Спрошчаная версія выбраных артыкулаў1

Рэзюмэ прэамбулы

Урады краін – удзельнікаў Савета Еўропы імкнуцца да міру і ўмацавання адзінства на аснове правоў чалавека і фундаментальных свабод. У адпаведнасці з дадзенай Канвенцыяй яны вырашаюць зрабіць першыя крокі да ажыццяўлення многіх правоў, якія змяшчаюцца ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Артыкул 1. Абавязацельства паважаць правы чалавека

Дзяржавы павінны забяспечыць выкананне правоў, названых у дадзенай Канвенцыі, для кожнага чалавека.

Артыкул 2. Права на жыццё

У кожнага чалавека ёсць права на жыццё.

Артыкул 3. Забарона катаванняў

Ніхто не мае права прычыніць чалавеку шкоду або катаваць яго. Нават у зняволенні чалавечая годнасць павінна паважацца.

Артыкул 4. Забарона рабства і прымусовай працы

Забараняецца ставіцца да чалавека як да раба або прымушаць яго да працы.

Артыкул 5. Права на свабоду і асабістую недатыкальнасць

Кожны чалавек мае права на свабоду. Калі чалавека арыштоўваюць, ён мае права ведаць прычыну. Калі чалавек арыштаваны, ён мае права паўстаць перад судом у бліжэйшы час або быць вызваленым да суда.

Артыкул 6. Права на справядлівы судовы разбор

Кожны чалавек мае права на справядлівы судовы разбор перад непрадузятым і незалежным суддзёй. Калі асобу абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства, яна лічыцца не вінаватай, пакуль яе віна не даказана. Такая асоба мае права на дапамогу адваката, які павінен быць аплачаны дзяржавай, калі ў яе не хапае сродкаў.

Артыкул 7. Пакаранне выключна на аснове закону

Ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, калі на момант здзяйснення не існавала адпаведнага закону.

Артыкул 8. Права на павагу прыватнага і сямейнага жыцця

Кожны чалавек мае права на павагу свайго прыватнага і сямейнага жыцця, жылля і перапіскі.

Артыкул 9. Свабода думкі, сумлення і рэлігіі

Кожны чалавек мае права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі. Кожны чалавек мае права вызнаваць сваю рэлігію дома і ў грамадскіх месцах і мяняць сваю рэлігію па ўласным жаданні.

Артыкул 10. Свабода выказвання меркавання

Кожны чалавек мае права адказна гаварыць і пісаць тое, што думае, і даваць і атрымліваць інфармацыю ад іншых. Гэта права ўключае ў сябе свабоду друку.

Артыкул 11. Свабода сходаў і аб’яднанняў

Кожны чалавек мае права прымаць удзел у мірных сходах і ствараць аб’яднанні або далучацца да іх, у тым ліку да прафсаюзаў.

Артыкул 12. Права на ўступленне ў шлюб

Кожны чалавек мае права браць шлюб і мець сям’ю.

Артыкул 13. Права на эфектыўныя сродкі прававой абароны

Калі правы чалавека парушаюцца, ён можа афіцыйна падаць скаргу ў суд ці іншы дзяржаўны орган.

Артыкул 14. Забарона дыскрымінацыі

У кожнага чалавека ёсць гэтыя правы незалежна ад колеру скуры, полу, мовы, палітычных ці рэлігійных перакананняў або сацыяльнага паходжання.

Артыкул 15. Адступленне ад выканання абавязкаў пры надзвычайных сітуацыях

Падчас вайны ці іншага надзвычайнага становішча ўрад можа адступаць ад выканання правоў чалавека, але толькі ў выпадку крайняй неабходнасці. Нават тады ўрад не можа, напрыклад, адвольна катаваць або забіць чалавека.

Артыкул 16. Абмежаванне на палітычную дзейнасць замежнікаў

Урады могуць абмежаваць палітычную дзейнасць замежнікаў, нават калі гэта будзе супярэчыць артыкулам 10, 11 або 14.

Артыкул 17. Забарона злоўжывання правамі

Нішто ў гэтай Канвенцыі не можа быць выкарыстана для нанясення шкоды правам і свабодам, замацаваным у Канвенцыі.

Артыкул 18. Межы выкарыстання абмежаванняў у дачыненні да правоў

Большасць правоў у гэтай Канвенцыі можа быць абмежавана агульным законам, які прымяняецца да ўсіх. Такія абмежаванні дапускаюцца толькі ў тым выпадку, калі яны строга неабходны.

Артыкулы 19–51

Гэтыя артыкулы тлумачаць, як працуе Еўрапейскі суд па правах чалавека.

Артыкул 34. Індывідуальныя скаргі

Калі правы чалавека, змешчаныя ў Канвенцыі, парушаны ў адной з дзяржаў-удзельнікаў, асоба павінна спачатку звярнуцца да ўсіх кампетэнтных нацыянальных органаў. Калі ў пэўным выпадку гэта не працуе, можна звярнуцца непасрэдна ў Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу.

Артыкул 52. Запыты Генеральнага сакратара

Па запыце Генеральнага сакратара Савета Еўропы ўрад павінен растлумачыць, як яго нацыянальнае заканадаўства абараняе правы дадзенай Канвенцыі.


ПРАТАКОЛЫ ДА КАНВЕНЦЫІ

 

Артыкул 1 Пратакола № 1. Абарона маёмасці

Кожны чалавек мае права валодаць маёмасцю і карыстацца ёю.

Артыкул 2 Пратакола № 1. Права на адукацыю

Кожны чалавек мае права хадзіць у школу.

Артыкул 3 Пратакола № 1. Права на свабодныя выбары

Кожны чалавек мае права выбіраць урад сваёй краіны тайным галасаваннем.

Артыкул 2 Пратакола № 4. Свабода перамяшчэння

Калі чалавек законна знаходзіцца ў межах краіны, ён мае права ісці туды, куды захоча, і жыць там, дзе захоча.

Артыкул 1 Пратакола № 6. Адмена смяротнай кары

Чалавек не можа быць прыгавораны да смяротнай кары ці быць пакараным дзяржавай.

Артыкул 2 Пратакола № 7. Права на абскарджанне ў крымінальных справах

Кожны чалавек можа звярнуцца ў вышэйстаячы суд, калі ён быў асуджаны за здзяйсненне злачынства.

Артыкул 3 Пратакола № 7. Кампенсацыя за неправамернае асуджэнне

Кожны чалавек мае права на кампенсацыю, калі ён быў асуджаны за здзяйсненне злачынства і высветлілася, што ён не вінаваты.

Артыкул 1 Пратакола № 12. Агульная забарона дыскрымінацыі

Ніякі чалавек не можа падвяргацца дыскрымінацыі з боку дзяржаўных органаў па прычынах, напрыклад, колеру скуры, полу, мовы, палітычных ці рэлігійных перакананняў або сацыяльнага паходжання.

 

1  Гэта спрошчаная версія была падрыхтавана Дырэктаратам па камунікацыях Савета Еўропы выключна ў адукацыйных мэтах. Тэксты, якія маюць прававую аснову, можна знайсці ў афіцыйных апублікаваных версіях Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод і пратаколаў да яе.