(неафіцыйны агляд)

Міжнародная канвенцыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі (КЛРД) грунтуецца на Дэкларацыі 1963 года аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі.

Дэкларацыя змяшчае чатыры асноўныя моманты:

Любая дактрына аб расавай дыферэнцыяцыі або перавазе з’яўляецца навукова ілжывай, маральна цяжкай, сацыяльна несправядлівай і небяспечнай і не мае ніякага абгрунтавання ў тэорыі або на практыцы.

Расавая дыскрымінацыя, а тым больш палітыка ўрада, заснаваная на расавай перавазе ці нянавісці, парушае асноўныя правы чалавека, ставіць пад пагрозу сяброўскія адносіны паміж народамі, супрацоўніцтва паміж краінамі і міжнародны мір і бяспеку.

Расавая дыскрымінацыя наносіць шкоду не толькі тым, хто з'яўляецца яе аб'ектам, але і тым, хто яе практыкуе.

Сусветная грамадскасць, свабодная ад расавай сегрэгацыі і дыскрымінацыі, фактараў, якія ствараюць нянавісць і падзел, з’яўляецца асноўнай мэтай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.


Артыкул 1

Вызначэнне расавай дыскрымінацыі: любое адрозненне, выключэнне, абмежаванне або перавага на аснове расы, колеру скуры, сацыяльнага, нацыянальнага або этнічнага паходжання з мэтай ці следствам парушэння правоў на роўныя правы чалавека. Палітыка або меры пазітыўных дзеянняў не павінны лічыцца расавай дыскрымінацыяй.

Артыкул 2

Дзяржавы-ўдзельніцы асуджаюць расавую дыскрымінацыю і абавязваюцца праводзіць палітыку па яе ліквідацыі ва ўсіх магчымых формах. Дзяржавы-ўдзельніцы не прымаюць ніякіх праяў расавай дыскрымінацыі і дзейнічаюць для забеспячэння таго, каб ніякія дзяржаўныя органы і ўстановы не ўдзельнічалі ў дыскрымінацыі. Дзяржавы-ўдзельніцы абавязваюцца не спансіраваць, не абараняць і не падтрымліваць расавую дыскрымінацыю з боку любых асоб або арганізацый. Дзяржавы-ўдзельніцы разглядаюць дзяржаўную, нацыянальную і мясцовую палітыку і змяняюць або адмяняюць законы і правілы, якія ствараюць або ўвекавечваюць расавую дыскрымінацыю. Дзяржавы-ўдзельніцы забараняюць і спыняюць расавую дыскрымінацыю любымі асобамі, групамі або арганізацыямі. Дзяржавы-ўдзельніцы прымаюць неабходныя меры для развіцця і абароны асоб, якія належаць да пэўных расавых груп, у мэтах гарантавання ім поўнага і роўнага ажыццяўлення правоў чалавека.

Артыкул 3

Дзяржавы-ўдзельніцы асуджаюць апартэід і абавязваюцца прадухіляць, забараняць і выкараняць любую падобную практыку на сваёй тэрыторыі.

Артыкул 4

Дзяржавы-ўдзельніцы асуджаюць любую прапаганду і ўсе арганізацыі, заснаваныя на ідэях расавай перавагі. Дзяржавы-ўдзельніцы абавязваюцца дзейнічаць у мэтах выкаранення любога падбухторвання да дыскрымінацыі і забараняюць распаўсюджванне ідэй, заснаваных на расавай перавазе і актах гвалту ці падбухторвання да гвалту ў дачыненні да любой расы.

Артыкул 5

Дзяржавы-ўдзельніцы абавязваюцца забараняць, ліквідаваць расавую дыскрымінацыю і гарантаваць усім без адрознення права на роўнасць перад законам, асабліва ў ажыццяўленні правоў на правасуддзе; бяспеку чалавека; палітычныя правы, у тым ліку права голасу і права балатавацца на выбарах, удзельнічаць у дзяржаўных і грамадскіх справах і мець роўны доступ да дзяржаўнай службы; права на свабоду перамяшчэння і пражывання; права пакідаць любую краіну, у тым ліку сваю родную, і вяртацца ў яе; права на грамадзянства; права на ўступленне ў шлюб і выбар мужа або жонкі; права на валоданне маёмасцю; права атрымання ў спадчыну; права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі; права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне; права на мірныя сходы і аб’яднанні; эканамічныя, сацыяльныя і культурныя правы, у прыватнасці права на працу, свабодны яе выбар, роўную аплату за роўную працу, справядлівае і здавальняючае ўзнагароджанне; права ствараць прафсаюзы і ўступаць у іх; права на жыллё; права на ахову здароўя, медыцынскае абслугоўванне, сацыяльнае забеспячэнне і сацыяльныя паслугі; права на адукацыю і прафесійную падрыхтоўку; права на роўны ўдзел у культурнай дзейнасці; права доступу да любога месца або службы, прызначаных для выкарыстання шырокай грамадскасцю.

Артыкул 6

Дзяржавы-ўдзельніцы забяспечваюць кожнаму чалавеку, які знаходзіцца пад іх юрысдыкцыяй, эфектыўную абарону, у тым ліку сродкі прававой абароны, ад актаў расавай дыскрымінацыі.

Артыкул 7

Дзяржавы-ўдзельніцы абавязваюцца прымаць меры ў галіне адукацыі, навучання і г. д. для барацьбы з прадузятасцямі, якія вядуць да расавай дыскрымінацыі.

Крыніца: Цэнтр ААН па правах чалавека і Народны рух за вывучэнне правоў чалавека www.pdhre.org