Кіруйцеся трыма асноўнымі прынцыпамі: павага да сябе, павага да іншых, адказнасць за ўсе свае дзеянні.

Далай-лама

Агляд

Падчас выканання гэтага практыкавання ўдзельнікі абмяркоўваюць свой асабісты вопыт, звязаны з міжасабовым гвалтам.

Звязаныя правы

• Права на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць
• Свабода думкі, сумлення і перакананняў
• Свабода ад катаванняў і зневажальнага абыходжання

Мэты

• Паглыбіць веды і разуменне таго, што значыць быць аб'ектам гвалту, высветліць прычыны гвалту
• Спрыяць развіццю навыкаў станоўчага пераадолення сітуацый, звязаных з гвалтам
• Развіць каштоўнасці цярпімасці і адказнасці

compass-key-date
  • 2 кастрычнікаМіжнародны дзень ненасілля

Інструкцыі

1. Растлумачце ўдзельнікам, што гэта практыкаванне – магчымасць для іх падзяліцца сваімі пачуццямі і думкамі аб міжасабовым гвалце ў тых выпадках, калі гвалт прымяняўся супраць іх і калі яны самі ўжывалі гвалт.
2. Прасачыце за тым, каб усе ўдзельнікі зразумелі і запомнілі правілы ўдзелу ў групавой працы: да кожнага варта ставіцца з павагай, усё, што будзе сказана, павінна заставацца канфідэнцыяльным, нікога нельга прымушаць гаварыць тое, што паставіць яго ў няёмкае становішча.
3. Правядзіце кароткі мазгавы штурм для абмеркавання паняцця «гвалт» і папрасіце ўдзельнікаў прывесці прыклады гвалту з паўсядзённага жыцця, напрыклад славесныя абразы, крыўдныя насмешкі і сарказм, спробы прайсці без чаргі, відавочна бесцырымонныя паводзіны, шлёпанне дзіцяці або больш моцныя ўдары каму-небудзь, запалохванне з боку банд, рабаванне, дробны крадзеж або кішэнныя крадзяжы, вандалізм і г. д.
4. Папрасіце ўсіх на працягу 5 хвілін успомніць эпізоды са свайго асабістага жыцця, калі:
a) хтосьці ўжываў гвалт супраць іх
b) яны ўжывалі гвалт супраць іншых
c) калі яны станавіліся сведкамі гвалту, але не ўмешваліся.
5. Папрасіце добраахвотнікаў прывесці прыклады са свайго асабістага вопыту і абмяркуйце іх з групай. Няхай яны раскажуць, што адбылося і што яны адчуваюць у сувязі з гэтым. Пажадана прывесці па два прыклады ў кожнай з катэгорый – «а», «b» і «c».
6. Коратка запішыце сутнасць інцыдэнтаў на фліпчарце.Goto top

Аналіз і ацэнка

Пачніце з кароткага абмеркавання практыкавання ў цэлым, спытайце, ці было яно складаным і чаму. Пасля гэтага прааналізуйце прычыны і вынікі розных інцыдэнтаў.
• Чаму ўзнікла сітуацыя, якая суправаджалася гвалтам?
• Чаму вы павялі сябе менавіта так?
• Як бы паступілі іншыя члены групы ў такіх абставінах?
• Што вы маглі б зрабіць па-іншаму? Ці ёсць якія-небудзь прапановы ў групы?
• Што можна было б зрабіць, каб прадухіліць інцыдэнт?
• Чаму яны не ўмяшаліся ў выпадках, прыведзеных як прыклад у катэгорыі «с»?
• Ці былі ў гэтых інцыдэнтах нейкія агульныя прычыны, або ўсе яны былі ўнікальныя?
• Колькі інцыдэнтаў узнікалі ў выніку непаразумення, колькі сталі вынікам злосці, раздражнёнасці ці рэўнасці, і колькі – вынікам адрозненняў у культуры, звычаях, думках або вераваннях?
• Што разумеюць пад словам «цярпімасць»? Якое азначэнне далі б яму вы?
• Ці трэба цярпець усё, што робяць ці гавораць іншыя людзі?
• Чаму цярпімасць з'яўляецца выключна важнай для прапаганды правоў чалавека?

Парады для фасілітатараўGoto top

Падкрэсліце, што мэтай гэтага практыкавання з'яўляецца развіццё навыкаў пераадолення сітуацый, звязаных з гвалтам, шляхам вызначэння прычын, усведамлення пачуццяў і эмоцый і развіцця ўмення весці сябе цвёрда і ўпэўнена, каб узяць сітуацыю пад кантроль. Падкрэсліце, што задача практыкавання – знайсці негвалтоўныя спосабы вырашэння сітуацый, звязаных з гвалтам, а не дапамагчы пацярпелым перажыць траўму. Калі хтосьці пацярпеў ад гвалту, прапануйце яму сустрэцца пазней для прыватнай размовы, падчас якой вы зможаце дапамагчы яму знайсці прафесіянальнага кансультанта.

Будзьце гатовы да нечаканасцей і падтрымлівайце тых, каму практыкаванне здасца цяжкім або занадта эмацыянальным. Вы не можаце ведаць гісторыю кожнага ўдзельніка, што адбывалася ці адбываецца зараз у яго сям'і. Можа здарыцца так, што некаторыя ўдзельнікі перажылі сумны вопыт сутыкнення з гвалтам, напрыклад жорсткае абыходжанне з дзецьмі, хатні гвалт, псіхалагічны або эмацыянальны гвалт, кіберцкаванне, сексуальны гвалт, расізм, цкаванне ў школе або на працы, хамства на дарогах, прычыненне шкоды сабе, спробы самагубства, злачынствы на глебе нянавісці, тэрарызм, генацыд, вайна, ваенныя злачынствы і злачынствы з ужываннем гвалту.

Нагадайце ўдзельнікам змест артыкула 1 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека: «Усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах. Яны надзелены розумам i сумленнем i павiнны ставiцца адзiн да аднаго ў духу брацтва». Калі мы хочам, каб іншыя выконвалі ўмовы гэтага артыкула, мы і самі павінны іх прытрымлівацца.

Калі ў вас у групе больш за 10 чалавек, можна падзяліць іх на малыя групы, у якіх яны раскажуць свае гісторыі.

ВарыянтыGoto top

Гэта практыкаванне добра падыходзіць для інсцэніроўкі. Папрасіце ад двух да чатырох удзельнікаў разыграць які-небудзь інцыдэнт. Астатнія ўдзельнікі няхай назіраюць. Вы можаце перыядычна спыняць ролевую гульню і прасіць гледачоў выказаць свае каментарыі ці прапановы аб тым, як сітуацыя павінна развівацца далей. Як варыянт, гледачы могуць непасрэдна ўмешвацца ў сцэнічнае дзеянне, змяняючы акцёраў і прыдумляючы альтэрнатыўныя сюжэтныя хады.

Замест форум-тэатра вы можаце арганізаваць «Тэатр вобразаў». Гэта вельмі эфектыўны спосаб заклікаць удзельнікаў задумацца пра гвалт. Папрасіце аднаго ўдзельніка – скульптара – «вылепіць» зборную карціну або сцэну гвалту, выкарыстоўваючы ў якасці матэрыялу целы сваіх калег. Калі скульптар скончыць працу, група можа даць каментарыі і задаць пытанні. На наступным этапе можна пераўтварыць створаную «скульптуру» ў станоўчы вобраз, у якім гвалту няма месца.

Прапановы па далейшай працыGoto top

Вы можаце абмеркаваць супярэчнасць у Дэкларацыі прынцыпаў цярпімасці ААН, якая падымае пытанне аб межах цярпімасці: «Цярпімасць сугучна павазе да правоў чалавека, але не азначае памяркоўнага стаўлення да сацыяльнай несправядлівасці ці адмовы ад сваіх перакананняў або іх аслаблення. Яна азначае, што кожны вольны прытрымлівацца сваіх перакананняў і прызнае такое ж права за іншымі». Задайце ўдзельнікам пытанне: калі «цярпімасць не азначае памяркоўнага стаўлення да сацыяльнай несправядлівасці», то як чалавек можа адначасова дапускаць, што «кожны вольны прытрымлівацца сваіх перакананняў», асабліва калі гэтыя перакананні з'яўляюцца расісцкімі або фанатычнымі?

Даведайцеся пра арганізацыі, якія аказваюць падтрымку ахвярам гвалту, напрыклад, арганізуюць тэлефонныя лініі або сеткі падтрымкі ахвяр. Даведайцеся пра іншыя арганізацыі, якія спрыяюць узаемаразуменню і цярпімасці ў грамадстве.

Калі вы хочаце працягнуць працу над тэмай міру і гвалту, можаце звярнуць увагу на практыкаванні «Хатнія справы», дзе разбіраюцца выпадкі хатняга гвалту, «Маё жыццё не шоу!», прысвечанае кіберцкаванню, і «Ці ёсць у нас альтэрнатывы?», дзе ідзе гаворка пра цкаванне.

Ідэі для дзеянняGoto top

Звяжыцеся з мясцовай арганізацыяй, якая змагаецца за мір і ненасілле, і даведайцеся, як вы маглі б дапамагчы ёй у якасці валанцёраў.

Дадатковая інфармацыяGoto top

У сваім «Дакладзе аб сітуацыі ў свеце: гвалт і яго ўплыў на здароўе» (2002 г.) Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) дала наступнае азначэнне гвалту: «Гвалт – гэта наўмыснае прымяненне фізічнай сілы ці ўлады, сапраўднае або ў выглядзе пагрозы, накіраванае супраць сябе, іншай асобы, групы асоб ці супольнасці, вынікам якога з'яўляецца траўма, смерць, псіхалагічная траўма, адхіленні ў развіцці або рознага роду шкода (альбо маецца высокая ступень верагоднасці гэтага)».

Дэкларацыя прынцыпаў цярпімасці ААН
Артыкул 1. Паняцце цярпімасці
1.1. Цярпімасць азначае павагу, прыняцце і шанаванне багатай разнастайнасці культур нашага свету, нашых формаў самавыяўлення і спосабаў праяўлення чалавечай індывідуальнасці. Ёй спрыяюць веды, адкрытасць, зносіны і свабода думкі, сумлення і перакананняў. Цярпімасць – гэта гармонія ў разнастайнасці. Гэта не толькі маральны абавязак, але і палітычнае і прававое патрабаванне. Цярпімасць – каштоўнасць, якая робіць магчымым дасягненне міру, – спрыяе замене культуры вайны культурай міру.
1.2. Цярпімасць не саступка, паслуга або патуранне. Цярпімасць – гэта перш за ўсё актыўная пазіцыя, якая фарміруецца на аснове прызнання ўсеагульных правоў і асноўных свабод іншых. Ні ў якіх абставінах цярпімасць не можа служыць апраўданнем замахаў на гэтыя асноўныя каштоўнасці. Цярпімасць павінны праяўляць асобныя людзі, групы і дзяржавы.
1.3. Цярпімасць – гэта абавязак, на якім грунтуюцца правы чалавека, плюралізм (у тым ліку культурны плюралізм), дэмакратыя і вяршэнства права. Цярпімасць прадугледжвае адмову ад дагматызму і абсалютызацыі і падтрымлівае нормы, устаноўленыя ў міжнародных прававых актах у галіне правоў чалавека.
1.4. Цярпімасць, сугучная павазе да правоў чалавека, не азначае памяркоўнага стаўлення да сацыяльнай несправядлівасці ці адмовы ад сваіх перакананняў або іх аслаблення. Яна азначае, што кожны вольны прытрымлівацца сваіх перакананняў і прызнае такое ж права за іншымі. Яна азначае прызнанне таго, што людзі, якія па сваёй прыродзе адрозніваюцца па знешнім выглядзе, становішчы, гаворцы, паводзінам і каштоўнасцям, маюць права жыць у міры і захоўваць сваю індывідуальнасць. Яна таксама азначае, што погляды аднаго чалавека не могуць быць навязаны іншым.

Міжнародны дзень ненасілля, абвешчаны ААН, адзначаецца ва ўсім свеце і спрыяе прасоўванню ненасілля шляхам адукацыі і інфармавання грамадскасці. Ён праводзіцца штогод 2 кастрычніка і супадае з днём нараджэння вядомага індыйскага лідара Махатмы Гандзі.