Калі ён вернецца, яго будуць катаваць!

Агляд

Сімуляцыя (міні-суд) з мэтай вывучэння рэальнай справы, якая была разгледжана Еўрапейскім судом па правах чалавека.

Звязаныя правы

• Свабода ад катаванняў
• Права на пошук прытулку
• Права на справядлівы публічны судовы разбор

Мэты

• Даць удзельнікам веды аб ролі Еўрапейскага суда па правах чалавека і аб частковай адмене артыкулаў закону аб правах чалавека
• Развіць навыкі крытычнага мыслення і фармуліроўкі лагічных аргументаў
• Культываваць пачуццё справядлівасці і чалавечай годнасці

Матэрыялы

• Копіі ролевых картак
• Ручкі і папера для нататак
• Інфармацыйная картка для фасілітатара

Падрыхтоўка

• Зрабіце копіі і выражце карткі. У кожнага ўдзельніка павінна быць свая ўласная картка, і лепш мець аднолькавую колькасць (наколькі гэта будзе магчыма) суддзяў, прадстаўнікоў урада Вялікабрытаніі і прадстаўнікоў сп-ра Чахала.
• Пранумаруйце карткі ў кожнай групе: 1, 2, 3, 4 і гэтак далей.
• Вам спатрэбіцца дастаткова месца, каб кожны з «судоў» (па 3 чалавекі) мог размясціцца асобна ад іншых.

compass-key-date
  • 26 чэрвеняМіжнародны дзень Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у падтрымку ахвяр катаванняў

Інструкцыі

1. Скажыце групе, што занятак будзе прысвечаны справе, якая разглядалася ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Спытайце ўдзельнікаў, што яны ведаюць пра гэты суд і пра Еўрапейскую канвенцыю аб правах чалавека.
2. Прачытайце ўслых картку з інфармацыяй па справе і пераканайцеся, што ўсе разумеюць сутнасць пытання «Ці будзе дэпартацыя сп-ра Чахала парушэннем артыкула 3?».
3. Падзяліце ўдзельнікаў на 3 роўныя групы.
  • Група А прадстаўляе сп-ра Чахала
  • Група B прадстаўляе ўрад Вялікабрытаніі
  • Група C прадстаўляе членаў Еўрапейскага суда па правах чалавека.
4. Раздайце кожнай групе копіі адпаведных ролевых картак і растлумачце ўдзельнікам, што ў іх ёсць 30 хвілін, каб абмеркаваць і растлумачыць свае пазіцыі. Групы А і B павінны выкарыстаць гэты час, каб падрыхтаваць свае аргументы, а група C (група суддзяў) павінна падрыхтаваць пытанні для абодвух бакоў.
5. Праз 30 хвілін папрасіце ўдзельнікаў перагрупавацца: удзельнік пад нумарам 1 застаецца ў сваёй групе, пад нумарам 2 – пераходзіць у іншую і гэтак далей; у выніку ў кожнай новай групе будзе па адным прадстаўніку сп-ра Чахала, урада Вялікабрытаніі і суддзяў.
6. Растлумачце, што кожная новая малая група ўяўляе сабой міні-суд. Суды будуць мець у сваім распараджэнні 20 хвілін, каб выслухаць аргументы абодвух бакоў і пытанні, якія зададуць самі суддзі.
7. Па заканчэнні гэтага часу кожны суддзя павінен прыйсці да рашэння, ці будзе парушаны артыкул 3, калі сп-р Чахал будзе дэпартаваны. Зноў збярыце ўсю групу разам і папрасіце суддзяў абвясціць свае рашэнні і агучыць аргументы.
8. Дайце прадстаўнікам дзвюх іншых груп магчымасць выказаць сваё меркаванне наконт абвешчаных судовых рашэнняў, а затым раскажыце ім, як Еўрапейскі суд у рэальнасці вырашыў гэту справу (гл. інфармацыйную картку ніжэй у раздзеле «Раздатачныя матэрыялы»).
9. Спытайце ўдзельнікаў, што яны думаюць наконт рашэння Еўрапейскага суда, а затым пераходзьце да аналізу і ацэнкі.

Аналіз і ацэнкаGoto top

  • Якія аспекты справы былі самымі цяжкімі?
  • Ці цяжка вам было іграць сваю ролю?
  • Як вы лічыце, «суддзя» з вашай малой групы прыняў правільнае рашэнне? Якія фактары былі найбольш важнымі пры прыняцці канчатковага рашэння?
  • Чаму, на ваш погляд, Еўрапейская канвенцыя аб правах чалавека нават у выключных выпадках выступае супраць абмежавання права на свабоду ад катаванняў?
  • Якія, на ваш погляд, будуць наступствы, калі катаванні будуць час ад часу дазволены?
  • Як усё гэта суадносіцца з сучаснай «вайной з тэрарызмам»? Ці ведаеце вы што-небудзь пра падобныя дзеянні або справы?
  • Чаму нам патрэбны Еўрапейскі суд па правах чалавека?
  • Ці ведаеце вы пра якія-небудзь справы з вашай краіны, якія дайшлі да гэтага суда?
  • Хто можа давесці справу да разгляду ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека?

Парады для фасілітатараўGoto top

Падчас працы над пунктам 4, калі ўдзельнікі будуць прадстаўляць свае пазіцыі, трэба папярэдзіць іх, што пры далейшым разглядзе гэтай справы яны будуць падзелены на групы для працы над справай у фармаце судовага пасяджэння. Прапануйце ім выкарыстоўваць частку часу для абмеркавання падрабязнасцей справы з іншымі ўдзельнікамі, а астатні час прысвяціць падрыхтоўцы сваёй уступнай заявы. Суддзі павінны ўдакладніць падрабязнасці справы і падумаць, якую дадатковую інфармацыю яны запытаюць у абодвух бакоў, перш чым прыняць рашэнне.

Растлумачце абодвум бакам судовага разбору, што нават калі яны не згодны з пазіцыяй, якую ім выпала абараняць, то ім усё роўна трэба найлепшым чынам абараніць яе перад суддзямі.
Будзе лепш, калі вы знойдзеце магчымасць размясціць розныя «суды» ў розных памяшканнях (пункт 6) ці, па меншай меры, настолькі далёка адзін ад аднаго, каб у ніводнага з іх не было магчымасці падслухаць іншых.

Папрасіце суддзяў распараджацца часам у ходзе «судовага разбору». Суддзі павінны загадзя спланаваць, колькі часу яны адвядуць на разгляд пытанняў і як будуць дзяліць час паміж бакамі. Падкрэсліце, што кожны бок павінен атрымаць прыкладна роўны адрэзак часу і што яшчэ павінен застацца час для высвятлення пунктаў гледжання абодвух бакоў.

Калі ўдзельнікі яшчэ не знаёмы з такой інфармацыяй, вы можаце паведаміць ім некаторыя даныя з даклада Дзіка Марці «Тайныя затрыманні і незаконная перадача зняволеных з удзелам дзяржаў – членаў Савета Еўропы: другі даклад», у якім расказваецца аб тайных затрыманнях і ўмовах утрымання зняволеных у Гуантанама (гл. даведачную інфармацыю на тэму «Вайна і тэрарызм»).

Прапановы па далейшай працыGoto top

У практыкаванні «Тэрарызм» даюцца розныя вызначэнні тэрарызму і прыводзяцца прыклады розных тэрарыстычных актаў. Вы таксама можаце звярнуць увагу на практыкаванне «Калі прыйдзе заўтра», дзе разглядаецца яшчэ адно права чалавека, якое не можа быць абмежавана, – права на жыццё. Там жа прыводзіцца фрагмент тэксту, напісанага маладым чалавекам з камеры смертнікаў.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Еўрапейскі суд па правах чалавека з'яўляецца міжнародным судовым органам, які быў заснаваны ў адпаведнасці з Еўрапейскай канвенцыяй аб правах чалавека (ЕКПЧ) у 1950 годзе для маніторынгу выканання правоў чалавека дзяржавамі – удзельніцамі Савета Еўропы. www.echr.coe.int

Вельмі простае рэзюмэ аб Еўрапейскім судзе па правах чалавека і яго працы прыводзіцца на сайце www.abouthumanrights.co.uk

Суд палічыў, што, калі б брытанскі ўрад пайшоў на ажыццяўленне запланаванай дэпартацыі сп-ра Чахала, гэта было б парушэннем артыкула 3. Развагі суддзяў зводзіліся да наступнага:
«Артыкул 3 замацоўвае адну з асноўных каштоўнасцей дэмакратычнага грамадства… Суду добра вядомы велізарныя цяжкасці, з якімі сёння сутыкаюцца дзяржавы падчас абароны свайго насельніцтва ад тэрарыстычнага гвалту. Тым не менш нават у такіх умовах Канвенцыя забараняе катаванні і бесчалавечнае або зневажальнае чалавечую годнасць абыходжанне або пакаранне незалежна ад паводзін ахвяры. У адрозненне ад большасці асноўных палажэнняў Канвенцыі і Пратаколаў № 1 і 4 артыкул 3 не прадугледжвае выключэнняў, і ніякія адступленні ад гэтага не з'яўляюцца дапушчальнымі ў адпаведнасці з артыкулам 15 нават у выпадку надзвычайнай сітуацыі, якая пагражае жыццю нацыі…

…Забарона жорсткага абыходжання, прадугледжаная артыкулам 3, з'яўляецца настолькі ж абсалютнай і ў выпадку высылкі. Такім чынам, кожны раз, калі ёсць істотныя падставы меркаваць, што ў выпадку высылкі чалавека ў іншую дзяржаву ён сутыкнецца з рэальнай рызыкай падвергнуцца абыходжанню, якое супярэчыць артыкулу 3, то, калі такая высылка будзе мець месца, адказнасць за абарону гэтага чалавека ад такога абыходжання будзе несці дзяржава, якая з'яўляецца членам Канвенцыі. У такіх умовах дзеянні гэтага чалавека, якімі б непажаданымі або небяспечнымі яны ні былі, не маюць істотнага значэння».

Адступленне. Тэрмін «адступленне» выкарыстоўваецца для абазначэння акта выхаду з прававой нормы або, у выпадку Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека, прыпынення прававых абавязацельстваў дзяржаў-членаў па канкрэтных артыкулах. Артыкул 15 ЕКПЧ дазваляе дзяржаве-ўдзельніцы рабіць гэта «падчас вайны ці іншага надзвычайнага становішча», але дзяржава павінна інфармаваць Генеральнага сакратара Савета Еўропы загадзя, а частковае адступленне павінна быць «строга прадыктавана вострай неабходнасцю». Артыкул 15 таксама абвяшчае, што не можа быць ніякіх адступленняў ад артыкулаў 3, 4.1 і 7 і што адступленне ад артыкула 2 магчыма толькі ў выпадку «гібелі людзей у выніку правамерных ваенных дзеянняў».

На працягу шэрагу гадоў у Вялікабрытаніі ўжывалася адступленне ад некаторых частак артыкула 5, і гэта практыка была адноўлена ў лістападзе 2001 года пасля тэрарыстычных актаў у ЗША ў верасні 2001 года на той падставе, што Вялікабрытанія сутыкнулася з тэрарыстычнай пагрозай. Вялікабрытанія была адзінай дзяржавай – удзельніцай Савета Еўропы, якая вырашыла выкарыстаць сваё права на адступленне ў выніку тэрактаў 2001 года ў ЗША. Адступленне было анулявана ў 2005 годзе ў адпаведнасці з рашэннем Палаты лордаў, якая прыйшла да высновы, што яно носіць дыскрымінацыйны характар і, такім чынам, несумяшчальнае з Канвенцыяй.

Рэзюмэ Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека.

Ідэі для дзеянняGoto top

Даведайцеся, якія справы з вашай краіны разглядаліся ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека і ці былі прыняты рашэнні, якія прызнавалі факт парушэнняў. Для атрымання дадатковай інфармацыі па гэтых пытаннях наведайце вэб-сайт www.echr.coe.int і ўвядзіце пошукавы запыт «HUDOC database».

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Карткі для работы па пункце 2 часткі «Інструкцыі»
Справа


Карамжыт Сінгх Чахал з'яўляецца грамадзянінам Індыі, але ў цяперашні час жыве ў Вялікабрытаніі. Будучы сікхам, ён выступае ў падтрымку кампаніі за стварэнне незалежнай дзяржавы сікхаў у індыйскім штаце Пенджаб.

Брытанскі ўрад спрабуе дэпартаваць сп-ра Чахала ў Індыю, сцвярджаючы, што яго падтрымка незалежнасці сікхаў і папярэдняя дзейнасць азначаюць, што ён уяўляе пагрозу для нацыянальнай бяспекі Вялікабрытаніі, асабліва з улікам цяперашняй заклапочанасці з нагоды тэрарыстычнай дзейнасці.

Сп-р Чахал выступае супраць яго дэпартацыі і звяртаецца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, сцвярджаючы, што ён упэўнены ў тым, што яго будуць катаваць, калі ён вернецца ў Індыю. Ён сцвярджае, што гэта было б парушэннем артыкула 3 і што, такім чынам, урад не мае права дэпартаваць яго.

Ролевая картка Карамжыта Сінгха Чахала

Вы грамадзянін Індыі, але ў цяперашні час жывяце ў Вялікабрытаніі. Вы сікх і выступаеце ў падтрымку кампаніі за стварэнне незалежнай дзяржавы сікхаў у індыйскім штаце Пенджаб.

Брытанскі ўрад спрабуе дэпартаваць вас у Індыю, сцвярджаючы, што ваша падтрымка незалежнасці сікхаў і папярэдняя дзейнасць азначаюць, што вы ўяўляеце пагрозу для нацыянальнай бяспекі Вялікабрытаніі, асабліва з улікам цяперашняй заклапочанасці з нагоды тэрарыстычнай дзейнасці.

Вы ўпэўнены, што калі вернецеся ў Індыю, то падвергнецеся катаванням, як і многія з вашых сяброў і сям'і і як вы самі, калі ў апошні раз былі ў Індыі. Гэта было ўсяго шэсць гадоў таму, і вас арыштавалі і трымалі за кратамі Пенджаба 21 дзень. Увесь гэты час вас трымалі ў наручніках у жудасных умовах, білі да страты прытомнасці, наносілі ўдары электрычным токам па розных частках цела і інсцэніравалі смяротнае пакаранне. Пазней вы былі вызвалены без прад'яўлення абвінавачанняў.

Вы сцвярджаеце наступнае:
1. Вы не пагроза нацыянальнай бяспецы Вялікабрытаніі, таму што выступаеце за мірнае вырашэнне канфлікту ў Індыі.
2. Вас, безумоўна, будуць зноў катаваць, калі вы вернецеся ў Індыю, таму што сітуацыя там істотна не змянілася, а вы цяпер яшчэ больш вядомы як сепаратыст.
3. Калі ўрад Вялікабрытаніі дэпартуе вас, то гэта будзе азначаць адмаўленне вам у праве быць свабодным ад катаванняў. Гэта стане парушэннем артыкула 3 ЕКПЧ.

Артыкулы Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека:
Артыкул 3: Забарона катаванняў
Ніхто не павінен падвяргацца катаванням ці бесчалавечнаму або зневажальнаму чалавечую годнасць абыходжанню ці пакаранню.

Артыкул 15: Адступленне ад выканання абавязацельстваў у надзвычайных сітуацыях
1. Падчас вайны ці іншага надзвычайнага становішча ўрад можа абмежаваць некаторыя правы ў гэтай канвенцыі, але толькі тады, калі гэта абсалютна неабходна.
2. Правы, абвешчаныя ў артыкулах 3, 4 (і) і 7, не могуць быць абмежаваны. Права на жыццё не можа быць абмежавана, за выключэннем выпадкаў гібелі людзей у выніку правамерных ваенных дзеянняў.

Ролевая картка ўрада Вялікабрытаніі
Справа

Карамжыт Сінгх Чахал з'яўляецца грамадзянінам Індыі, але ў цяперашні час жыве ў Вялікабрытаніі. Будучы сікхам, ён выступае ў падтрымку кампаніі за стварэнне незалежнай дзяржавы сікхаў у індыйскім штаце Пенджаб.
Вы выступаеце ад імя ўрада Вялікабрытаніі, які спрабуе дэпартаваць сп-ра Чахала ў Індыю, і сцвярджаеце, што яго падтрымка незалежнасці сікхаў і папярэдняя дзейнасць азначаюць, што ён уяўляе пагрозу для нацыянальнай бяспекі Вялікабрытаніі, асабліва з улікам цяперашняй заклапочанасці з нагоды тэрарыстычнай дзейнасці.
Сп-р Чахал змагаецца супраць дэпартацыі праз Еўрапейскі суд, сцвярджаючы, што яго, несумненна, будуць катаваць, калі ён вернецца ў Індыю. Ён сцвярджае, што гэта было б парушэннем артыкула 3 і што, такім чынам, урад не мае права дэпартаваць яго.

Вы сцвярджаеце наступнае:
Сп-ру Чахалу не пагражае сур'ёзная рызыка падвергнуцца катаванням, таму што сітуацыя ў Індыі змянілася з тых часоў, калі ён быў там у апошні раз, і ў вас ёсць гарантыі ад урада Індыі, што там ён будзе ў бяспецы.
Сп-р Чахал уяўляе пагрозу для нацыянальнай бяспекі тут, у Вялікабрытаніі, з-за яго дзейнасці ў падтрымку руху за незалежнасць сікхаў.
Такім чынам, яго права не падвяргацца катаванням павінна быць абмежавана і не павінна мець перавагу над магчымымі пагрозамі для нацыянальнай бяспекі.

Артыкулы Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека:
Артыкул 3: Забарона катаванняў
Ніхто не павінен падвяргацца катаванням ці бесчалавечнаму або зневажальнаму чалавечую годнасць абыходжанню ці пакаранню.

Артыкул 15: Адступленне ад выканання абавязацельстваў у надзвычайных сітуацыях
Падчас вайны ці іншага надзвычайнага становішча ўрад можа абмежаваць некаторыя правы ў гэтай канвенцыі, але толькі тады, калі гэта абсалютна неабходна.
Правы, абвешчаныя ў артыкулах 3, 4 (і) і 7, не могуць быць абмежаваны. Права на жыццё не можа быць абмежавана, за выключэннем выпадкаў гібелі людзей у выніку правамерных ваенных дзеянняў.

Ролевая картка суддзяў
Справа


Карамжыт Сінгх Чахал з'яўляецца грамадзянінам Індыі, але ў цяперашні час жыве ў Вялікабрытаніі. Будучы сікхам, ён выступае ў падтрымку кампаніі за стварэнне незалежнай дзяржавы сікхаў у індыйскім штаце Пенджаб.
Брытанскі ўрад спрабуе дэпартаваць сп-ра Чахала ў Індыю, сцвярджаючы, што яго падтрымка незалежнасці сікхаў і папярэдняя дзейнасць азначаюць, што ён уяўляе пагрозу для нацыянальнай бяспекі Вялікабрытаніі, асабліва з улікам цяперашняй заклапочанасці з нагоды тэрарыстычнай дзейнасці.
Сп-р Чахал змагаецца супраць дэпартацыі праз Еўрапейскі суд, сцвярджаючы, што яго, несумненна, будуць катаваць, калі ён вернецца ў Індыю. Ён сцвярджае, што гэта было б парушэннем артыкула 3 і што, такім чынам, урад не мае права дэпартаваць яго.

Верагоднасць прымянення катаванняў: інфармацыя з розных крыніц
У дакладзе за 1995 год спецыяльны дакладчык ААН па пытаннях катаванняў пракаментаваў практыку катаванняў у паліцыі: «...вельмі мала інцыдэнтаў таго, што абгрунтавана лічыцца не проста распаўсюджаным феноменам, але сапраўднай эпідэміяй, становяцца прадметам судовага разбору і яшчэ менш вядуць да прызнання парушальнікаў вінаватымі».
Нядаўняя справаздача Amnesty International адлюстроўвае карціну парушэнняў правоў чалавека, учыненых супрацоўнікамі паліцыі Пенджаба, якія дзейнічалі ў рамках аперацый за межамі свайго штата. Amnesty International сцвярджае, што вядомыя сікхі-сепаратысты па-ранейшаму сутыкаюцца з сур'ёзнай рызыкай «знікнення», утрымання пад вартай без рашэння суда і следства, катаванняў і пазасудовага смяротнага пакарання, што нярэдка практыкуе паліцыя Пенджаба.

Артыкулы Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека:
Артыкул 3: Забарона катаванняў

Ніхто не павінен падвяргацца катаванням ці бесчалавечнаму або зневажальнаму чалавечую годнасць абыходжанню ці пакаранню.

Інфармацыйная картка для фасілітатара для работы па пункце 8 часткі «Інструкцыі»

Рэзюмэ па справе «Чахал супраць Вялікабрытаніі» (22414/93) [1996] ЕКПЧ 54 (15 лістапада 1996 года).
Факты. Заяўнік з'яўляецца сікхам, які незаконна ўехаў у Вялікабрытанію, але яго знаходжанне ў краіне пазней было ўзаконена ў рамках агульнай амністыі для незаконных мігрантаў. Ён быў палітычна актыўным членам абшчыны сікхаў у Вялікабрытаніі і сыграў важную ролю ў стварэнні і арганізацыі Міжнароднай маладзёжнай федэрацыі сікхаў. Ён быў арыштаваны, але не асуджаны за змову з мэтай забіць тагачаснага прэм'ер-міністра Індыі, а пазней быў асуджаны за напад і бойку, але рашэнне суда было анулявана. Было прынята рашэнне аб яго дэпартацыі з прычыны яго палітычнай дзейнасці і распачатага супраць яго следства па крымінальнай справе, і ён быў узяты пад варту да рашэння ЕСПЧ.
Скарга. Заяўнік сцвярджаў, што яго высылка ў Індыю прывядзе да рэальнай рызыкі прымянення катаванняў, бесчалавечнага або зневажальнага чалавечую годнасць абыходжання, і гэта стала б парушэннем артыкула 3 Еўрапейскай канвенцыі. Ён таксама заявіў аб парушэнні яго права на свабоду волі, гарантаванага артыкулам 5.
Судовае рашэнне. ЕСПЧ выявіў парушэнне артыкула 3 і артыкулаў 5(4) і 13, але не выявіў парушэння артыкула 5(1).
Абгрунтаванне. Артыкул 3 змяшчае гарантыю, якая з'яўляецца абсалютнай нават у выпадку высылкі, таму Вялікабрытанія не можа спасылацца на свае інтарэсы нацыянальнай бяспекі для апраўдання дэпартацыі заяўніка. Заяўнік сутыкнецца з рэальнай рызыкай жорсткага абыходжання ў выпадку дэпартацыі ў Індыю. Парушэнне артыкула 5(1) не было ўстаноўлена, паколькі рашэнне мае важнае значэнне і не можа быць прынята паспешліва. Адстойванне інтарэсаў нацыянальнай бяспекі не вызваляе нацыянальныя ўлады ад эфектыўнага кантролю з боку нацыянальных судоў, таму разбор у брытанскіх судах не адпавядаў патрабаванням артыкула 5(4).
http://www.hrcr.org/safrica/citizenship/Chahal.html