Еўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека

са зменамі, унесенымі Пратаколамі № 11 і 14 з моманту іх уступлення ў сілу 1 чэрвеня 2010 г.

Канвенцыя аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод

Рым, 04.11.1950

УРАДЫ, ЯКІЯ ПАДПІСАЛІ ГЭТУ КАНВЕНЦЫЮ і якія з’яўляюцца членамі Савета Еўропы, прымаючы пад увагу Ўсеагульную дэкларацыю правоў чалавека, абвешчаную Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 10 снежня 1948 года; улічваючы, што гэта Дэкларацыя мае мэтай забяспечыць усеагульнае і эфектыўнае прызнанне і ажыццяўленне абвешчаных у ёй правоў; лічачы, што мэтай Савета Еўропы з’яўляецца дасягненне большага адзінства паміж яго членамі і што адным са сродкаў дасягнення гэтай мэты з’яўляецца абарона і развіццё правоў чалавека і асноўных свабод; пацвярджаючы сваю глыбокую прыхільнасць асноўным свабодам, якія з’яўляюцца асновай справядлівасці і ўсеагульнага міру і выкананне якіх найлепшым чынам забяспечваецца, з аднаго боку, сапраўды дэмакратычным палітычным рэжымам, а з другога боку, усеагульным разуменнем і выкананнем правоў чалавека, якім яны адданы; поўныя рашучасці як Урады еўрапейскіх дзяржаў, рухомыя адзіным імкненнем і з агульнай спадчынай палітычных традыцый, ідэалаў, свабоды і вяршэнства права, зрабіць першыя крокі на шляху забеспячэння калектыўнага ажыццяўлення некаторых з правоў, выкладзеных ва Ўсеагульнай дэкларацыі, пагадзiлiся аб наступным:

Артыкул 1. Абавязацельства паважаць правы чалавека

Высокія Дагаворныя Бакі забяспечваюць кожнаму, хто знаходзіцца пад іх юрысдыкцыяй, правы і свабоды, вызначаныя ў раздзеле I гэтай Канвенцыі.

РАЗДЗЕЛ I. ПРАВЫ І СВАБОДЫ

Артыкул 2. Права на жыццё

1.       Права кожнай асобы на жыццё абараняецца законам. Ніхто не можа быць наўмысна пазбаўлены жыцця iнакш як у мэтах выканання смяротнага прысуду, вынесенага судом за ўчыненне злачынства, у адносiнах да якога законам прадугледжана такое пакаранне.

2.        Пазбаўленне жыцця не разглядаецца як парушэнне гэтага артыкула, калi яно з’яўляецца вынiкам абсалютна неабходнага прымянення сiлы:

   (a) для абароны любой асобы ад супрацьпраўнага гвалту;

   (b) для ажыццяўлення законнага затрымання або папярэджання ўцёкаў асобы, заключанай пад варту на законных падставах;

   (c) для падаўлення ў адпаведнасці з законам бунту або мяцяжу.

Артыкул 3. Забарона катаванняў

Ніхто не павінен падвяргацца ні катаванням, ні бесчалавечнаму або зневажальнаму абыходжанню ці пакаранню.

Артыкул 4. Забарона рабства і прымусовай працы

1.        Ніхто не павінен утрымлівацца ў рабстве або паднявольным стане.

2.        Ніхто не павінен прыцягвацца да прымусовай ці абавязковай працы.

3.        Для мэт гэтага артыкула тэрмiн «прымусовая ці абавязковая праца» не ўключае ў сябе:

(a)         любую працу, якую звычайна павінна выконваць асоба, якая знаходзіцца ў зняволенні згодна з палажэннямi артыкула 5 гэтай Канвенцыі або ўмоўна вызвалена ад такога зняволення;

(b)         усякую службу ваеннага характару, а ў тых краінах, у якіх правамерным прызнаецца адмова ад ваеннай службы на падставе перакананняў, службу, прызначаную замест абавязковай ваеннай службы;

(c)         усякую службу, абавязковую ў выпадку надзвычайнага становішча або бедства, якое пагражае жыццю або дабрабыту насельніцтва;

(d)         усякую працу або службу, якая з’яўляецца часткай звычайных грамадзянскіх абавязкаў.

Артыкул 5. Права на свабоду і асабістую недатыкальнасць

1. Кожны чалавек мае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Ніхто не можа быць пазбаўлены волі інакш як у наступных выпадках і ў парадку, устаноўленым законам:

(a)         законнае ўтрыманне пад вартай асобы, асуджанай кампетэнтным судом;

(b)        законнае затрыманне або заключэнне пад варту (арышт) асобы за невыкананне вынесенага ў адпаведнасці з законам рашэння суда або з мэтай забеспячэння выканання любога абавязацельства, прадпісанага законам;

(c)         законнае затрыманне або заключэнне пад варту асобы, выкананае з тым, каб яна паўстала перад кампетэнтным органам па абгрунтаваным падазрэнні ў здзяйсненні правапарушэння або ў выпадку, калі маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што неабходна прадухіліць здзяйсненне ёй правапарушэння або перашкодзіць ёй схавацца пасля яго здзяйснення;

(d)         заключэнне пад варту непаўналетняй асобы на падставе законнай пастановы для выхаваўчага нагляду або яе законнае заключэнне пад варту, выкананае з тым, каб яна паўстала перад кампетэнтным органам;

(e)        законнае заключэнне пад варту асоб з мэтай прадухілення распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў, а таксама законнае заключэнне пад варту псіхічнахворых, алкаголікаў, наркаманаў ці валацуг;

(f) законнае затрыманне або заключэнне пад варту асобы з мэтай прадухілення яе незаконнага ўезду ў краіну або асобы, супраць якой робяцца захады па яе высылцы або выдачы.

2.        Кожнаму арыштаванаму неадкладна паведамляюцца на зразумелай яму мове прычыны яго арышту і любое прад’яўленае яму абвінавачанне.

3.       Кожны затрыманы або зняволены пад варту ў адпаведнасці з падпунктам (c) параграфа 1 гэтага артыкула неадкладна дастаўляецца да суддзі ці да іншай службовай асобы, надзеленай, згодна з законам, судовай уладай, і мае права на судовы разбор на працягу разумнага тэрміну або на вызваленне да суда. Вызваленне можа быць абумоўлена забеспячэннем гарантый яўкі ў суд.

4.        Кожны, хто пазбаўлены волі ў выніку арышту або заключэння пад варту, мае права на неадкладны разгляд судом правамернасці яго заключэння пад варту і на вызваленне, калі яго заключэнне пад варту прызнана судом незаконным.

5.        Кожны, хто стаў ахвярай арышту або заключэння пад варту ў парушэнне палажэнняў гэтага артыкула, мае права на кампенсацыю.

Артыкул 6. Права на справядлівы судовы разбор

1.        Кожны чалавек у выпадку спрэчкі аб яго грамадзянскіх правах і абавязках або пры прад’яўленні яму любога крымінальнага абвінавачання мае права на справядлівы і публічны разбор справы ў разумны тэрмін незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закону. Судовае рашэнне аб’яўляецца публічна, аднак прэса і грамадства могуць не дапускацца на судовыя пасяджэнні на працягу ўсяго працэсу або яго часткі па меркаваннях маралі, грамадскага парадку ці нацыянальнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве, а таксама калі таго патрабуюць інтарэсы непаўналетніх, або для абароны прыватнага жыцця бакоў, або ў той меры, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна – пры асаблівых абставінах, калі галоснасць парушала б інтарэсы правасуддзя.

2.       Кожны чалавек, які абвінавачваецца ў здзяйсненні крымінальнага злачынства, лічыцца невінаватым да таго часу, пакуль яго вiна не будзе ўстаноўлена законным парадкам.

3.        Кожны чалавек, які абвінавачваецца ў здзяйсненні крымінальнага злачынства, мае як мінімум наступныя правы:

(a)         быць неадкладна і падрабязна апавешчаным на зразумелай яму мове аб характары і прычыне прад’яўленага яму абвінавачання;

(b)        мець дастатковы час і магчымасці для падрыхтоўкі сваёй абароны;

(c)         абараняць сябе асабіста, або пры дапамозе выбранага ім самім абаронцы, або пры недахопе ў яго сродкаў для аплаты паслуг абаронцы карыстацца паслугамі прызначанага яму абаронцы бясплатна, калі таго патрабуюць інтарэсы правасуддзя;

(d)         дапытваць сведкаў, якія паказваюць супраць яго, або мець права на тое, каб гэтыя сведкі былі дапытаны, і мець права на выклік і допыт сведак на сваю карысць на тых жа ўмовах, што і для сведак, якія паказваюць супраць яго;

(e)         карыстацца бясплатнай дапамогай перакладчыка, калі чалавек не разумее мовы, якая выкарыстоўваецца ў судзе, ці не гаворыць на гэтай мове.

Артыкул 7. Пакаранне выключна на аснове закону

1.        Ніхто не можа быць асуджаны за здзяйсненне якога-небудзь дзеяння або за бяздзейнасць, якое, у адпаведнасці з дзеючым у момант яго здзяйснення нацыянальным або міжнародным правам, не з’яўлялася крымінальным злачынствам. Не можа таксама накладацца пакаранне больш цяжкае, чым тое, якое падлягала прымяненню ў момант здзяйснення крымінальнага злачынства.

2.        Сапраўдны артыкул не перашкаджае асуджэнню i пакаранню любой асобы за ўчыненне якога-небудзь дзеяння або за бяздзейнасць, якое ў момант яго здзяйснення з’яўлялася крымінальным злачынствам у адпаведнасці з агульнымі прынцыпамі права, прызнанымі цывілізаванымі краінамі.

Артыкул 8. Права на павагу прыватнага і сямейнага жыцця

1.        Кожны чалавек мае права на павагу свайго асабістага і сямейнага жыцця, свайго жылля і перапіскі.

2.        Не дапускаецца ўмяшанне з боку публічных уладаў у ажыццяўленне гэтага права, за выключэннем выпадку, калі такое ўмяшанне прадугледжана законам і неабходна ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі і грамадскага парадку, эканамічнага дабрабыту краіны, у мэтах прадухілення беспарадкаў або злачынстваў, для аховы здароўя або маралі ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Артыкул 9. Свабода думкі, сумлення і рэлігіі

1.        Кожны чалавек мае права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі; гэта права ўключае ў сябе свабоду мяняць сваю рэлігію або перакананні і свабоду вызнаваць сваю рэлігію або перакананні як індывідуальна, так і разам з іншымі, публічным або прыватным парадкам, у богаслужэнні, навучанні, адпраўленні рэлігійных і культавых абрадаў.

2.        Свабода вызнаваць сваю рэлігію або перакананні падлягае толькi абмежаванням, якія прадугледжаны законам і неабходны ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах грамадскай бяспекі, для аховы грамадскага парадку, здароўя або маралі ці для абароны правоў і свабод іншых асоб.

Артыкул 10. Свабода выказвання меркавання

1.        Кожны чалавек мае права свабодна выказваць сваё меркаванне. Гэта права ўключае ў сябе свабоду прытрымлівацца свайго меркавання і свабоду атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі без якога-небудзь умяшання з боку публічных уладаў і незалежна ад дзяржаўных меж. Гэты артыкул не перашкаджае дзяржавам ажыццяўляць ліцэнзаванне радыёвяшчальных, тэлевізійных ці кінематаграфічных прадпрыемстваў.

2.        Ажыццяўленне гэтых свабод, якое накладае абавязкі і адказнасць, можа быць звязана з пэўнымі фармальнасцямі, умовамі, абмежаваннямі або санкцыямі, якія прадугледжаны законам і неабходны ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, тэрытарыяльнай цэласнасці ці грамадскага парадку, у мэтах прадухілення беспарадкаў і злачынстваў, для аховы здароўя і маральнасці, абароны рэпутацыі або правоў іншых асоб, прадухілення выдавання інфармацыі, атрыманай канфідэнцыяльна, або забеспячэння аўтарытэту і непрадузятасці правасуддзя.

Артыкул 11. Свабода сходаў і аб’яднанняў

1.        Кожны мае права на свабоду мірных сходаў і на свабоду аб’яднання з іншымі, у тым ліку права ствараць прафесійныя саюзы і ўступаць у іх для абароны сваіх інтарэсаў.

2.        Ажыццяўленне гэтых правоў не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія прадугледжаны законам і неабходны ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі і грамадскага парадку, у мэтах прадухілення беспарадкаў і злачынстваў, для аховы здароўя і маральнасці або абароны правоў і свабод іншых асоб. Гэты артыкул не перашкаджае ўвядзенню законных абмежаванняў на ажыццяўленне гэтых правоў асобамі, якія ўваходзяць у склад узброеных сіл, паліцыі або адміністрацыйных органаў дзяржавы.

Артыкул 12. Права на ўступленне ў шлюб

Мужчыны і жанчыны, якія дасягнулі шлюбнага ўзросту, маюць права браць шлюб і ствараць сям’ю ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, якое рэгулюе ажыццяўленне гэтага права.

Артыкул 13. Права на эфектыўныя сродкі прававой абароны

Кожны чалавек, чые правы і свабоды, выкладзеныя ў гэтай Канвенцыі, парушаны, мае права на эфектыўныя сродкі прававой абароны ў дзяржаўным органе, нават калі гэта парушэнне было здзейснена асобамі, якія дзейнічалі ў афіцыйнай якасці.

Артыкул 14. Забарона дыскрымінацыі

Карыстанне правамі і свабодамі, выкладзенымі ў гэтай Канвенцыі, павінна быць забяспечана без якой бы ні было дыскрымінацыі па прыкмеце полу, расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, прыналежнасці да нацыянальных меншасцей, маёмаснага становішча, нараджэння ці па любых іншых прыкметах.

Артыкул 15. Адступленне ад выканання абавязкаў пры надзвычайных сітуацыях

1.       У выпадку вайны ці пры іншых надзвычайных абставінах, якія пагражаюць жыццю нацыі, любы з Высокiх Дагаворных Бакоў, можа прымаць меры ў адступленне ад сваіх абавязацельстваў па гэтай Канвенцыі толькі ў той ступені, у якой гэта абумоўлена незвычайнасцю абставінаў, пры ўмове, што такія меры не супярэчаць іншым яго абавязацельствам па міжнародным праве.

2.       Гэта палажэнне не можа служыць падставай для якога б ні было адступлення ад палажэнняў артыкула 2, за выключэннем выпадкаў гібелі людзей у выніку правамерных ваенных дзеянняў, ці ад палажэнняў артыкула 3, параграфа 1 артыкула 4 і артыкула 7.

3.        Любы з Высокiх Дагаворных Бакоў, які выкарыстоўвае гэта права адступлення, вычарпальным чынам інфармуе Генеральнага сакратара Савета Еўропы аб уведзеных ім мерах і аб прычынах іх прыняцця. Ён таксама ставіць у вядомасць Генеральнага сакратара Савета Еўропы пра дату спынення дзеяння такіх мер і аднаўленне ажыццяўлення палажэнняў Канвенцыі ў поўным аб’ёме.

Артыкул 16. Абмежаванне на палітычную дзейнасць замежнікаў

Нішто ў артыкулах 10, 11 і 14 не можа разглядацца як перашкода для Высокiх Дагаворных Бакоў уводзіць абмежаванні на палітычную дзейнасць замежнікаў.

Артыкул 17. Забарона злоўжывання правамі

Нішто ў гэтай Канвенцыі не можа тлумачыцца наступным чынам: што якая-небудзь дзяржава, якая-небудзь група асоб або якая-небудзь асоба мае права займацца якой бы ні было дзейнасцю або ўчыняць якія б ні было дзеянні, накіраваныя на скасаванне правоў і свабод, прызнаных у гэтай Канвенцыі, або на іх абмежаванне ў большай меры, чым гэта прадугледжваецца ў Канвенцыі.

Артыкул 18. Межы выкарыстання абмежаванняў у дачыненні да правоў

Абмежаванні, якія дапускаюцца ў гэтай Канвенцыі ў дачыненні да згаданых правоў і свабод, не павінны прымяняцца ў іншых мэтах, чым тыя, для якіх яны былі прадугледжаны.

РАЗДЗЕЛ II. ЕЎРАПЕЙСКІ СУД ПА ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА

Артыкул 19. Заснаванне Суда

У мэтах забеспячэння выканання абавязацельстваў, прынятых на сябе Высокімі Дагаворнымі Бакамі па дадзенай Канвенцыі і Пратаколах да яе, засноўваецца Еўрапейскі суд па правах чалавека, які далей называецца «Суд». Ён працуе на пастаяннай аснове.

Артыкул 20. Колькасць суддзяў

Колькасць суддзяў, якія ўваходзяць у склад Суда, роўная колькасці Высокiх Дагаворных Бакоў.

Артыкул 21. Патрабаванні, якія прад’яўляюцца да суддзяў

1.       Суддзі павінны валодаць самымі высокімі маральнымі якасцямі і задавальняць патрабаванням, якія прад’яўляюцца пры прызначэнні на высокія судовыя пасады, або быць прававедамі з агульнапрызнаным аўтарытэтам.

2.        Суддзі ўдзельнічаюць у працы Суда ў асабістай якасці.

3.        На працягу ўсяго тэрміну знаходжання на пасадзе суддзі не павінны ажыццяўляць ніякай дзейнасці, несумяшчальнай з іх незалежнасцю, непрадузятасцю або з патрабаваннямі, якія вынікаюць з характару іх працы на працягу поўнага працоўнага дня. Усе пытанні, якія ўзнікаюць у сувязі з прымяненнем палажэнняў гэтага параграфа, вырашаюцца Судом.

Артыкул 22. Выбары суддзяў

Суддзі выбіраюцца Парламенцкай асамблеяй ад кожнага з Высокiх Дагаворных Бакоў большасцю галасоў са спіса, які ўключае трох кандыдатаў, прапанаваных Высокім Дагаворным Бокам.

Артыкул 23. Тэрмін паўнамоцтваў і вызваленне ад пасады

1.       Суддзі выбіраюцца тэрмінам на дзевяць гадоў. Яны не могуць быць перавыбраны.

2.        Тэрмін паўнамоцтваў суддзяў мінае па дасягненні імі 70 гадоў.

3.    Суддзі займаюць свае пасады да самай замены. Разам з тым і пасля замены яны працягваюць разглядаць справы, якія ўжо паступілі да іх.

4.        Суддзя можа быць вызвалены ад пасады толькі ў выпадку, калі іншыя суддзі большасцю ў дзве трэці галасоў прымуць рашэнне аб тым, што ён перастаў адпавядаць гэтым патрабаванням.

Артыкул 24. Сакратарыят і дакладчыкі

1.       У Суда маецца Сакратарыят, правы, абавязкі і арганізацыя якога вызначаюцца Рэгламентам Суда.

2.        Калі Суд засядае ў складзе аднаасобнага суддзі, Суд карыстаецца паслугамі дакладчыкаў, якія ажыццяўляюць свае функцыі пад кіраўніцтвам Старшыні Суда. Яны ўтвараюць падраздзяленне Сакратарыята Суда.

Артыкул 25. Пленарныя пасяджэнні Суда

На пленарных пасяджэннях Суд:

(a)         выбірае свайго Старшыню і аднаго або двух намеснікаў Старшыні тэрмінам на тры гады; яны могуць быць перавыбраны;

(b)         утварае Палаты, якія ствараюцца на пэўны тэрмін;

(c)         выбірае Старшынь Палат Суда; яны могуць быць перавыбраны;

(d)         прымае Рэгламент Суда;

(e)         выбірае Сакратара-канцлера Суда і аднаго або некалькіх яго намеснікаў;

(f)          прадстаўляе якое-небудзь хадайніцтва ў адпаведнасці з параграфам 2 артыкула 26.

Артыкул 26. Аднаасобныя суддзі, камітэты, Палаты і Вялікая Палата

1.        Для разгляду перададзеных яму спраў Суд засядае ў складзе аднаасобнага суддзі, камітэтаў з трох суддзяў, Палаты з сямі суддзяў і Вялікай Палаты з сямнаццаці суддзяў. Палаты Суда ўтвараюць камітэты на пэўны тэрмін.

2.        Па хадайніцтве пленарнага пасяджэння Суда Камітэт міністраў мае права сваім аднагалосным рашэннем на пэўны тэрмін паменшыць колькасць суддзяў у складзе Палаты да пяці.

3.        Засядаючы па справе аднаасобна, суддзя не мае права разглядаць ніякую скаргу, пададзеную супраць Высокага Дагаворнага Боку, ад якога гэты суддзя выбраны.

4.        Суддзя, выбраны ад Высокага Дагаворнага Боку, які выступае бокам у спрэчцы, засядае па справе як ex officio член Палаты і Вялікай Палаты. У выпадку адсутнасцi такога суддзі або калі ён не можа ўдзельнічаць у пасяджэнні, у якасці суддзі па справе засядае асоба, прызначаная Старшынёй Суда са спіса, загадзя прадстаўленага гэтым Бокам.

5.        У склад Вялікай Палаты ўваходзяць таксама Старшыня Суда, намеснікі Старшыні Суда, Старшыні Палат і іншыя члены Суда, выбраныя ў адпаведнасці з Рэгламентам Суда. У тых выпадках, калі справа перадаецца ў Вялікую Палату ў адпаведнасці з палажэннямі артыкула 43, у яе пасяджэннях не мае права ўдзельнічаць ні адзін з суддзяў Палаты, якая вынесла пастанову, за выключэннем Старшыні гэтай Палаты і суддзі, выбранага ад Высокага Дагаворнага Боку, які выступае бокам у спрэчцы.

Артыкул 27. Кампетэнцыя аднаасобных суддзяў

1.        Аднаасобны суддзя мае права аб’явіць непрымальнай скаргу, пададзеную ў адпаведнасці з артыкулам 34, або выключыць яе са спіса спраў, якія падлягаюць разгляду Судом, калі такое рашэнне можа быць прынята без дадатковага вывучэння скаргі.

2.        Гэта рашэнне з’яўляецца канчатковым.

3.       Калі аднаасобны суддзя не аб’яўляе непрымальнай скаргу або не выключае яе са спіса спраў, якія падлягаюць разгляду, то гэты суддзя накіроўвае яе ў камітэт або Палату для дадатковага вывучэння.

Артыкул 28. Кампетэнцыя Камітэтаў

1.        У дачыненні да скаргі, пададзенай у адпаведнасці з артыкулам 34, камiтэт мае права аднагалосным рашэннем:

(a)         аб’явіць яе непрымальнай або выключыць яе са спіса спраў, якія падлягаюць разгляду, калі такое рашэнне можа быць прынята без дадатковага вывучэння скаргі; або

(b)         аб’явіць яе прымальнай і адначасова вынесці пастанову па сутнасці скаргі, калі пытанне, якое ляжыць у аснове справы і тычыцца тлумачэння або прымянення палажэнняў дадзенай Канвенцыі або Пратаколаў да яе, ужо з’яўляецца прадметам трывала зацверджанага прэцэдэнтнага права Суда.

2.        Рашэнні і пастановы, якiя прымаюцца ў адпаведнасці з параграфам 1, з’яўляюцца канчатковымі.

3.        Калі суддзя, выбраны ад Высокага Дагаворнага Боку, які выступае бокам у спрэчцы, не з’яўляецца членам камітэта, апошні мае права на любой стадыі вытворчасці па справе прапанаваць гэтаму суддзю заняць месца аднаго з членаў камітэта, улічваючы пры гэтым усе фактары, якія маюць дачыненне да справы, у тым ліку пытанне, ці аспрэчваў гэты Бок прымяненне працэдуры, прадугледжанай параграфам (b) пункта 1.

Артыкул 29. Рашэнні Палат аб прымальнасці скаргі і па сутнасці справы

1.       Калі не было прынята ніякага рашэння ў адпаведнасці з палажэннямі артыкулаў 27 або 28 ці не было вынесена ніякай пастановы ў адпаведнасці з палажэннямі артыкула 28, Палата выносіць рашэнне аб прымальнасці і па сутнасці індывідуальных скаргаў, пададзеных у адпаведнасці з палажэннямі артыкула 34. Рашэнне аб прымальнасці скаргі можа быць вынесена асобна.

2.        Палата выносіць рашэнне аб прымальнасці скаргі Дзяржавы, пададзенай у адпаведнасці з артыкулам 33, і па сутнасці справы. Рашэнне аб прымальнасці скаргі прымаецца асобна, калі толькі Суд у выключных выпадках не прыме рашэнне аб адваротным.

Артыкул 30. Уступка юрысдыкцыі на карысць Вялікай Палаты

Калі справа, якая знаходзіцца на разглядзе Палаты, закранае сур’ёзнае пытанне, якое тычыцца тлумачэння палажэнняў Канвенцыі або Пратаколаў да яе, або калі рашэнне пытання можа ўвайсці ў супярэчнасць з раней вынесенай Судом пастановай, Палата можа да вынясення сваёй пастановы ўступіць юрысдыкцыю на карысць Вялікай Палаты, калі ні адзін з бакоў не пярэчыць супраць гэтага.

Артыкул 31. Паўнамоцтвы Вялікай Палаты

Вялікая Палата:

(a)         выносіць рашэнні па скаргах, пададзеных у адпаведнасці з артыкулам 33 або артыкулам 34, калі якая-небудзь з Палат уступіла юрысдыкцыю на падставе палажэнняў артыкула 30 або калі справа накіравана ёй у адпаведнасці з палажэннямі артыкула 43;

(b)         прымае рашэнні па пытаннях, перададзеных на разгляд Суда Камітэтам Міністраў у адпаведнасці з параграфам 4 артыкула 46; і

(c)         разглядае запыты аб вынясенні кансультатыўных заключэнняў, накіраваных у адпаведнасці з палажэннямі артыкула 47.

Артыкул 32. Кампетэнцыя Суда

1.        У вядзенні Суда знаходзяцца ўсе пытанні, якія тычацца тлумачэння і прымянення палажэнняў Канвенцыі і Пратаколаў да яе, якія могуць быць яму перададзены ў выпадках, прадугледжаных палажэннямі артыкулаў 33, 34, 46 і 47.

2.       У выпадку спрэчкі адносна кампетэнцыі Суда па канкрэтнай справе пытанне вырашае сам Суд.

Артыкул 33. Міждзяржаўныя справы

Любы Высокі Дагаворны Бок можа перадаць у Суд пытанне аб любым меркаваным парушэнні палажэнняў Канвенцыі і Пратаколаў да яе іншым Высокім Дагаворным Бокам.

Артыкул 34. Індывідуальныя скаргі

Суд можа прымаць скаргі ад любой фізічнай асобы, любой няўрадавай грамадскай арганізацыі або любой групы прыватных асоб, якія сцвярджаюць, што з’явіліся ахвярамі парушэння адным з Высокiх Дагаворных Бакоў іх правоў, прызнаных у гэтай Канвенцыі або ў пратаколах да яе. Высокія Дагаворныя Бакі абавязваюцца ніякім чынам не перашкаджаць эфектыўнаму ажыццяўленню гэтага права.

Артыкул 35. Умовы прымальнасці

1.        Суд можа прымаць справу да разгляду толькі пасля таго, як былі вычарпаны ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, як гэта прадугледжана агульнапрызнанымі нормамі міжнароднага права, і на працягу шасці месяцаў з даты вынясення нацыянальнымі органамі канчатковага рашэння па справе.

2.        Суд не прымае да разгляду ніякую індывідуальную скаргу, пададзеную ў адпаведнасці з артыкулам 34, калі яна:

(a)         з’яўляецца ананімнай; або

(b)        з’яўляецца па сутнасці аналагічнай той, якая ўжо была разгледжана Судом, ці ўжо з’яўляецца прадметам іншай працэдуры міжнароднага судовага разбору або ўрэгулявання і калі яна не ўтрымлівае новых фактаў, якія маюць дачыненне да справы.

3.        Суд аб’яўляе непрымальнай любую індывідуальную скаргу, пададзеную ў адпаведнасці з артыкулам 34, калі ён палічыць, што:

(a)         гэта скарга з’яўляецца несумяшчальнай з палажэннямі дадзенай Канвенцыі або Пратаколаў да яе, відавочна неабгрунтаванай або з’яўляецца злоўжываннем правам падачы скаргі; або

(b)         заяўнік не панёс значнай шкоды, калі толькі прынцып павагі да правоў чалавека, як яны вызначаны ў дадзенай Канвенцыі і пратаколах да яе, не патрабуе разгляду скаргі па сутнасці, а таксама пры ўмове, што на гэтай падставе не можа быць адмоўлена ў разглядзе справы, якая не была належным чынам разгледжана ўнутрыдзяржаўным судом.

4.        Суд адхіляе любую перададзеную яму скаргу, якую палічыць непрымальнай у адпаведнасці з гэтым артыкулам. Ён можа зрабіць гэта на любой стадыі разгляду.

Артыкул 36. Удзел трэцяга боку

1.       У дачыненні да любой справы, якая знаходзіцца на разглядзе якой-небудзь з Палат або Вялікай Палаты, кожны Высокі Дагаворны Бок, грамадзянін якога з’яўляецца заяўнікам, мае права прадстаўляць пісьмовыя заўвагі і прымаць удзел у слуханнях.

2.        У інтарэсах належнага адпраўлення правасуддзя Старшыня Суда можа запрасіць любы Высокі Дагаворны Бок, які не з’яўляецца бокам у справе, або любую зацікаўленую асобу, якая не з’яўляецца заяўнікам, прадставіць пісьмовыя заўвагі ці прыняць удзел у слуханнях.

3.        У дачыненні да любой справы, якая знаходзіцца на разглядзе якой-небудзь з Палат або Вялікай Палаты, Камісар Савета Еўропы па правах чалавека мае права прадстаўляць пісьмовыя заўвагі і прымаць удзел у слуханнях.

Артыкул 37. Спыненне вытворчасці па справе

1.        Суд можа на любой стадыі разбору прыняць рашэнне аб спыненні вытворчасці па справе, калі абставіны дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што:

(a)         заяўнік больш не мае намеру дамагацца разгляду сваёй скаргі; або

(b)         спрэчка была ўрэгулявана; або

(c)         па любой іншай прычыне, устаноўленай Судом, калі далейшы разгляд скаргі з’яўляецца неапраўданым.

Тым не менш Суд працягвае разгляд скаргі, калі гэтага патрабуе выкананне правоў чалавека, гарантаваных дадзенай Канвенцыяй і Пратаколамі да яе.

2.        Суд можа прыняць рашэнне аднавіць скаргу ў спісе спраў, якія падлягаюць разгляду, калі палічыць, што гэта апраўдана абставінамі.

Артыкул 38. Працэдура разгляду справы

Суд разглядае справу з удзелам прадстаўнікоў бакоў і, калі гэта неабходна, прадпрымае расследаванне абставін справы, для эфектыўнага правядзення якога зацікаўленыя Высокія Дагаворныя Бакі ствараюць усе неабходныя ўмовы.

Артыкул 39. Міравыя пагадненні

1.        На любой стадыі вытворчасці па справе Суд мае права прадставіць сябе ў распараджэнне зацікаўленых бакоў з мэтай заключэння міравога пагаднення па справе на аснове павагі правоў чалавека, як яны вызначаны ў дадзенай Канвенцыі і Пратаколах да яе.

2.        Працэдура, прадугледжаная параграфам 1, носіць канфідэнцыяльны характар.

3.        У выпадку дасягнення міравога пагаднення Суд выключае справу са свайго спіса шляхам вынясення пастановы, у якой даецца толькі кароткае выкладанне фактаў і дасягнутага рашэння.

4.        Гэта рашэнне накіроўваецца Камітэту міністраў, які ажыццяўляе нагляд за выкананнем умоў міравога пагаднення, як яны выкладзены ў рашэнні.

Артыкул 40. Адкрытыя судовыя пасяджэннi і доступ да дакументаў

1.        Калі ў сілу выключных абставін Суд не прыме іншага рашэння, яго пасяджэнні з’яўляюцца адкрытымі.

2.        Доступ да дакументаў, перададзеных на захоўванне ў Сакратарыят, адкрыты для грамадства, калі Старшыня Суда не прыме іншага рашэння.

Артыкул 41. Справядлівая кампенсацыя

Калі Суд аб’яўляе, што мела месца парушэнне Канвенцыі або Пратаколаў да яе, а ўнутранае права Высокага Дагаворнага Боку дапускае магчымасць толькі частковай ліквідацыі наступстваў гэтага парушэння, Суд у выпадку неабходнасці прысуджае справядлівую кампенсацыю пацярпеламу боку.

Артыкул 42. Пастановы Палат

Пастановы Палат становяцца канчатковымі ў адпаведнасці з палажэннямі параграфа 2 артыкула 44.

Артыкул 43. Перадача справы ў Вялікую Палату

1.        На працягу трох месяцаў з даты вынясення Палатай пастановы ў выключных выпадках магчымы зварот любога з бакоў у справе аб перадачы яе на разгляд Вялікай Палаты.

2.        Калегія ў складзе пяці суддзяў Вялікай Палаты прымае зварот, калі справа паднімае сур’ёзнае пытанне, якое тычыцца тлумачэння або прымянення палажэнняў дадзенай Канвенцыі або Пратаколаў да яе, ці іншае сур’ёзнае пытанне агульнага характару.

3.        Калі калегія прымае зварот, то Вялікая Палата выносіць па справе сваю пастанову.

Артыкул 44. Канчатковыя пастановы

1.       Пастанова Вялікай Палаты з’яўляецца канчатковай.

2.        Пастанова любой з Палат становіцца канчатковай, калі:

(a)         бакі заяўляюць, што яны не будуць прасіць аб перадачы справы ў Вялікую Палату; або

(b)         па заканчэнні трох месяцаў з даты вынясення пастановы не паступіў зварот аб перадачы справы ў Вялікую Палату; або

(c)         калегія Вялікай Палаты адхіляе зварот аб перадачы справы згодна з артыкулам 43.

3.        Канчатковая пастанова падлягае публікацыі.

Артыкул 45. Матывіроўка пастаноў і рашэнняў

1.        Пастановы, а таксама рашэнні аб прымальнасці або непрымальнасці скаргаў павінны быць матываванымі.

2.        Калі пастанова ў цэлым або часткова не выказвае аднагалоснага меркавання суддзяў, то любы суддзя мае права выказаць сваю асобую думку.

Артыкул 46. Абавязковая сіла і выкананне пастаноў

1.        Высокія Дагаворныя Бакі абавязаны выконваць канчатковыя пастановы Суда па любой справе, у якой яны з’яўляюцца бакамі.

2.        Канчатковая пастанова Суда накіроўваецца Камітэту міністраў, які ажыццяўляе нагляд за яе выкананнем.

3.        Калі Камітэт міністраў лічыць, што нагляду за выкананнем канчатковай пастановы перашкаджае праблема тлумачэння гэтай пастановы, ён мае права перадаць дадзенае пытанне на разгляд Суда для вынясення ім пастановы па пытанні тлумачэння. Рашэнне аб перадачы пытання на разгляд Суда патрабуе большасці галасоў у дзве трэці ад ліку прадстаўнікоў, упаўнаважаных прымаць удзел у працы Камітэта.

4.        Калі Камітэт міністраў лічыць, што Высокі Дагаворны Бок адмаўляецца падпарадкавацца канчатковай пастанове па справе, у якой ён выступае бокам, ён мае права пасля накіравання афіцыйнага паведамлення гэтаму Боку і шляхам прыняцця рашэння большасцю галасоў у дзве трэці ад ліку прадстаўнікоў, упаўнаважаных прымаць удзел у працы Камітэта, перадаць на разгляд Суда пытанне, ці не парушыў гэты Бок сваё абавязацельства, устаноўленае ў адпаведнасці з параграфам 1.

5.        Калі Суд знаходзіць факт парушэння параграфа 1, ён перадае справу ў Камітэт міністраў для разгляду мер, якія падлягаюць прыняццю. Калі Суд не знаходзіць факт парушэння параграфа 1, ён перадае справу ў Камітэт міністраў, які закрывае разгляд справы.

Артыкул 47. Кансультатыўныя заключэнні

1.        Суд можа па просьбе Камітэта міністраў выносіць кансультатыўныя заключэнні па юрыдычных пытаннях, якія тычацца тлумачэння палажэнняў Канвенцыі і Пратаколаў да яе.

2.      Такія заключэнні не павінны закранаць ні пытанні, якія адносяцца да зместу або аб’ёму правоў ці свабод, вызначаных у раздзеле I Канвенцыі і Пратаколах да яе, ні іншыя пытанні, якія Суду або Камітэту міністраў, магчыма, спатрэбілася б закрануць пры разглядзе якога-небудзь звароту, прадугледжанага Канвенцыяй.

3.        Рашэнне Камітэта міністраў запытаць кансультатыўнае заключэнне Суда прымаецца большасцю галасоў прадстаўнікоў, якія маюць права засядаць у Камітэце.

Артыкул 48. Кампетэнцыя Суда ў дачыненні да кансультатыўных заключэнняў

Пытанне пра тое, ці адносіцца накіраваны Камітэтам міністраў запыт аб вынясенні кансультатыўнага заключэння да кампетэнцыі Суда, як яна вызначана ў артыкуле 47, вырашае Суд.

Артыкул 49. Матывіроўка кансультатыўных заключэнняў

1.        Кансультатыўныя заключэнні Суда павінны быць матываванымі.

2.        Калі кансультатыўнае заключэнне ў цэлым або часткова не выказвае аднагалоснага меркавання суддзяў, то любы суддзя мае права выказаць сваю асобую думку.

3.        Кансультатыўнае заключэнне Суда накіроўваецца Камітэту міністраў.

Артыкул 50. Расходы на ўтрыманне Суда

Расходы, звязаныя з дзейнасцю Суда, нясе Савет Еўропы.

Артыкул 51. Прывілеі і імунітэты суддзяў

Суддзі пры выкананні сваіх функцый карыстаюцца прывілеямі і імунітэтамі, прадугледжанымі артыкулам 40 Статута Савета Еўропы і ў пагадненнях, заключаных на яго аснове.

РАЗДЕЛ III. РОЗНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 52. Запыты Генеральнага сакратара

Па атрыманні просьбы ад Генеральнага сакратара Савета Еўропы кожны Высокi Дагаворны Бок прадстаўляе тлумачэнні адносна таго, якім чынам яго ўнутранае права забяспечвае эфектыўнае выкананне любога з палажэнняў дадзенай Канвенцыі.

Артыкул 53. Гарантыі ў дачыненні да прызнаных правоў чалавека

Нішто ў гэтай Канвенцыі не можа быць вытлумачана як абмежаванне або прыніжэнне любога з правоў чалавека і асноўных свабод, якія могуць забяспечвацца заканадаўствам любога Высокага Дагаворнага Боку або любым іншым пагадненнем, у якім ён удзельнічае.

Артыкул 54. Паўнамоцтвы Камітэта міністраў

Нішто ў гэтай Канвенцыі не прыніжае паўнамоцтваў Камітэта міністраў, якімі ён надзелены ў сілу Статута Савета Еўропы.

Артыкул 55. Адмова ад іншых сродкаў урэгулявання спрэчак

Высокія Дагаворныя Бакі згодны, калi iншае не ўстаноўлена асобым пагадненнем, не звяртацца да дзеючых паміж імі дагавораў, канвенцый або дэкларацый пры перадачы на разгляд, шляхам накіравання заявы, спрэчкі з нагоды тлумачэння або прымянення палажэнняў дадзенай Канвенцыі і не выкарыстоўваць іншыя сродкі ўрэгулявання спрэчкі, чым прадугледжаныя дадзенай Канвенцыяй.

Артыкул 56. Тэрытарыяльная сфера дзеяння

1.        Любая дзяржава пры ратыфікацыі або ў далейшым можа заявіць шляхам паведамлення Генеральнаму сакратару Савета Еўропы аб тым, што дадзеная Канвенцыя з улiкам параграфа 4 гэтага артыкула распаўсюджваецца на ўсе тэрыторыі або на любую з іх, за знешнія зносіны якіх яна нясе адказнасць.

2.        Дзеянне Канвенцыі распаўсюджваецца на тэрыторыю або тэрыторыі, названыя ў паведамленні, пачынаючы з трыццатага дня пасля атрымання Генеральным сакратаром Савета Еўропы гэтага паведамлення.

3.        Палажэннi дадзенай Канвенцыі прымяняюцца на згаданых тэрыторыях з належным улiкам мясцовых умоў.

4.        Любая дзяржава, якая зрабіла заяву ў адпаведнасці з параграфам 1 гэтага артыкула, можа ў далейшым у любы час заявіць у дачыненні да адной або некалькіх тэрыторый, названых у гэтай заяве, аб прызнанні кампетэнцыі Суда прымаць скаргі ад фізічных асоб, няўрадавых грамадскіх арганізацый або груп прыватных асоб, як гэта прадугледжана артыкулам 34 Канвенцыі.

Артыкул 57. Агаворкі

1.        Любая дзяржава пры падпісанні дадзенай Канвенцыі або пры здачы ёй на захоўванне яе ратыфікацыйнай граматы можа зрабіць агаворку да любога канкрэтнага палажэння Канвенцыі ў дачыненні да таго, што той ці іншы закон, які дзейнічае ў гэты час на яе тэрыторыі, не адпавядае гэтаму палажэнню. У адпаведнасці з гэтым артыкулам агаворкі агульнага характару не дапускаюцца.

2.        Любая агаворка, зробленая ў адпаведнасці з гэтым артыкулам, павінна ўтрымліваць кароткае выкладанне адпаведнага закону.

Артыкул 58. Дэнансацыя

1.        Высокi Дагаворны Бок можа дэнансаваць дадзеную Канвенцыю толькі пасля заканчэння пяцi гадоў з даты, калі ён стаў Бокам Канвенцыі, і па заканчэнні шасці месяцаў пасля накіравання паведамлення Генеральнаму сакратару Савета Еўропы, які інфармуе пра гэта іншыя Высокія Дагаворныя Бакі.

2.        Дэнансацыя не вызваляе адпаведны Высокі Дагаворны Бок ад яго абавязацельстваў па гэтай Канвенцыі ў дачыненні да любога дзеяння, якое магло з’явіцца парушэннем такіх абавязацельстваў і магло быць здзейснена ім да даты ўступлення дэнансацыі ў сілу.

3.        Любы Высокі Дагаворны Бок, які перастае быць членам Савета Еўропы, на тых жа ўмовах перастае быць і Бокам гэтай Канвенцыі.

4.        Канвенцыя можа быць дэнансавана ў адпаведнасці з палажэннямі папярэдніх пунктаў у дачыненні да любой тэрыторыі, на якую распаўсюджвалася яе дзеянне паводле палажэнняў артыкула 56.

Артыкул 59. Падпісанне і ратыфікацыя

1.        Дадзеная Канвенцыя адкрыта для падпісання дзяржавамі – удзельніцамі Савета Еўропы. Яна падлягае ратыфікацыі. Ратыфікацыйныя граматы здаюцца на захоўванне Генеральнаму сакратару Савета Еўропы.

2.       Еурапейскі саюз мае права далучыцца да гэтай Канвенцыі.

3.       Дадзеная Канвенцыя ўступае ў сілу пасля здачы на захоўванне дзесяці ратыфікацыйных грамат.

4.        Для тых дзяржаў, якія ратыфікуюць Канвенцыю ў далейшым, яна ўступае ў сілу з даты здачы імі на захоўванне іх ратыфікацыйных грамат.

5.        Генеральны сакратар Савета Еўропы паведамляе ўсім дзяржавам – удзельніцам Савета Еўропы аб уступленні Канвенцыі ў сілу, аб Высокiх Дагаворных Баках, якія ратыфікавалі яе, і аб здачы ратыфікацыйных грамат, якія могуць быць атрыманы пасля.

 

ВЫКАНАНА Ў РЫМЕ 4 ЛIСТАПАДА 1950 ГОДА на англійскай і французскай мовах, прычым абодва тэксты маюць аднолькавую сілу, у адзіным экзэмпляры, які захоўваецца ў архіве Савета Еўропы. Генеральны сакратар накіроўвае завераныя копіі ўсім дзяржавам, якія падпісалі Канвенцыю.