца, што ў чатырох краінах пісьмовай канстытуцыі не існуе; у іх заканадаўства развіваецца праз судовыя пастановы і прэцэдэнты.

Карэнныя народы: вызначаюцца праз сваё стаўленне да зямлі, а таксама праз неад'емныя характарыстыкі, якія ў іх могуць быць. Яны пацярпелі ад каланізацыі, заўсёды з'яўляюцца ізаляванымі ў сваіх дзяржавах і часта арганізаваны па племянной прыкмеце. Многія карэнныя народы імкнуцца да прызнання сваіх правоў як асобных народаў, уключаючы права на самавызначэнне, а таксама права на ажыццяўленне кантролю над развіццём сваіх супольнасцей. Дэкларацыя ААН аб правах карэнных народаў, 2007 год.

Кіраванне канфліктам: дзеянні, якія прымаюцца з галоўнай мэтай прадухілення вертыкальнай (узмацненне гвалту) або гарызантальнай (тэрытарыяльнае распаўсюджванне) эскалацыі існуючых канфліктаў з прымяненнем гвалту.

Комплексны гендарны падыход: усеагульна прынятая стратэгія для прасоўвання гендарнай роўнасці. Гэта не з'яўляецца мэтай само па сабе, а хутчэй сродкам для дасягнення мэт гендарнай роўнасці праз забеспячэнне таго, каб гендарныя падыходы і ўвага да мэт гендарнай роўнасці былі ў цэнтры ўсёй дзейнасці, уключаючы распрацоўку палітык, размеркаванне рэсурсаў і планаванне, рэалізацыю і маніторынг праграм і праектаў.

Ксенафобія: (ірацыянальны) страх перад чужаземцамі, людзьмі з іншых краін або ў цэлым перад рэчамі замежнага паходжання. Ксенафобія можа прыводзіць да дыскрымінацыі, расізму, гвалту і нават да ўзброенага канфлікту з чужаземцамі.

Культура: шырокі звод калектыўных пазіцый, каштоўнасцей, мэт і практык, часта заснаваных на гістарычных традыцыях, агульных для пэўнай структуры, арганізацыі ці групы. 

Культурныя правы: права на захаванне ўласнай культурнай ідэнтычнасці і развіццё.

ЛГБТ: скарачэнне для абазначэння лесбіянак, гомасексуалістаў, бісексуалаў і трансгендараў.

Маральныя правы: правы, якія вынікаюць з агульных этычных прынцыпаў, такіх як справядлівасць і правасуддзе.

Меншасць: любая этнічная, моўная або рэлігійная група ў дзяржаве, якая не займае дамінуючай пазіцыі і складаецца з асоб, у якіх развіта пачуццё прыналежнасці да гэтай групы і намер захоўваць і развіваць сваю ідэнтычнасць.

Мігрант: тэрмін, які шырока выкарыстоўваецца ў працы Еўрапейскага камітэта па міграцыі для абазначэння, у залежнасці ад кантэксту, эмігрантаў, мігрантаў, якія вяртаюцца, імігрантаў, бежанцаў, перамешчаных асоб, асоб імігранцкага паходжання і (або) прадстаўнікоў этнічных меншасцей, якія былі ўтвораны ў выніку іміграцыі.

Міжкультурны: тэрмін адносіцца да ўзаемазалежнасці і ўзаемадзеяння паміж рознымі моўнымі і этнічнымі супольнасцямі. Міжкультурны падыход сцвярджае, што рэальнасць з'яўляецца плюралістычнай, комплекснай і дынамічнай і што такое ўзаемадзеянне з'яўляецца неад'емнай часткай усяго жыцця і культуры.

Міжнародная арганізацыя працы (МАП): створана ў 1919 годзе. Трохбаковая ўстанова ААН, якая аб'ядноўвае ўрад, працадаўцаў і працаўнікоў у дзяржавах-удзельніцах для садзейнічання належным умовам працы з павагай да чалавечай вартасці ва ўсім свеце.

Міжнародны біль аб правах чалавека: неафіцыйная назва, якая ахоплівае Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека (УДПЧ), Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) і Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (МПЭСКП), а таксама Факультатыўныя пратаколы да іх.

Міжнародны крымінальны суд (МКС): пастаянны трыбунал, створаны ў 2002 годзе і размешчаны ў Гаазе, Нідэрланды, для праследавання асоб за здзяйсненне актаў генацыду, злачынстваў супраць чалавечнасці, ваенных злачынстваў і злачынстваў у форме агрэсіі. (МКС не варта блытаць з Міжнародным Судом).

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП): (прыняты ў 1966 годзе і ўступіў у сілу ў 1976 годзе); адзін з асноўных міжнародных дагавораў у галіне правоў чалавека; у МПГПП заяўляецца, што ўсе людзі валодаюць шырокім спектрам грамадзянскіх і культурных правоў, а таксама вызначаюцца спосабы кантролю за іх выкананнем у дзяржавах-удзельніцах.

Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (МПЭСКП): (прыняты ў 1966 годзе і ўступіў у сілу ў 1976 годзе); адзін з асноўных міжнародных дагавораў у галіне правоў чалавека; у МПЭСКП заяўляецца, што ўсе людзі валодаюць шырокім спектрам эканамічных, сацыяльных і культурных правоў.

Міжнародны Суд (МС): (Сусветны суд); асноўны судовы орган Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Ён размешчаны ў Гаазе, Нідэрланды, і яго галоўная задача – вырашаць юрыдычныя спрэчкі, з якімі да яго звяртаюцца дзяржавы, і выдаваць кансультацыйныя заключэнні па юрыдычных пытаннях, прадстаўленых яму належным чынам упаўнаважанымі міжнароднымі органамі, установамі і Генеральнай Асамблеяй ААН. (МС не варта блытаць з Міжнародным крымінальным судом).

Міждзяржаўныя арганізацыі (МДА): арганізацыі, якія фінансуюцца некалькімі ўрадамі з мэтай каардынацыі намаганняў. ААН з'яўляецца міжнароднай МДА. Некаторыя МДА з'яўляюцца рэгіянальнымі, напрыклад Савет Еўропы, Арганізацыя афрыканскага адзінства, некаторыя – альянсамі, напрыклад Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавора (НАТА), а некаторыя займаюцца вырашэннем канкрэтных задач, напрыклад Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ).

Міратворчасць: (у тым ліку міратворчасць на этапе пасля канфлікту); дзеянні, што прымаюцца ў сярэдне- і доўгатэрміновым плане для пераадолення глыбінных прычын канфліктаў з прымяненнем гвалту.

Маладзёжны ўдзел: гл. «Удзел».

Мультыкультурны: людзі розных культур, якія пражываюць сумесна ў супольнасці, узаемадзейнічаюць у рознай ступені, але ў той жа час захоўваюць свае адметныя рысы.

Навык: здольнасць добра ажыццяўляць дзейнасць або выконваць працу, перш за ўсё дзякуючы вопыту. Здольнасць абараняць правы чалавека ўключае, напрыклад, навыкі камунікатыўных зносін, рэгуляванне праблем, творчае мышленне, уменне весці перамовы і працаваць у камандзе.

Натуральныя правы: правы, якія належаць людзям проста таму, што яны людзі. Іх таксама называюць неад'емнымі правамі; яны лічацца відавочнымі і ўніверсальнымі правамі, якія не залежаць ад законаў, традыцый ці вераванняў асобнай культуры ці ўрада.

Неадчужальны: тэрмін адносіцца да правоў, якія належаць кожнаму чалавеку і не могуць быць адабраныя ў яго ні пры якіх абставінах.

Неанацызм: тэрмін апісвае ўзнікшыя пасля Другой сусветнай вайны ўльтраправыя палітычныя ці сацыяльныя рухі і ідэалогіі, якія імкнуцца адрадзіць нацызм або іншыя яго формы, заснаваныя на расавым або этнічным нацыяналізме.

Непадзельны: тэрмін апісвае важнасць адносін да ўсіх правоў чалавека як да часткі непадзельнага і непарыўнага цэлага. Чалавеку нельга адмовіць у канкрэтным праве чалавека на падставе таго, што яно «менш важнае», чым іншыя, ці «не з'яўляецца галоўным».

Нерэгулярная міграцыя: тэрмін, які большасць даследчыкаў у галіне міграцыі выкарыстоўвае замест тэрмінаў «нелегальная», «незадакументаваная» або «недазволеная» міграцыя для таго, каб падкрэсліць, што ні адзін чалавек не з'яўляецца нелегальным сам па сабе.

Няўрадавыя грамадскія арганізацыі (НГА): арганізацыі, створаныя незалежна ад урада, як правіла, з мэтай лабіравання, заняцця дабрачыннай або актывісцкай дзейнасцю. Некаторыя з'яўляюцца маштабнымі і міжнароднымі, напрыклад Чырвоны Крыж, Amnesty International, рух скаўтаў, Human Rights Watch, Еўрапейскі маладзёжны форум. Іншыя могуць быць невялікімі і мясцовымі, напрыклад арганізацыя па падтрымцы асоб з інваліднасцю ў асобным горадзе; кааліцыя па прасоўванні правоў жанчын у канкрэтным лагеры бежанцаў. Са спісам НГА у вашай краіне можна азнаёміцца ў базе даных Савета Еўропы: http://ngo-coe.org.

Нефармальная адукацыя: любая запланаваная праграма адукацыі па-за рамкамі фармальнай адукацыі, накіраваная на пашырэнне набору навыкаў і кампетэнцый, напрыклад, праца з моладдзю. Нефармальную адукацыю таксама называюць нефармальным навучаннем.

Аналіз: структураваная размова паміж фасілітатарамі і ўдзельнікамі, накіраваная на тое, каб правесці агляд дзейнасці на аснове вопыту і ўдзелу; абмеркаванне таго, што мела месца і як адчувалі сябе пры гэтым удзельнікі. Мэта заключаецца ў тым, каб дапамагчы ўдзельнікам растлумачыць свае думкі і пачуцці ў бяспечных умовах.

Падпісанне: падпісанне дагавора з'яўляецца першым крокам для таго, каб стаць бокам у дагаворы, што заўсёды азначае крок у напрамку ратыфікацыі. Падпісваючы дагавор, дзяржава выказвае свой намер у будучыні прыняць усе абавязацельствы, якія вынікаюць з яго, і ўстрымлівацца ад чаго-небудзь, што супярэчыла б гэтым абавязацельствам.

Падсправаздачнасць: працэс, які патрабуе ад урада паказаць, растлумачыць і абгрунтаваць выкананне сваіх абавязацельстваў перад народам.

Пакт: абавязковая да выканання дамова паміж дзяржавамі; выкарыстоўваецца як сінонім тэрмінаў «канвенцыя» і «дагавор». Асноўнымі міжнароднымі пактамі ў галіне правоў чалавека з'яўляюцца Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) і Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (МПЭСКП), абодва прынятыя ў 1966 годзе.

Палітычныя правы: права асоб прымаць удзел у палітычным жыцці сваёй супольнасці і грамадства, напрыклад шляхам галасавання за ўрад.

Папярэджанне канфлікту: дзеянні, якія прымаюцца на працягу кароткага часу для зніжэння відавочнай напружанасці і (або) для папярэджання ўзнікнення або паўтарэння канфлікту з прымяненнем гвалту.

Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ): размешчана ў Страсбургу; ПАСЕ праводзіць свае пасяджэнні чатыры разы на год для абмеркавання актуальных пытанняў і звароту да еўрапейскіх урадаў аб ажыццяўленні ініцыятыў і зваротнай справаздачнасці. 318 прадстаўнікоў прызначаюцца з ліку членаў нацыянальных парламентаў 47 дзяржаў – членаў Савета Еўропы.

Пасрэдніцтва: працэс, падчас якога трэцяя асоба дапамагае бакам у спрэчцы ўрэгуляваць свае разыходжанні шляхам абмеркавання пытання для таго, каб знайсці агульную пазіцыю, з якой будуць згодны абодва гэтыя бакі.

Пашырэнне правоў і магчымасцей: павелічэнне духоўнай, палітычнай, сацыяльнай ці эканамічнай сілы асоб і супольнасцей. Тэрмін выкарыстоўваецца ў дачыненні да намаганняў па забеспячэнні для ізаляваных асоб або груп магчымасцей заявіць пра свае правы на ўсебаковы ўдзел у жыцці грамадства на аснове, напрыклад, заканадаўства, станоўчага дзеяння і навучання.

Перамовы: працэс, падчас якога бакі спрэчкі размаўляюць адзін з адным для таго, каб вырашыць сваю праблему.

Плутакратыя: сістэма праўлення, пры якой кіруюць ці маюць уладу найбольш багатыя людзі краіны.

Пол: біялагічныя адрозненні паміж мужчынамі і жанчынамі, якія маюць універсальны характар і не змяняюцца. Пол адрозніваецца ад гендара, які адносіцца да сацыяльных характарыстык, якія чалавек набывае або вывучвае падчас сацыялізацыі ў якасці члена пэўнай супольнасці.

Права на развіццё: права груп расці ў культурным, палітычным і эканамічным плане такім чынам, каб іх правы чалавека і асноўныя свабоды былі рэалізаваны ў поўнай і прагрэсіўнай меры. Дэкларацыя ААН аб праве на развіццё 1986 года.

Правы другога пакалення: правы, якія адлюстроўваліся ў публічных заявах у пачатку ХХ стагоддзя і ў асноўным уключалі эканамічныя, сацыяльныя і культурныя правы, такія як належны ўзровень жыцця, аховы здароўя, жылля і адукацыі. Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах у асноўным кадыфікуе менавіта гэтыя правы. Паколькі гэты тэрмін прадугледжвае вяршэнства грамадзянскіх і палітычных правоў над эканамічнымі і сацыяльнымі правамі, то ён паступова выходзіць з ужывання.

Правы першага пакалення: правы, якія ў цэлым былі прызнаны як правы чалавека ў XVII–XVIII стагоддзях. Яны ўключаюць усе грамадзянскія і палітычныя правы чалавека, такія як права на ўдзел у галасаванні, права на жыццё і свабоду, а таксама свабоду выказвання меркавання, рэлігіі і сходаў. У асноўным гэтыя правы замацаваны ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). Паколькі гэты тэрмін прадугледжвае вяршэнства грамадзянскіх і палітычных правоў над правамі другога пакалення, г. зн. эканамічнымі і сацыяльнымі правамі, то ён паступова выходзіць з ужывання.

Правы трэцяга пакалення: правы, якія нельга адназначна кваліфікаваць як грамадска-палітычныя ці як сацыяльна-эканамічныя; якія з'явіліся ў другой палове ХХ стагоддзя. Яны ўключаюць права на здаровае навакольнае асяроддзе, права на мір, права на развіццё і права на прыродныя рэсурсы. Гл. таксама «Калектыўныя правы».

Правы чалавека: правы, якія належаць усім людзям ва ўсім свеце. Правы чалавека з'яўляюцца непадзельнымі, неадчужальнымі і ўсеагульнымі і паважаюць роўнасць і годнасць кожнага чалавека.

Прафсаюз: аб'яднанне працоўных пэўнай прафесіі або рамёстваў, якое абараняе агульныя інтарэсы працоўных, напрыклад, у дачыненні да паляпшэння ўмоў працы. Права на стварэнне прафсаюза або ўступленне ў яго, а таксама права на правядзенне калектыўных перамоў у дачыненні да зарплат з'яўляюцца шырока прызнанымі правамі чалавека.

Рабства: практыка, заснаваная на адносінах улады і падпарадкавання, у сілу чаго адзін чалавек валодае іншым і можа прымушаць яго працаваць ці аказваць іншыя паслугі на яго карысць. Сучасныя формы рабства ўключаюць гандаль дзецьмі, дзіцячую прастытуцыю, эксплуатацыю дзіцячай працы, выкарыстанне дзяцей ва ўзброеных канфліктах, даўгавую кабалу, гандаль людзьмі, эксплуатацыю прастытуцыі і прымусовай працы.

Развіццё: комплексны эканамічны, сацыяльны, культурны і палітычны працэс, які накіраваны на пастаяннае ўдасканаленне дабрабыту ўсяго насельніцтва і ўсіх асоб на аснове іх актыўнага, свабоднага і важкага ўдзелу ў развіцці і ў справядлівым размеркаванні выгод ад гэтага развіцця. Гл. таксама «Права на развіццё».

Раздзяленне ўлад: раздзяленне дзяржаўнай улады на розныя галіны такім чынам, каб ні адна з іх не мела абсалютнага кантролю. Звычайна раздзяленне вылучае заканадаўчую галіну, якая прымае законы, выканаўчую галіну, якая выконвае законы; і незалежную судовую галіну, якая назірае за выкананнем законаў.

Рамачная канвенцыя: канвенцыя, у якой вызначаюцца прынцыпы і нормы, на якіх будуць заснаваны міжнародныя дзеянні, і ў якой замацоўваецца працэдура вядзення перагавораў наконт больш падрабязных дамоўленасцей, неабходных для вырашэння пэўнага пытання.

Рамкі правоў чалавека: узаемазвязаны звод міжнародных і рэгіянальных інструментаў, які актыўна развіваецца; у яго інструментах вызначаюцца правы чалавека і замацоўваюцца механізмы па прасоўванні і абароне гэтых правоў.

Расізм: вера ў тое, што характарыстыкі людзей залежаць ад іх этнічнай групы ці племені і што члены іншых груп і плямён («рас») не могуць быць такімі ж добрымі, як члены сваёй, або несправядлівае абыходжанне з членамі іншых «рас» на падставе такога меркавання.

Ратыфікацыя, ратыфікаваць: працэс, падчас якога заканадаўчы орган дзяржавы пацвярджае дзеянні ўрада па падпісанні дагавораў; афіцыйная працэдура, у рамках якой дзяржава становіцца звязанай дагаворам пасля яго прыняцця. Пасля ратыфікацыі дзяржава становіцца бокам дагавора.

Ролевая гульня: кароткая пастаноўка, разыграная ўдзельнікамі. Людзі бяруць за аснову свой жыццёвы вопыт для ролевай гульні, якая адлюстроўвае пэўную сітуацыю; ролевыя гульні ў большасці выпадкаў заснаваны на імправізацыі. Задача ролевай гульні заключаецца ў тым, каб дазволіць удзельнікам перажыць сітуацыі і знайсці рашэнне праблем у бяспечных умовах.

Савет Бяспекі ААН (СБ ААН): адзін з асноўных органаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якому даручана падтрымліваць міжнародны мір і бяспеку. У яго ўваходзяць 5 пастаянных членаў, кожны з якіх мае права вета ў дачыненні да любога рашэння Савета Бяспекі, а таксама 10 непастаянных членаў.

Савет Еўропы: заснаваны ў 1949 годзе для абароны і прасоўвання правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права. Сёння яго 47 дзяржаў-членаў ахопліваюць практычна ўвесь еўрапейскі кантынент. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Страсбургу.

Савет па правах чалавека: міжурадавы орган у сістэме ААН, які складаецца з 47 дзяржаў і адказны за ўмацаванне прасоўвання і абароны правоў чалавека на планеце. Савет быў створаны Генеральнай Асамблеяй ААН у сакавіку 2006 года і замяніў Камісію па правах чалавека. Асноўная задача Савета – разглядаць сітуацыі парушэння правоў чалавека і даваць у гэтай сувязі свае рэкамендацыі.

Салідарныя правы: гл. «Калектыўныя правы».

Сацыяльныя правы: правы, неабходныя для ўсебаковага ўдзелу ў жыцці грамадства. Сацыяльныя правы гарантуюць Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (МПЭСКП) і Еўрапейская сацыяльная хартыя.

Свабода выказвання меркавання: свабода выказваць погляды ў друкаваных і іншых СМІ, а таксама атрымліваць і распаўсюджваць ідэі. Тэрмін «свабода выказвання меркавання» часта выкарыстоўваецца ў агульным плане для спасылкі на артыкулы 19 і 18 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека разам ці паасобку.

Сімуляцыя: пашыраная, структураваная ролевая гульня, якая змяшчае ўдзельніка ў незнаёмыя сітуацыі і ролі.

Слуханні: працэс, падчас якога зацікаўленыя бакі і любыя іншыя асобы, якія могуць быць закрануты вынікам, маюць магчымасць даць паказанні, задаць пытанні ці зарэгістраваць пярэчанні ў дачыненні да якой-небудзь праблемы. Напрыклад, слуханні можа праводзіць мясцовы або ўрадавы дэпартамент, міжнародны орган або спецыяльна створаная камісія.

Смяротнае пакаранне: ухваленае пазбаўленне жыцця дзяржавай у якасці пакарання за злачынства. Еўрапейская канвенцыя аб правах чалавека першапачаткова прадугледжвала магчымасць смяротнага пакарання, аднак цяпер забараняе яго на сваёй тэрыторыі (Пратакол № 6), нават падчас вайны (Пратакол № 13). Большасць краін у свеце ў цяперашні час адмянілі смяротнае пакаранне.

Спецыяльны дакладчык: чалавек, выбраны органам у галіне правоў чалавека, такім як Савет па правах чалавека ААН, каб прадставіць даклад па канкрэтнай тэме, напрыклад па тэме ўмоў жылля, дзіцячай прастытуцыі і дзіцячай парнаграфіі, гвалту ў адносінах да жанчын або становішча ў галіне правоў чалавека ў той ці іншай краіне.

Пазітыўнае дзеянне: меры, што прымаюцца ўрадам ці прыватнымі прадпрыемствамі, каб кампенсаваць дыскрымінацыю ў мінулым, напрыклад у сферы адукацыі і працы ў дачыненні, напрыклад, жанчын, якія належаць да канкрэтных рас, этнічных груп, рэлігій або маюць інваліднасць. Пазітыўнае дзеянне – гэта адзін са спосабаў даць уразлівым групам роўнасць па сутнасці. Пазітыўнае дзеянне трэба разглядаць як часовую меру да дасягнення роўнасці.

Пазітыўная дыскрымінацыя: тэрмін, які мае тое ж значэнне, што і пазітыўнае дзеянне.

Статут Арганізацыі Аб'яднаных Нацый: устаноўчы дагавор Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Быў аднагалосна прыняты 25 чэрвеня 1945 года. У ім выкладзены правы і абавязкі дзяржаў-членаў, а таксама вызначаюцца органы і працэдуры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Стэрэатып: вельмі спрошчанае, абагульненае і нярэдка падсвядома прадузятае меркаванне аб людзях ці ідэях, якое можа прыводзіць да забабонаў і дыскрымінацыі. Абагульненне, у рамках якога характарыстыкі, уласцівыя частцы групы, распаўсюджваюцца на ўсю групу.

Судовая практыка: юрыдычны тэрмін, які адносіцца да збору спраў і прынцыпаў, вызначаных на падставе гэтых спраў, у кожным канкрэтным судзе, напрыклад судовая практыка Еўрапейскага суда па правах чалавека.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ): міжурадавая арганізацыя пад эгідай ААН, якая ажыццяўляе сваю дзейнасць у мэтах падтрымкі аховы здароўя ў маштабах усяго свету.

Талерантнасць: гатоўнасць прыняць паводзіны і перакананні, якія адрозніваюцца ад вашых уласных, хоць вы і можаце пры гэтым не згаджацца з імі і не ўхваляць іх. Дэкларацыя аб прынцыпах талерантнасці (ЮНЕСКА 1995 год).

Трансфармацыя канфлікту: працэс, дзякуючы якому канфлікты, такія як войны і міжэтнічны і міжрэлігійны гвалт, змяняюцца або трансфармуюцца ў мірныя вынікі. Гэта працяглы працэс, які вырашае глыбінныя прычыны канфлікту, а таксама рэгулюе паводзіны і пазіцыі бакоў-удзельнікаў.

Трацейскі разбор: працэс, падчас якога замест звароту ў суд бакі канфлікту просяць трэцюю асобу выслухаць іх аргументы і прыняць рашэнне, якое яны абавязваюцца выканаць.

Трэнер: асоба, якая рыхтуе праграмы навучальных мерапрыемстваў, напрыклад дыскусій, навучальных візітаў, прагляду фільмаў і правядзення практыкаванняў на аснове «Компаса», для групы ўдзельнікаў. Пры правядзенні практыкаванняў на аснове «Компаса» трэнер або настаўнік працуе з групай моладзі ў атмасферы дэмакратыі і бярэ на сябе ролю фасілітатара.

Трэнінг: працэс набыцця ведаў, навыкаў і пераканняў, неабходных для пэўнай працы або дзейнасці, напрыклад для таго, каб абараняць правы чалавека.

Удзел: удзел у грамадскім жыцці супольнасці або грамадства ў цэлым. Перагледжаная Еўрапейская хартыя аб удзеле моладзі ў грамадскім жыцці на мясцовым і рэгіянальным узроўнях – гэта міжнародны палітычны дакумент, закліканы садзейнічаць маладзёжнаму ўдзелу на мясцовым узроўні; прыняты Кангрэсам Савета Еўропы ў 2003 годзе.

Узаемазалежны: адносіцца да разумення таго, што выкарыстанне пэўнага права чалавека залежыць ад даступнасці ўсіх іншых правоў. Напрыклад, ваша магчымасць удзельнічаць у кіраванні сваёй краінай напрамую залежыць ад вашага права выказваць сваё меркаванне, ад вашага стану здароўя, свабоды перамяшчэння і адсутнасці дыскрымінацыі.

Унутрана перамешчаныя асобы (УПА): асобы або групы асоб, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы або месцы звычайнага пражывання, напрыклад у выніку або каб пазбегнуць наступстваў узброенага канфлікту, сітуацый усеагульнага гвалту, парушэнняў правоў чалавека ці прыродных або тэхнагенных катастроф, і якія не перасякалі міжнародную мяжу.

Урэгуляванне канфлікту: дзеянні, якія прымаюцца на працягу кароткага часу для спынення канфлікту з прымяненнем гвалту.

Усеагульнасць: прынцып, паводле якога правамі чалавека валодаюць усе людзі ва ўсіх дзяржавах і супольнасцях на свеце.

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (УДПЧ): (Усеагульная дэкларацыя); прынята Генеральнай Асамблеяй 10 снежня 1948 года. Асноўны дакумент ААН, якія ўстанаўлівае стандарты і нормы ў галіне правоў чалавека. Усе дзяржавы дамовіліся выконваць УДПЧ. Нягледзячы на тое, што гэта дэкларацыя задумвалася як неабавязвальная, з цягам часу розныя яе палажэнні атрымалі такое шырокае прызнанне, што цяпер яе можна лічыць часткай звычайнага міжнароднага права.

Устойлівае развіццё: развіццё, якое суадносіцца з патрэбамі сённяшняга дня, але пры гэтым не падрывае магчымасці будучых пакаленняў задаволіць свае ўласныя патрэбы. Першы раз тэрмін быў выкарыстаны Сусветнай камісіяй па навакольным асяроддзі і развіцці (СКНАР) на пасяджэнні, якое праводзілася па ініцыятыве ААН у 1983 годзе.

Уступленне ў сілу: працэс, дзякуючы якому дагавор становіцца ў поўнай меры абавязвальным у дачыненні да тых дзяржаў, якія яго ратыфікавалі. Гэта адбываецца тады, калі дасягаецца мінімальны лік ратыфікацый, прадугледжаны ў дагаворы.

Факультатыўны пратакол: дагавор, які ўносіць змены ў іншы дагавор, напрыклад, праз дадатковыя працэдуры або палажэнні. Ён завецца «факультатыўным» таму, што ўрад, які ратыфікаваў першапачатковы дагавор, можа вырашаць, ці ратыфікаваць тыя змены, якія змяшчаюцца ў гэтым пратаколе.

Фармальная адукацыя: структураваная сістэма адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі, якая ахоплівае ўзроўні ад дзіцячага сада і пачатковай школы да сярэдняй школы і ўніверсітэта. Як правіла, такая адукацыя ажыццяўляецца ў агульных або прафесійных навучальных установах і завяршаецца выдачай пасведчання аб адукацыі.

Фасілітатар: асоба, якая рыхтуе, праводзіць і каардынуе дзейнасць на аснове «Компаса». Фасілітатар – гэта чалавек, які «стварае ўмовы», «дапамагае», заахвочвае іншых у тым, каб навучацца і развіваць свой патэнцыял. Роля фасілітатара заключаецца ў тым, каб ствараць бяспечныя ўмовы, у якіх удзельнікі навучаюцца праз вопыт, даследаванне, абмен. Гэта справа не аднаго чалавека, таму фасілітатар не з'яўляецца лідарам-«экспертам», які дзеліцца ведамі з іншымі. Кожны павінен расці дзякуючы абмену вопытам, як удзельнікі, так і фасілітатары.

Фашызм: сістэма кіравання, заснаваная на ідэалогіі нацыянальнай або расавай перавагі і жорсткім кантролі за ўсімі аспектамі палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця. Для гэтай сістэмы характэрны гвалтоўнае падаўленне апазіцыі і крытыкі, кантроль над СМІ, дзяржаўны кантроль над прамысловасцю, гандлем і г. д., а таксама агрэсіўны нацыяналізм і нярэдка расізм.

Хартыя: дакумент, у якім выкладаецца набыццё правоў ці прывілеяў.

Хартыя асноўных правоў: дагавор, які змяшчае палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя правы грамадзян Еўрапейскага саюза. Ён з'яўляецца абавязковым для дзяржаў – членаў ЕС, калі яны прымяняюць заканадаўства ЕС.

Ценявая справаздача: неафіцыйная справаздача, падрыхтаваная органамі або асобамі, якія прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць, і накіраваны ў камітэт па маніторынгу дагавора ў галіне правоў чалавека. Такія справаздачы, як правіла, супярэчаць афіцыйным справаздачам аб адпаведнасці ўмовам дагавора і іх выкананні, якія прадстаўляе ўрад у рамках сваіх абавязацельстваў па дагаворы, або дапаўняюць іх.

Экалагічныя правы: як правіла, тэрмін выкарыстоўваецца для апісання правоў асоб на бяспечнае, здаровае і экалагічна ўстойлівае навакольнае асяроддзе. Часам выкарыстоўваецца для абазначэння «правоў», якімі можа валодаць само навакольнае асяроддзе, уключаючы правы жывёл, раслін і экасістэм на выжыванне ва ўмовах уплыву чалавечай дзейнасці.

Эканамічныя правы: правы, якія звязаны з вытворчасцю, развіццём і кіраваннем матэрыяльнымі выгодамі, неабходнымі для жыцця. Яны абвешчаны ў УДПЧ і гарантуюцца на падставе МПЭСКП і Еўрапейскай сацыяльнай хартыі.

Эканоміка: тое, што звязана з фактарамі вытворчасці, развіцця або кіравання матэрыяльным багаццем.

Юрыдычныя правы: (іх таксама называюць «законныя правы»); правы, якія замацаваны ў заканадаўстве, якія можна абараняць і па абарону якіх можна звяртацца ў судовыя органы. Тэрмін таксама выкарыстоўваецца для апісання правоў чалавека, звязаных з юрыдычнымі працэсамі, напрыклад права на справядлівы судовы разбор.

ЮНІСЕФ: (Дзіцячы фонд Арганізацыі Аб'яднаных Нацый); выступае за абарону правоў дзяцей, садзейнічанне задавальненню іх асноўных патрэб і пашырэнне іх магчымасцей для рэалізацыі свайго патэнцыялу ў поўнай меры. ЮНІСЕФ кіруецца Канвенцыяй аб правах дзіцяці і імкнецца да таго, каб яна стала міжнародным стандартам паводзін у адносінах да дзяцей.