Калі ты судзіш іншых гэтак жа, як гэта сістэма асудзіла цябе, ты будзеш нічым не лепшы за тых, хто прыгаварыў цябе да смерці.

Дуайт Аданандус

Агляд

У гэтым практыкаванні выкарыстоўваюцца інфармацыйныя даведкі і дыскусія для вывучэння наступных пытанняў:
• Абарона грамадства ад злачынцаў
• Правы чалавека ў дачыненні да злачынцаў
• Смяротнае пакаранне

Звязаныя правы

• Права на жыццё
• Свабода ад катаванняў і зневажальнага абыходжання
• Права на роўнасць чалавечай годнасці

Мэты

• Разгледзець прадузятасці ў адносінах да злачынцаў і падумаць аб некаторых наступствах смяротнага пакарання
• Развіць уменне слухаць і крытычна асэнсоўваць інфармацыю
• Падтрымаць пачуццё чалавечай годнасці і справядлівасці

Матэрыялы

• Копіі раздатачных матэрыялаў «Калі прыйдзе заўтра», па адным экзэмпляры на ўдзельніка
• Аркуш паперы і аловак на кожнага члена групы
• Фліпчарт або вялікія аркушы паперы і ручкі для запісу асноўных пунктаў агульнага абмеркавання

compass-key-date
  • 10 кастрычнікаМіжнародны дзень барацьбы са смяротным пакараннем

Інструкцыі

Этап 1.
1. Прачытайце ўслых частку 1 раздатачных матэрыялаў да практыкавання «Калі прыйдзе заўтра». Скончыўшы чытанне, дайце ўдзельнікам 5 хвілін, каб яны згадалі асноўныя моманты і запісалі іх сваімі словамі. Потым папрасіце іх абмяняцца запісамі з тымі, хто сядзіць побач, прачытаць запісы і пракаментаваць іх.
2. Папрасіце некалькіх добраахвотнікаў прачытаць услых свае запісы, пасля чаго абмяркуйце разыходжанні ў версіях. Ці запомніў нехта больш падрабязнасцей, чым іншыя? Ці з’явіліся ў кагосьці ў запісах нейкія дэталі, не згаданыя ў зыходнай гісторыі?
3. Папрасіце ўдзельнікаў апісаць сваю рэакцыю на апавяданне. Хто, на іх думку, з’яўляецца апавядальнікам? Што здарылася?
Этап 2.
4. Прачытайце ўслых газетную выразку і другую частку апавядання Нанона.
5. Потым дайце ўдзельнікам 10–15 хвілін на абмеркаванне новай інфармацыі з партнёрамі. Раздайце ім копіі матэрыялу «Калі прыйдзе заўтра» на той выпадак, калі яны захочуць спаслацца на нейкія факты з тэксту.
6. Папрасіце ўдзельнікаў прадумаць наступныя пытанні:
• Ці змянілася іх меркаванне аб Дуайце ці Наноне, калі ім стала вядома, што яны былі ў спісе асуджаных на смерць? Як змянілася меркаванне ўдзельнікаў? Чаму?
• Што, на іх думку, меў на ўвазе Дуайт, калі сказаў: «Калі ты судзіш іншых гэтак жа, як гэта сістэма асудзіла цябе, ты будзеш нічым не лепшы за тых, хто прыгаварыў цябе да смерці»? Ці згодны яны з ім?
7. Вынесіце гэта пытанне на агульнае абмеркаванне, выслухайце думкі розных пар наконт гэтых пытанняў.Goto top

Аналіз і ацэнка

Гэта практыкаванне можна ўжыць для таго, каб узняць шэраг важных і цікавых пытанняў, якія могуць стаць прадметам далейшых практыкаванняў і дыскусій. Аднак у працэсе аналізу рэкамендуецца разбіраць тыя тэмы, якія групы ўжо прапрацавалі, а не ўводзіць нейкія цалкам новыя аспекты (гл. ніжэй у пункце «Парады для фасілітатара»).
• Ці дапамагло гэта практыкаванне вам даведацца аб чым-небудзь новым пра сябе? Ці прымусіла яно вас пераасэнсаваць якія-небудзь з вашых ранейшых меркаванняў або перакананняў?
• Як вы думаеце, што павінна было праілюстраваць гэта практыкаванне? Ці была дасягнута вызначаная мэта? Калі не, то чаму?
• Што гэта практыкаванне расказала вам аб праве на жыццё (калі яно наогул нешта расказала)? Ці былі закрануты падчас дыскусіі якія-небудзь іншыя правы?
Напішыце гэтыя пытанні на вялікім аркушы паперы або на фліпчарце для выкарыстання ў будучыні.

Парады для фасілітатараўGoto top

Падчас першай дыскусіі (пасля зачытвання першай часткі) важна, каб удзельнікі не атрымалі ніякіх падказак аб становішчы гэтых двух персанажаў; паспрабуйце выцягнуць з удзельнікаў іх уражанні аб дзеючых асобах, не даючы ім зразумець, што ў вас ёсць на гэта пэўная прычына. Перад удзельнікамі пастаўлена мэта разгледзець чалавечыя якасці двух персанажаў, нічога не ведаючы аб іх мінулым ці сённяшняй сітуацыі.

Абмен запісамі паміж удзельнікамі ў канцы першага этапа павінен паказаць ім, што адну і тую ж інфармацыю можна ўспрымаць цалкам па-рознаму і з рознай ступенню дэталізацыі. Варта падкрэсліць, што гэта не «экзамен» і ўдзельнікам не трэба саромецца сваіх запісаў; гэта, хутчэй, спосаб ілюстрацыі розных пунктаў гледжання. Папрасіце выказацца тых удзельнікаў, чыё меркаванне радыкальна адрозніваецца ад пункту гледжання астатніх. Спытайце, чым гэта можа тлумачыцца, напрыклад, чаму адны ўдзельнікі запомнілі нейкія звесткі, на якія іншыя не звярнулі ўвагі.

«11 песень, якія ўзрушылі свет». 
З выпуску журнала Songlines World Music за сакавік 2009 года:

Free Nelson Mandela – Джэры Дамерс і The Special AKA
From Little Things Big Things Grow – Кеў Кармодзі і Пол Келі
Get up, Stand up – Боб Марлі
Gracias a la Vida – Мерседэс Соса
Al Atlal – Ум Кульсум
Biko – Пітэр Габрыэль
Didi – Халед
Imagine – Джон Ленан
Zombie – Фела Куці
Nkosi Sikelel' iAfrika – метадысцкі гімн, складзены Енохам Сантонга ў 1897 годзе
Djelem Djelem – цыганскі гімн, напісаны Яркам Яванавічам на матыў традыцыйнай цыганскай мелодыі.

Хутчэй за ўсё, практыкаванне само па сабе паставіць занадта шмат пытанняў для аднаго занятку, так што паспрабуйце ўтрымліваць дыскусію ў вызначаных межах, не дазваляючы ўдзельнікам пераключацца на абмеркаванне іншых звязаных пытанняў, напрыклад смяротнага пакарання. Старайцеся засяродзіць увагу групы на двух асноўных пытаннях:
1. Да якой ступені мы, дзяржава і кожны чалавек, схільны «судзіць» людзей на падставе таго, што яны (на нашу думку) здзейснілі. Верагодна, гэта і меў на ўвазе Дуайт, кажучы пра тое, што не трэба «судзіць» іншых так, як дзяржава асудзіла яго (і Нанона). Дзяржава, па сутнасці, перастала лічыць іх людзьмі на падставе таго, што яны (на думку дзяржавы) здзейснілі ў мінулым.
2. Нават так званыя «закаранелыя злачынцы» захоўваюць уласцівыя ім чалавечыя якасці, прытым не толькі «клапатлівасць і спачуванне», пра якія кажа Дуайт, але і «адчай і дэпрэсію» – пачуцці, якія Нанон лічыць вынікам турэмнага зняволення.

Абмяркоўваючы тэму «права на жыццё», старайцеся не ператвараць свае каментарыі ў аргументы «за» ці «супраць» смяротнага пакарання. Вядзіце дыскусію вакол пытання аб тым, ці можна сказаць, што гэтыя два чалавекі ўсё яшчэ валодаюць (падкрэсліце слова «валодаюць») правам на жыццё, а калі не, то як чалавек можа «страціць» гэта права. Напрыклад, ці мае хтосьці права пазбаўляць іншых грамадзян гэтага права, нават калі яны здзейснілі злачынства?

Заўвага:

Поўны тэкст практыкавання «Калі прыйдзе заўтра» можна знайсці на вэб-сайце Канадскай кааліцыі супраць смяротнага пакарання (Canadian Coalition against the Death Penalty): http://www.ccadp.org.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Песня заўсёды была магутным інструментам барацьбы за правы чалавека. Група можа паслухаць некалькі песень, прысвечаных барацьбе за свабоду і справядлівасць, або скласці свае ўласныя.
Вы можаце паказаць фільм, звязаны з гэтай праблемай. Рэкамендуем:
• «Мярцвяк ідзе» – рэж. Цім Робінс, 1995 год. Амерыканскі фільм пра тое, як сястра Хелен пасябравала са зняволеным, які знаходзіўся ў камеры смертнікаў.
•  «Дэкалог 5: не забі» – рэж. Кшыштаф Кеслёўскі, 1988 год. Галоўны персанаж, малады чалавек 20 гадоў, здзейсніў жорсткае забойства, але і дзяржава карае яго смерцю такім жа варварскім спосабам. Драма паказвае, што любое жыццё варта павагі і ніхто не можа быць забіты.
•  «У бездань» – рэж. Вернер Херцаг, 2011 год. Размовы смертніка Майкла Перы і яго ахвяр даюць глебу для разважанняў наконт прычын, па якіх людзі – і дзяржава – забіваюць.

Вы таксама можаце прачытаць або паставіць (поўнасцю або фрагментамі) п’есу «Рэабілітаваныя» Джэсікі Бланк і Эрыка Енсэна (theexonerated.com). У п’есе чаргуюцца маналогі галоўных герояў і сцэны, знятыя ў судзе і турме, якія расказваюць гісторыі шасці мужных людзей, якія адчулі на сабе ўсю жахлівую несправядлівасць амерыканскай судовай сістэмы, але здолелі пераадолець усё і выжыць.

Даследуйце пытанні, прыведзеныя ў канцы практыкавання. Правядзіце афіцыйныя дэбаты або выкарыстайце метад «Выбірай!». Можна разгледзець наступныя тэмы:
• Праблемы, звязаныя з пакараннем: якую мэту праследуе заключэнне злачынцаў пад варту і (або) смяротнае пакаранне? Ці робіцца гэта перш за ўсё для абароны грамадства, з’яўляецца спробай змяніць іх паводзіны ці адплатай (помстай)?
• Смяротнае пакаранне: якія аргументы можна прывесці ў падтрымку і супраць смяротнага пакарання?
• Бяспека краіны супраць бяспекі чалавека: як далёка можа зайсці дзяржава ў барацьбе з самымі закаранелымі злачынцамі або тэрарыстамі? Напрыклад, ці можна апраўдаць катаванні меркаваннямі «бяспекі краіны»?

Вы можаце распрацаваць праект на тэму смяротнага пакарання ў сувязі з правамі дзіцяці. У некаторых краінах дзеці прыгаворваюцца да смяротнага пакарання і могуць быць пакараны. Знайдзіце больш інфармацыі па гэтай тэме па пошукавым запыце «Death Row Kids» (дзеці ў камеры смертнікаў), а таксама відэаролікі на youtube.com.

Ідэі для дзеянняGoto top

Наведайце вэб-сайт Канадскай кааліцыі супраць смяротнага пакарання (http://ccadp.proboards.com) і прачытайце пісьмы зняволеных. Затым напішыце пісьмо аднаму з прыгавораных да смяротнага пакарання (на вэб-сайце кааліцыі ёсць інфармацыя аб тым, як стаць сябрамі па перапісцы і як звязацца з мясцовай асацыяцыяй Amnesty International).

Знайдзіце апошняе абнаўленне інфармацыі аб Наноне Уільямсе на сайце www.nawisa.ch і падумайце, як бы вы маглі падтрымаць яго.

Дадатковая інфармацыяGoto top

Адной з умоў членства ў Савеце Еўропы з’яўляецца адмена смяротнага пакарання. Па гэтай прычыне з 1997 года ў краінах – членах СЕ смяротныя пакаранні не праводзіліся.
2009 год стаў першым годам, калі ў Еўропе не быў пакараны ні адзін чалавек; аднак у сакавіку 2010 года ў Беларусі былі пакараны смерцю два чалавекі.

Інфармацыю аб краінах, якія ратыфікавалі дагаворы аб адмене смяротнага пакарання, вы можаце знайсці на сайце Amnesty International www.amnesty.org.

Згодна з дакладам Amnesty International «Прыгаворы да смяротнага пакарання, вынесеныя і прыведзеныя ў выкананне ў свеце ў 2014 годзе», па меншай меры 2466 чалавек у 55 краінах былі прыгавораны да смяротнага пакарання ў тым годзе.

Гэта на 28 % больш, чым у 2013 годзе, калі ў 57 краінах было вынесена 1925 смяротных прыгавораў. Гэты рост быў у значнай ступені абумоўлены рэзкім павелічэннем колькасці смяротных прыгавораў у Егіпце (са 109 у 2013 годзе да 509 у 2014 годзе) і Нігерыі (са 141 у 2013 годзе да 659 у 2014 годзе); у абедзвюх краінах у некаторых выпадках суды выносілі масавыя прыгаворы.

Па меншай меры 19 094 чалавекі лічыліся прыгаворанымі да смяротнага пакарання ва ўсім свеце ў канцы 2014 года.

Артыкул «Колькасць пакаранняў скарачаецца, але не для непаўналетніх правапарушальнікаў», падрыхтаваны арганізацыяй Human Rights Watch 1 красавіка 2015 года, сцвярджае, што 2013 год адметны ростам выкарыстання смяротнага пакарання за злачынствы, учыненыя дзецьмі.

Іран амаль напэўна з’яўляецца сусветным лідарам у пакаранні смерцю непаўналетніх правапарушальнікаў: колькасць апошніх у 2014 годзе дасягнула 14, а за апошнія 10 гадоў – 77 чалавек. Акрамя таго, у мінулым годзе Іран вынес новыя смяротныя прыгаворы непаўналетнім злачынцам. У агульнай складанасці, у краіне зараз чакаюць смяротнага пакарання па меншай меры 160 непаўналетніх злачынцаў.

Смяротныя прыгаворы малалетнім злачынцам у мінулым годзе таксама былі вынесены ў Егіпце і на Шры-Ланцы; свайго лёсу чакаюць асуджаныя на смерць на Мальдывах, у Нігерыі, Пакістане, Саудаўскай Аравіі і Емене.

У 2013 годзе трое непаўналетніх злачынцаў былі пакараны ў Саудаўскай Аравіі, яшчэ некаторыя выпадкі, магчыма, мелі месца ў Іране і Емене.

У сакавіку 2014 года ў Пакістане быў пакараны смерцю Магамет Афзал, якому на момант вынясення прыгавору было 16 гадоў, а таксама суд гэтай краіны зацвердзіў смяротны прыгавор Шафкату Хусейну, якому на момант вынясення прыгавору ў 2004 годзе было 14 ці 15 гадоў.

Для таго каб даведацца, як жыве Нанон Уільямс, падпішыцеся на яго ў Facebook і Twitter.

Даклад Amnesty International «Дзеці і смяротны прыгавор: пакаранні па ўсім свеце з 1990 года», апублікаваны ў 2002 годзе, паказвае, што верхнюю частку спіса займае ЗША з найвялікшай колькасцю пакараных маладых людзей, якія здзейснілі злачынствы да дасягнення 18 гадоў, – 18 чалавек. У Пакістане пакараны адзін чалавек, якому на момант здзяйснення злачынства было толькі 13 гадоў.

Для больш падрабязнага азнаямлення са справай Нанона і памылкамі, дапушчанымі ў ходзе судовага разбору, наведайце http://murderpedia.org/male.W/w/williams-nanon.htm.

Арганізацыя Human Rights Watch паведамляе, што з 2004 года вядомы выпадкі пакарання смерцю непаўналетніх толькі ў Іране, Судане, Кітаі і Пакістане. У Судане два такія пакаранні адбыліся ў 2005 годзе, у Кітаі адзін непаўналетні злачынец быў пакараны ў 2004 годзе, яшчэ адзін у Пакістане ў 2006 годзе. Для параўнання: у Іране пакарана па меншай меры тры непаўналетнія злачынцы ў 2004 годзе, восем – у 2005 годзе і чатыры – у 2006 годзе. Ва ўсім свеце толькі Кітай апярэджвае Іран па колькасці выкананых смяротных прыгавораў. У разліку на душу насельніцтва ў Іране штогод караюць больш людзей, чым у любой іншай краіне. (www.hrw.org – даныя на чэрвень 2007 года)

Раздатачныя матэрыялыGoto top

PDFDownload as PDF

«Калі прыйдзе заўтра», аўтар Нанон Уільямс

Частка 1
«На наступны дзень пасля смерці Дуайта Аданандуса я паглядзеў на жыццё цалкам па-новаму – я ўбачыў яго не такім, якое яно ёсць, ці, можа быць, не такім, якім я хацеў бы яго бачыць. Быў пачатак зімы, я ляжаў і думаў пра сябра, які заўсёды ўсміхаўся, нават калі дні здаваліся зусім пустымі, і гэтыя думкі рвалі маё сэрца. Асцярожна падняўшыся, каб узяць газету, прасунутую пад дзверы, я даведаўся пра яго гісторыю.
Чытаючы пра яго і разумеючы, што больш ніколі яго не ўбачу, я адчуваў, як быццам іголкі раз за разам утыкаюцца мне ў сэрца. Бывала, ён выходзіў, перавальваючыся, на двор і крычаў: «Як справы, хлапчук?» Я азіраўся вакол, потым глядзеў яму прама ў вочы і казаў: «Гэй, ты каго тут хлапчуком назваў?» І мы абодва пачыналі смяяцца, бо я быў самым маладым у нашым блоку. Успамінаючы цяпер гэтыя моманты, я адчуваю глыбокі сум, таму што не ўяўляю сябе на двары без Дуайта, адна прысутнасць якога разгладжвала злыя маршчыны на маім твары.
З гадамі мае звычкі правядзення вольнага часу змяніліся, аднак мне хацелася б думаць і спадзявацца, што гэтыя новыя звычкі зробяць мяне лепшым чалавекам – такім, якім аднойчы стаў Дуайт. У моманты слабасці я заўсёды лаўлю сябе на думцы аб тым, што б зрабіў у такой сітуацыі Дуайт.
«Помні, – бывала, казаў ён мне, – сістэма можа дабрацца да цябе толькі тады, калі ты сам ёй гэта дазволіш. Памірыся са сваім Богам, ужо не ведаю, які ён у цябе, і з усіх сіл старайся жыць як мага лепш і шанаваць жыццё». А потым працягваў: «Хлапчук, я не ведаю, як ты тут апынуўся, але ведаю, што табе тут не месца…»

Частка 2
«…На самай справе, тут нікому не месца – у камерах смертнікаў. Тут сядзяць гвалтаўнікі, выкрадальнікі людзей, рабаўнікі, педафілы і садысты, якім на цябе напляваць. Але сярод іх ёсць і клапатлівыя, і поўныя спагады людзі, якія здзейснілі тыя ж самыя злачынствы, але здолелі змяніцца, і я хачу, каб ты заўсёды гэта памятаў, – сказаў ён мне за некалькі тыдняў да таго, як яго пакаралі смерцю. – Запомні гэта, нават калі забудзеш усё астатняе. Калі ты судзіш іншых гэтак жа, як гэта сістэма асудзіла цябе, ты будзеш нічым не лепшы за тых, хто прыгаварыў цябе да смерці!» Гэтыя словы дагэтуль гучаць у мяне ў вушах, і я не магу зразумець, чаму мне спатрэбілася так многа часу, каб уцяміць, што ён меў на ўвазе. Вядома, я чуў, што ён сказаў, і ў яго словах быў сэнс, але зразумець сэнс і цалкам усвядоміць значэнне тых слоў – зусім розныя рэчы. Напэўна, я і сапраўды быў яшчэ хлапчуком, як ён мяне называў, але праўда, калі ты, нарэшце, яе ўсведамляеш, усё роўна вярэдзіць душу.
Я ведаю, што турэмнае зняволенне – гэта псіхалагічны від катаванняў, які нагнятае адчай да таго часу, пакуль дэпрэсія не авалодае табой. Аднак некаторыя нейкім чынам захоўваюць незламаны дух і волю да жыцця. Што тычыцца Дуайта, то яму хапіла духу, і ўсё роўна, што ён там такое здзейсніў, што трапіў у камеру смертнікаў, – сваёй мужнасцю ён змяніў жыццё іншых, тых, хто пры жыцці гніе на могілках гэтай сістэмы. «Я ведаю, хлапчук, гэта нялёгка, – казаў ён, – але ніхто не казаў, што жыццё лёгкае. Прымай кожны дзень такім, які ён ёсць, і пакуль ты бачыш святло ў канцы тунэля, няхай гэта святло будзе той сілай, якая вядзе цябе наперад». Гэта былі яго апошнія словы, сказаныя мне на развітанне са слязамі ў голасе, – да гэтага я ніколі не бачыў яго такім узрушаным. Я не бяруся растлумачыць, што гэта значыць для мяне; думаю, ён сказаў мне гэтыя словы для таго, каб я знайшоў у сабе сілы, якія падтрымлівалі мяне на працягу ўсіх гэтых гадоў і, верагодна, будуць падтрымліваць і ў будучыні. Я ніколі не адмаўляўся ад сваіх прынцыпаў ці ад рэчаў, якія я цаню больш за ўсё ў жыцці, – такіх, як мая сям’я, – так што, хутчэй за ўсё, заўтрашні дзень, калі ён настане, прынясе мне каханне і ўступленне ў нябеснае царства».
Нанон Уільямс быў прыгавораны штатам Тэхас да смяротнага пакарання за цяжкае злачынства ў 1992 годзе, калі яму было 17 гадоў. Ён адмаўляе сваю віну, але правёў 13 гадоў у камеры смертнікаў, пакуль у 2005 годзе яго прыгавор не быў заменены на пажыццёвае зняволенне рашэннем суддзі Вярхоўнага суда ЗША Роўпера В. Сіманса, які выступае за забарону смяротнага пакарання для непаўналетніх. У 2010 годзе справа Нанона павінна была быць перададзена ў Федэральны суд для разгляду доказаў яго невінаватасці і яго вызвалення на падствае таго, што ў 1992 годзе прысяжным былі дадзены непраўдзівыя паказанні, а абарона на судзе не вялася належным чынам.

Крыніца: Канадская кааліцыя супраць смяротнага пакарання.

Газетная выразка
Хантсвіл, 2 кастрычніка 1997 года. У сераду вечарам па прыгаворы суда быў пакараны рабаўнік, які дзевяць гадоў таму застрэліў бізнесмена з Сан-Антоніа, які спрабаваў перашкодзіць яму ўцячы пасля рабавання банка. Аданандус, 41-гадовы мужчына, быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання за забойства Вернана Ханана, які памёр ад стрэлу ў грудзі падчас сутычкі з Аданандусам у фае банка на поўначы Сан-Антоніа 28 студзеня 1988 года.