(Неафіцыйны агляд)

Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (1966 г.) разам з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека (1948 г.) і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (1966 г.) складаюць Міжнародны біль аб правах чалавека. У адпаведнасці з Усеагульнай дэкларацыяй Пакт прызнае, што «...ідэал свабоднай чалавечай асобы, якая карыстаецца грамадзянскай і палітычнай свабодай і свабодай ад страху і галечы, можа быць дасягнуты толькі ў тым выпадку, калі ствараюцца ўмовы, пры якіх кожны можа карыстацца сваімі грамадзянскімі і палітычнымі правамі, а таксама эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі правамі».

Пакт уступіў у сілу ў 1976 годзе і ў маі 2012 года быў ратыфікаваны 160 краінамі.


Артыкул 1

Усе народы маюць права на самавызначэнне, у тым ліку права вызначаць свой палітычны статус і свабодна ажыццяўляць сваё эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё.

Артыкул 2

Кожная дзяржава-ўдзельніца абавязваецца прымаць меры ў максімальна магчымай ступені для дасягнення поўнай рэалізацыі правоў, замацаваных у гэтым дагаворы. Кожны чалавек мае права на роўныя правы без якой-небудзь дыскрымінацыі.

Артыкул 3

Дзяржавы абавязваюцца забяспечыць роўныя для мужчын і жанчын правы карыстання ўсімі правамі ў гэтым дагаворы.

Артыкул 4

Абмежаванні могуць адносіцца да гэтых правоў толькі ў тым выпадку, калі яны сумяшчальныя з характарам гэтых правоў і выключна з мэтай спрыяць агульнаму дабрабыту ў дэмакратычным грамадстве.

Артыкул 5

Ні адзін чалавек, група або ўрад не маюць права знішчаць якія-небудзь з гэтых правоў.

Артыкул 6

Кожны чалавек мае права на працу, у тым ліку права зарабляць сабе на жыццё на свабодна выбранай і прынятай працы.

Артыкул 7

Кожны чалавек мае права на справядлівыя ўмовы працы; справядлівую зарплату, якая забяспечвае годнае жыццё для чалавека і яго сям’і; роўную аплата за роўную працу; бяспечныя і здаровыя ўмовы працы; роўныя магчымасці для прасоўвання па службе; адпачынак і вольны час.

Артыкул 8

Кожны чалавек мае права ствараць прафесійныя саюзы і ўступаць у іх, а таксама мае права на забастоўку.

Артыкул 9

Кожны чалавек мае права на сацыяльнае забеспячэнне, у тым ліку сацыяльнае страхаванне.

Артыкул 10

Для сям’і павінны забяспечвацца абарона і дапамога. Шлюб павінен заключацца па свабоднай згодзе абодвух бакоў. Асаблівая абарона павінна забяспечвацца маці. Асаблівыя меры павінны ажыццяўляцца ў інтарэсах дзяцей, без якой-небудзь дыскрымінацыі. Дзеці і падлеткі павінны быць абаронены ад эканамічнай эксплуатацыі. Іх праца ў небяспечных або шкодных умовах павінна быць забаронена. Павінны быць прадугледжаны ўзроставыя абмежаванні: праца дзяцей ва ўзросце ніжэй за гэтыя абмежаванні павінна быць забаронена.

Артыкул 11

Кожны чалавек мае права на дастатковы жыццёвы ўзровень для сябе самога і сваёй сям’і, што ўключае ў сябе дастатковае харчаванне, адзенне і жыллё. Кожны чалавек мае права быць свабодным ад голаду.

Артыкул 12

Кожны чалавек мае права на найвышэйшы дасягальны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя.

Артыкул 13

Кожны чалавек мае права на адукацыю. Пачатковая адукацыя павінна быць абавязковай і бясплатнай для ўсіх.

Артыкул 14

Тыя дзяржавы, у якіх абавязковая бясплатная пачатковая адукацыя не з’яўляецца даступнай для ўсіх, павінны распрацаваць план па забеспячэнні такой адукацыі.

Артыкул 15

Кожны чалавек мае права прымаць удзел у культурным жыцці і карыстацца перавагамі навуковага прагрэсу.


Пакт кантралюецца Камітэтам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па эканамічных, сацыяльных і культурных правах.

Крыніца: Рэсурсны цэнтр Мінесоты па правах чалавека, на аснове матэрыялаў Цэнтра ААН па правах чалавека, Міжнароднага біля аб правах, інфармацыйнага бюлетэня # 2.