У жыцці адны змагаюцца за свае мары, а іншыя – за багацце і ўладу!

Агляд

Гэта практыкаванне ўяўляе сабой мадэліраванне барацьбы за багацце і ўладу, дэманструе няроўнасць і несправядлівасць беднасці.

Звязаныя правы

•  Роўнасць чалавечай годнасці і правоў
•  Права на дастатковы ўзровень жыцця
•  Права на здароўе, ежу і прытулак

Мэты

• Развіць разуменне несправядлівасці, якая ўзнікае ў выніку нераўнамернага размеркавання багацця і ўлады
•  Развіць навыкі крытычнага мыслення
•  Абудзіць пачуццё справядлівасці і павагі чалавечай годнасці

Матэрыялы

• 120 манет
•  3–4 пары шкарпэтак
•  2 вялікія аркушы паперы і маркеры
•  Папера і ручкі
•  Адкрытая прастора

Падрыхтоўка

• Прачытайце ўсю інструкцыю, каб мець уяўленне аб практыкаванні ў цэлым. Звярніце ўвагу, што яно складаецца з трох частак: часткі 1 – «Барацьба» (10 хвілін), часткі 2 – «Ахвяраванні» (10 хвілін) і часткі 3 – «Забеспячэнне эканамічнай справядлівасці» (40 хвілін). У канцы праводзіцца абмеркаванне.
•  Адкладзіце ў бок 20 манет.
•  Выберыце трох чалавек на ролю мігрантаў.
•  Павесьце на сцяну табліцу, якая будзе паказваць узровень дабрабыту гульцоў (гл. ілюстрацыю).
•  Падрыхтуйце табліцу «Ганаровыя донары».

compass-key-date
  • 17 кастрычнікаМіжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю беднасці

Інструкцыі

Растлумачце, што сутнасць гульні складаецца ў мадэліраванні сітуацыі. Удзельнікі павінны будуць размеркаваць паміж сабой сусветныя багацці і ўладу.

Частка 1. Барацьба (10 хвілін)
1. Растлумачце, што мэта гульні складаецца ў тым, каб атрымаць як мага больш манет. Ёсць толькі адно правіла: ні ў якім разе нельга дакранацца да іншага гульца (вы можаце ўвесці за гэта штраф, напрыклад у памеры адной манеты).
2. Папрасіце ўсіх, за выключэннем тых, хто іграе «мігрантаў», сесці на падлозе ў вялікі круг (каб было досыць месца для гульні).
3. Вазьміце адкладзеныя 20 манет і раздайце іх любым чатыром ці пяці ўдзельнікам.
4. Дайце чатыром іншым удзельнікам па пары шкарпэтак. Растлумачце, што яны павінны надзець іх на рукі і не здымаць на працягу ўсёй гульні. Тлумачэнне сэнсу раздачы манет і шкарпэтак адкладзіце да падвядзення вынікаў.
5. Раўнамерна рассыпце 100 манет у цэнтры круга.
6. Па вашым умоўным сігнале ўдзельнікі павінны сабраць як мага больш манет. На гэта спатрэбіцца не больш за дзве хвіліны!
7. Пасля таго як усе манеты будуць сабраны, папрасіце гульцоў паведаміць астатнім членам групы пра сваё багацце. Адзначце ў табліцы дабрабыту імёны гульцоў і колькасць сабраных імі манет.
8. Нагадайце групе, што манеты сімвалізуюць багацце і ўладу ў гэтым свеце. Ад іх колькасці ў кожнага ўдзельніка будзе залежаць яго здольнасць задаволіць свае патрэбы (напрыклад, у харчаванні, жыллі, адзенні, медыцынскім абслугоўванні і базавай адукацыі) і жаданні (напрыклад, атрымаць вышэйшую адукацыю, купіць аўтамабіль, камп’ютар, цацкі, тэлевізар і іншыя прадметы раскошы, з’ездзіць на адпачынак). Колькасць манет азначае наступнае:
• 6 і больш манет: гульцы змогуць задаволіць усе свае асноўныя патрэбы і большасць сваіх жаданняў;
• 3–5 манет: гульцы змогуць задаволіць свае асноўныя патрэбы;
• 1–2 манет: гульцоў чакае цяжкае жыццё з-за хвароб, дрэннага харчавання і жылля, адсутнасці дастатковай адукацыі для атрымання працы.

Частка 2. Ахвяраванні (10 хвілін)
1. Скажыце ўдзельнікам, што пры жаданні яны могуць падзяліцца манетамі з іншымі, хоць ніхто іх да гэтага не прымушае. Скажыце ім, што той, хто так паступіць, атрымае званне донара, і яго імя будзе ўнесена ў спіс «Ганаровых донараў».
2. Дайце ўдзельнікам 3–4 хвіліны для пераразмеркавання манет, калі яны таго пажадаюць.
3. Затым папрасіце тых, хто падзяліўся сваімі манетамі, назваць свае імёны і сумы зробленых імі ахвяраванняў. Унясіце іх у спіс «Ганаровых донараў».
4. Спытайце, ці не перайшоў хто-небудзь з адной катэгорыі ў іншую пасля пераразмеркавання манет, і адлюструйце гэтыя змены ў табліцы пры дапамозе стрэлак.

Частка 3. Забеспячэнне эканамічнай справядлівасці (40 хвілін)
1. Падзяліце гульцоў на тры групы ў адпаведнасці з колькасцю манет у іх (вялікае багацце, сярэдняе багацце і маленькае багацце).
2. У кожную з трох груп увядзіце па адным «імігранце». Адзначце для сябе іх рэакцыю на тое, што ім дасталася менавіта гэта, а не іншая група, але абмеркаванне рэакцый адкладзіце да заканчэння гульні.
3. Раздайце ручкі і паперу. Дайце кожнай групе заданне распрацаваць план справядлівага размеркавання манет (сусветнага багацця), каб паменшыць разрыў паміж людзьмі з рознай колькасцю багацця і ўлады. У сваім плане дзеянняў кожная група павінна:
– Пазначыць, што неабходна зрабіць (калі такая неабходнасць існуе);
– Расказаць, што група плануе рабіць і чаму; і
– Растлумачыць, чаму менавіта яе план здольны забяспечыць справядлівасць.
4. Дайце групам 10 хвілін на распрацоўку планаў. Растлумачце, што план не павінен быць занадта падрабязным, – трэба назваць толькі некаторыя з магчымых мер, якія варта прыняць для вырашэння праблемы беднасці.
5. Папрасіце кожную групу выбраць аднаго ўдзельніка, які прадставіць план астатнім і адкажа на магчымыя пытанні. Запішыце прапанаваныя планы на вялікім аркушы паперы.
6. Цяпер абвясціце, што лепшы план будзе выбірацца галасаваннем. Галасы будуць размяркоўвацца наступным чынам:
– Кожны гулец з групы «Вялікае багацце і ўлада» будзе мець 5 галасоў
– Кожны гулец з групы «Сярэдняе багацце і ўлада» будзе мець 2 галасы
– Кожны гулец з групы «Маленькае багацце і ўлада» будзе мець 1 голас
7. Пачніце працэдуру галасавання. Колькасць галасоў, адданых за кожны план, запішыце на вялікім аркушы паперы. Абвясціце, які план «перамог» і будзе рэалізаваны.
8. Рэалізуйце гэты план, пры неабходнасці пераразмеркаваўшы багацце.

Аналіз і ацэнкаGoto top

Пачніце з кароткага абмеркавання самога практыкавання, высветліце, ці спадабалася яно ўдзельнікам. Затым абмяркуйце, што адбылося, што новага яны даведаліся і якое дачыненне мае гэта практыкаванне да правоў чалавека. Каб распачаць абмеркаванне, задайце наступныя пытанні:

  • Якія пачуцці выклікалі ва ўдзельнікаў метады набыцця і размеркавання манет? Ці былі яны справядлівымі?
  • Чаму некаторыя ўдзельнікі ахвяравалі свае манеты іншым? Каб іх адзначылі? Бо яны адчувалі сябе вінаватымі? Па нейкіх іншых прычынах?
  • Як сябе адчувалі тыя, хто атрымаў манеты ў частцы 2 практыкавання? Ці былі яны ўдзячны? Можа, яны адчувалі, што донары ставяцца да іх паблажліва?
  • Што вы можаце сказаць пра гульцоў са шкарпэткамі? Каго яны прадстаўляюць? У якой групе яны апынуліся ў рэшце рэшт?
  • Што можна сказаць пра трох «мігрантаў», уключаных у групы? Ці лічаць яны, што з імі абышліся  справядліва? Ці падобна тое, што здарылася з імі, на тое, што адбываецца з людзьмі ва ўсім свеце? З якімі канкрэтна людзьмі? Ці залежыць наш лёс ад выпадку?
  • Якія адрозненні паміж планамі справядлівага размеркавання можна вылучыць? Ці адлюстроўваюць такія планы дабрабыт групы, якая іх распрацавала?
  • Чаму адны гульцы атрымалі больш галасоў, чым іншыя? Наколькі дакладна такое галасаванне адлюстроўвае рэальную карціну размеркавання ўлады ў свеце?
  • Ці парушаюцца правы чалавека пры такім нераўнамерным размеркаванні багацця і ўлады? Калі так, то якія канкрэтна?
  • Хто лічыцца «заможным», а хто – «бедным» у свеце, у вашай краіне і ў вашай мясцовасці? Як яны дасягнулі такога становішча?
  • Ці павінны «заможныя» клапаціцца пра «бедных»? Чаму? Па прычынах, звязаных з бяспекай, эканомікай, мараллю, рэлігіяй ці палітыкай? Па якіх прычынах «заможныя» могуць падзяліцца грашыма або рэсурсамі з «беднымі»? Ці вырашыць гэта праблему беднасці?
  • Што могуць зрабіць «бедныя», каб палепшыць сваю сітуацыю? Што робяць «бедныя» ва ўсім свеце і ў нашай краіне для вырашэння праблемы няроўнасці ў размеркаванні багацця і ўлады?
  • Ці лічыце вы, што неабходна правесці пераразмеркаванне багацця і ўлады ва ўсім свеце? Чаму? Калі так, то як бы вы прапанавалі гэта зрабіць? На якіх прынцыпах заснаваны вашы прапановы па змяненні сітуацыі?
  • Ці можа дзейнасць па абароне правоў чалавека стаць інструментам пераразмеркавання багацця?

Парады для фасілітатараўGoto top

Мэтай гэтага практыкавання з'яўляецца прыцягненне ўвагі ўдзельнікаў да несправядлівага размеркавання багацця і ўлады ў свеце, але ёсць небяспека, што яно можа толькі замацаваць тую няроўнасць, якая існуе. Таму вам варта папярэдне высветліць сацыяльнае і эканамічнае становішча ўдзельнікаў і кіраваць дыскусіяй адпаведным чынам.
Падкрэсліце, што, як і ў рэальным жыцці, калі ўдзельнікі аддаюць частку сваіх манет, яны губляюць частку свайго багацця і прывілей, якія гэта багацце прыносіць.

Паспрабуйце захапіць маладых людзей гульнёй, каб яны ўвайшлі ў ролю і паводзілі сябе так, як быццам манеты – гэта і ёсць сапраўднае іх багацце. Вы можаце сказаць ім, што пасля гульні яны змогуць узяць гэтыя манеты сабе і на перапынку «купіць» сабе за іх напіткі і (або) пячэнне. Калі прыём са шкарпэткамі здасца вам не вельмі прыдатным, знайдзіце іншыя сродкі, каб падкрэсліць, што некаторыя гульцы маюць больш багацця і ўлады, чым іншыя. Напрыклад, некаторым удзельнікам можна дазволіць уступаць у гульню праз 15–30 секунд пасля яе пачатку. У частцы 3 «Забеспячэнне эканамічнай справядлівасці» вы можаце спецыяльна выклікаць ва ўдзельнікаў адчуванне прывілеяванасці або, наадварот, абмежаванасці ў магчымасцях, даўшы, напрыклад:

  • крэслы, шклянкі вады, пячэнне і гэтак далей тым, хто валодае вялікім багаццем
  • некалькі крэслаў тым, хто валодае сярэднім багаццем
  • нічога, акрамя месца на падлозе, тым, хто валодае маленькім багаццем.

Пытанні для аналізу і ацэнкі з'яўляюцца складанымі і могуць запатрабаваць глыбокага і доўгага абмеркавання. Калі часу ў вас нямнога або група занадта вялікая, вы можаце падзяліць пытанні паміж малымі групамі. Малыя групы павінны быць «змешаныя», г. зн., у іх варта ўключыць прадстаўнікоў розных катэгорый дабрабыту. Прасачыце за тым, каб усе пункты гледжання прагучалі на агульным пасяджэнні і каб кожны атрымаў магчымасць пачуць усе пытанні і паразважаць над імі.

ВарыянтыGoto top

Частку практыкавання, прысвечаную барацьбе, можна адаптаваць для абмеркавання праблем асоб з інваліднасцю. Можна прапанаваць такі спосаб: зафіксуйце руку ўдзельніка за спінай, і ён стане «аднарукім»; калі ён праўша, пакіньце яму левую руку, і наадварот. Нехта мог бы насіць на вачах павязку, нехта іншы – працаваць, лежачы на падлозе, яшчэ хтосьці – сядзець у крэслах, так што яму давялося б нахіляцца, каб нешта зрабіць на падлозе, нехта яшчэ мог бы сядзець на падлозе, скрыжаваўшы ногі і не маючы магчымасці перамяшчацца, у той час як іншыя могуць гэта рабіць, і гэтак далей.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Ёсць шмат розных спосабаў разумення паняцця «багацце», напрыклад, у залежнасці ад колькасці бедных людзей у грамадстве, ад паказчыкаў смяротнасці і індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу. А што тэрмін «багацце» азначае для членаў вашай групы? Для ўдзелу ў дыскусіі па гэтым пытанні запрасіце каго-небудзь з НГА, якая займаецца пытаннямі развіцця.

Вы можаце працягнуць абмеркаванне гэтай праблемы або папрасіць удзельнікаў напісаць справаздачу. Можна прапанаваць наступныя тэмы:
Якім чынам багацце і ўлада ўплываюць на здольнасць чалавека карыстацца правамі чалавека і дабівацца павагі чалавечай годнасці?
Ці накладаюць багацце і ўлада нейкую адказнасць?

Група можа працягнуць абмеркаванне тэмы багацця і яго размеркавання, звярнуўшыся да практыкавання «Колькі нам патрэбна?».

Ідэі для дзеянняGoto top

Звяжыцеся з арганізацыяй, якая працуе з беднымі ў вашым раёне, і высветліце, у чым яны маюць патрэбу. Затым распрацуйце праект, каб паспрабаваць дапамагчы ім.
Часам бывае дастаткова распаўсюдзіць інфармацыю пра праблему, каб гэта паслужыла штуршком да пачатку перамен. Напрыклад, можна прапанаваць удзельнікам абмеркаваць пытанні размеркавання багацця з іх бацькамі і сябрамі.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Купля прадуктаў праз арганізацыю Fairtrade («Справядлівы гандаль») з'яўляецца дзейсным спосабам падтрымкі вытворцаў у краінах, якія развіваюцца. Гэта арганізацыя дапамагае фермерам і рабочым зарабляць на дастатковы ўзровень жыцця. http://www.fairtrade.net/
http://www.european-fair-trade-association.org

Сістэмы мясцовага гандлёвага абмену ўяўляюць сабой, як правіла, мясцовыя гандлёвыя сеткі, якія выкарыстоўваюць сваю ўласную ўнутраную валюту. У іх аснове ляжыць кааператыўная форма арганізацыі, а кіруюць імі самі карыстальнікі, і таму іх члены, якія валодаюць большымі багаццямі, не маюць большага ўплыву і не спажываюць больш за сваю справядлівую долю рэсурсаў. Такія сістэмы з'яўляюцца правераным спосабам стымуляцыі мясцовай эканомікі, асабліва ў гарадах у стане заняпаду. Увядзіце «Local Exchange Trading Systems» у пошукавую сістэму або перайдзіце на сайт http://www.gmlets.u-net.com/.

Статыстыка па розных спосабах вымярэння багацця і беднасці знаходзіцца ў главе 5 у раздзеле аб беднасці.Goto top