Да таго часу, пакуль у львоў не будзе сваіх гісторыкаў, апавяданні пра паляванне будуць праслаўляць паляўнічых. 

Афрыканская прыказка

Агляд

Удзельнікі агульнымі намаганнямі ствараюць «воблака тэгаў», каб адлюстраваць свае думкі і пачуцці, якія абуджаюць у іх ваенныя мемарыялы.

Звязаныя правы

• Права на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць
• Права на ўдзел у культурным жыцці
• Свабода думкі і сумлення

Мэты

• Паразважаць пра гістарычныя факты і міфы аб мінулых войнах і ролю ваенных мемарыялаў
• Развіць творчы патэнцыял і навыкі самастойнага мыслення
• Спрыяць развіццю фантазіі і спачування

Матэрыялы

• Папера для фліпчарта
• Скотч
• Мноства каляровых маркераў
• Фатаграфіі ваенных мемарыялаў (па жаданні)
• Прыклады воблакаў тэгаў (па жаданні)

Падрыхтоўка

Зрабіце вялікі аркуш паперы (памерам прыкладна 1,5 х 1,5 м), склеіўшы скотчам некалькі лістоў паперы для фліпчарта. Ліст павінен быць дастаткова вялікім, каб уся група магла размясціцца вакол яго.Правядзіце праз сярэдзіну аркуша тонкую лінію.

compass-key-date
  • 8–9 маяДні памяці і прымірэння ў гонар тых, хто аддаў сваё жыццё падчас Другой сусветнай вайны

Інструкцыі

1. Пераканайцеся, што кожны ведае, што такое «воблака тэгаў», і растлумачце, што група, не звяртаючыся да камп’ютара, будзе ствараць воблака тэгаў для ілюстрацыі асацыяцый і ўспамінаў, якія абуджаюць у іх ваенныя мемарыялы.
2. Папрасіце, каб кожны з удзельнікаў падумаў пра нацыянальны мемарыял, узведзены недалёка ад месца яго жыхарства ў якасці напаміну аб вайне, напрыклад аб Другой сусветнай вайне. Няхай яны паспрабуюць успомніць, як ён выглядае, і адзначаць пачуцці, думкі і асацыяцыі – як станоўчыя, так і адмоўныя, – якія выклікае ў іх гэты мемарыял.
3. Раздайце ўсім каляровыя маркеры і папрасіце размясціцца вакол аркуша паперы. Няхай кожны ўдзельнік запіша свой «тэг» на лісце паперы ў адпаведнасці з наступнымі агульнымі прынцыпамі:
a. Тэгі абсалютна індывідуальныя: яны проста паказваюць, як вы ўспрымаеце пэўны аб'ект.
b. Адмоўныя асацыяцыі павінны размяшчацца па левы бок ад лініі пасярэдзіне; чым больш яны адмоўныя, тым бліжэй да левага краю аркуша яны павінны размяшчацца.
c. Станоўчыя пачуцці трэба запісаць на правым баку аркуша; чым яны больш станоўчыя, тым бліжэй да правага краю аркуша яны павінны размяшчацца.
d. Калі мемарыял выклікае моцныя пачуцці, іх трэба запісаць больш вялікім (тоўстым) шрыфтам, чым слабыя пачуцці.
4. Калі ўсе ўдзельнікі запішуць свае тэгі, папрасіце іх адысці ад аркуша і ацаніць «воблака тэгаў» – вынік калектыўнай працы. Цяпер спытайце:
a. Ці ёсць у «воблаку» моцныя ідэі або вобразы?
b. Ці здзівіў удзельнікаў які-небудзь з тэгаў?
c. На аркушы адлюстравана больш станоўчых ці адмоўных пачуццяў?
d. Якія пачуцці аказаліся самымі моцнымі?
e. Як вы думаеце, якой трэба памятаць вайну будучым пакаленням? Ці не хапае чаго-небудзь у «воблаку», ці не трэба яго падправіць?
5. Цяпер папрасіце ўдзельнікаў зноў узяць у рукі маркеры. На гэты раз яны павінны думаць не пра рэальныя, існуючыя мемарыялы, а пра ўяўны мемарыял, які мог бы ўвасобіць для кожнага з іх сутнасць вайны. Працэс стварэння тэгаў трэба паўтарыць: няхай кожны з удзельнікаў запіша свае тэгі на той жа аркуш, дзе запісаны першыя ідэі. Падкрэсліце, што першае воблака тэгаў з'яўляецца цяпер грамадскім здабыткам, які нельга сціраць, таму новыя тэгі трэба размясціць над першапачатковымі.
6. Калі «воблака» атрымае завершаны выгляд, папрасіце ўсіх яшчэ раз паглядзець на карціну ў цэлым, а затым пераходзьце да аналізу і ацэнкі.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце з абмеркавання працэсу стварэння воблака тэгаў, а затым пераходзьце да пытанняў, якія тычацца памяці і правоў чалавека:

  • Ці адчувалі вы, што можаце неяк паўплываць на форму атрыманага воблака? Ці былі вы расчараваны іншымі тэгамі, які здаваліся больш моцнымі, чым тыя, што вы хацелі прапанаваць?
  • Ці дзейнічалі вы самастойна падчас стварэння другога воблака або адчувалі спакусу абмеркаваць свае ідэі з іншымі і аб'яднаць намаганні?
  • У якой ступені паўплывалі на вас тэгі іншых удзельнікаў ці тыя, што ўжо былі на аркушы?
  • Ці моцна адрозніваецца канчатковае воблака ад першага і якія галоўныя ідэі на ім адлюстраваны?
  • Ці перадае канчатковае воблака пасланні і ідэі пра Другую сусветную вайну, важныя для будучых пакаленняў, лепш, чым першапачатковае? Чаму? Чаму не?
  • Чаму афіцыйныя мемарыялы, як правіла, «праслаўляюць» вайну? Вы самі таксама думаеце, што вайна павінна праслаўляцца?
  • Ці ведаеце вы, што нават падчас вайны дзейнічаюць пэўныя мінімальныя стандарты, замацаваныя ў Жэнеўскай канвенцыі, якія павінны рэгуляваць дзеянні ваюючых бакоў? Вы можаце пералічыць якія-небудзь з гэтых стандартаў?
  • Як вы думаеце, ці правільна, што салдаты фактычна губляюць сваё права на жыццё ў час вайны?
  • Якую ідэю нясуць афіцыйныя помнікі пра іншы бок, пра «ворага»? Як мы павінны разумець гэтыя пасланні сёння?
  • Ці лёгка вам было ўявіць сабе іншы мемарыял? Якім бы ён быў? Што вы лічыце важным і што – найбольш складаным у гэтай частцы задання?
  • Ці могуць мемарыялы сапраўды нагадаць нам пра жахі вайны? Ці для гэтага яны існуюць?
  • Як вы думаеце, ці хацелі б тыя, хто перажыў вайну ці загінуў на ёй, каб людзі памяталі пра гэты перыяд гісторыі? Ці адрознівалася б іхвоблака тэгаў ад вашых?
  • Калі б вы страцілі ў вайне кагосьці з блізкіх, як бы вы хацелі, каб пра іх памяталі, і што б вы хацелі расказаць пра вайну наступнамупакаленню?
  • Ці пашырыла гэта практыкаванне ваша разуменне правоў чалавека? Якім чынам?

Парады для фасілітатараўGoto top

Вы можаце паэксперыментаваць з колерам. Напрыклад, вы маглі б прапанаваць, каб усе адмоўныя асацыяцыі былі напісаны чорным, а ўсе станоўчыя – іншым колерам. Можна выкарыстаць больш цёмныя і больш светлыя адценні па меры аддалення ад лініі пасярэдзіне. А калі вы захочаце, каб другое воблака адрознівалася ад першага, то можаце папрасіць, каб тэгі першага воблака былі напісаны адным колерам, а тэгі, якія дабавяцца пазней, – іншым.

Вы можаце выкарыстаць фатаграфіі мемарыялаў, калі лічыце, што гэта будзе карысна, але больш эфектыўна папрасіць удзельнікаў завяршыць першы этап напісання тэгаў па памяці – гэта сапраўды пакажа, якія тэгі памяці з'яўляюцца найбольш устойлівымі!

Абмеркаванне па пункце 4 зрабіце кароткім. Паспрабуйце разгледзець розныя ідэі наконт таго, чаму мы памятаем пра мінулае, і абудзіць ва ўдзельнікаў распрацоўку творчых ідэй наконт альтэрнатыўных тыпаў мемарыялаў. Калі ўдзельнікі лічаць, што першае воблака адлюстроўвае памяць аб падзеях менавіта такой, якой яны хацелі б яе захаваць, паспрабуйце выкарыстаць дадатковую інфармацыю па тэме памяці, якая прыводзіцца ў главе 5.

На другім этапе нанясення тэгаў дайце ўдзельнікам свабоду адаптаваць або змяняць першапачатковае воблака так, як яны хочуць, і дазвольце ім абмяркоўваць ідэі з іншымі, хаця іх рашэнні, у рэшце рэшт, павінны быць індывідуальнымі.

Трэба пакінуць досыць месца для новых слоў у другім раўндзе. Вам можа паказацца, што воблака атрымліваецца заблытаным, але гэта адлюстроўвае тое, што адбываецца, калі, выбіраючы словы і робячы пазнакі ў рэальным жыцці, вы сутыкаецеся з тым, што іншыя людзі ўжо зрабілі гэта раней за вас. Напісанне новых слоў паверх старых можа перадаць ідэю, што наша ўспрыманне абумоўлена культурай, а калі ўсе думаюць па-рознаму, бывае цяжка пачуць голас кожнага. Аднак вы можаце зрабіць і два асобных воблака тэгаў, калі думаеце, што ў гэтым выпадку вашай групе будзе прасцей аналізаваць свае думкі і пачуцці.

ВарыянтыGoto top

Замест таго каб пісаць свае тэгі непасрэдна на аркушы паперы, удзельнікі маглі б пісаць іх на невялікіх лістках, якія можна лёгка перамяшчаць па вялікім аркушы. Гэта дазволіць уносіць змены на другім этапе, напрыклад, дасць магчымасць размясціць падобныя тэгі блізка адзін да аднаго для большай пераканаўчасці.

Вы можаце выкарыстаць іншыя падзеі ў гісторыі, калі лічыце, што яны падыдуць вашай групе лепш, чым Другая сусветная вайна, напрыклад халакост, Першая сусветная вайна, грамадзянская вайна ці рэгіянальныя войны. Важна толькі тое, каб гэтыя падзеі адзначаліся ў грамадстве тым ці іншым спосабам.

Маладым людзям было б цікава параўнаць сваё ўспрыманне вайны з успрыманнем тых людзей, якія перажылі яе жахі. Вы маглі б зрабіць перапынак пасля стварэння першага воблака і даць удзельнікам магчымасць спытаць у прадстаўнікоў старэйшага пакалення, якімі яны хацелі б пакінуць успаміны пра вайну для будучых пакаленняў і ці добра адлюстроўваюць іх існуючыя ваенныя мемарыялы.

Вы можаце выкарыстаць ідэю стварэння воблака тэгаў (на паперы або ў электронным выглядзе) у якасці далейшай працы для многіх іншых практыкаванняў «Компаса», асабліва калі хочаце сабраць матэрыял для выстаўкі.

Альтэрнатыўныя важныя даты: 27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяр халакосту і 23 жніўня – Міжнародны дзень памяці ахвяр гандлю рабамі і яго ліквідацыі.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Прайдзіцеся па вашым раёне, каб падлічыць колькасць вуліц, названых у гонар камандуючых войскамі або знакамітых бітваў, і колькасць вуліц, названых у гонар вядомых людзей, якія змагаліся за мір. Высветліце, хто ў горадзе вырашае, як называць вуліцы, і прапануйце імёны людзей, якія, на ваш погляд, вартыя таго, каб пра іх памяталі.

Калі ўдзельнікі хацелі б даведацца, як іх воблака тэгаў выглядае з боку, вы маглі б папрасіць двух добраахвотнікаў стварыць на аснове рукапіснага электроннае воблака тэгаў, выкарыстоўваючы рэсурс http://www.wordle.net/create. Яго можна затым раздрукаваць або захаваць для публічнага прагляду і знаёмства з думкамі моладзі пра мемарыялы.

Вы можаце звярнуцца да практыкавання «Хвіліначку!», дзе знойдзеце прапановы для разгляду пытанняў, звязаных з гістарычнай памяццю і, у прыватнасці, з Алімпійскім стадыёнам у Берліне, пабудаваным па загадзе Гітлера, і падумаць, як варта далей выкарыстаць гэты будынак.

Калі група захоча паразважаць пра нашых герояў і гераінь і пра тое, як мы іх памятаем і паважаем, вы можаце папрацаваць з практыкаваннем «Гераіні і героі».

Ідэі для дзеянняGoto top

Нават калі вы вырашыце правесці гэта практыкаванне ў рамках аднаго занятку, не забудзьце папрасіць маладых людзей пагаварыць з прадстаўнікамі старэйшага пакалення, каб быць больш інфармаванымі.

Арганізуйце правядзенне мерапрыемства, прысвечанага памяці героя, які змагаўся на мір. Яго можна правесці ў форме фестывалю музыкі і танца, выстаўкі або імправізацыі, падчас якога калектыўнымі намаганнямі ўзводзіцца помнік. Забяспечце рэкламу мерапрыемства і папрасіце людзей прынесці прадмет, які для іх з'яўляецца сімвалам памяці. Гэта можа быць што хочаце, напрыклад белы мак як сімвал міру, фатаграфіі загінуўшых на вайне сваякоў ці абутак, які хтосьці насіў, калі яны ўпершыню прыехалі ў гэту краіну і папрасілі прытулку.

Дадатковая інфармацыяGoto top

«Воблака тэгаў» або «воблака слоў» (ці нават «спіс узважаных слоў» у візуальным дызайне) уяўляе сабой візуальнае ўвасабленне «тэгаў» або ключавых слоў. Звычайна словы пералічваюцца ў алфавітным парадку, а важнасць таго ці іншага тэга вылучаецца памерам шрыфту або колерам, таму воблака тэгаў можна разглядаць як адмысловы графік. У Інтэрнэце, дзе гэта ідэя была распрацавана, тэгі, як правіла, звязаны паміж сабой гіперспасылкамі, якія вядуць да мноства элементаў, якія так ці інакш звязаны з тэгам.

На наступнай старонцы прыводзіцца прыклад таго, як могуць выглядаць тэгі.

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

Інструкцыі

• Правядзіце тонкую лінію пасярэдзіне аркуша.
• Адмоўныя асацыяцыі трэба пісаць у левай частцы аркуша, і чым больш адмоўнымі яны з'яўляюцца, тым бліжэй да левага краю яны павінны знаходзіцца.
• Станоўчыя пачуцці трэба пісаць у правай частцы аркуша, і чым больш станоўчымі яны з'яўляюцца, тым бліжэй да правага краю яны павінны знаходзіцца.
• Найбольш моцныя пачуцці, абуджаныя мемарыялам, трэба запісаць таўсцейшым (больш вялікім) шрыфтам, чым слабейшыя пачуцці.

Прыклад таго, як можа выглядаць воблака тэгаў

Image: Example of a tag sheet