русскийfrançaisenglishбеларускі

У Нацыянальнай бібліятэцы адкрыты Інфармацыйны пункт для беларусаў

12 траўня 2026 года ў рамках свайго афіцыйнага візіту ў Літву Генеральны сакратар Рады Еўропы Ален Берсэ ўрачыста адкрыў Інфармацыйны пункт для беларусаў пры Літоўскай нацыянальнай бібліятэцы імя Марцінаса Мажвідаса ў Вільнюсе.

«Доўгатэрміновым прыярытэтам знешняй палітыкі Літвы з'яўляюцца абарона дэмакратычных каштоўнасцей ад агрэсіі і аўтарытарызму, падтрымка грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя ў Беларусі ды іншых краінах, якія знаходзяцца пад уладай аўтарытарных рэжымаў, а таксама падтрымка праваабаронцаў, якія працуюць у выгнанні» – падкрэсліў у сваёй прамове на цырымоніі адкрыцця міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс. «Мы радыя, што Літва, якая паспяхова прайшла ўласны шлях дэмакратычных пераўтварэнняў, сёння можа прапанаваць бяспечную прастору для беларусаў, якія імкнуцца да дэмакратычных зменаў у сваёй краіне», – дадаў міністр.

Генеральны сакратар Рады Еўропы Ален Берсэ падзякаваў ураду Літвы за яго нястомную падтрымку і за стварэнне Інфармацыйнага пункта, а таксама пацвердзіў імкненне арганізацыі спрыяць станаўленню Беларусі, свабоднай ад рэпрэсій і дэзінфармацыі.

«Рада Еўропы застаецца адданай праўдзе, а не хлусні; фактам, а не выдумкам; інфармацыі, а не дэзінфармацыі. І мы надалей будзем падтрымліваць незалежную і дэмакратычную Беларусь», – адзначыў ён.

Ален Берсэ высока ацаніў мужнасць і адданасць беларускіх дэмакратычных сіл і адзначыў лідарства Святланы Ціханоўскай.

«Гэты Інфармацыйны пункт спросціць узаемадзеянне паміж Радай Еўропы і тымі, хто верыць у дэмакратычную Беларусь, – падкрэсліў Ален Берсэ. – Ён зблізіць нас яшчэ больш. Гэта сімвал супрацоўніцтва, які паўстае тады, калі нашым каштоўнасцям ва ўсёй Еўропе пагражаюць раскол і супрацьстаянне».

Святлана Ціханоўская, кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, заявіла: «Гэта важная падзея для беларусаў і істотны крок да вяртання Беларусі на карту Еўропы. Я заўсёды кажу: нам патрэбна больш Беларусі ў Радзе Еўропы і больш Рады Еўропы ў Беларусі».

«Рада Еўропы ўвасабляе тыя самыя каштоўнасці, за якія сёння змагаюцца беларусы: правы чалавека, дэмакратыю, вяршэнства права і павагу да чалавечай годнасці. Я веру, што настане дзень, калі Беларусь стане паўнапраўнай удзельніцай гэтай арганізацыі. Спадзяюся, што Інфармацыйны пункт у Вільні дапаможа наблізіць Беларусь да гэтай мэты і дасць беларусам магчымасць шырэй карыстацца досведам, рэсурсамі і магчымасцямі Рады Еўропы», – адзначыла яна.

Дадатковая інфармацыя:

  • Diminuer la taille du texte
  • Augmenter la taille du texte
  • Imprimer la page

Чым будзе займацца Інфармацыйны пункт?

Стварэнне Інфармацыйнага пункта для беларусаў адбылося ў адпаведнасці з пагадненнем, падпісаным Радай Еўропы і урадам Літоўскай Рэспублікі ў лістападзе 2024 года.

Інфармацыйны пункт будзе працаваць як праект тэхнічнай дапамогі ў супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і літоўскімі ўладамі. Яго мэта – павысіць дасведчанасць прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, няўрадавых арганізацый, СМІ і грамадзян Беларусі адносна асноўных каштоўнасцей і прававых дакументаў Рады Еўропы.

Інфармацыйны пункт таксама будзе падтрымліваць мерапрыемствы, якія праводзяцца ў рамках Кантактнай групы Рады Еўропы па супрацоўніцтве з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі і грамадзянскай супольнасці.

Гэта, у сваю чаргу, адкрые шлях для пашырэння ўзаемадзеяння паміж Радай Еўропы і дэмакратычнымі сіламі Беларусі ў адпаведнасці з рашэннямі саміту ў Рэйк'явіку 16-17 мая 2023 года, на якім кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў абавязаліся шукаць шляхі ўмацавання супрацоўніцтва з праваабаронцамі Беларусі, дэмакратычнымі сіламі, свабоднымі СМІ і незалежнай грамадзянскай супольнасцю.

Чакаецца, што Інфармацыйны пункт Рады Еўропы для беларусаў пачне працаваць у поўным рэжыме цягам 2026 года.

Пасля поўнага запуску, Інфармацыйны пункт будзе выконваць наступныя задачы:

  • арганізацыя, правядзенне і падтрымка асобных падзей і мерапрыемстваў, узгодненых з Кантактнай групай, у тым ліку лекцый, семінараў, круглых сталоў, канферэнцый, тэматычных выстаў;
  • пераклад, публікацыя і распаўсюджванне інфармацыйных матэрыялаў Рады Еўропы, у тым ліку відэа- і аўдыёматэрыялаў;
  • спрыяць доступу да публічнай інфармацыі аб Радзе Еўропы і яе дзейнасці.

Інфармацыя аб працы Інфармацыйнага пункта, яго дзейнасці і магчымасці наведвання будзе апублікавана на гэтай старонцы ў належны час.

  • Diminuer la taille du texte
  • Augmenter la taille du texte
  • Imprimer la page