Змяніць становішча да лепшага можна толькі сумеснымі намаганнямі занепакоеных грамадзян у глабальных маштабах.

Закі Ахмат, лідар «Кампаніі ў падтрымку лячэння»

Агляд

Гэта практыкаванне ўяўляе сабой інсцэніроўку судовага працэсу «Лекі ад СНІДу», які адбыўся ў Паўднёвай Афрыцы ў 2000 годзе. У ім разглядаюцца наступныя пытанні:

  • ВІЧ (СНІД) і доступ да лекаў
  • Як прымірыць супярэчныя прэтэнзіі на правы
Звязаныя правы
  • Права на жыццё і годнасць
  • Права на абарону маральных і матэрыяльных інтарэсаў, якія з'яўляюцца вынікам навуковай вытворчасці
  • Права на здароўе
Мэты
  • Павысіць дасведчанасць аб праве на здароўе, асабліва аб праве на доступ да таннай медыцыны, а таксама да лячэння і прафілактыкі ВІЧ (СНІДу)
  • Развіць навыкі зносін, супрацоўніцтва і дасягнення кансэнсусу
  • Выхаваць салідарнасць і ідэалы справядлівасці
Матэрыялы
  • Папера для фліпчарта і ручкі
  • Ролевыя карткі для інсцэніроўкі судовага працэсу
  • Інструкцыі для працы ў малых групах (па адной для кожнага ўдзельніка)
  • Маленькія карткі (10 х 6 см), па адной чырвонай і адной зялёнай для кожнага ўдзельніка
  • Месца для агульнага пасяджэння і для працы ў малых групах
Падрыхтоўка

Да першай часткі:

  • Зрабіце ксеракопіі ролевых картак, прызначаных для інсцэніроўкі судовага працэсу, па адной на чалавека

Да другой часткі:

  • Для працы ў малых групах зрабіце ксеракопіі інструкцый, па адной для кожнага ўдзельніка
  • Падрыхтуйце па адной чырвонай і адной зялёнай картцы для кожнага ўдзельніка.
compass-key-date
  • 1 снежняМіжнародны дзень СНІДу

Інструкцыі

Практыкаванне складаецца з дзвюх частак. Частка 1 уяўляе сабой інсцэніроўку судовага працэсу, а частка 2 – этап дасягнення кансэнсусу.

Частка 1. Судовы працэс (агульная працягласць: 65 хвілін).
1. Увядзіце ўдзельнікаў у кантэкст. ВІЧ (СНІД) уяўляе сабой вельмі небяспечную глабальную эпідэмію, але асабліва сур'ёзных маштабаў ён дасягнуў у Паўднёвай Афрыцы, дзе мільёны беднякоў пакутуюць і паміраюць ад гэтай хваробы толькі таму, што ў іх няма грошай на дарагія медыкаменты. Адзіная альтэрнатыва для іх – гэта ўжыванне больш танных заменнікаў неабходных лекаў. Вядучыя фармацэўтычныя прадпрыемствы выступаюць супраць гэтага. Імкнучыся абараніць свае правы ўласнасці, яны аб'ядналі сілы ў барацьбе за тое, каб ніводная дзяржава не магла вырабляць непатэнтаваныя аналагі такіх лекаў і прадаваць іх танней. Яны распачалі судовы разбор супраць урада Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (ПАР), які распаўсюджвае і прадае таннейшыя непатэнтаваныя аналагі лекаў ад ВІЧ (СНІДу).
2. Растлумачце ўдзельнікам, што яны разыграюць першую частку (папярэдняе слуханне) судовага працэсу, які адбыўся ў Паўднёвай Афрыцы ў 2001 годзе. Трэба адказаць на наступныя пытанні: ці з'яўляецца права ўласнасці дастатковай падставай для таго, каб ставіць пад пагрозу права нейкай часткі насельніцтва на жыццё і чалавечую годнасць? Ці з'яўляюцца правы на жыццё і здароўе дастаткова важкімі аргументамі, каб пераважыць права ўласнасці?
3. Падзяліце ўдзельнікаў на чатыры роўныя групы. Адна група будзе прадстаўляць фірму «Фарма Інк.», другая – урад ПАР, трэцяя – членаў кампаніі ў падтрымку лячэння (КПЛ), а чацвёртая – суддзяў.
4. Раздайце ролевыя карткі адпаведным групам.
5. Дайце групам 25 хвілін, каб прачытаць свае ролевыя карткі і падрыхтаваць свае выступленні і (або) пытанні для судовага працэсу. Кожная група павінна выбраць прадстаўніка і аднаго або двух экспертаў, якія будуць падтрымліваць гэтага прадстаўніка і дапамагаць яму адказваць на пытанні на пасяджэнні.
6. Калі ўсе групы падрыхтуюцца, запрасіце ўдзельнікаў на агульнае пасяджэнне. Пры гэтым яны павінны заставацца ў сваіх групах.
7. Прадстаўнікі фірмы «Фарма Інк.», урада Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і КПЛ маюць пяць хвілін, каб апісаць свае пазіцыі і задаць пытанні. Суддзі павінны прадставіць кожную групу і даць ім магчымасць выказацца па чарзе.
8. Затым у суддзяў будзе 10 хвілін, каб адказаць на пытанні, якія задалі групы, вырашыць працэдурныя пытанні і падагульніць розныя аргументы і пазіцыі.

Частка 2. Дасягненне кансэнсусу (агульная працягласць: 100 хвілін)
1. Папрасіце ўдзельнікаў падзяліцца на малыя групы па 4 чалавекі ў кожнай. У кожнай групе павінен быць адзін былы прадстаўнік «Фарма Інк.», урада ПАР і КПЛ, а таксама адзін былы суддзя.
2. Раздайце копіі інструкцый для малых груп, а таксама кожнаму ўдзельніку па адной чырвонай і адной зялёнай картцы. Пераканайцеся, што кожны разумее, што трэба рабіць, і ведае прызначэнне і правілы выкарыстання каляровых картак.
3. Дайце групам 30 хвілін, каб разгледзець супярэчныя прэтэнзіі і паспрабаваць прыйсці да кансэнсусу.
4. Зноў збярыце ўсіх у адну групу і папрасіце прадставіць вынікі дыскусіі. Дайце кожнай групе 5 хвілін на прадстаўленне справаздачы. Запішыце асноўныя рашэнні і пытанні на фліпчарце.
5. Пасля таго як групы выкладуць свае пазіцыі (рашэнні), пераходзьце да абмеркавання працэсу прыняцця рашэнняў. Можна задаць наступныя пытанні:
• Ці лёгка было дасягнуць кансэнсусу?
• Якія моцныя і слабыя бакі такога падыходу?
• Ці ўзнікала супярэчнасць паміж імкненнем дасягнуць узгодненага рашэння і спробай уцягнуць усіх членаў групы ў яго абмеркаванне?
• Якія пытанні былі самымі вострымі?
6. Гэту частку практыкавання вы можаце завяршыць, зачытаўшы наступную вытрымку з рашэння суда ад 19 красавiка 2001 года:
«(…) Пашырэнне доступу да больш танных лекаў (…) – гэта пахвальная мэта і, у кантэксце эпідэміі ВІЧ (СНІДу), канстытуцыйны абавязак вышэйшага парадку, звязаны з абавязкам дзяржавы забяспечваць павагу, абарону, прасоўванне і рэалізацыю шэрагу асноўных правоў, уключаючы правы на чалавечую годнасць і жыццё (якія лічацца крыніцай усіх астатніх правоў) (…). Прадстаўленыя ісцамі (г. зн. фармацэўтычнымі кампаніямі) (…) аргументы наконт парушэння закону нельга лічыць абгрунтаванымі».

Аналіз і ацэнкаGoto top

Ацэнка ўжо пачалася падчас абмеркавання ў рамках другой часткі практыкавання. Зараз прапануйце ўдзельнікам абдумаць увесь працэс у цэлым і вызначыць асноўныя праблемы правоў чалавека, звязаныя з судовым працэсам. Можна задаць наступныя пытанні:
• Ці чулі ўдзельнікі пра гэты працэс раней?
• Якія былі іх першыя думкі пра гэты разбор напачатку практыкавання?
• Як разуменне ўдзельнікамі пытанняў мяняліся ў ходзе практыкавання?
• Як бы ўдзельнікі параўналі два метады прыняцця рашэнняў: спаборны і кансэнсус? Які метад дае больш здавальняючыя вынікі? Як бы вы ахарактарызавалі паспяховы вынік?
• Якія асноўныя праблемы правоў чалавека былі закрануты судовым працэсам?
• Часта здараецца, што прэтэнзіі па розных правах чалавека параўноўваюцца паміж сабой. Як бы вы размеркавалі розныя прэтэнзіі па прыярытэтах? Якія крытэрыі вы б выкарыстоўвалі?
• Якія наступствы маюць судовыя разборы для ВІЧ-інфіцыраваных людзей у вашай краіне? Напрыклад, ці даступны непатэнтаваныялекі (джэнерыкі)?
• Што робіцца ў вашай краіне, каб інфармаваць грамадскасць пра ВІЧ (СНІД)? Што яшчэ можна і трэба было б зрабіць?

Парады для фасілітатараўGoto top

На правядзенне гэтага практыкавання спатрэбіцца шмат часу, таму што ў ім закранаюцца складаныя пытанні і ўдзельнікі павінны іх старанна абдумаць. Варта адзначыць, што абедзве часткі практыкавання неабавязкова выконваць у адзін і той жа дзень, іх можна правесці на двух асобных занятках.

Вам трэба растлумачыць, што мэта чырвонай і зялёнай картак – дапамагчы ўдзельнікам зразумець, што дапамагае прыняць рашэнне і што замінае гэтаму працэсу. У ідэале ў канцы дыскусій і перамоў у другой частцы практыкавання ўсе ўдзельнікі паказваюць зялёныя карткі, што значыць, што яны прыйшлі да адзінага ўзгодненага рашэння.

У другой частцы практыкавання некаторыя групы змогуць дасягнуць згоды, іншыя – не. У ходзе дыскусіі вы павінны паспрабаваць выявіць моцныя і слабыя бакі прыняцця рашэнняў метадам кансэнсусу. Папрасіце групы, якія дасягнулі згоды, апісаць не толькі сваю канчатковую пазіцыю, але і асноўныя аргументы, на якіх яна грунтуецца. Затым папрасіце групы, якія не змаглі прыйсці да згоды, расказаць, што іх збліжала, а што паглыбляла рознагалоссе паміж імі. Заўвага: больш інфармацыі пра спосабы дасягнення кансэнсусу можна знайсці ў дадатковай інфармацыі па тэме «Мір і гвалт» у Главе 5 .

Важна высветліць становішча, у якім знаходзяцца носьбіты ВІЧ (СНІДу) у вашым рэгіёне, і адаптаваць (звязаць) практыкаванне да актуальных для іх праблем. Заўвага: назва групы фармацэўтычных кампаній, «Фарма Інк.», прыдумана спецыяльна для гэтага практыкавання.

ВарыянтыGoto top

Можна сабраць групу журналістаў, якія будуць асвятляць судовы працэс. Для гэтага спатрэбяцца дадатковыя матэрыялы: камеры, камп’ютар і прынтар. Дайце ім некаторую колькасць часу на прадстаўленне сваёй справаздачы ў канцы пасяджэння. Колькасць часу будзе залежаць ад абранага фармату, напрыклад газетны артыкул, радыё- або тэлерэпартаж, блог. Калі вы выбераце гэты варыянт, трэба будзе зрабіць ролевыя карткі для журналістаў. Таксама неабходна будзе закласці дадатковыя 15 хвілін на заданне і яшчэ 10 хвілін на ацэнку працы журналістаў.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Абмяркуйце праблемы правоў на жыццё і на чалавечую годнасць у вашай краіне, звязаныя з пытаннямі аховы здароўя. Рэальныя выпадкі і гісторыі, апісаныя ў навінах, могуць стаць добрым зыходным пунктам, асабліва для абмеркавання ў малых групах.

Азнаёмцеся з інфармацыяй аб стане спраў у галіне аховы здароўя і правоў чалавека ў розных краінах свету. Наведайце вэб-сайты або знайдзіце публікацыі вядучых НГА (MSF, TAC, Christian Aid, Oxfam, Save the Children) і міжнародных арганізацый (СААЗ). Высветліце, якія дзеянні робяцца ў мэтах паляпшэння становішча ў галіне аховы здароўя, і запішыце іх на фліпчарце.

Арганізацыя «Кампанія ў падтрымку лячэння» правяла вельмі паспяховую кампанію і працягвае сваю актыўную дзейнасць у Паўднёвай Афрыцы і за яе межамі (гл. www.tac.org.za). На жаль, не ўсе кампаніі так жа паспяхова дасягаюць пастаўленых мэт. Гэта адбываецца па мностве прычын, адной з якіх можа быць дрэнная арганізацыя і неэфектыўная рэклама. Група можа азнаёміцца з гэтымі пытаннямі і развіць свае навыкі правядзення паспяховых кампаній з дапамогай практыкаванні «Увага, мы ўсё бачым!» або  «Доста!».

Ідэі для дзеянняGoto top

Паспрабуйце высветліць, хто арганізуе акцыі па пытаннях здароўя ў вашым рэгіёне і якім чынам вы можаце ўнесці свой уклад.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Гэта практыкаванне заснавана на справе, якую Вярхоўны суд ПАР разглядаў у 2001 годзе. Асацыяцыя вытворцаў фармацэўтычнай прадукцыі Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі ўзбудзіла судовы іск супраць прэзідэнта рэспублікі Нельсана Мандэлы і іншых асоб, уключаючы арганізацыю «Кампанія ў падтрымку лячэння» (КПЛ), прад'явіўшы ім абвінавачанні ў ігнараванні іх патэнтаў на лекі ад ВІЧ і ўвозе больш танных, непатэнтаваных лекаў для лячэння мільёнаў грамадзян, пакутаваўшых ад СНІДу.
Суддзі былі вымушаны нейкім чынам збалансаваць супрацьлеглыя інтарэсы і правы абодвух бакоў. З аднаго боку, Асацыяцыя вытворцаў фармацэўтычнай прадукцыі спасылалася на сваё права ўласнасці, права роўнасці і права свабоднага выбару занятку, прафесіі і працы, тады як урад і КПЛ, з другога боку, сцвярджалі, што абавязкам дзяржавы з'яўляецца павага, абарона і забеспячэнне захавання асноўных правоў грамадзян на чалавечую годнасць і жыццё.

У сваім гістарычным рашэнні суд прыйшоў да высновы, што права на ўласнасць з'яўляецца правам больш нізкага парадку ў параўнанні з правам на чалавечую годнасць і правам на жыццё і таму павінна быць абмежавана. Пасля гэтага фармацэўтычныя кампаніі знялі свае абвінавачанні. Такі вынік віталі ў шырокіх колах як «сапраўдны трыумф Давіда над Галіяфам, і не толькі для нас, жыхароў ПАР, але і для народаў многіх краін у стадыі развіцця, якія змагаюцца за доступ да паслуг аховы здароўя» (сумесны прэс-рэліз НГА ад 19 красавіка2001 года). «Гэта рэдкая і вельмі значная перамога бедных людзей над магутнымі транснацыянальнымі кампаніямі! Але зараз наша задача зводзіцца да таго, каб сумесна з урадам і вытворцамі лекаў забяспечыць медыкаментамі тых, хто мае ў іх патрэбу», – заявіў Кевін Уоткінс з Oxfam. На сайце Time.com маецца кароткае апісанне гэтай праблемы, апублікаванае 5 сакавіка 2001 года. Яго можна знайсці па пошукавым запыце «AIDS Drugs Case Puts Our Ideas About Medicine on Trial» («Справа аб леках супраць СНІДу выпрабоўвае нашы прадстаўленні аб медыцыне»).

СНІД і тэндэнцыі глабалізацыі

Барацьба з ВІЧ (СНІДам) – адна з васьмі Мэт развіцця тысячагоддзя ААН.

У багатых краінах людзі з ВІЧ (СНІДам) могуць жыць лепш і даўжэй дзякуючы антырэтравірусным лекам, якія дзяржавы забяспечваюць бясплатна. У краінах Поўдня ВІЧ-інфіцыраваныя пакутуюць больш і паміраюць раней, таму што не маюць доступу да неабходных лячэбных працэдур. У сярэднім гадавыя выдаткі на ахову здароўя ў такіх краінах складаюць каля 10 долараў на душу насельніцтва, у той час як трайная тэрапія, даступная ў краінах Поўначы, абыходзіцца ў 10 000–15 000 долараў у год.
Беднасць і нізкі ўзровень адукацыі ў спалучэнні з сацыяльнай няроўнасцю паскараюць распаўсюджванне эпідэміі, але праблема носіць, перш за ўсё, палітычны характар, і для яе вырашэння патрабуюцца намаганні ўрадаў, міжнародных органаў і фармацэўтычных кампаній. Для таго каб барацьба са СНІДам была эфектыўнай, трэба падключыць да яе міжнародныя механізмы і інстытуты. Перш за ўсё, гэта Міжнародны валютны фонд, Сусветная гандлёвая арганізацыя (СГА), ТРЫПС (Пагадненне па гандлёвых аспектах правоў інтэлектуальнай уласнасці), ГАТС (Генеральнае пагадненне аб гандлі паслугамі) і Орган вырашэння спрэчак, які выконвае функцыі трыбунала СГА.

Раздатачны матэрыялGoto top

PDFPDF

Ролевыя карткі для інсцэніроўкі судовага працэсу

Ролевая картка: «Фарма Інк.»
Вы прадстаўляеце групу старэйшых кіраўнікоў кампаніі «Фарма Інк.». Ваша кампанія з'яўляецца адным з вядучых у свеце вытворцаў лекаў. Вы купілі правы на камерцыйнае выкарыстанне асноўных лекаў, якія ўжываюцца для лячэння ВІЧ (СНІДу). Ваша задача – захоўваць прыбытковасць кампаніі і радаваць акцыянераў. Таму вы імкняцеся абараніць права кампаніі вызначаць прадажную цану яе прадукцыі з улікам такіх складнікаў, як выдаткі на навуковыя даследаванні, вытворчыя выдаткі і зарплаты працаўнікоў. Такім чынам, калі іншай кампаніі будзе дазволена проста капіраваць вашы прадукты і прадаваць іх па больш нізкай цане, гэта паставіць пад пагрозу ваш прыбытак і ўстойлівасць вашай фірмы. Таму вы аб'ядналі свае сілы з іншымі вядучымі фармацэўтычнымі кампаніямі, каб не дапусціць капіравання і продажу вашых прадуктаў любой дзяржавай па больш нізкіх цэнах і, калі трэба, звярнуцца ў суд. Вы распачалі судовы працэс супраць паўднёваафрыканскага ўрада.
Вам неабходна падрыхтаваць аргументы для абароны сваёй пазіцыі. На прадстаўленне аргументаў падчас працэсу ў вас будзе пяць хвілін.

Ролевая картка: урад Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі
Вы з'яўляецеся высокапастаўленымі службовымі асобамі ўрада ПАР. Ваш урад спрабуе адказаць на патрабаванне фармацэўтычных кампаній, якія падалі супраць вас іск. «Фарма Інк.» дамагаецца таго, каб ва ўсіх дзяржавах былі забаронены капіраванне і продаж іх прадукцыі па больш нізкіх цэнах, чым прадае сама кампанія. Вы, у прынцыпе, згодны з пазіцыяй «Фарма Інк.».
Аднак народны рух пад кіраўніцтвам «Кампаніі ў падтрымку лячэння» (КПЛ) заяўляе, што забеспячэнне доступу да танных лекаў, асабліва ў кантэксце эпідэміі ВІЧ (СНІДу), з'яўляецца канстытуцыйным абавязкам дзяржавы. Вы адрэагавалі на палітычны ціск грамадскасці і дазволілі імпарт больш танных (непатэнтаваных) лекаў з такіх краін, як Інданезія.
Вам неабходна падрыхтаваць аргументы для абароны сваёй пазіцыі. На прадстаўленне аргументаў падчас працэсу ў вас будзе пяць хвілін.

Ролевая картка: «Кампанія ў падтрымку лячэння»
Вы прадстаўляеце паўднёваафрыканскую групу актывістаў «Кампаніі ў падтрымку лячэння» (КПЛ). Гэта арганізацыя заяўляе, што дзяржава абавязана забяспечыць доступ да танных лекаў, асабліва ў кантэксце эпідэміі ВІЧ (СНІДу). Урад адрэагаваў на вашы патрабаванні, пачаўшы імпарт больш танных лекаў.
Вы таксама ўпэўнены, што дзяржава абавязана аказваць фінансавую дапамогу ВІЧ-пазітыўным людзям і арганізацыям, якія змагаюцца супраць гэтых хвароб. Аднак фармацэўтычныя кампаніі падалі іск супраць урада ПАР, каб не дапусціць капіравання і продажу iх прадукцыі па больш нізкіх цэнах. Таму вы вырашылі аб'яднаць сілы з урадам, каб абараніць ролю дзяржавы ў забеспячэнні доступу да танных лекаў.
Вам неабходна падрыхтаваць аргументы для абароны сваёй пазіцыі. На прадстаўленне аргументаў падчас працэсу ў вас будзе пяць хвілін.

Ролевая картка: суддзі
Вы іграеце ролю суддзяў, якія разглядаюць іск вядучых фармацэўтычных кампаній супраць урада ПАР, якія спрабуюць дамагчыся забароны капіравання і продажу іх прадукцыі па больш нізкіх цэнах. Актывісты, якія прадстаўляюць «Кампанію ў падтрымку лячэння» (КПЛ), падтрымліваюць пазіцыю ўрада.

Ваша роля заключаецца ў тым, каб запрасіць бакі па чарзе прадставіць свае пазіцыі. Пасля гэтага вы не павінны агучваць ніякіх меркаванняў і не рабіць высноў. Ваша задача – дапамагчы ўдакладніць пазіцыі бакоў і коратка сфармуляваць іх аргументы ў падтрымку супярэчных патрабаванняў.
Галоўная праблема заключаецца ў тым, каб вырашыць канфлікт паміж сустрэчнымі прэтэнзіямі, якія тычацца правоў чалавека. Абарона (урад і КПЛ) спасылаецца на правы на жыццё і чалавечую годнасць, а абвінавачанне («Фарма Інк.») абапіраецца на права на ўласнасць. У афіцыйных пратаколах судовага пасяджэння можна знайсці наступную фармуліроўку:
«Правы на жыццё і чалавечую годнасць з'яўляюцца самымі важнымі з усіх правоў чалавека і крыніцамі ўсіх астатніх асабістых правоў. Абвясціўшы сябе прыхільнікамі грамадства, заснаванага на прызнанні правоў чалавека, мы абавязаны шанаваць гэтыя два правы больш, чым любыя іншыя. І дзяржава павінна дэманстраваць гэта ва ўсіх сваіх дзеяннях, уключаючы пакаранне злачынцаў.»

Супраць:
«Права на ўласнасць абараняецца раздзелам 25 Канстытуцыі ПАР, якая абвяшчае: “Уласнасць. 25 (1). Ніхто не можа быць пазбаўлены ўласнасці, інакш як у адпаведнасці з законамі агульнага дзеяння, і ніякі закон не можа дазволіць адвольнага пазбаўлення ўласнасці”».

Вы павінны падрыхтаваць пытанні для ўсіх трох бакоў. У вас будзе дзесяць хвілін, каб задаць пытанні і выслухаць адказы.

Ролевая картка: журналісты (па жаданні, глядзіце «Варыянты» вышэй)
Вы – група журналістаў, якім вам даручана асвятляць судовае пасяджэнне.

Ваша задача – зрабіць рэпартаж пра судовае пасяджэнне і прадставіць усе пункты гледжання. У вас ёсць доступ да асобных пасяджэнняў, арганізаваных рознымі бакамі: суддзямі, «Кампаніяй у падтрымку лячэння», паўднёваафрыканскім урадам і кампаніяй «Фарма Інк.». Прысутнічаючы на пасяджэннях, вы можаце толькі назіраць; вы не мае права перашкаджаць працы груп, перарываць яе ці браць у ёй удзел. Аднак можна браць індывідуальныя інтэрв'ю, калі гэта не перашкаджае працэсу. Вы таксама можаце фатаграфаваць і маеце доступ да камп’ютара, прынтара і Інтэрнэту для працы.

Вы плануеце прадставіць вынікі сваёй працы ў канцы пасяджэння. Фармат можаце выбраць самі, напрыклад блог, твіт, артыкул у газеце альбо радыё- ці тэлерэпартаж. На прадстаўленне справаздачы ў вас будзе 10 хвілін.

Інструкцыі для малых груп па 2 частцы практыкавання
Вы – група з чатырох чалавек, кожны з якіх прадстаўляе адзін з чатырох бакоў:

• «Фарма Інк.»
• Урад Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі
• Актывісты, якія прадстаўляюць «Кампанію ў падтрымку лячэння» (КПЛ)
• Суддзі на гэтым працэсе.

Інструкцыі
1. Кожны ўдзельнік павінен па чарзе прадставіцца і абвясціць, які бок ён прадстаўляе, іншымі словамі, якую ролю іграе.
2. Затым кожны павінен выказаць сваё меркаванне наконт сітуацыі, якая склалася, у канцы судовага пасяджэння. Тыя, хто лічыць, што рашэнне будзе знайсці лёгка, павінны паказаць зялёную картку, а тыя, хто лічыць гэту задачу цяжкай, павінны паказаць чырвоную картку (мэта выкарыстання картак – дапамагчы ўсім зразумець, як праходзіць працэс дасягнення кансэнсусу).
3. Цяпер вы павінны пастарацца прыйсці да рашэння, заснаванага на кансэнсусе ўсіх чатырох членаў групы. Прыняцце рашэння праходзіць у некалькі раўндаў. Суддзя кіруе ходам абмеркавання і апошнім выкладае сваю пазіцыю.

• Першы раўнд: выкладзіце вашу пазіцыю
• Другі раўнд: падзяліцеся сваімі ідэямі пра тое, як можна вырашыць праблему
• Трэці раўнд: абмяркуйце розныя варыянты рашэнняў

4. Уважліва слухайце адзін аднаго. Пасля кожнага выступлення вы павінны паказаць картку адпаведнага колеру, які адлюстроўвае вашы пачуцці адносна перспектыў дасягнення рашэння, якое б задаволіла ўсіх.
5. У канцы працэсу пошуку кансэнсусу выберыце дакладчыка, які прадставіць вынікі абмеркавання на агульным пасяджэнні.