Прынята ў рамках Рэкамендацыі CM/Rec (2010)7 Камітэтам міністраў

РАЗДЗЕЛ I. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Сфера прымянення

Палажэнні гэтай Хартыі разглядаюць пытанні выхавання дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека ў адпаведнасці з азначэннямі, выкладзенымі ў пункце 2. Хартыя не тычыцца непасрэдна такіх звязаных галін, як міжкультурная адукацыя, адукацыя ў сферы роўнасці і адукацыя ў падтрымку ўстойлівага развіцця і міру, за выключэннем тых выпадкаў, калі яны перасякаюцца і ўзаемадзейнічаюць з выхаваннем дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыяй у галіне правоў чалавека.

Азначэнні

У мэтах гэтай Хартыі:

a. «Выхаванне дэмакратычнай грамадзянскасці» азначае выхаванне, падрыхтоўку, адукацыю, інфармацыю, практыку і дзейнасць, накіраваныя, дзякуючы перадачы навучэнцам ведаў, навыкаў і разумення, а таксама развіццю іх пазіцый і паводзін, на пашырэнне іх магчымасцей ажыццяўляць і абараняць свае дэмакратычныя правы і адказнасць у грамадстве, шанаваць разнастайнасць і адыгрываць актыўную ролю ў дэмакратычным жыцці з мэтай прасоўвання і абароны дэмакратыі і вяршэнства права.

b. «Адукацыя ў галіне правоў чалавека» азначае выхаванне, падрыхтоўку, адукацыю, інфармацыю, практыку і дзейнасць, накіраваныя, дзякуючы перадачы навучэнцам ведаў, навыкаў і разумення, а таксама развіццю іх пазіцый і паводзін, на пашырэнне іх магчымасцей спрыяць стварэнню і абароне агульнай культуры правоў чалавека ў грамадстве з мэтай прасоўвання і абароны правоў чалавека і асноўных свабод.

c. «Фармальная адукацыя» азначае структураваную сістэму адукацыі і падрыхтоўкі, якая ахоплівае этапы да пачатковай школы, пачатковую школу, а таксама сярэднюю школу і ўніверсітэцкую адукацыю. Як правіла, такая адукацыя забяспечваецца ў агульных або прафесійных навучальных установах і па яе завяршэнні выдаецца атэстат аб адукацыі.

d. «Нефармальная адукацыя» азначае любую запланаваную праграму адукацыі, закліканую пашырыць кола навыкаў і кампетэнцый, за межамі рамак фармальнай адукацыі.

e. «Інфармальная адукацыя» азначае працэс, які адбываецца на працягу ўсяго жыцця і падчас якога кожны чалавек выбудоўвае сваю пазіцыю, каштоўнасці, атрымлівае навыкі і веды пад уплывам адукацыі і фактараў свайго ўласнага асяроддзя, а таксама штодзённага вопыту (сям’і, групы аднагодкаў, суседзяў, у выніку сустрэч, у бібліятэцы, са СМІ, на працы, у гульні і г. д.).

Узаемасувязь паміж выхаваннем дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыяй у галіне правоў чалавека

Выхаванне дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыя ў галіне правоў чалавека не толькі цесна звязаны паміж сабой, але і дапаўняюць адна адну. Яны адрозніваюцца, хутчэй, па асноўных акцэнтах і сферы прымянення, а вось мэты і метады ў іх аднолькавыя. У выхаванні дэмакратычнай грамадзянскасці асноўная ўвага надаецца дэмакратычным правам, адказнасці і актыўнаму ўдзелу ў грамадзянскай, палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай, прававой і культурнай сферах жыцця грамадства, у той час як адукацыя ў галіне правоў чалавека ахоплівае больш шырокі спектр правоў чалавека і асноўных свабод усіх магчымых аспектаў грамадскага жыцця.

Канстытуцыйныя структуры і прыярытэты дзяржаў-удзельнікаў

Ніжэй выкладзены задачы, прынцыпы і палітыкі, якія прымяняюцца:

a. пры ўмове належнага захавання канстытуцыйных структур кожнай дзяржавы-ўдзельніцы з выкарыстаннем сродкаў, якія адпавядаюць гэтым структурам;

b. пры ўмове ўліку прыярытэтаў і патрэб кожнай дзяржавы-ўдзельніцы.

РАЗДЗЕЛ II. ЗАДАЧЫ І ПРЫНЦЫПЫ

Задачы і прынцыпы

Пры вызначэнні сваёй палітыкі, заканадаўства і практыкі дзяржавы-ўдзельніцы закліканы кіравацца наступнымі задачамі і прынцыпамі.

a. Мэта заключаецца ў тым, каб забяспечыць кожнай асобе, якая знаходзiцца на iх тэрыторыi, магчымасць выхавання дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека.

b. Працэс навучання ў рамках выхавання дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека адбываецца на працягу ўсяго жыцця. Эфектыўнае навучанне ў гэтай галіне ўключае ў сябе шырокі спектр удзельнікаў, у тым ліку палітыкаў, спецыялістаў у сферы адукацыі, навучэнцаў, бацькоў, адукацыйныя ўстановы, органы адукацыі, дзяржаўных служачых, няўрадавыя грамадскія і маладзёжныя арганізацыі, СМІ і грамадскасць.

c. Усе сродкі адукацыі і падрыхтоўкі – фармальныя, нефармальныя і інфармальныя – адыгрываць сваю ролю ў гэтым працэсе навучання і з’яўляюцца каштоўнымі для прасоўвання сваіх прынцыпаў і выканання пастаўленых задач.

d. Няўрадавыя грамадскія і маладзёжныя арганізацыі закліканы ўнесці свой каштоўны ўклад у выхаванне дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыю ў галіне правоў чалавека менавіта на аснове нефармальнай і інфармальнай адукацыі, таму ім неабходны магчымасці і адпаведная падтрымка для таго, каб яны маглі зрабіць гэты ўклад.

e. Працэсы выкладання і навучання павінны адпавядаць каштоўнасцям і прынцыпам у сферы дэмакратыі і правоў чалавека і прасоўваць іх; у прыватнасці, кіраванне адукацыйнымі ўстановамі, уключаючы школы, павінна адлюстроўваць каштоўнасці правоў чалавека, спрыяць ім і пашыраць паўнамоцтвы і актыўны ўдзел у гэтым працэсе навучэнцаў, выкладчыкаў і зацікаўленых удзельнікаў, у тым ліку бацькоў.

f. Важным аспектам усяго комплексу выхавання дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека з’яўляецца садзейнічанне сацыяльнай згуртаванасці і міжкультурнаму дыялогу, а таксама павышэнне ролі разнастайнасці і роўнасці, у тым ліку гендарнай роўнасці; для гэтага надзвычай важна развіваць веды, асабістыя і грамадскія навыкі і ўзаемаразуменне, якія рэгулююць канфлікты, павышаюць узровень ацэнкі і разумення адрозненняў паміж рэлігійнымі і этнічнымі групамі, ствараюць узаемную павагу да чалавечай годнасці і агульных каштоўнасцей, заахвочваюць да дыялогу і спрыяюць негвалтоўнаму ўрэгуляванню праблем і спрэчак.

g. Адна з галоўных мэт любога выхавання дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека заключаецца не толькі ў тым, каб надзяліць навучэнцаў ведамі, разуменнем і навыкамі, але і ў тым, каб развіць гатоўнасць дзейнічаць у грамадстве з мэтай прасоўвання прынцыпаў правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права.

h. Пастаянная падрыхтоўка і развіццё ведаў спецыялістаў і маладзёжных лідараў у сферы адукацыі, а таксама саміх выкладчыкаў аб прынцыпах і практыцы выхавання дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека з’яўляюцца жыццёва важнай часткай ажыццяўлення і забеспячэння ўстойлівага і эфектыўнага навучання; яны павінны адпаведным чынам планавацца і забяспечвацца рэсурсамі.

i. Неабходна заахвочваць партнёрства і супрацоўніцтва паміж шырокім колам зацікаўленых удзельнікаў, задзейнічаных у забеспячэнні выхавання дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека на рэгіянальным і мясцовым узроўнях, такім чынам, каб атрымаць максімальную карысць з іх ролі, у тым ліку сярод палітыкаў, спецыялістаў у сферы адукацыі, навучэнцаў, бацькоў, адукацыйных устаноў, няўрадавых грамадскіх і маладзёжных арганізацый, СМІ і грамадскасці.

j. Улічваючы міжнародны характар каштоўнасцей і абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, а таксама агульных прынцыпаў, якія ляжаць у аснове дэмакратыі і вяршэнства права, важна, каб дзяржавы-ўдзельніцы развівалі міжнароднае і рэгіянальнае супрацоўніцтва і спрыялі яму ў дзейнасці, якую ахоплівае гэта Хартыя, у тым ліку выяўленню перадавога вопыту і абмену ім.

РАЗДЗЕЛ III. ПАЛІТЫКІ

Фармальная агульная і прафесійная адукацыя

Дзяржавы-ўдзельніцы павінны ўключаць выхаванне дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыю ў галіне правоў чалавека ў навучальныя праграмы – у рамках фармальнай адукацыі на ўзроўні навучання да пачатковай адукацыі, на ўзроўні пачатковай і сярэдняй школьнай адукацыі, а таксама да агульнай і прафесійнай адукацыі і падрыхтоўкі. Дзяржавы-ўдзельніцы павінны таксама падтрымліваць, разглядаць і абнаўляць асноўныя задачы і метады выхавання дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека ў гэтых навучальных праграмах, для таго каб забяспечваць іх актуальнасць і падтрымліваць устойлівы характар іх развіцця.

Вышэйшая адукацыя

Дзяржавы-ўдзельніцы закліканы заахвочваць, з належным улікам прынцыпаў акадэмічных свабод, уключэнне выхавання дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека ў вышэйшых навучальных установах, у прыватнасці для будучых спецыялістаў у галіне адукацыі.

Дэмакратычнае кіраванне

Дзяржавы-ўдзельніцы павінны спрыяць дэмакратычнаму кіраванню ва ўсіх адукацыйных установах як жаданаму і плённаму метаду кіравання і як практычнаму сродку навучання дэмакратыі і захавання правоў чалавека. Яны павінны спрыяць адпаведнымі сродкамі актыўнаму ўдзелу навучэнцаў, педагагічнага саставу і зацікаўленых удзельнікаў, у тым ліку бацькоў, у кіраванні адукацыйнымі ўстановамі, а таксама заахвочваць да гэтага.

Прафесійная падрыхтоўка

Дзяржавы-ўдзельнікі павінны прапаноўваць настаўнікам, іншым работнікам сферы адукацыі, маладзёжным лідарам і выкладчыкам неабходную першасную і сістэматычную падрыхтоўку і развіццё ў сферы выхавання дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека. Гэта забяспечваецца прадстаўленнем паглыбленых ведаў і разуменнем задач і прынцыпаў гэтай дысцыпліны, а таксама адпаведных метадаў выкладання і навучання ў дадатак да іншых асноўных навыкаў, якія адпавядаюць іх галіне падрыхтоўкі.

Роля няўрадавых грамадскіх і маладзёжных арганізацый і іншых удзельнікаў

Дзяржавы-ўдзельніцы павінны ўмацоўваць ролю няўрадавых грамадскіх і маладзёжных арганізацый у выхаванні дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека, асабліва ў тым, што тычыцца нефармальнай адукацыі. Яны павінны прызнаваць гэтыя арганізацыі і іх дзейнасць як каштоўную частку сістэмы адукацыі, аказваць ім па магчымасці неабходную падтрымку і ў поўнай меры выкарыстоўваць вопыт, які яны могуць перадаць ва ўсе формы навучання. 

Дзяржавы-ўдзельніцы павінны таксама распаўсюджваць інфармацыю аб выхаванні дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека сярод іншых удзельнікаў, у прыватнасці ў СМІ і ў шырокіх колах грамадскасці, а таксама заахвочваць да гэтага для таго, каб мець магчымасць максімальна выкарыстоўваць той уклад, які яны здольныя зрабіць у гэтай галіне.

Крытэрыі ацэнкі

Дзяржавы-ўдзельніцы павінны распрацаваць крытэрыі ацэнкі для вызначэння эфектыўнасці навучальных праграм па выхаванні дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека. Неад’емнай часткай такіх ацэнак павінна быць зваротная сувязь з боку навучэнцаў.

Даследчая дзейнасць

Дзяржавы-ўдзельніцы павінны ініцыяваць і распаўсюджваць навуковыя даследаванні па пытаннях выхавання дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека з мэтай пераасэнсавання бягучай сітуацыі, якая склалася ў гэтай галіне, і прапанавання адпаведным удзельнікам, у тым ліку палітыкам, адукацыйным установам, кіраўнікам школ, настаўнікам, вучням, няўрадавым грамадскім і маладзёжным арганізацыям, параўнальных даных, якія дазволяць ім ацаніць, павысіць эфектыўнасць і выніковасць сваёй дзейнасці, а таксама ўдасканаліць яе. Гэтыя даследаванні, акрамя ўсяго іншага, павінны ўключаць у сябе пытанні навучальных праграм, інавацыйнай практыкі, метадаў выкладання і развіцця сістэм ацэнак, у тым ліку крытэрыяў і паказчыкаў ацэнкі. 

Па меры мэтазгоднасці дзяржавы-ўдзельніцы павінны дзяліцца вынікамі гэтых даследаванняў з іншымі дзяржавамі-ўдзельніцамі і зацікаўленымі асобамі.

Навыкі ў прасоўванні сацыяльнай згуртаванасці, павагі да разнастайнасці і ў рэгуляванні разыходжанняў і канфліктаў

Ва ўсіх сферах адукацыі дзяржавы-ўдзельніцы павінны спрыяць выкарыстанню падыходаў і метадаў выкладання, накіраваных на навучанне жыццю ў дэмакратычным і культурным грамадстве, на атрыманне навучэнцамі ведаў і навыкаў у прасоўванні сацыяльнай згуртаванасці, павагі да разнастайнасці і роўнасці, станоўчай ацэнкі адрозненняў – асабліва паміж рознымі рэлігійнымі і этнічнымі групамі, а таксама на вырашэнне любых спрэчак і непаразуменняў негвалтоўным шляхам, паважаючы пры гэтым правы іншых, а таксама на барацьбу з усімі формамі дыскрымінацыі і гвалту, перш за ўсё з тымі, якія суправаджаюцца здзекаваннямі і праследаваннем.

РАЗДЗЕЛ IV. АЦЭНКА І СУПРАЦОЎНІЦТВА

Ацэнка і агляд

Дзяржавы-ўдзельніцы павінны рэгулярна ацэньваць стратэгіі і палітыку, якія яны ажыццяўляюць у рамках Хартыі, і адпаведным чынам адаптаваць такія стратэгіі і палітыку. Яны могуць рабіць гэта ў супрацоўніцтве з іншымі дзяржавамі-ўдзельніцамі, напрыклад на рэгіянальнай аснове. Любая дзяржава-ўдзельніца можа таксама папрасіць дапамогі з боку Савета Еўропы.

Супрацоўніцтва ў нагляднай дзейнасці

Дзяржавы-ўдзельніцы павінны, калі гэта мэтазгодна, супрацоўнічаць адна з адной і праз Савет Еўропы пры дасягненні мэт і рэалізацыі прынцыпаў, выкладзеных у гэтай Хартыі, шляхам:

a. правядзення працы па тэмах і вызначаных прыярытэтах, якія прадстаўляюць узаемную цікавасць;

b. умацавання шматбаковай і трансгранічнай дзейнасці, уключаючы існуючую сетку каардынатараў па выхаванні дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека;

c. абмену, развіцця, сістэматызацыі і забеспячэння распаўсюджвання перадавога вопыту;

d. інфармавання ўсіх адпаведных удзельнікаў, у тым ліку грамадскасці, пра мэты і выкананне Хартыі;

e. падтрымкі еўрапейскіх сетак няўрадавых грамадскіх і маладзёжных арганізацый, у тым ліку спецыялістаў у сферы адукацыі, а таксама шляхам супрацоўніцтва паміж імі.

Міжнароднае супрацоўніцтва

Дзяржавы-ўдзельніцы павінны абменьвацца вынікамі сваёй працы па выхаванні дэмакратычнай грамадзянскасці і адукацыі ў галіне правоў чалавека ў рамках Савета Еўропы з іншымі міжнароднымі арганізацыямі.