(Агляд)

Хартыя распрацавана, з аднаго боку, для абароны і прасоўвання рэгіянальных моў і моў меншасцей як аспекту культурнай спадчыны Еўропы, якому пагражае небяспека, а, з другога боку, для таго, каб даць магчымасць людзям, якія размаўляюць на рэгіянальнай мове ці мове меншасці, выкарыстоўваць яе ў прыватным і грамадскім жыцці. Хартыя ахоплівае рэгіянальныя мовы і мовы меншасцей, нетэрытарыяльныя мовы і афіцыйныя мовы, якія выкарыстоўваюцца менш шырока.

У Хартыі выкладаюцца галоўныя прынцыпы і мэты, на якіх дзяржавы павінны засноўваць сваю палітыку, заканадаўства і практыку і якія разглядаюцца як прынцыпы і мэты, якія забяспечваюць неабходную аснову для захавання адпаведных моў.

Восем асноватворных прынцыпаў і мэт заключаюцца ў наступным:

  • Прызнанне рэгіянальных моў або моў меншасцей як адлюстравання культурнага багацця.
  • Павага да геаграфічнага раёна кожнай рэгіянальнай мовы ці мовы меншасці.
  • Неабходнасць рашучых дзеянняў па прасоўванні такіх моў.
  • Падтрымка і (або) заахвочванне выкарыстання такіх моў вусна і пісьмова, у грамадскім і прыватным жыцці.
  • Прапанаванне адпаведных форм і сродкаў для вывучэння такіх моў на ўсіх адпаведных этапах і навучання на іх.
  • Прасоўванне адпаведных транснацыянальных абменаў.
  • Забарона ўсіх форм неапраўданага адрознення, выключэнняў, абмежаванняў або пераваг, звязаных з выкарыстаннем рэгіянальнай мовы ці мовы меншасці і прызначаных для таго, каб перашкодзіць падтрымцы або развіццю такой мовы ці паставіць яе пад пагрозу.
  • Прасоўванне дзяржавамі ўзаемаразумення паміж усімі лінгвістычнымі групамі краіны.

Акрамя таго, у Хартыі выкладаецца шэраг канкрэтных мер, накіраваных на заахвочванне выкарыстання рэгіянальных моў або моў меншасцей у грамадскім жыцці. Гэтыя меры ахопліваюць наступныя сферы: адукацыя, правасуддзе, адміністрацыйныя органы і дзяржаўныя службы, сродкі масавай інфармацыі, культурныя мерапрыемствы і аб’екты, эканамічная і сацыяльная дзейнасць і трансгранічныя абмены.

Хартыя прадугледжвае механізм маніторынгу для ацэнкі таго, як яна прымяняецца ў дзяржаве-ўдзельніцы, з мэтай (у выпадку неабходнасці) выпрацоўкі рэкамендацый па ўдасканаленні яе заканадаўства, палітыкі і практыкі. Цэнтральным элементам механізму маніторынгу з’яўляецца Камітэт незалежных экспертаў. Гэты камітэт:

  • разглядае перыядычныя справаздачы дзяржавы;
  • пры неабходнасці задае шэраг пытанняў Боку па любых незразумелых аспектах справаздачы;
  • арганізуе азнаямленчую паездку ў дзяржаву для сустрэчы з уладамі, няўрадавымі грамадскімі арганізацыямі або любым іншым кампетэнтным органам для ацэнкі прымянення Хартыі;
  • разглядае любую дадатковую інфармацыю, прадстаўленую асацыяцыямі і іншымі органамі, юрыдычна заснаванымі ў адпаведнай дзяржаве і зацікаўленымі ў сферы моў;
  • рыхтуе сваю ўласную экспертную справаздачу на аснове атрыманай інфармацыі і накіроўвае яе Камітэту міністраў, у тым ліку прапановы па тым, якія рэкамендацыі трэба даць дзяржавам.

Адзін раз у два гады Генеральны сакратар Савета Еўропы павінен прадставіць у Парламенцкую асамблею падрабязную справаздачу аб прымяненні Хартыі. Гэта гарантуе, што члены парламентаў краін Еўропы будуць інфармаваны аб выкарыстанні Хартыі, што дазволіць ім пры неабходнасці аказаць палітычны ціск, каб заахвоціць нацыянальныя ўрады прыняць адпаведныя меры.