Пытанне: Што такое «правы чалавека»?

Правы чалавека – гэта тое, чым, згодна з нормамі маралі, надзелены кожны чалавек, які жыве ў свеце, проста з той прычыны, што ён чалавек. Дамагаючыся рэалізацыі нашых правоў, мы звяртаемся, як правіла, да ўласнага ўрада з пазіцый маралі, кажучы: так паступаць нельга, таму што гэта – уварванне ў сферу маёй маралі і абраза маёй асабістай годнасці. Ніхто – ні чалавек, ні ўрад – ніколі не можа адабраць у нас нашых правоў чалавека.

Пытанне: Адкуль яны ўзяліся?

Яны паўсталі таму, што чалавек акрамя фізічнай, мае таксама маральную і духоўную сутнасць. Правы чалавека патрэбны для таго, каб абараніць і захаваць чалавечую сутнасць кожнага, каб забяспечыць кожнаму чалавеку годнае жыццё – жыццё, годнае чалавечай асобы.

Пытанне: Чаму нехта «павінен» іх паважаць?

Перш за ўсё таму, што чалавечая сутнасць уключае і маральны складнік. Большасць людзей, калі ім паказаць на тое, што яны ўшчамляюць чыюсьці асабістую годнасць, пастараюцца гэтага не рабіць. Як правіла, людзі не хочуць чыніць шкоды іншым. Аднак цяпер, акрамя маральных санкцый уласнага або чужога сумлення, у большасці краін свету існуюць законы, якія абавязваюць урады паважаць асноўныя правы сваіх грамадзян, нават калі ім гэтага, можа быць, і не хочацца.

Пытанне:  Хто валодае правамі чалавека?

Абсалютна ўсе. Злачынцы, кіраўнікі дзяржаў, дзеці, мужчыны, жанчыны, афрыканцы, амерыканцы, еўрапейцы, бежанцы, асобы без грамадзянства, беспрацоўныя, працоўныя, банкіры, асобы, абвінавачаныя ў здзяйсненні тэрарыстычных актаў, працаўнікі дабрачынных устаноў, настаўнікі, танцоры, касманаўты...

Пытанне: Нават злачынцы і кіраўнікі дзяржаў?

Абсалютна ўсе. Злачынцы і кіраўнікі дзяржаў – таксама людзі. Сіла правоў чалавека заключаецца ў тым, што яны прызнаюць усіх роўнымі з пункту гледжання валодання чалавечай годнасцю. Хтосьці часам можа парушыць чые-небудзь правы ці стаць пагрозай для грамадства, і таму можа паўстаць неабходнасць тым ці іншым чынам абмежаваць правы такіх людзей, каб абараніць правы іншых, але толькі ў пэўных межах. Гэтыя межы вызначаюцца як мінімум, неабходны для захавання чалавечай годнасці.

Пытанне: Чаму некаторым групам патрабуюцца асаблівыя правы чалавека? Ці азначае гэта, што ў іх больш правоў, чым у іншых людзей?

Не, не азначае, але некаторыя групы, такія як цыганы-рама ў Еўропе, даліты («недатыкальныя») ці пэўныя касты ў Індыі, так доўга падвяргаліся дыскрымінацыі ў тым ці іншым грамадстве, што спатрэбіліся спецыяльныя меры, каб забяспечыць ім роўны з іншымі людзьмі стандарт правоў чалавека. Было б смешна меркаваць, што пасля доўгіх гадоў укаранёнай дыскрымінацыі і існавання стэрэатыпаў, адкрытай нянавісці і сацыяльных бар'ераў будзе дастаткова проста даць ім агульнапрымянімыя правы, мяркуючы, што гэтага будзе дастаткова для захавання роўнасці.

Пытанне: Чаму гаворка ідзе аб правах людзей, а не аб іх адказнасці?

Нягледзячы на тое, што некаторыя філосафы і НГА вылучылі важкія аргументы на карысць неабходнасці вызначыць меру адказнасці людзей і нават прадставілі ў абарону гэтага доваду свае «кодэксы» ці «дэкларацыі», супольнасць праваабаронцаў у цэлым маўчыць наконт гэтай спрэчкі. Прычына ў тым, што многія ўрады ставяць «дараванне» правоў у залежнасць ад пэўных «абавязкаў», якія накладаюцца на людзей урадам або кіраўніком, з-за чаго сама ідэя правоў чалавека як правоў, якімі ён валодае па праве нараджэння, губляе сэнс. І ўсё ж, зразумела, усе мы – асобныя людзі і групы людзей – павінны з усёй адказнасцю ставіцца да правоў іншых, не злоўжываць імі, але паважаць і прасоўваць, як свае ўласныя правы. І ў гэтым кантэксце артыкул 29 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека прызнае, што: «1. Кожны чалавек мае абавязкі перад грамадствам, у якiм толькi i магчыма свабоднае i поўнае развiццё яго асобы. 2. Пры ажыццяўленнi сваiх правоў i свабод кожны чалавек павiнен спазнаць толькi такiя абмежаваннi, якiя ўстаноўлены законам выключна з мэтай забеспячэння належнага прызнання і павагі правоў і свабод іншых і задавальнення справядлівых патрабаванняў маралі, грамадскага парадку i агульнага дабрабыту ў дэмакратычным грамадстве».

Пытанне: Хто сочыць за выкананнем правоў чалавека?

Усе мы павінны за гэтым сачыць. Існуюць законы, як нацыянальныя, так і міжнародныя, якія абмяжоўваюць свабоду дзеянняў урадаў у дачыненні да сваіх грамадзян, але, калі ніхто ім не пакажа на тое, што сваімі дзеяннямі яны парушаюць міжнародныя нормы, урады могуць беспакарана працягваць парушэнні. Кожны з нас як асоба павінен у паўсядзённым жыцці не толькі паважаць правы іншых, але і ўважліва сачыць за дзеяннямі нашых і не нашых урадаў. Сістэмы абароны правоў існуюць для таго, каб усе мы маглі імі скарыстацца.

Пытанне: Як я магу абараніць свае правы?

Паспрабуйце звярнуць увагу іншых на тое, што вашы правы былі парушаны; запатрабуйце іх выканання. Дайце супрацьлегламу боку зразумець: вам вядома, што ён не мае права абыходзіцца з вамі падобным чынам. Вылучыце адпаведныя артыкулы ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Канвенцыі аб абароне правоў чалавека ці іншых міжнародных дакументах. Калі адпаведныя законы ёсць у вашай уласнай краіне, спашліцеся і на іх. Паведаміце іншым аб тым, што здарылася: паведаміце прэсе, напішыце вашаму дэпутату парламента і кіраўніку дзяржавы, праінфармуйце пра гэта НГА, якія займаюцца правамі чалавека. Спытайце ў іх рады. Калі ёсць магчымасць, пагаварыце з адвакатам. Паспрабуйце зрабіць так, каб ураду стала вядома аб вашых дзеяннях. Дайце яму зразумець, што вы не збіраецеся адступаць. Прадэманструйце падтрымку, на якую вы можаце разлічваць. Нарэшце, калі ўсё астатняе не дапамагло, вы можаце звярнуцца ў суд.

Пытанне: Як мне звярнуцца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека?

Еўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод вызначае працэдуры разгляду індывідуальных скаргаў. Аднак прыняцце спраў да разгляду рэгламентуецца строгімі патрабаваннямі. Напрыклад, да падачы справы ў Еўрапейскі суд вы павінны пацвердзіць, што ваша скарга ўжо падавалася ў нацыянальныя суды вашай краіны (аж да самай вышэйшай інстанцыі!). Калі вы хочаце паспрабаваць і лічыце, што ваша скарга адказвае ўстаноўленым патрабаванням, яе можна прадставіць. Аднак вам настойліва рэкамендуецца звярнуцца за радай да юрыста або НГА, якія дзейнічаюць у гэтай галіне, і пераканацца, ці сапраўды ў вас ёсць рэальны шанц на поспех. Майце на ўвазе, што вынясенню канчатковага рашэння можа папярэднічаць працяглы і складаны працэс!

Пытанне: У каго мне патрабаваць выканання маіх правоў?

Захавання амаль усіх асноўных правоў чалавека, пералічаных у міжнародных пагадненнях, вы павінны патрабаваць ад урада вашай краіны ці ад афіцыйных службовых асоб дзяржавы. Правы чалавека абараняюць вашы інтарэсы ад замахаў дзяржавы, таму вы павінны патрабаваць іх выканання ад дзяржавы або ад яе прадстаўнікоў. Калі вы лічыце, што вашы правы парушаюцца, напрыклад вашым працадаўцам або суседам, вы не можаце наўпрост спасылацца на міжнародныя законы аб правах чалавека, за выключэннем тых выпадкаў, калі ўрад вашай краіны быў абавязаны прыняць меры, каб не дапусціць такіх дзеянняў працадаўцаў або суседзяў.

Пытанне: Ці ляжыць на кім-небудзь абавязак абараняць мае правы?

Так. Права не мае сэнсу, калі на некага не ўскладзены адпаведная адказнасць ці абавязак. Маральны абавязак не замахвацца на вашу асабістую годнасць ускладзены на кожнага чалавека, але ўрад вашай краіны, падпісаўшы міжнародныя пагадненні, нясе не толькі маральную, але і юрыдычную адказнасць.

Пытанне: Правы чалавека з’яўляюцца праблемай толькі ў недэмакратычных краінах?

Нават сёння ў свеце няма такой краіны, дзе б заўсёды цалкам выконваліся ўсе правы чалавека. У адных краінах парушэнні могуць адбывацца часцей, чым у іншых, закранаць большую ці меншую частку насельніцтва, але ўсякае, нават адзінкавае парушэнне ўяўляе праблему, якая не павінна была ўзнікнуць і якой трэба займацца. Чалавеку, чые правы былі парушаны ў краіне, дзе дэмакратыя ўстанавілася ўжо даўно, наўрад ці будзе лягчэй ад таго, што ў цэлым у яго краіне становішча з выкананнем правоў чалавека лепш, чым у іншых краінах свету.

Пытанне: Ці дамагліся мы прагрэсу ў барацьбе з парушэннямі правоў чалавека?

Так, і вялікага прагрэсу – нават калі часам ён і здаецца кропляй у моры. Успомніце пра выкараненне рабства, пра тое, што жанчыны атрымалі права голасу, пра краіны, якія адмянілі смяротную кару, пра вызваленне вязняў сумлення ў выніку міжнароднага ціску, пра крах рэжыму апартэіду ў Паўднёвай Афрыцы, пра справы, разгледжаныя ў Еўрапейскім судзе, і законы, змененыя ў выніку гэтага. Задумайцеся над тым, што паступовае развіццё культуры міжнародных зносін азначае, што нават найбольш аўтарытарным рэжымам даводзіцца сёння лічыцца з правамі чалавека, калі яны хочуць быць прынятымі на міжнароднай арэне. Станоўчых вынікаў было дасягнута шмат, асабліва за апошнія 50 гадоў, але значна больш яшчэ трэба будзе зрабіць.